Вы тут

«Трохкутнікі» як крылатыя птушкі


У маёй хатняй бібліятэцы сярод твораў, у розны час падораных пісьменнікамі, ёсць і даследаванне Эсфір Гурэвіч «Детская литература Белоруссии», выпушчанае ўсесаюзным выдавецтвам «Детская литература» ў 1982 годзе. Яе Эсфір Саламонаўна падпісала на схіле таго ж года: «Алесю Марціновічу — з павагай і ўдзячнасцю. Подпіс. 24/ХІІ.82». Несумненна, кожнаму прыемна атрымаць аўтарскі аўтограф. Ад знакамітага аўтара — тым больш. 


Напісаць гісторыю беларускага нацыянальнага прыгожага пісьменства для юных чытачоў, адрасаваную рускамоўнай аўдыторыі, невыпадкова было даручана менавіта Эсфір Гурэвіч. Яна належала да тых, на жаль, нямногіх аўтараў, якія ў сваёй творчасці не час ад часу звярталіся да асэнсавання напісанага для падрастаючага пакалення, а пастаянна аддавалі гэтаму кірунку ўвагу ў сваіх даследаваннях. 

У яе ўжо была манаграфія па дысертацыі «Белорусская детская литература. 1917–1967 гг.», абараніўшы якую стала доктарам філалагічных навук.

Выступала і ў калектыўных даследаваннях. Актыўна друкавалася ў навуковых выданнях і перыёдыцы. Асэнсоўвала значнасць творчасці класіка беларускай дзіцячай літаратуры, пра што засведчыла кніга «Янка Маўр: нарыс жыцця і творчасці». Выдадзеная ў 1983 годзе, яна стала найбольш глыбокім аналізам напісанага ім для дзяцей і юнацтва, хоць да яго спадчыны звярталіся і іншыя даследчыкі. У 2004 годзе з’явілася другое выданне. Шырокі рэзананс мела і манаграфія «Боль і трывогі нашы. Дзеці, вайна, літаратура» (1986).

Улічваючы вялікі даследчыцкі аўтарытэт Эсфір Саламонаўны, «Детская литература», выпускаючы серыю даследаванняў дзіцячых літаратур саюзных рэспублік, пры выбары патэнцыяльнага аўтара пра беларускую запыніла позірк на Эсфір Гурэвіч. І не пашкадавала, бо атрымалася, як і задумвалася, акурат гісторыя нацыянальнага прыгожага пісьменства для дзяцей і юнац-
тва, пачынаючы з першых фальклорных твораў, заканчваючы тымі, што сваім з’яўленнем былі набліжаны да пачатку 80 гадоў мінулага стагоддзя. І гэта пры адносна невялікім аб’ёме, што даваўся для сістэмнага аналізу, — крыху больш чым 20 улікова-выдавецкіх аркушаў. 

На жаль, у падобных выданнях не прынята даваць біяграфіі іх аўтараў. Таму, на свой сорам, я не ведаў, што Эсфір Саламонаўна — не толькі выдатны крытык і даследчык літаратуры, але і чалавек гераічнага лёсу. Даведаўся пра гэта, пазнаёміўшыся з яе ўспамінамі «Полевая почта 43177 Д», якія выйшлі яшчэ ў 2011 годзе. Аднак трапілі яны да мяне нядаўна і, па сутнасці, выпадкова, бо на кнізе — аўтограф вядомаму крытыку і літаратуразнаўцу Міхасю Мушынскаму: «Міхасю Мушынскаму, шаноўнаму майму калегу, блізкаму па творчых інтарэсах і, дазволю сабе думаць, па духу, з якім мяне звязваюць цёплыя ўспаміны аб лепшых гадах сумеснай працы, па сумяшчальніцтву аўтару „серыялаў“ дакументальнага інстытуцкага кіно, што настальгічна засталіся ў маёй памяці, — з даўняй прыхільнасцю, павагай і найлепшымі пажаданнямі ўсёй дынастыі Мушынскіх. Ваша ЭГ. 2011, жнівень».

