Вы тут

Код дзяржаўнасці


Cвяты, якія мы адзначылі ўсёй краінай, — гэта світанак дзяржаўнасці. Чырвона-зялёная рунь ва ўсіх сацыяльных сетках. Цяпер сэлфі з дзяржаўнымі сімваламі — маладзёжны трэнд. А свята ўшанавання дзяржаўных сімвалаў займае пачэснае месца не толькі сярод дат афіцыйнага пула, але і, без перабольшвання, у сэрцы кожнага беларуса. Гэта дзень кансалідацыі грамадства і адлюстраванне нашых традыцый, нацыянальных прыярытэтаў, нашага кода дзяржаўнасці і асноў нацыянальнага характару.


Фота: БелТА

Лён і збожжа — на гербе. Покліч да міру і сяброўства з братамі-суседзямі гучыць у гімне. У колеры Перамогі і жыцця афарбаваны дзяржаўны сцяг. Вельмі сімвалічна, што сярод удзельнікаў урачыстасці на плошчы дзяржаўных сімвалаў пераважна моладзь. Будучыня краіны. 

Ушанаванне сімвалаў дзяржаўнасці прайшло па ўсёй краіне. А вось адкрыццё гэтага месца сілы адзінаццаць гадоў таму стала клічнікам у летапісе фарміравання нашай Незалежнасці. Сама ўрачыстасць — з’ява і ўжо традыцыя грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны. Нядзельнай раніцай на плошчу беларусы прыйшлі насамрэч па закліку сэрца. Геймеры і палкоўнікі, дзяржслужачыя і сем’і. Усе.

Сталая частка беларускага грамадства вырасла, раўняючыся на іншы сцяг, а пакаленне Незалежнасці добра ведае цяперашнія сімвалы. Але ж мы не адмянілі тое, што было да нас, не пакінулі на сметніку гісторыі савецкую спадчыну. Наадварот, яшчэ ярчэйшымі фарбамі наш сцяг адлюстроўвае сцяг Перамогі.

Нашы сімвалы адпавядаюць настрою грамадства. Беларусы выбралі сцяг развіцця, а не знак бяды. Праз рэферэндум. Ці гэта не самая народная сімволіка? Дарэчы, абранне сімвалаў і вырашыла далейшы лёс краіны. Мы не пайшлі на пагост гісторыі «чарнобыльскім шляхам», мы абралі шлях да зорак. Беларускі сцяг разгорнуты і на Эверэсце, і ў Антрактыдзе. Тройчы — у космасе. Сцяг з бязважкасці першая беларуска-касманаўтка Марына Васілеўская перадала ў надзейныя рукі, што ўтрымліваюць краіну ва ўмовах страшэнных геапалітычных выпрабаванняў.

Дзяржсімвалы — гэта не толькі сугучча колераў, узораў і мелодый, гэта — вяршыня сэнсаў. Таму ў нашы рукі спрабавалі, ды і цяпер моладзі спрабуюць, усунуць знакі і сімвалы, пад якімі палілі нашых продкаў, пад якімі сустракалі ворагаў што ў 1941-м, што ў пачатку 1990-х. Трэба дакладна разумець, што святы і сімвалы — гэта арыенціры. І беларусы абралі дзейсны кірунак у жыцці. Чаму ў нас намагаюцца ўкрасці Перамогу? А таму што такім чынам лягчэй будзе схіліць галаву нашай нацыі перад уладарамі заходняга свету. З суседнімі краінамі і народамі атрымалася, з намі такое ніколі не здарыцца. Хаця б таму, што яны палілі нашы вёскі, а не наадварот. А мы ператварыліся ў нацыю партызан — сапраўдны народны фронт. Ніводны народ так «гасцінна» не сустрэў акупантаў. Якія там Брандэрбургскія вароты, Суражскія вароты — вось гонар! 40 кіламетраў фронту заўжды былі адкрыты для рэгулярнай арміі.

Цяпер зноў у лакеях гаспадароў Еўропы прыбалты і ўкраінцы. Цяпер зноў мілітарызаванай падковай, нібы гадзюка, апяразваюць граніцы нашай краіны. Ды яшчэ і пырскаюць у бок нашага народа атрутай ментальнай барацьбы. Не атрымаецца! Кіраўнік нашай дзяржавы абараняе сцяг Айчыны і палітычнымі метадамі, і нават са зброяй у руках. І мы не спім у шапку. Вучэнні з выкарыстаннем спецыяльных боепрыпасаў — мера вымушаная. Люстэркавы адказ. У той жа Германіі гэтым займаюцца ўжо не першы год, а вакол нашай краіны — 90-тысячная ваенная групоўка. У нас ёсць чым адказаць, у нас ёсць гістарычны вопыт і — галоўнае — непахісная палітычная воля. Досыць ператвараць беларусаў у ахвяр. Мы — нацыя пераможцаў. І пад васільковым небам велічна лунае наш пераможны сцяг жыцця.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.