Вы тут

Уладзімір Караткевіч у Азербайджане


Добрая літаратурная навіна прыйшла з Баку. У бліжэйшы час будзе завершана праца над аднатомнікам прозы і паэзіі Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе на азербайджанскую мову. 


Фота з адкрытых крыніц

Расказвае прафесар Бакінскага славянскага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса «Русский язык и литература в Азербайджане» доктар філалагічных навук Флора Наджы:

— Мы задумалі кнігу яшчэ да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. Меркавалі выдаць зборнік паэтычных і празаічных твораў аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» у пераўвасабленні нашых перакладчыкаў яшчэ ў 2020 годзе. Але пандэмія і іншыя прычыны сталі памехай для рэалізацыі гэтага творчага праекта. Хаця асобныя творы мы ўсё ж надрукавалі ў азербайджанскім перыядычным друку, размясцілі ў інтэрнэт-прасторы на азербайджанскай мове. Я нават да 90-годдзя пісьменніка напісала артыкул «Уладзімір Караткевіч: «Быў. Ёсць. Буду...» Я асабіста ў захапленні ад творчасці гэтага пісьменніка. Шкадую, што прыйшла да асэнсавання яго прозы і паэзіі толькі ў сталым узросце. І зараз вельмі рада, што кніга пабачыць свет. Упэўнена, што яна будзе мець шырокі розгалас сярод нашых чытачоў па ўсяму Азербайджану. Ды і ўвогуле ў свеце. Вы цудоўна ведаеце, што азербайджанцаў даволі шмат пражывае ў самых розных краінах свету. Ведаю, што яны не забываюцца пра сваю родную мову. 

Кніга Уладзіміра Караткевіча на азербайджанскай мове стане яшчэ адным мастком у фарміраванні шырокай дарогі па яднанню літаратур Беларусі і Азербайджана. У апошнія гады ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет кнігі Севіндж Нурукызы, Чынгіза Алі аглу, Лейлы Аліевай, а таксама «Анталогія сучаснай азербайджанскай паэзіі» у перакладзе на беларускую мову. Паэт і перакладчык Чынгіз Алі аглу за ўклад у развіццё беларуска-азербайджанскіх гуманітарных і літаратурных сувязяў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. І Флора Наджы, і Чынгіз Алі аглу, а яшчэ празаік, драматург і перакладчык Камран Назірлі — частыя госці ў Беларусі. А зараз да пашырэння беларуска-азербайджанскай літаратурнай дружбы спрычыніўся і галоўны рэдактар міжнароднага часопіса «Мой Азербайджан» Эміль Насірлі. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.