Вы тут

Як павысіць моўную культуру грамадства?


Мова — галоўны сродак нашых зносін, праз яе мы выказваем усё, што ў нашых думках і ў нашай душы. Усё часцей вакол чуюцца нецэнзурныя словы. Яны вылятаюць з вуснаў самых розных людзей незалежна ад узросту, полу і прафесіі. Нават у літаратурных творах пісьменнікі часам ужываюць абсцэнную лексіку. Чаму так адбываецца? Наколькі наогул можна выкрасліць нецэнзурныя словы з нашага жыцця і як гэта зрабіць? Пра гэта ішла гаворка падчас круглага стала на тэму «Моўная культура як сродак фарміравання духоўна-маральнай асобы ў сучасным грамадстве», які адбыўся па ініцыятыве сакратара Грамадскага савета па маральнасці Алены Стэльмах.


Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і ліаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Вельмі добра, што мы сабраліся ў такім шырокім складзе. У круглым стале прымаюць удзел прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускай праваслаўнай царквы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, у прыватнасці Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, ёсць і вучнёўская моладзь.

Мова — адзін з галоўных складнікаў культуры, найважнейшы ідэалагічны інструмент, які фарміруе свядомасць чалавека. Моўная культура адыгрывае важную ролю ў духоўным станаўленні асобы, а значыць, і ўсяго грамадства. У мове адлюстроўваецца ўсё: менталітэт народа, яго традыцыі, нацыянальны характар, мараль, сістэма нормаў і каштоўнасцей, карціна свету. Мы засвойваем вопыт папярэднікаў праз тыя веды, якія перадаюцца менавіта пры дапамозе мовы. Фундамент нашай моўнай культуры — хрысціянская сістэма каштоўнасцей. Давайце згадаем словы, з якіх пачынаецца Евангелле ад Іаана: «Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог». Сіла слова вялікая, яна здольна як ствараць, так, на жаль, і разбураць. Многае ў нашым жыцці залежыць ад таго, як мы карыстаемся словам. Словам можна вярнуць чалавека да жыцця, даць яму надзею, а можна забіць. Таму трэба асэнсавана ставіцца да кожнага ўжытага слова. Сітуацыя, якая прымусіла нас сабрацца сёння, мяне як прадстаўніка акадэмічнай навукі вельмі хвалюе. На сучасным этапе ва ўсім свеце адзначаецца тэндэнцыя разбурэння моўных нормаў. На гэта ўплываюць інтэрнэт, тэлебачанне, масмедыйныя асобы... Сёння лічыцца нямодным размаўляць прыгожа і правільна. Акрамя слова «мат» у беларускай мове, у адрозненне ад рускай, ёсць варыянт «брыдкаслоўе», які гаворыць сам за сябе: брыдкія, непрыстойныя словы, выразы, лаянка. На жаль, сёння мат гучыць паўсюль: ва ўстановах адукацыі, у грамадскіх месцах, у сям’і, нават з экранаў тэлевізара. І выкарыстоўваюцца гэтыя словы не толькі ў стрэсавай сітуацыі як спецыяльны вербальны сродак зняцця псіхаэмацыянальнага напружання. Больш за тое, мат успрымаецца як абсалютна нармальная, натуральная, стылістычна не зніжаная частка лексікі, пры дапамозе якой можна свабодна выказваць думкі. Даходзіць да таго, што з мацерных слоў складаюцца цэлыя сказы. Асабліва гэта тычыцца моладзі і, як ні дзіўна, дзяўчат, будучых маці. Гэта надзвычай сур’ёзная праблема, калі людзі выказваюць свае думкі менавіта такім чынам, не ведаючы не толькі нормаў літаратурнай мовы, але і звычайных нормаў маралі, грамадскіх паводзін. Нядаўна пачуў аднаго расійскага журналіста, які сказаў, што мат чароўны, у ім ёсць каласальная энергія, загадка, свайго роду паэтыка. Мяне гэтыя словы вельмі насцярожылі. Не магу з гэтым пагадзіцца! Мат — гэта тое, што засмечвае мову, разбурае яе прыгажосць, стройнасць і вядзе ў выніку не толькі да збяднення моўнай сістэмы, але і да дэградацыі асобы, духоўнай непаўнацэннасці чалавека. Яго мова становіцца непаўнавартаснай, абядняецца, страчваецца ўсё яе багацце, вобразнасць. Нецэнзурная лексіка пранікае ў свядомасць чалавека і разбурае яго душу. Мы невыпадкова сабраліся ў другі дзень Вялікадня, каб яшчэ раз задумацца над тымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія павінны захоўваць усё жыццё і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Часам можна пачуць контраргументы, што многія рускія пісьменнікі ўжывалі гэтую лексіку. Нават Пушкін, Бунін, Маякоўскі, Ясенін. Але ў друкаваныя творы гэтых пісьменнікаў ненарматыўная лексіка па вядомых прычынах не ўключалася. Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць, што ж нам рабіць. Трэба больш папулярызаваць творчасць класікаў літаратуры, тых, хто ўзняў нашу мову да ўзроўню высокаразвітых моў свету. Менавіта літаратура павінна даваць духоўныя маральныя арыенціры. Я рады, што сёння тут прысутнічаюць прадстаўнікі сістэмы адукацыі, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы. І, несумненна, вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сям’я, бо дзіця змалку імкнецца пераймаць дарослых. Я думаю, у гэтым пытанні нам не хапае сацыяльнай рэкламы, якая будзе выконваць важную выхаваўчую функцыю.

