Вы тут

Да «Славянскага базару» засталося 54 дні!


Зусім хутка ў горадзе на Дзвіне загучаць гукі знаёмай не толькі ўсім беларусам, але і многім гасцям Сінявокай, мелодыі. Гэта пазыўныя аднаго з самых вядомых і буйнейшых у свеце культурнага свята — Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Сёлета ён пройдзе ў 33-ці раз, сабраўшы ў паўночнай сталіцы Беларусі лепшыя таленты з многіх краін пад дэвізам «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Мы сабралі апошнія навіны фестывалю, якія будуць дапаможнікам у падрыхтоўцы да «славянкі».


Для творчасці не трэба візы

Асноўныя мерапрыемствы фестывалю мастацтваў пройдуць з 11 па 14 ліпеня. Шэраг прэферэнцый для яго арганізатараў і ўдзельнікаў прадугледжаны на перыяд з 4 па 21 ліпеня. Дзяржаўны пагранічны камітэт абвясціў, што сёлета завітаць у Віцебск па бязвізу змогуць жыхары 73 краін свету. Для гэтага ўдзельнікам спатрэбіцца запрашэнне Цэнтра культуры «Віцебск» альбо Міністэрства культуры, а гасцям — квіткі ў Летні амфітэатр або канцэртную залу «Віцебск». 

Замежным гасцям прадастаўлены і іншыя льготы: напрыклад, ім можна будзе не аплачваць дзяржпошліну за рэгістрацыю часовага знаходжання ў Беларусі. Трэба быць уважлівым: па адным квітку дазваляецца толькі аднаразовы ўезд не пазней даты правядзення названага ў ім мерапрыемства.

Летать Міжнародны фестываль мастацтваў наведалі 5 тысяч артыстаў з 30 краін. Ці паб’е 33-ці форум мастацтваў мінулы рэкорд — даведаемся ў ліпені. 

Будзь у камандзе!

Калі хтосьці думае, што патрапіць на «славянку» можна толькі праз квіткі, — памыляецца. Ужо не першы год арганізатары фестывалю прапаноўваюць усім жадаючым паваланцёрыць на галоўнай культурнай падзеі. Сёлета актывістаў шукаюць не толькі на асноўныя мерапрыемствы форуму мастацтваў, але і асобна для фэста вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які ў ліпені пераўтварае горад у яркі імерсіўны спектакль. 

Арганізатары фэсту ў пошуку актыўных і мэтанакіраваных хлопцаў і дзяўчат, каб зрабіць гэта свята вольнага мастацтва асаблівым для ўсіх жыхароў і гасцей горада. Валанцёры будуць уключаны ў розныя задачы: ад дапамогі артыстам да забеспячэння грамадскай бяспекі. Акрамя таго, што гэта — ўнікальная магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял, кожны валанцёр атрымае акрэдытацыю і доступ да ўсіх мерапрыемстваў фестывалю. Падаць заяўку можна на сайце.

Шукае дырэкцыя і валанцёраў для работы ў службе харчавання, сустрэчы і адпраўкі, аператыўнай, адміністрацыйна-гаспадарчай і рэкламнай службах, прэс-цэнтры, а таксама на выставах, аддзела кадравай работы і канцылярыі, міжнароднай дзейнасці і калектываў. Да ўдзелу ў галоўнай падзеі лета запрашаюць энергічных і адказных актывістаў ад 18 гадоў, летась самаму старэйшаму валанцёру было 80 гадоў!

Валанцёрства на фестывалі — унікальная магчымасць убачыць асабіста ўвесь механізм падрыхтоўкі і правядзення найбуйнейшага форуму мастацтваў знутры, цалкам бясплатна наведаць праекты «славянкі», праявіць свае камунікатыўныя навыкі, сустрэць аднадумцаў. За 5 гадоў удзельнікамі валанцёрскага штаба сталі больш за 500 прыхільнікаў форуму.

Далучыцца да каманды нескладана: да 3 чэрвеня трэба запоўніць анкету на сайце і чакаць званка ад арганізатараў. 

Люстэркі фестывалю 

«Славянскі базар» не стаў бы такім вядомым на міжнароднай арэне без падтрымкі сродкаў масавай інфармацыі. Летась на форуме мастацтваў працавалі звыш 400 беларускіх і замежных СМІ! 

Прыем заявак на акрэдытацыю стартаваў 2 мая і працягнецца да 21 чэрвеня. Сфарміраваныя спісы прадстаўнікоў замежных СМІ для акрэдытацыі на фестывалі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь накіроўвае ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь да 26 чэрвеня. Права на акрэдытацыю Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь для работы на фестывалі маюць прадстаўнікі СМІ, якія рэалізуюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі, змешчанымі ў артыкуле 35 Закона Рэспублікі Беларусь " Аб сродках масавай інфармацыі", а таксама прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў (на падставе хадайніцтваў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага і мясцовага кіравання, дзяржаўных арганізацый). Упершыню сёлета на фестываль будуць акрэдытоўваць блогераў. 

Формы заяўкі можна знайсці на сайце.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».