Міхася Іосіфавіча назвала аўтарам «серыялаў», бо ён, працуючы ў тагачасным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, захапляўся кіназдымкамі, пасля сябе пакінуў шмат кадраў з жыцця гэтай даследчыцкай установы, а таксама Саюза пісьменнікаў БССР. У чытача можа ўзнікнуць пытанне, як гэтая кніга аказалася ў мяне. Хто падумае, што набыў яе ў букіністычным аддзеле адной 
з кнігарань — на жаль, трапляе ў іх шмат кніг з аўтографамі, — памыляецца. Міхась Мушынскі — мой цесць. Паколькі ён пайшоў у вечнасць 8 чэрвеня 2018 года, а Эсфір Гурэвіч — яшчэ раней, 20 жніўня 2015-га, маю права прывесці гэты аўтограф без дазволу. І яшчэ адно ўдакладненне. Калі Эсфір Саламонаўна падарыла мне кнігу «Детская литература Белоруссии», я да «дынастыі Мушынскіх» яшчэ дачынення не меў.

Ды гэта, як кажуць, між іншым. Куды важней, што я, няхай сабе і запознена, далучыўся яшчэ да аднаго лёсу, перыпетыі якога пераконваюць: Перамога над фашызмам таму і стала Вялікай Перамогай, што набліжалі яе ўсе сумленныя савецкія людзі, якіх было нашмат болей, чым тых, хто пры наступленні ворага паказаў свой здрадніцкі твар. Споведзь Эсфір Гурэвіч, безумоўна, як і вымагае жанр, — маналог канкрэтнага чалавека. Разам з тым гэта і мемуары соцень тысяч тых, у каго была вайна не толькі ўсенародная, але і свая, улічваючы тое, дзе яны сябе праявілі. 

Як франтавыя сяброўкі Наташа Безукладнікава і Саша Мітрафанава-Калінычава. Як і ўсе ўрачы, медыцынскія сёстры, у каго была палявая пошта 43177 Д. А пад такім нумарам «хаваўся ваенны шпіталь. Гэтакіх надзвычайных выратавальнікаў на дарогах-пажарышчах вайны было нямала, а гэты, наш (я пішу не толькі ад свайго імя, але і ў памяць аб сваіх франтавых сяброўках, большасці якіх ужо, на жаль, няма з намі), называўся СЭШ-290, што значыла: Сартавальны Эвака-шпіталь —  290 Заходняга, пазней — 3-га Беларускага фронту, які ішоў за ім па пятах».

Часава ўспаміны Эсфір Гурэвіч ахопліваюць перыяд ад пачатку вайны, калі яна была студэнткай Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, да падзей у Кёнігсбергу, а завяршаюцца прыездам шпіталя ў Мінск. Да напісання, як відаць з яе прызнання, ішла паступова: «Мае сённяшнія нататкі — не ўспаміны ў чыстым выглядзе. Задуманыя спачатку ў разліку на сямейны архіў — для дзяцей [...], а таксама для будучых пра... яны ў працэсе работы непрыкметна выйшлі за межы першапачатковай задумы і набылі, як мне здаецца, больш шырокі сэнс. Яны выліліся ў свайго роду споведзь з адпаведнымі развагамі і адступленнямі ад хронікі падзей да людзей, з якімі прайшла вайну, і нават аб літаратуры. Апошняе ў гэтым кантэксце не падаецца мне чужародным, яны арганічныя для мяне як літаратуразнаўца, бо адпраўны іх пункт — усё тая вайна, якая прымусова, уладарна бярэ ў сябе ўсе аспекты чалавечага жыцця».