Наталля Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— У помніках старабеларускай пісьменнасці таксама сустракаліся зневажальныя словы. Я б падзяліла іх на дзве групы. Першая — гэта назвы жывёл, якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да чалавека: «малпа, псица, скотъ». Другая — гэта агульныя назоўнікі, якія выяўлялі негатыўную ацэнку чалавека і псавалі яго рэпутацыю: «вшетечница ‘распусніца’, душогубъ, потварца ‘паклёпнік’». Аднак часцей замест падобных слоў у старабеларускіх тэкстах фіксуюцца апісальныя выразы тыпу «словы брыдкие, словы злые, словы неучтивые, словы образливые, словы ущыпливые», якія ўжываліся разам з дзеясловамі «зганити, зсоромотити, лаяти, лжити, соромотити».

У «Кнізе Віцебскага земскага суда» (1533–1540) адзначаецца лаянкавае слова, якое выкарыстоўваецца ў дачыненні да жанчыны. Нейкая віцебская мяшчанка Глазовая паскардзілася, што яе абазвалі гэтым словам, «а я не естемъ таковая». Трэба падкрэсліць, што ў названай кнізе гэта адзінкавыя выпадкі фіксацыі нецэнзурнай лексікі. У асноўным пісцы падобныя лексемы стараліся замяніць больш нейтральнымі па змесце і эмацыянальнай нагрузцы спалучэннямі, аб чым сведчаць запісы тыпу «соромотили словы невчытывыми (невчтивыми)». У дакументах гэтай кнігі сустракаецца і ўстойлівы выраз «до матки лаяти», які меў значэнне «мацюкаць».

Дададзім, што за ўжыванне абразлівых слоў у даўнія часы прадугледжвалася пакаранне, аб чым сведчыць, напрыклад, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. 

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў помніках беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст. адзначаюцца факты выкарыстання зневажальнай лексікі, аднак перавага аддавалася яе замене нейтральнымі апісальнымі выразамі.

Вячаслаў Мартысюк, навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства:

— Калі гаварыць пра XIX — пачатак XX ст., такой лексікі вельмі-вельмі мала. Яна сустракаецца ў фальклоры, этнаграфічных запісах. Напрыклад, у пачатку XX ст. Аляксандр Сержпутоўскі выдаў «Грамматический очерк белорусского наречия деревни Чудина Слуцкого уезда Минской губернии», дзе фіксуецца літаральна жменька выразаў, якія можна было б назваць мацернымі. Калі і існавала лаянка ў той час, то гэта проста нейкія зняважлівыя словы, у асноўным праклёны, якія не маюць нічога агульнага з сённяшнімі мацернымі. Гэта вельмі паказальна. Тое самае можна сказаць пра іншых фалькларыстаў і этнографаў: яны вельмі рэдка фіксавалі ненарматыўную лексіку. У 1920-я гг., калі першыя перакладныя руска-беларускія слоўнікі рыхтавалі Мікола Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, яны не ўключалі, вядома, мацерную лексіку, аднак дазволілі сабе ўключыць паасобныя лаянкавыя словы. І гэта выклікала вельмі рэзкую крытыку Язэпа Лёсіка. У рэцэнзіі на гэты слоўнік ён адзначыў, што такім словам не месца ў нарматыўным слоўніку. Калі пазней рыхтавалі вялікую картатэку слоўніка жывой беларускай мовы, іх туды ўключалі, але гэта быў не нарматыўны слоўнік, а база для навукоўцаў, якія ставілі сваёй задачай вывучэнне гэтай лексікі, а не яе распаўсюджванне. Адназначна скажу, што папулярызаваць ненарматыўную лексіку нельга. Аднак вывучаць тое, што існуе ў народзе, трэба, але без усялякай рэкламы. Такая практыка ёсць у свеце, калі ствараюць спецыяльныя перыядычныя выданні, даведнікі, манаграфіі. Але, падкрэслю, выключна для навукі.

