Вы тут

Тэнісістка Ілона Крэмень прывезла ў Беларусь новы від спорту


У Беларусь прыйшоў новы від спорту — падзел-тэніс. З назвы няцяжка здагадацца, што гэта брат добра знаёмага ўсім тэнісу. Толькі да класічнай гульні дадалі элементы яшчэ адного таксама маладога, але ўжо больш знаёмага занятку — сквошу. Атрымаўся новы від спорту, які знайшоў ужо нямала прыхільнікаў у свеце. Напрыклад, у клуб фанатаў «падзелу» уваходзяць тэнісіст Марат Сафін, футбольныя зоркі Юрген Клоп і Златан Ібрагімавіч. Прычым апошні захапіўся гэтым відам спорту настолькі, што пабудаваў пяць цэнтраў ў буйных гарадах роднай Швецыі. У Беларусі першы корт для «падзелу» з’явіўся, дзякуючы намаганням прафесійнай тэнісісткі Ілоны Крэмень. 


Імя Ілоны Крэмень добра вядома аматарам тэніса ў Беларусі. Яна майстар спорту міжнароднага класа, 8-разовая чэмпіёнка Беларусі, уваходзіла ў топ-20 сусветнага рэйтынгу па юніёрах, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы па юніёрах, уладальніца 33 тытулаў ITF, найвышэйшы адзіночны рэйтынг — 201 WTA, у парным — 157 WTA, удзельніца ўсіх турніраў серыі «Вялікага шлема». Гульнявую кар’еру Ілона скончыла, але пачала новую старонку — трэнерскую кар’еру па падзел-тэнісе. «Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры я нейкі час працавала ў замежжы і там пазнаёмілася з гэтым відам спорту. Я захапілася «падзелам». Прайшла курсы і стала трэнерам. Хоць я 25 гадоў аддала тэнісу, мне падалося, што падзел цікавейшы. Так як я ўсё жыццё гуляла за нашу краіну, мне вельмі захацелася прывезці гэты від спорту ў Беларусь», — дзеліцца Ілона. 

Канешне, «падзел» у многім нагадвае тэніс. Адрозніваюцца ракеткі – у падзеле яны меншыя па памеры і без струн, крыху розныя мячы. Галоўнае адрозненне — у пляцоўцы. Для падзела неабходны корт меншых памераў, чым для тэніса. І самае галоўнае — вакол корта павінны быць сцены, ад якіх адскоквае мяч. Гэта падзел узяў ад сквоша. Гульня праходзіць праз сетку, але мяч можна адбіваць яшчэ і ад сцяны, што па словах Ілоны Крэмень, дадае гэтаму віду спорту дынамікі. 

Што тычыцца непасрэдна гульянявой тэхнікі, то падзел прасцейшы за тэніс. «Аматарам, нават тым, якія ніколі не займаліся спортам, у падзел значна прасцей навучыцца гуляць, чым у тэніс. Незалежна ад узросту. У падзеле няма шматлікіх складаных тэхнічных нюансаў, якія ёсць у тэнісе. І яшчэ адно важнае адрозненне — у падзел гуляюць два на два, і толькі так. Гэта вельмі сацыяльны від спорту, які аб’ядноўвае людзей, дапамагае ім знаёміцца, знаходзіць новых сяброў, аднолькава закаханых у гэты від спорту», — тлумачыць Ілона Крэмень.

А яшчэ падзел выдатна развівае фізічную форму. «Падчас гульні ў падзел працуюць усе мышцы, нагрузку атрымліваюць спіна, рукі, ногі. І гэта выдатны спосаб фізічнай нагрузкі для тых, хто жадае схуднець. За кошт таго, што корт меншы, а хуткасці такія ж як і тэнісе, немаленькія, гульня праходзіць вельмі інтэнсіўна. Нават многія тэнісісты гавораць, што падчас трэнеріроўкі па падзелу стамляюцца больш, чым ад звычайнай тэніснай трэніроўкі. Я гэта адчула і на сваім вопыце. Мне вельмі хацелася б, каб падзелам займаліся дзеці. Таму што гэты від спорту выдатна развівае каардынацыю, рэакцыю. Тут вучышся адбіваць не толькі мяч, які да цябе ляціць і адскоквае, але і мяч, які адскоквае ад сцяны. Падзел развівае ўважлівасць, логіку і рэакцыю. Падчас гульні трэба хутка перасоўвацца, каб адбіць падачу суперніка, а таксама самому хутка прадумваць, куды адправіць снарад», — расказвае Ілона Крэмень.

Яна прызнаецца, што адкрываць раней невядомы від спорту, хвалююча, момантамі нават страшна. Але ж не можа Беларусь заставацца ўбаку ад спартыўных тэндэнцый, тым больш, калі яны карысныя: «Мною рухае мэта, каб як мага больш людзей сталі гуляць у падзел і атрымлівалі задавальненне ад гэтай неверагоднай гульні. Пакуль у нашай краіне вельмі мала ведаюць пра гэты від спорту. Ёсць куды імкнуцца. Але нам на руку, што людзям заўсёды цікава нешта новае і незвычайнае. Таму я веру, што гэты від спорту будзе развівацца ў нашай краіне».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».