Споведзь Эсфір Гурэвіч цікавая і тым, што ў ёй уласна перажытае перадаецца не абасоблена, а ў пэўнай ступені суадносіцца і з лёсам іншых людзей. У першую чаргу тых, хто знаходзіўся пастаяна поруч, а гэта найперш блізкія сяброўкі, якім і прысвяціла сваю кнігу. Асабліва часта прыгадвае Сашу Мітрафанаву, неаднойчы цытуе ўрыўкі з успамінаў яе, якія ў свой час публікаваліся ў часопісе «Нёман». Гэта дазваляе на пэўныя падзеі зірнуць з рознага ракурсу — свайго і той, якая была поруч з табой. Важны і такі момант, што ў асноўным звязаны з успрыманнем падзей — не толькі ваенных, але і ўвогуле стасункаў з рознымі людзьмі. 

Неаднойчы Эсфір Саламонаўна прыводзіць свае занатоўкі, зробленыя ў гады вайны, а пасля асэнсоўвае іх з вышыні пражытых гадоў. Гэта спрыяе пэўнай пераацэнцы колішняй рэчаіснасці. Замест рамантычнасці з’яўляецца цвярозы позірк, без якога не абысціся таму, хто нямала пабачыў і перажыў. Адно нязменна: яшчэ большае ўсведамленне таго, што для перамогі шмат значыла і твая праца — праца медыцынскай сястры. Яна была не менш неабходнай, чым мужнасць і гераізм у баях. Нялёгкая, небяспечная. Падобнае не магло не адбіцца на настроі. Аднак толькі на ўласным. На іншых, асабліва на тых, за чыё жыццё змагалася, не распаўсюджвалася. Гэта добра відаць з яе прызнання ад 5 лістапада 1945 года: «Штосьці ў душы маёй заледзянела. Калі ж растопіцца гэты лёд?» Але ў кнізе дадала: «На параненых, праўда, гэты душэўны холад не распаўсюджваўся».

Сваю кнігу і пісала не толькі, каб нішто не забылася, але і дзеля пераасэнсавання ўласнага мінулага. З разлікам, каб перажытае ўспрымалася не толькі сваім, а стала набыткам іншых, хто гэтага не бачыў, не перажыў, ды павінен ведаць. Таму і пачынаецца споведзь з раздзела «Навошта я пішу»: «Перада мной невялікі стос пажоўклых, выцвілых і старых лістоў ваеннага часу. Некаторыя з іх напісаны алоўкам, часам сцёртым, таму і чытаюцца з цяжкасцю. Час ад часу, калі наплываюць успаміны, я перачытваю іх, дакладней сказаць, прыпадаю да іх душою, востра адчуваючы горкія пахі і смак вайны, нават яе колер, у асноўным крывава-жалобны». 

У гэтым зласлівым колеры, які ўвабраў у сябе 1418 дзён і начэй, і лёсы блізкіх Эсфір Гурэвіч людзей. Таму і з’явілася прызнанне, пад якім, несумненна, маглі б падпісацца і іншыя, хто, знаходзячыся на фронце ці ў тыле, хацеў ведаць пра родных і блізкіх: «Добра памятаю, з якім хваляваннем, нецярпеннем, трывогай і страхам, з якой напругай, што даходзіла да галаўнога болю, я чакала пісем ад родных. У той момант, калі паштальён прывозіў пошту, я ператваралася ў суцэльнае ліхаманкавае чаканне, і калі гэтыя спадзяванні не збываліся, на сподзе душы асядалі гарката і трывога». Прызнавалася і ў іншым, больш радасным: «Аднак калі ўжо нарэшце пашчасціла, і ў руках у цябе запаветны лісток, ён чытаўся, можна сказаць, не вачыма, а сэрцам, усёй тваёй сутнасцю. „Трохкутнікі“, „квадрацікі“ вайны ўяўляліся мне крылатымі птушкамі, якія нясуць то добрыя, то кепскія весткі».