Ігар Капылоў:

— Наш інстытут на працягу ўсёй сваёй гісторыі займаецца праблемамі нормаў беларускай літаратурнай мовы. Створаны шматлікія фундаментальныя даведнікі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі. Мы адказныя за захаванне сістэмы літаратурнай мовы і заўсёды гатовы абмяркоўваць надзённыя пытанні моўнай культуры. У тым ліку і пытанне адносна ўключэння абсцэннай лексікі ў слоўнікі... Цяпер мы рыхтуем новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы арыенціровачна ў пятнаццаці тамах. І даводзіцца часам дыскутаваць з калегамі адносна месца ў ім ненарматыўных слоў. Прызнаюся, што ёсць спецыялісты, якія выступаюць за ўключэнне такіх слоў у слоўнік, спасылаючыся на міжнародны вопыт, у тым ліку і вопыт многіх славянскіх краін. Але я катэгарычна супраць уключэння ненарматыўнай лексікі па той простай прычыне, што гэта акадэмічнае фундаментальнае выданне, на якое арыентуюцца і школа, і ВНУ, і выдавецтвы, усе, хто цікавіцца беларускай мовай. З’яўленне слоўніка з ненарматыўнай лексікай у грамадстве будзе ўспрымацца як зялёнае святло, своеасаблівы сігнал з боку вучоных-мовазнаўцаў для яе ўжывання. 

Аксана Ванкевіч, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Праблема, якую мы сёння абмяркоўваем, знаходзіцца не толькі ў плоскасці маралі, але і ў юрыдычнай плоскасці. Нізкі ўзровень моўнай культуры грамадзян, зняважлівае стаўленне да мовы, адсутнасць разумення мэтазгоднасці выкарыстання тых ці іншых слоў у пэўнай камунікатыўнай сітуацыі могуць мець сур’ёзныя наступствы.

З маральна-этычных пазіцый выдзяляюцца прыстойныя (дапушчальныя ў публічным месцы) і непрыстойныя (табуіраваныя і цалкам забароненыя) словы. Маладыя людзі даволі часта ўспрымаюць лаянкавую і нецэнзурную лексіку як даніну модзе, як нейкі моўны код, які аблягчае зносіны ці падкрэслівае прыналежнасць да пэўнай групы сваіх. Аднак ужыванне такіх слоў не проста забаронена нормамі грамадскай маралі, але і можа прывесці да адміністрацыйнай адказнасці.

Парушэнні нормаў маўленчых паводзін, выказванні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі складаюць аб’ект лінгвістычнай экспертызы. Гэта спецыяльная працэдура даследавання асобных слоў, выразаў, тэкстаў з мэтай выяўлення крыміналістычна значнай інфармацыі. Часцей за ўсё перад экспертам ставіцца задача знайсці доказы наяўнасці ці адсутнасці моўных прыкмет знявагі асобы. Неабходна памятаць, што мова — інструмент, з якім варта абыходзіцца вельмі беражліва і асцярожна.

Над пытаннямі павышэння моўнай культуры нашага грамадства я задумваюся не толькі як спецыяліст у галіне мовазнаўства, але і як маці. Мяне хвалюе стан таго моўнага асяроддзя, у якім адбываецца фарміраванне асобы маёй дачкі-падлетка. Ёй я заўжды тлумачу: тое, як чалавек выбірае моўныя сродкі для перадачы сваіх думак, наколькі ён паважае родную мову, — паказчык культуры асобы ў цэлым.

Святлана Калядка, вядучы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт:

— Я буду зыходзіць не толькі з пазіцыі літаратуразнаўцы, але і чалавека, які выкладае рускую мову ў ВНУ, таму мае прамое дачыненне і да лінгвістычных праблем. 

