Вы тут

Памыліўся? І добра зрабіў!


Ход канём — і няма дурных!

Для пачатку дыялог мужчын: «Слухай, сусед, я чуў, што ты з маёй жонкай спіш... Нядобра гэта!». — «Ат, вас не зразумець: жонка кажа, што добра, ты — што не...»

Так не толькі ў анекдоце бывае, але і ў жыцці.

...Чорт сем пар лапцяў стаптаў, пакуль пару сабраў — гэта пра Віцю з Верай, бо ён — прасцяк з прасцякоў: кніжак не чытаў, «слоў любові не ведаў», кветак не насіў (а тым болей жонцы). Некуды ў людзі Вера таксама адна хадзіла. Ён — хіба ў клуб, раз у год, на справаздачныя сходы, каб пагарлапаніць, калгаснае начальства «пастроіць». Ці ў падкіднога дурня згуляць — з такімі ж сябрамі.

А вось Вера — ужо іншы чалавек. Яна Дастаеўскага чытала, у клуб на «спеўкі» хадзіла, розныя часопісы выпісвала, любіла з людзьмі пагутарыць. (З Віцькам, можа, і хацела б — не было аб чым. Яго нават сужэнскі абавязак мала цікавіў: Вера напомніць — так таму і быць: ён выканае, а не...)

Жонцы крыўдна было: перажывала, можа, нават непрыгожай сябе лічыла, калі б...

Калі б не сусед, не Косцік. Той да Верачкі (іначай не зваў!) заўсёды з пяшчотай, з ласкай, з дасціпнымі жартамі, з клопатам пра яе здароўе-настрой, з рознымі кампліментамі...

А жанчыны ж любяць вушамі. Яны — як казала адна гумарыстка — і ў 70 проста павінны кахаць і быць каханымі — мала сваім чалавекам (калі ён ёсць) дык яшчэ ж і чужым!

Ці не з гэтай прычыны Вера не цуралася Косці. Недзе «перасякуцца» з ім — і пасмяюцца, і пагавораць.
Можа, да нечага і дагаварыліся б, але...

Неяк раз, надвячоркам, Вера ў горад паехала (трэ было: брат пазваніў...), на Віцю ўсю гаспадарку пакінула. Яму не ў навіны было, ён дома шмат што рабіў. Адно, што карову не даіў, бо рагуля ў іх з норавам: нікога не падпускала, апроч гаспадыні.

Прыйшлося на хітрасць пайсці, у жончыну сукенку прыбрацца, на галаву хусцінку завязаць.

Карова на гэта паглядзела і адвярнулася: падмены як быццам не заўважыла (ці выгляд зрабіла, бо не чужы ж чалавек: сена ёй косіць, яблыкамі частуе — гаспадар).

Здаецца, падпусціла яго?..

А Косця ў гэты час хвалюецца, месца сабе не знаходзіць: жонка на работу з’ехала, ён адзін. Верачка, можа, таксама (калі Віця пайшошў у дурня гуляць)?

Шкода, што не відаць яе — ні на дварэ, ні ў гародзе...

Косця па-суседску ў хлеў зазірнуў. Ага, яна там — сагнулася, пад кароўку масціцца...

Ён ціхутка падкраўся і аберуч яе: адну пяцярню на грудзі, другую — ніжэй...

Ды нешта ж не тое там?! Як апёкся...

А Віцька яшчэ і «агню» падкінуў, крыку нарабіў: якога ражна?! Што ўдумаў?! І матам...

Косця, праўда, хутка знайшоўся: сказаў, што суседа адразу пазнаў — хацеў пажартаваць... Як з Верай.

Вось гэта, мусіць лішнія словы былі? Бо яно ж ці не кожны з мужчын — уласнік: замуж некага ўзяў і прысабечыў: маё! Значыць, трэба пільнаваць.

Ва ўсякім разе Віцю з тога дня ды «прыгоды» нібы падмянілі! Расхацелася яму з дому сыходзіць, у карты гуляць. Вечарамі стаў добрыя «кіны» з жонкай глядзець, кніжкі чытаць. Часам расказвае Веры, аб чым. І яна яму...

А што ж Косця? Ды нічога, бо навошта Веры чужы чалавек, калі свой пад бокам: калі ён не крыўдзіць, а плячо падстаўляе, калі дома ўсё чыста зробіць, калі абдыме-пацалуе (хай сабе і моўчкі). Грэх такога не цаніць! А ўжо на іншых глядзець ды шашні заводзіць — і пагатоў!

С. Вароніна,

Быхаўскі раён.


Памыліўся? І добра зрабіў!

 

Гэта гісторыя — з канца дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Тады ў нашай невялічкай вёсачцы яшчэ віравала жыццё: на падворках грэбліся куры і весела гагаталі гусі, у хлявах стаялі каровы, авечкі, козы, а два гаспадары — Адась ды Уладзя — нават коней маладых завялі. Што важна — аднолькавай масці.

Дык вось неяк раз, на самым пачатку лета, адна жанчынка патэлефоніла брату — папрасіла, каб той абагнаў ёй бульбу, а то ж перарасце — не ўлезеш.

