Вы тут

Прэм'ера спектакля «Горкі хлеб» адбылася ў пачатку мая


У пачатку мая ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Горкі хлеб» у пастаноўцы мастацкага кіраўніка заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Сяргея Кавальчыка. Аўтар твора — вядомы ў Беларусі сцэнарыст, педагог Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Галіна Злобенка. За сцэнаграфію і касцюмы адказвала Ала Сарокіна, балетмайстрам выступіла Віталіна Бідзюк, асістэнтам рэжысёра — Алена Мацкевіч. Прэм’еру прымеркавалі да 80-годдзя вызвалення краіны.


Спектакль «Горкі хлеб» аб’ядноўвае тры навелы аб дзецях Вялікай Айчыннай вайны, якім давялося жыць у акупацыі. Як падкрэсліваюць у тэатры, гэта рэальныя гісторыі без кроплі выдумкі. У аснове спектакля — успаміны ўжо сталых жанчын, вачыма якіх мы бачым далёкія страшныя падзеі. Яны прагнуць быць пачутымі, пра што сведчыць існаванне ў прасторы спектакля яшчэ аднаго героя — выдуманага персанажа ці зборнага вобраза журналіста. Пасрэднік дапамагае апавядальніцам не проста быць пачутымі, а імкнецца крануць сэрцы тых, хто засяроджваецца на іх галасах. Журналіст, дарэчы, заўсёды працуе над рэальнымі гісторыямі, задакументаванымі сведчаннямі. А праўда вайны — лейтматыў спектакля «Горкі хлеб». 

Трагедыя прадстаўлена асобнымі гісторыямі, якія паказваюць вайну з розных бакоў. Тут няма спробы стварэння ўсёабдымнай карціны таго часу — толькі тры аповеды з мільёнаў падобных. Што можна дадаць да ўспамінаў тых, хто дзіцем бачыў вайну, хто зведаў гора, страх, пакуты? Ды, пэўна, нічога істотнага. Гэта самадастатковы матэрыял для любога чытача і гледача. Мусіць, таму ў спектаклі з’явіўся персанаж журналіста (ролю ў спектаклі выконваюць заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі і Васіль Грачухін): ён выступае ў якасці апавядальніка — сочыць за структурай твора, быццам мадэратар, каментуе тое, пра што ідзе гаворка; ён жа з’яўляецца ў ролі рэжысёра — трансліруе яго думкі і пачуцці; між тым герой асацыіруецца з тымі, хто знаходзіцца ў глядзельнай зале, — ён такі ж слухач, яго развагі, здаецца, не могуць не супадаць з роздумамі сярэднестатыстычнага беларуса; а яшчэ ён часам паўстае актыўным удзельнікам — калі час ад часу прымярае іншыя ролі. «Яшчэ ніводнае стагоддзе не было пражыта чалавецтвам без войнаў», — прамаўляе кожнаму вядомы факт журналіст. У сваім маналогу ён запытваецца: прымяняць насілле, каб аднавіць найвышэйшую справядлівасць, забіваць дзеля таго, каб скончыць з забойствамі, а значыць, хто моцны, той заўсёды правы — хіба гэта вяршыні чалавечай думкі, хіба для гэтага народжаны кожны? Моцны гуманістычны пасыл — адна з асноўных вартасцей спектакля «Горкі хлеб». 

Дзіця, жанчына на вайне знаходзяцца ў цэнтры ўвагі стваральнікаў спектакля «Горкі хлеб». Яны імкнуліся паказаць іх слабасць і гераізм, боль і радасць, якой таксама знаходзіцца месца на вайне. Душэўны надрыў сваіх гераінь выявілі артысткі Вераніка Пляшкевіч (Клара), Віталіна Бідзюк (Нінэль), заслужаная артыстка Беларусі Ганна Маланкіна (Ала), Юлія Кадушкевіч (Эма), Вера Грыцкевіч (Земфіра), Вікторыя Кавальчык (Жэня) і Аляксандра Прышчэпава (Ганна). Кожнай з іх даводзілася працаваць з адной задачай — прысваеннем моцнай гісторыі іншага чалавека. 

— Я адчуваю гордасць за нашу краіну, бо яна вытрымала такое цяжкае выпрабаванне. Мы абавязаны захоўваць мір на беларускай зямлі, — выказаўся напярэдадні прэм’еры рэжысёр Сяргей Кавальчык. — У перыяд з Дня Перамогі да Дня Незалежнасці неабходна паказваць як мага болей патрыятычных спектакляў. Людзі павінны разумець і памятаць тое, што перажылі нашы продкі і дзякуючы каму мы сёння бачым мірнае блакітнае неба. 

Наступны паказ спектакля «Горкі хлеб» у Горкаўскім тэатры адбудзецца 1 чэрвеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта rustheatre.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».