Я вылучыла для сябе восем асноўных функцый ненарматыўнай лексікі ў літаратурным творы. Пісьменнік можа дазволіць сабе выкарыстоўваць яе у наступных выпадках: экспрэсіўная перадача пэўнай думкі; уключэнне ўсіх пластоў лексікі ў раскрыццё пэўнай мастацкай ідэі (мастак павінен адлюстроўваць праўду жыцця); неабходнае ўключэнне гэтай лексікі для адлюстравання пэўных сацыяльных тэм і грамадскіх праблем (калі пісьменнік піша пра жыццё цяжкіх падлеткаў, людзей асацыяльных); стварэнне мастацкага партрэта героя пры апісанні яго адмоўных рыс характару; падтрымка экспрэсіўнай камунікацыі, калі аўтар адрасуе твор пэўнай групе чытачоў і імкнецца захаваць моўныя коды яго ўспрымання, падтрымліваючы такім чынам цікавасць да свайго твора; эпатажнае ўздзеянне тэксту на чытача, калі аўтар больш працуе на ўласную самапрэзентацыю; гульня, за якой няма глыбокіх сэнсаў, для ўтрымання чытацкай увагі; вызваленне духу мастака ад усялякіх шаблонаў і канонаў. Менавіта гэтыя функцыі сёння ўплываюць на наяўнасць ненарматыўнай лексікі ў мастацкіх творах. Актыўна яе прымяняе той жа Даўлатаў, якога з задавальненнем чытаюць і маладыя, і старэйшыя. Аднак ёсць такое паняцце, як эстэтычная норма, якая павінна быць у аснове мастацкага твора. Ці магчыма ўбудаваць у сістэму культуры лексіку з кодамі негатыўнай эмоцыі? Эмацыянальнасць — з’ява значная ў культурным жыцці, адпаведна, якімі эмоцыямі насычаецца чалавек, такія думкі гэтыя эмоцыі актывізуюць. Значыць, той, хто знаходзіцца ў негатыўным полі мовы, пачынае сам насычацца негатывам і яго выклікаць. Мастацкі твор усё ж павінен у чалавеку абуджаць лепшае, а не горшае. «Унутраны цэнзар» мастака, безумоўна, павінен карыстацца эстэтычнымі ўстаноўкамі пры напісанні твора, аддаючы ім перавагу над этычнымі. Лінгвісты сёння размяжоўваюць табуіраваную, ненарматыўную і абсцэнную лексіку. На маю думку, названыя пласты мовы недапушчальныя ў мастацкіх творах, бо існуюць такія паняцці, як дарэчнасць, дазіраванасць і абмежаванасць ва ўжыванні гэтай лексікі. Недаравальна ўжываць вельмі грубую, прыніжальную, вульгарную лексіку ў мастацкіх творах, бо яна абясцэньвае літаратурную норму. Талент і густ пісьменніка могуць стаць «заслонай» для пранікнення ў тэкст непатрэбнага, гвалтоўнага, нізкамастацкага. Катэгорыя мастацкасці карэлюе з паняццем духоўнага ўзбагачэння асобы — а гэта і ёсць фундамент у далейшым развіцці літаратуры.

Вікторыя Уласевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Гэтыя словы былі, ёсць і, напэўна, будуць. Згодная, што мы, лінгвісты, павінны іх вывучаць. Даволі асцярожна такія словы патрэбна ўключаць у слоўнікі літаратурнай мовы. Носьбіты мовы ведаюць, што іх не варта ўжываць, але ўсё роўна выкарыстоўваюць... Аднак гэта не лінгвістычная праблема: мы не можам слова выкрасліць, забараніць яму існаваць. На маю думку, трэба ведаць усе словы, але самае важнае — разумець, дзе і калі іх можна ўжываць. А гэта ўжо пытанне адукацыі, выхавання і маралі.

