Вы тут

Ідэі гармоніі — ў выстаўцы Ігара Кашкурэвіча «З Вечнасці ў Вечнасць»


Да 25 мая ў чатырох залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на Някрасава працуе выстаўка Ігара Кашкурэвіча «З Вечнасці ў Вечнасць». Аўтар прапануе некалькі мастацка-філасофскіх канцэпцый, якія адлюстроўваюць погляды на розныя часовыя калізіі ўласнай творчасці. Як адзначаюць арганізатары, асаблівае месца ў экспазіцыі займае інсталяцыя-прысвячэнне бацьку мастака Арлену Кашкурэвічу і творцам, якія адыгралі важную ролю ў станаўленні яго асобы. 


Мастак-канцэптуаліст Ігар Кашкурэвіч нарадзіўся ў 1957 годзе ў Мінску. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава (1972–1976), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1976–1982). Яго выкладчыкамі былі Васіль Шаранговіч, Павел Любамудраў, Уладзімір Савіч, Людміла Кальмаева... Ігар Кашкурэвіч — член Беларускага саюза мастакоў, у мастацкіх выстаўках удзельнічае з 1978 года. Графік, жывапісец, скульптар стала працуе ў жанрах перфомансу і інсталяцыі. 

Так, яшчэ ў пачатку 1980-х ён пачаў выступаць як мастак канцэптуальнай хвалі. У свой час у Віцебску разам з Людмілай Русавай зладзіў перфоманс «Супрэматычнае ўваскрашэнне». А ў 1996 годзе мастак стаў удзельнікам нямецка-беларускага тэматычнага выставачнага праекта «Тэксты» — у яго межах стварыў інсталяцыю «Тут знаходзіцца ўльтрагігіенічны пункт...». 

Выстаўка «З Вечнасці ў Вечнасць» складаецца з некалькіх асобных інсталяцый. Напрыклад, гэта ўжо згаданая жывапісна-графічная інсталяцыя «Амажы — прысвячэнні Янку Купалу, Фёдару Дастаеўскаму, Арлену Кашкурэвічу, Васілю Быкаву, Альгерду Малішэўскаму, Уладзіміру Стальмашонку, Васілю Шаранговічу, Алегу Сурскаму, Анатолю Анікейчыку і Міхаілу Савіцкаму», што адлюстроўвае фрагменты розных перыядаў творчасці мастака, яго зацікаўленні і перавагі. 

Яшчэ адзін складнік выстаўкі — скульптурна-графічная інсталяцыя «Час — Творца», у якую ўвайшлі скульптуры, што фарміруюць у выставачнай зале каменны круг — сімвал працэсу творчасці ў часе, і малюнкі — выявы гэтых жа скульптур. Ігар Кашкурэвіч падкрэслівае, што камень мае велічны дух і валодае цікавай мовай. Скульптар выяўляе гэтыя асаблівасці, дарэчы, без выкарыстання механічных ці электрычных прылад — гэта ручная праца. Стварэнню твора дапамагаюць адпаведныя інструменты: малаток і разец з пабядзітавым наканечнікам. Кожнаму каменю мастак надае чалавечы твар, надзяляе яго пэўнымі знакамі. Такім чынам з адной вечнасці камень пераходзіць у іншую. 

Жывапісная інсталяцыя «Паверхні» прысвечана ідэі гармоніі. Асабліва цікавая яна будзе тым, хто вывучае тэорыі колеру. Як колер уплывае на чалавека? Што пры знаёмстве з творам падказваюць логіка ды інтуіцыя? Ці здольна святло, што сыходзіць ад карціны, крануць назіральніка? Ігар Кашкурэвіч не дае адказы, а толькі прапаноўвае паглыбіцца ў дагэтуль цалкам не разгаданы свет. 

Яшчэ бліжэй пазнаёміць з аўтарам інсталяцыя «Рукапісы гараць», якая прэзентуе аўтапартрэты. Тут змешчаны разважанні аб тым, што такое натхненне, калі пачынаецца сапраўдная творчасць, у чым выяўляецца станаўленне асобы ў мастацтве. Нават прадстаўлены малюнак, створаны Ігарам Кашкурэвічам ва ўзросце трох з паловай гадоў. 

Работы, праекты, інсталяцыі Ігара Кашкурэвіча арыгінальныя і вельмі розныя, таму кожны глядач можа знайсці штосьці, што адгукнецца. Напрыклад, дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч адзначыў, што большасць твораў мастака даўно ведае і любіць, але ўсё ж вылучае скульптуры. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.