Вы тут

Пасольства Польшчы адмовілася прыняць у Томаша Шміта пакет дакументаў


Былы польскі суддзя Томаш Шміт, які быў вымушаны з’ехаць у Беларусь, спрабаваў падаць дакументы аб парушэнні сваіх правоў у Пасольства Польшчы, аднак там адмовіліся іх прыняць. Нагадаем, былы суддзя з Варшавы раней на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што асцерагаецца пераследу польскіх спецслужбаў, просіць палітычнага прытулку ў Беларусі і адмаўляецца ад статусу суддзі.


Фота: БелТА

Сярод падрыхтаваных Томашам Шмітам дакументаў — заявы на імя міністра юстыцыі і на імя генеральнага пракурора, пісьмо на імя амбудсмена, дзе гаворыцца, што польскі ўрад парушыў шэраг законаў, у тым ліку польскую канстытуцыю, унутраныя законы краіны і міжнародныя законы. У тым ліку і Канвенцыю па правах чалавека.

— Консул сказаў, што не можа прыняць гэтыя дакументы і не можа са мной размаўляць. Я спытаў наўпрост: «У вас ёсць забарона ад польскіх улад? Напрыклад, ад міністра Сікорскага?» Ён ад мяне адвярнуўся і ўвайшоў у ліфт. Мне засталося толькі ўкінуць дакументы ў паштовую скрыню. Гэта было няпроста, бо паштовая скрыня аказалася закрытая. У мяне нейкім чынам атрымалася ўкінуць гэтыя заявы, але я не ведаю, якая будзе рэакцыя ад польскага ўрада. Я баюся, што іх проста выкінуць у сметніцу, і на гэтым усё скончыцца, — расказаў Томаш Шміт.

Адна з прычын такой рэакцыі — тое, што польскія ўлады загадзя ахрысцілі экс-суддзю шпіёнам.

— Я звярнуўся да міністра юстыцыі і генеральнага пракурора (у Польшчы гэтыя пасады сумяшчае адзін чалавек) з просьбай аб наглядзе за гэтай справай. 

Не ведаю, які будзе вынік і эфект, бо паважаны міністр Адам Боднар у польскіх медыя ўжо назваў мяне беларуска-расійскім шпіёнам. Гэтак жа, як і міністр Сікорскі назваў мяне шпіёнам яшчэ да таго, як прад’явіць абвінавачванні. У нармальнай дэмакратычнай краіне міністр замежных спраў пасля такіх слоў павінен быць неадкладна адхілены ад сваёй пасады. А тут мы маем справу з сітуацыяй, калі консул атрымаў забарону на кантактаванне са мной, і мне здаецца, гэта была забарона ад міністра Сікорскага, — падзяліўся Томаш Шміт.

Больш за тое, у Польшчы ўжо выдадзены ордэр на арышт экс-суддзі, рыхтуецца і еўрапейскі ордар на арышт.

Урад Польшчы абсалютна не цікавіць, што быў парушаны шэраг законаў. Мяне пазбавілі права на абарону, справядлівага разгляду маёй сітуацыі. Ужо выдадзены ордар на мой арышт і былі выстаўлены супраць мяне абвінавачванні. Ёсць загад аб маім арышце. Рыхтуюць таксама і еўрапейскі ордар аб арышце. Мая віна заключалася толькі ў тым, што я падаў заяву аб адстаўцы і меў на гэта поўнае права. 

І пачаў размаўляць з медыя, а былі гэта беларускія і расійскія медыя. У разуменні польскага ўрада гэта шпіянаж.

Што датычыцца польскіх СМІ, то яны проста адмовіліся размаўляць з былым суддзёй.

Дзе дэмакратыя і свабода слова? Дзе свабода выяўлення сваіх поглядаў, свайго меркавання? — задаецца пытаннямі экс-суддзя. — З вялікіх польскіх медыя ніхто са мной не захацеў размаўляць. Я напісаў, што я гатовы да дыялогу, але ўжывую, анлайн, каб не было ніякіх маніпуляцый, бо я не давяраю польскім медыя, яны напішуць тое, што ім выгадна. Ніхто з польскіх СМІ не пагадзіўся на анлайн-інтэрв’ю.

Няма сувязі ў Томаша Шміта і з пракуратурай, ніякіх абвінавачванняў напрамую ён так і не атрымаў:

— У маім выпадку ніхто мне не патлумачыў, якія абвінавачванні супраць мяне, на падставе якіх матэрыялаў, хоць сувязь са мной не з’яўляецца праблематычнай. Ёсць каналы, я адкрыты ў медыя. Пракуратура магла б удакладніць, на які адрас выслаць, але нічога такога не зрабілі. На самай справе я зусім не разумею, у чым мяне абвінавачваюць, чаму быў выдадзены ордар на мой арышт. Гэта як у кнізе Кафкі «Працэс»: чалавек не ведае, у чым ён вінаваты, але яго ўжо абвінавацілі.

Томаш Шміт лічыць, што такім чынам былі перш за ўсё парушаны яго права на абарону і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

— Правялі такі «капюшонны» суд, бо ў чым мяне абвінавачваюць, я магу даведацца, толькі арыентуючыся на тое, што пішуць польскія СМІ. Я хачу дабівацца сваіх правоў і на нацыянальным узроўні, і на еўрапейскім, — заявіў Томаш Шміт.

Таксама ён адзначыў, што атрымлівае ад суайчыннікаў словы падтрымкі, хтосьці нават называе яго героем, але ёсць і такія людзі, якія жадаюць яму смерці і пагражаюць. Аднак у Мінску былы польскі суддзя адчувае сябе ў бяспецы. У найбліжэйшы час пасля кансультацыі з юрыстамі ён плануе падаць прашэнне да беларускіх улад аб прытулку. Калі ёсць юрыдычная магчымасць, экс-суддзя хацеў бы атрымаць беларускае грамадзянства, адначасова захаваўшы і польскае.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Урад Польшчы абсалютна не цікавіць, што быў парушаны шэраг законаў»

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.