Іван Чарота, доктар філалагічных навук, прафесар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Ці можна ўявіць, што гэтую праблему абмяркоўваюць Купала з Коласам ці ўвогуле ў Саюзе пісьменнікаў у першай палове мінулага стагоддзя? Немагчыма! А слоў існавала не намнога менш, чым ёсць цяпер. Круглы стол, які мы праводзім, даўно наспеў. Гэтае пытанне даўно грукае ў нашу свядомасць. Яно павінна выйсці на больш шырокія прасторы. Брыдкаслоўе сёння амаль на першым месцы сярод важных этычных аспектаў. Маю на ўвазе недапушчальную засмечанасць мовы ва ўсіх сферах, асабліва СМІ. Дзеці не паспяваюць навучыцца хадзіць, а ўжо карыстаюцца інтэрнэтам і адтуль гэта ўсё бяруць. Слова страціла першапачатковае значэнне. Яно не ўспрымаецца ў сваім кодзе. Брудныя словы вядуць на іншы ўзровень свядомасці. Параўнаю іх з тым матэрыялам, які мы здаём у паліклініцы: аналізы — таксама частка нас, але мы ж не паказваем іх кожнаму. Тое ж адбываецца з гэтай лексікай. Цяпер дзеці мацюкацца навучаюцца раней, чым ветліва вітацца. Гэта жахліва! Маўленне дадзена нам Богам, яно патрабуе чысціні, інакш мы аддаём сябе д’яблу. Мова развіваецца ў адпаведнасці з дзеяннем і энергіяй яе носьбітаў. Ад нас усё залежыць! Няўжо нам патрэбны гэтыя гніласць, бруд і слоўны смурод? Гэта праблема Савета па маральнасці, бо цяпер засілле мацяршчыны паўсюль. Нават маладыя прыгожыя дзяўчаты, падлеткі так размаўляюць на вуліцы, не стрымліваючыся! І паспрабуй зрабі заўвагу! Калі яны здольны так гаварыць, то могуць і дзейнічаць не па-людску. Лічу, гэтую праблему трэба вырашаць. Хочацца верыць, што служыцелі слова ва ўсіх сферах не дапусцяць бяды. Важна знайсці правільныя своечасовыя меры, якія змогуць спыніць брыдкаслоўе.

Святлана Вагнер, старшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук:

— Згадаю важны момант — вібрацыйная структура слова. Мы чуем вібрацыю і калі дзьме вецер, і ў гуках нашай мовы. Ёсць словы, якія натхняюць, улагоджваюць, лечаць душу — малітвы, замовы, калыханкі. Брыдкаслоўе дзейнічае разбуральна. Калі ты выкарыстоўваеш яго, то псуеш сваё жыццё.

Ліліяна Анцух, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці», член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— З пачатку сваёй дзейнасці выдавецтва «Чатыры чвэрці» мае дачыненне да такой важнай справы, як адраджэнне духоўнасці ў Беларусі. Трыццаць гадоў таму працу калектыву благаславіў Уладыка Філарэт. Першымі створанымі кнігамі былі тыя, што выйшлі ў серыі «Нашы духоўныя каштоўнасці». У іх складанні прымалі ўдзел вядомыя даследчыкі царкоўнай гісторыі. Гэтыя кнігі былі вельмі патрэбныя грамадству, таму што неслі неабходныя веды аб праваслаўных ісцінах і сапраўдных каштоўнасцях. Гаварыць пра ненарматыўную лексіку, а таксама прапаганду жорсткасці было б дзіўным. За гады існавання мы выпускалі і класіку, і творы выдатных пісьменнікаў сучаснай літаратуры. Калі-нікалі нам даводзіцца нават выхоўваць пісьменніка. Калі аўтару дзесьці трэба выказацца больш моцна, прапаноўваем замену, знаходзім нейкае выйсце. Да сёння наша прынцыповая пазіцыя не мяняецца. Дарэчы, заўважылі, што ў расійскай літаратуры іншая тэндэнцыя. Там аўтар можа дазволіць сабе шмат больш. А паколькі мы выдаём сёння і знакамітых аўтараў з розных рэгіёнаў Расіі (у серыі «Сучасная проза»), то як у нашых, так і ў іх творах прытрымліваемся сваіх прынцыпаў. Планка маральнай адказнасці за тое, што мы нясём чытачу, ніколі не апускалася.

Настасся Міцкевіч, загадчык кафедры моўнай камунікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

