Вы тут

На мітынгу ў Баранавічах ушанавалі памяць лётчыкаў-герояў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенка


На мітынгу ў Баранавічах ушанавалі памяць лётчыкаў-герояў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенка. У іх гонар таксама адкрыта мемарыяльная дошка.


Сёння ў Баранавічах адбылося жалобнае мерапрыемства з нагоды трэцяй гадавіны трагедыі ў небе і ў памяць аб лётчыках-героях. 

Нагадаем, 19 мая 2021 года падчас выканання вучэбна-трэніровачнага палёту пацярпеў крушэнне ваенны самалёт Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы, якім кіравалі 33-гадовы маёр Андрэй Нічыпорчык і 22-гадовы лейтэнант Мікіта Куканенка. Экіпаж імкнуўся вывесці амаль што некіруемы самалёт далей ад густанаселенай забудовы ў раёне вуліцы Розы Люксембург. І гэта ўдалося зрабіць лётчыкам. Цаной уласных жыццяў... 

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні вайсковых абавязкаў, лётчыкам пасмяротна было прысвоена званне Герояў Беларусі. Праз год на месцы падзення самалёта быў адкрыты мемарыял ў выглядзе гранітнай пліты і двух каваных жураўлёў, якія ляцяць у неба. А на пліце накрэслены словы «Назаўсёды ў мірным небе». 

У Баранавічах шануюць памяць герояў-лётчыкаў. Іх імёнамі названы вуліцы горада, а іх подзвігу прысвечана экспазіцыя ў Музеі народнага адзінства сярэдняй школы № 1 імя С. І Грыцаўца. Цяпер кожны год ў майскія дні каля мемарыялу збіраюцца людзі: таварышы па службе лётчыкаў-герояў, удзячныя гараджане, прадстаўнікі грамадскасці, школьнікі і студэнты. 

А сёння, напярэдадні памятнай даты, на шматпавярховым доме ў мікрараёне Паўночны-3 адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар подзвіга лётчыкаў. Дом знаходзіцца на вуліцы, названай імем аднаго з лётчыкаў — Андрэя Нічыпорчыка. 

Уладзімір Нічыпорчык, бацька загінулага лётчыка, выказаў падзяку кіраўніцтву горада і ўсім гараджанам, якія захоўваюць памяць пра сына і яго таварыша. 

У поўдзень каля мемарыялу па вуліцы Розы Люксембург адбыўся мітынг, у якім акрамя жыхароў Баранавічаў удзельнічалі 150 школьнікаў з Ліды, вучняў школ, якія носяць імёны герояў.

— Подзвіг Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі назаўсёды ўпісаны ў гісторыю суверэннай Беларусі — сказаў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Максім Антанюк. — Мы заўсёды будзем памятаць верных прысязе афіцэраў, Герояў Беларусі, сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны, на іх подзвігу будзем выхоўваць маладое пакаленне. 

— Мы зробім усё, каб памяць пра нашых таварышаў жыла ў кожным куточку нашай краіны, а сённяшнія лётчыкі раўняліся на герояў — сказаў намеснік камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Эдуард Жмакін і яшчэ раз падзякаваў бацькам за выхаванне сыноў. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала «Баранавічы»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».