Звычкі адмаўляць жанчынам (а сястры і пагатоў!) у Сцяпана век не было: заставалася наконт каня дамовіцца.

— Бяры, браток, — пагадзіўся гаспадар аднаго. — Нас то дома не будзе... Я ўсю збрую ў прыбудоўцы пакіну, а коніка за вёскай, на балотцы, навяжу...

Факт, што пасля работы (Сцяпан у калгасе кіроўцам працаваў) яму ўсяго і засталося што і даехаць, паставіць машыну, прывесці ды запрэгчы каня.

Гэта ўсё ён лёгка зрабіў — пачаў абганяць тую бульбу.

А вось тут ужо цяжка прыйшлося, бо конь бегаў як шалёны! Сцяпан — і дужы ж, здаецца, і спрактыкаваны — а ледзьве кіраваў, ледзьве паспяваў за ім!

Змогся быў — прыпыніўся, каб самому дух перавесці, каб каню перадыху даць... Той з удзячнасці яшчэ і хвост падняў...

Араты ні вачам, ні вушам не паверыў: у плузе быў зусім не Уладзеў конь, а маладая кабылка: Сцяпан, як аказалася, без дазволу яе ўзяў. І што цяпер будзе?

Разгубіўся чалавек.

На шчасце, з-за кустоў Адась паказаўся, радасна зашумеў:

— Во дзе мая прапажа! А я ўсю акругу аббегаў. Не паверыш — на цыганоў грашыў. Яны ж на тым тыдні па хатах хадзілі, розныя транты прадавалі. Можа, думаў, і маю кабылку звялі? Аж гэта ты, Сцяпан...

— Не злуй, браток! Я пра каня з Уладзем дамовіўся... Ды, бачыш, зблытаў і балотцы, і коней...

— Дык жа добра зрабіў! — засмяяўся Адась. — Маладая кабылка. Я толькі пачаў яе ў плуг запрагаць ды вучыць, каб баразны трымалася.

А ты ўзяў і мне дапамог.

— Значыць, мы ў разліку? — удакладніў Сцяпан. — Можам па чарцы ўзяць, калі скончу работу?

— А як жа! — згадзіўся Адась. — Я з радасцю, калі ёсць за што!

...Жыла тады вёска.

Ірына Салата,

г. Гродна.


Рады свату быў Ігнат...

Як ёсць так ёсць: не бывае байкі без праўды. Вось гэтую — расказаў наш даўні знаёмец. Мне засталося хіба запісаць:

Сын надумаў ажаніцца:

Браць Таццяну з Паланіцы.

Наваколле загуло:

«Лезе хлопец у дабро...

Бацька дзеўкі той, Ігнат,

Прайдзісвет і рэдкі хват!

Грошай — куры не клююць...

Маладыя зажывуць!’’

Пра дачку не кажуць блага:

І краса ёсць, і развага,

Спрыт у танцы, спор у працы...

Грэх з Таццянай не пабрацца!

...Як прыехалі мы ў сваты,

Стол шыкоўны, стол багаты!

І прымаюць так ласкава...

Бачна: зладзім гэту «справу»!

Госці з’едуцца да нас —

...Дзень прызначаны і час,

Каб вяселле загуло,

Мора клопатаў было!

Неставала часам сіл...

Па грыбы тады хадзіў.

...Раз — цягаўся да паўдня:

Блізка ж, думаю, радня!

Дай да Гната зазірну

Ды хоць трошкі адпачну.

Рады быццам свату сват:

Не хавае «апарат»:

Самагонка там цурчыць,

Слоік побачкі стаіць.

Чарку мне наліў сваток,

Я на спробу ўзяў глыток:

Дзіўны колер быў і смак...

Штось з гарэлкаю не так!?

Я скрывіўся, сват убачыў:

— Што — не піў 

вось гэткай «чачы»?..

Гэта ж я пайшоў «да ветру»,

Стаў —  вароню на паветры,

А прыбег назад, — бяда,

На падлозе не вада,

А найлепшы першачок

Ладнай лужынай нацёк.

Я хутчэй схапіў анучку,

У пяршак мачыў — выкручваў,

Каб не згінула дабро

Вось у гэтае вядро.

Пераліў пасля ў слоік —

Купіць нейкі алкаголік...

Я ж, збялеўшы на паперу,

Куляй выскачыў за дзверы!

Кроплю выпіў, 

мала-мала —

З паўгадзіны кішкі рвала!

Матам крыючы Ігната,

Ледзь жывы 

прыпоўз дахаты:

Прывялося — «адпачыў»,

І навек той дом забыў!

...Сыну ж —лёсу не ламаў:

Таню за дачку прыняў,

Ды…з умовай, так сказаць:

Грошай бацькавых — не браць:

Абжывацца спакваля

Толькі з чэснага рубля!

Бо з «заробленых» Ігнатам

Іх сямейка будзе клятай.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж ды іншых звяздоўцаў — найшчырэйшыя віншаванні аўтарцы многіх вясёлых і праўдзівых гісторый спадарыні Чыгрынавай!

З юбілеем вас, шаноўная Любоў Міхайлаўна! Моцнага здароўя, сонечных дзён, бадзёрасці, кветак, новых творчых поспехаў!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».