— Я з цікавасцю вывучала даследаванні вучоных на гэтую тэму. Напрыклад, расійскія навукоўцы даказалі, што мат звязаны з дэструктыўнымі паводзінамі. У сем’ях, дзе на брыдкаслоўе няма табу, дзеці больш агрэсіўныя. Брытанскія вучоныя, наадварот, выступаюць у абарону мата, маўляў, ён дапамагае стрымаць боль. Чаму людзі выкарыстоўваюць мат? Я паглядзела ў інтэрнэце меркаванні маладых людзей: яны лічаць, што гэта дапамагае хутчэй нешта растлумачыць, звярнуць на сябе ўвагу, выпусціць эмоцыі. Чаму мат ужываюць усё больш? Бо мы жывём на прасторы інтэрнэту. На жаль, там моладзь адчувае большую свабоду, быццам за гэта няма пакарання. Магчыма, таму, што там больш ананімнасці. Сёння мы ўжо кажам пра тое, што ідзе інфармацыйная гібрыдная вайна і маральнае разбурэнне асобы. Шкада, што мала публікацый на тэму шкоднасці брыдкаслоўя. Прыгадайце акно Авертона: калі ігнараваць праблему, яна потым вырасце як снежны камяк. Калі не звяртаць увагі на мат сёння, ён сапраўды хутка стане звычайнай з’явай, нормай. Вельмі складана патлумачыць чалавеку, чаму не трэба ўжываць нецэнзурную лексіку. Адназначнай рэкамендацыі няма, варта падыходзіць індывідуальна. Калі чалавек веруючы, можна апеляваць да духоўна-маральных каштоўнасцей. А што сказаць тым, у каго дома мат — звычайная рэч? Праблема ёсць! Як з ёй змагацца? Трэба ўвесці нейкую моду на адсутнасць нецэнзурнай лексікі. Варта часцей, як сёння, збірацца і ўздымаць гэтую праблему. І ўжо гэта будзе звяртаць на яе ўвагу. Калі не будзем гаварыць мы, скажуць за нас. 

І не заўжды на нашу карысць.

Лілія Круглік, метадыст кафедры моўнай камунікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

— Хачу падзяліцца сваім вопытам. Пачуўшы ненарматыўную лексіку, не магу прайсці міма. Калі рэагаваць агрэсіўна, гэта выклікае такую ж рэакцыю. Я вырашыла, што буду звяртацца з просьбай па-добраму. Нядаўна ў магазіне спрачаліся падлеткі. Я ім сказала: «Вы такія разумныя, прыгожыя юнакі і дзяўчаты, але так выказваецеся непрыгожа...» Яны спакойна адказалі, што ў іх такі цяжкі перыяд, і паабяцалі, што больш не будуць. Магчыма, нашы просьбы хоць на некага паўплываюць.

Ганна Баліч, настаўніца гімназіі № 22 г. Мінска:

— Гэтая тэма сапраўды актуальная і вельмі маштабная. Я працую з падлеткамі. Калі трапіць у чат дзяцей, чаго толькі там не прачытаеш... Гэта чуецца і на перапынках кожны дзень. Літаратурных слоў часам зусім няма, а мова вельмі бедная. Варта неяк заахвочваць чытаць кнігі. Трэба, каб падлеткі знайшлі тую літаратуру, якая падабаецца, каб навучыліся нармальна размаўляць паміж сабой, бо некаторыя вучацца ад аднакласнікаў, у сем’ях якіх нецэнзурная лексіка — норма. Гэта сапраўды праблема!

Іерэй Андрэй (Ламакін), клірык Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора:

— У духоўнай традыцыі хрысціян брыдкаслоўе — грэх. У часы Новага Запавету апосталы казалі: не можа з адной крыніцы ліцца салодкая і салёная вада. Нельга пасля святых слоў тут жа апускацца да брудных. Адзін з абавязкаў святара — гэта споведзь. Магу заўважыць, што сярод найбольш распаўсюджаных грахоў — менавіта брыдкаслоўе. Гэты грэх некаторым людзям чамусьці не падаецца сур’ёзным. Часам пытаюся ў моладзі: навошта ўжываць мат? Адказваюць, што так усе робяць, так прасцей патлумачыць. Засмучае і тое, што цяпер засілле мовы прымітыўных зносін у месенджарах, таму многа калькіравання слэнгавых і запазычаных слоў. А ёсць жа свае, родныя. Як чалавек выказваецца, такія ў яго і думкі. А як чалавек думае, так і жыве. Калі ў лексіконе няма глыбокіх слоў, то і мысленне такое, і рашэнні такія ж. Брыдкаслоўе ўплывае на лад жыцця, менавіта таму варта пазбягаць гэтых слоў. Духоўнасць будуецца на базавых каштоўнасцях. Як можна гаварыць пра Святую Троіцу, калі акрамя мата чалавек больш нічога не ведае? Хацелася б, каб большая колькасць людзей асэнсоўвала, навошта гэта трэба. Так, часта для падлеткаў мат — этап станаўлення, бо тады ты круты. Важна, калі ў сям’і і ў школе ёсць альтэрнатыва, калі гэта іншы свет, дзе ўмеюць прыгожа гаварыць, дзе ёсць прыклад добрых учынкаў. Калі чалавек хоча лепш жыць, трэба мець больш чыстыя думкі і словы. Духоўная чысціня — гэта тое, пра што варта памятаць не толькі ў царкоўныя святы.

Ірына ПРЫМАК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.