Стае такіх вестак і ў самой кнізе. Яны таксама рэзка палярныя. Нават калі, здавалася б, павінны быць толькі радаснымі. Як тады, калі апынулася са шпіталем у вызваленым ад гітлераўцаў Мінску: «Група нашых урачоў і сясцёр была выдзелена для аказання дапамогі савецкім ваеннапалонным, якіх немцы кінулі ў гарадской бальніцы. Я не была ў той групе, але памятаю, якімі змрочнымі і прыгнечанымі вярнуліся адтуль яе ўдзельнікі. Яны апавядалі, што знямоглыя, цалкам змучаныя душой і целам, жывыя трупы, гэтыя людзі не адразу паверылі ў сваё вызваленне. Асобныя з іх, зусім спакутаваныя, якія страцілі ўсе спадзяванні, знаходзіліся ў прастрацыі, не пазнавалі сваіх, прасілі атруты».

І тут жа іншае ўражанне: «16 ліпеня ў Мінску праходзіў парад партызан, мы ж знаходзіліся на тэрыторыі „партызанскай рэспублікі“, і гэта адчувалася не толькі ў тым, што сярод параненых было шмат партызан. Іх жывая прысутнасць адчувалася і за межамі шпіталя: яны размяшчаліся на пустэчы за Акадэміяй навук, у раёне Батанічнага саду і парку Чалюскінцаў, зусім непадалёку».

Завяршэнне твора наводзіць на роздум, які сёння набывае яшчэ большую значнасць, бо тыя высновы, да якіх прыйшла Эсфір Гурэвіч, як ніколі актуальныя ў сваёй сутнасці: «Параднёныя вайной, мы да пары да часу працягвалі жыць у цеснай непарыўнай звязцы. Аднак усяму таму, што мае пачатак, наканавана і завяршэнне. Толькі чалавечая памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне, жыве і не мае завяршэння. І вайна 1941–1945 гг., перажытая намі, — Вялікая Айчынная (тут і далей выдзелена Э. Гурэвіч. — А. М.), што забрала з сабой неверагоднае мноства людскіх Кніг жыцця, заслугоўвае навечна застацца ў гэтай памяці. А памяць кожнага асобнага чалавека, мая ў тым ліку, — таксама яе часцінка, без якой агульначалавечая скарбонка выглядала б няпоўнай і нежыццёвай. Чалавек без памяці — як той дзень без светлага промня, рака без плыткай вады, лес без шумлівых дрэў...

Таму і кажу на развітанне чытачу ўслед (за Віктарам Астаф’евым): „Жыві і помні!“»

Беларускі народ не можа не памятаць пра Вялікую Айчынную вайну, бо заплаціў за Перамогу як ніводзін іншы, страціўшы кожнага свайго трэцяга суайчынніка. І не толькі памятае, але і перадае памяць аб перажытым іншым пакаленням. Сёння гэтая балючая памяць набывае яшчэ больш значны сэнс. Не забываць пра гора ўсенароднае як пра подзвіг сусветнага маштабу неабходна і па іншай прычыне. Дзеля таго трэба, каб даваць дзейсны адпор усім тым, хто не толькі спрабуе абяліць фашызм, але і бярэ на ўзбраенне не менш страшнае зло — нацызм. 

У барацьбе за праўду і справядлівасць дзейсным сродкам з’яўляюцца і ўспаміны тых, чыімі мужнасцю і гераізмам чалавецтва было ўратавана ад нямецкага фашызму. Як спяваецца ў вядомай песні, «поклонимся великим тем годам, // Тем славным командирам и бойцам, // И маршалам страны и рядовым, // Поклонимся и мёртвым и живым». Не толькі тым абаронцам Сталінграда, каму яна прысвечана, але і ўсім, хто ваяваў на фронце, быў падпольшчыкам і партызанам. Не ў апошнюю чаргу і тым, хто пакінуў пасля сябе згадкі аб перажытым. У шэрагу іх і ўспаміны старшыны медыцынскай службы Эсфір Гурэвіч. Шкадую, што так позна пазнаёміўся з імі. Радуюся, што гэта ўсё ж адбылося.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.