Вы тут

Дзмітрый Шаўцоў: Беларусы заўсёды прыйдуць на дапамогу


З 8 мая да 1 чэрвеня ў Беларусі традыцыйна праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа. У яго рамках 17 мая ў Мінску ўшануюць найлепшых медыцынскіх сясцёр гэтай арганізацыі з усёй краіны. У гэты ж дзень у сталіцы на вуліцы Леніна побач з офісам Беларускага Чырвонага Крыжа адкрыецца вулічная выстаўка, прысвечаная вехам развіцця арганізацыі, дзе можна больш даведацца ў тым ліку і пра лёс беларусак, удастоеных прэстыжнай міжнароднай узнагароды — медаля Флорэнс Найцінгейл. А 18 мая па ўсёй краіне пройдзе адзіны дзень Чырвонага Крыжа, дзе ўсе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з дзейнасцю арганізацыі і ўзяць удзел у майстар-класах.


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі цяпер можна пабываць на дзвюх выстаўках, арганізаваных Чырвоным Крыжам. Экспазіцыя «Памяці вечны агонь», прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, будзе працаваць на працягу месяца. Выстаўка «Шлях міласэрнасці», прысвечаная дзейнасці арганізацыі, даступная для наведвальнікаў да сярэдзіны лістапада. Апошняя прасочвае 60-гадовы шлях службы «Дапамога» Беларускага Чырвонага Крыжа.

— Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мноства жанчын заканчвалі курсы Чырвонага Крыжа і адпраўляліся на фронт, дзе выносілі параненых з поля бою, аказвалі медыцынскую дапамогу. Хочам паказаць беларусак, знакавых медсясцёр, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. Напрыклад, Зінаіду Тусналобаву-Марчанка, іншых жанчын, хто атрымаў сусветнае прызнанне Чырвонага Крыжа — медаль Флорэнс Найцінгейл. У Савецкім Саюзе гэту ўзнагароду мелі 38 жанчын, з іх шэсць беларусак, — расказаў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый Шаўцоў.

У мірны час медыцынскія сёстры Чырвонага Крыжа таксама ўдастойваліся медаля Флорэнс Найцінгейл, такіх жанчын дзевяць. Некаторыя з іх, дарэчы, дагэтуль працуюць.

— У свеце 192 краіны, дзе ёсць прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа. Усе яны дасылаюць заяўкі на прысваенне медаля, якія дэталёва разглядаюцца, таму заўсёды вельмі хвалююча, калі Беларусь у асобах медыцынскіх сясцёр удастойваецца такога высокага звання. Апошні раз беларуская медсястра была ўзнагароджана такім медалём у 2023 годзе, — адзначыў Дзмітрый Шаўцоў.

Сёлета Беларускаму Чырвонаму Крыжу спаўняецца 103 гады. Увесь гэты час арганізацыя дапамагае ўразлівым катэгорыям — дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідам, пажылым і адзінокім людзям. Адпаведная служба — «Дапамога» — працуе комплексна і аказвае падапечным не толькі медыцынскую, але і сацыяльную падтрымку.

Таксама ў Чырвоным Крыжы наладжана работа каманд хуткага рэагавання, якія прыходзяць на дапамогу падчас падтапленняў, пажараў, на пошукі людзей, якія згубіліся ў лесе. Арганізацыя дапамагае сістэме аховы здароўя ў донарстве, прычым не толькі з мэтай нарыхтоўкі крыві, але і ў папулярызацыі безаплатнага донарства. Ёсць шэраг акцый для падтрымкі дзяцей: «Збяром дзяцей у школу», «Елка жаданняў».

— Гэта штодзённая, часам незаўважная, праца, але яна вельмі важная для таго, каб мы называліся сацыяльна арыентаванай дзяржавай, адрасна дапамагалі тым, хто тут і цяпер мае патрэбу ў падтрымцы. Дзяржава шмат укладвае ў падтрымку неабароненых катэгорый грамадзян, гэта і палітыка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і іншых міністэрстваў, але тут важны і ўдзел самога грамадства. Дзякуючы той рабоце, якую выконвае Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя грамадскія арганізацыі, мы, беларусы, называемся мірнымі людзьмі і тут і цяпер гатовы прыйсці на дапамогу, а чалавек, апынуўшыся на тэрыторыі нашай краіны, адчувае, што гэта астравок бяспекі, міру і спакою, — дадаў парламентарый.

Дарэчы, валанцёрамі Беларускага Чырвонага Крыжа з’яўляюцца крыху больш за 13 тысяч чалавек. Некаторыя з іх працуюць шмат гадоў, прыводзяць свае сем’і, у тым ліку дзяцей. Стаць валанцёрам арганізацыі вельмі проста, дастаткова пакінуць заяўку на сайце, і з вамі звяжацца спецыяліст. Цяпер завяршаецца распрацоўка анлайн-курса для валанцёраў, дзе можна будзе атрымаць неабходную інфармацыю, не прыходзячы ў офіс.

Адным з кірункаў дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа з’яўляецца аздараўленне дзяцей.

— У нашай краіне аздараўліваліся дзеці з Японіі пасля аварыі на Фукусіме, з Сірыі, нашы дзеці выязджалі ў іншыя краіны, асабліва ў дзевяностыя—двухтысячныя гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта адзін з элементаў грамадскай дыпламатыі, калі ідзе абмен традыцыямі, культурнымі каштоўнасцямі падчас прыезду дзяцей. У 2015 годзе ўлады Украіны звярталіся ў МЗС, пасольства, каб дзеці прайшлі аздараўленне. Цяпер, калі мы прымаем дзяцей з Данбаса, пачаліся банальныя інсінуацыі. Дзеці прыязджаюць на тры тыдні, знаёмяцца з традыцыямі, у іх спаборніцтвы, культурная праграма. Падключаецца наша арганізацыя, расказваем пра рух, міжнароднае гуманітарнае права, што такое валанцёрства, падрыхтаваныя спецыялісты аказваюць псіхасацыяльную падтрымку. Мы займаліся і будзем займацца тым, каб дзеці адчулі на тэрыторыі Беларусі абароненасць, адчулі, што такое свабода, мір, любоў з боку дарослых і дзяржавы, — падкрэсліў Дзмітрый Шаўцоў.

Нягледзячы на тое, што з 1 снежня мінулага года членства Беларускага Чырвонага Крыжа ў міжнароднай федэрацыі прыпынена, ён працягвае сваю дзейнасць, у тым ліку па гуманітарных кірунках.

— Нашым партнёрам хацелася б паказаць усяму 191 нацыянальнаму таварыству, што, калі вы не падпарадкуецеся і будзеце ездзіць куды не трэба, з вамі будзе тое ж, што і з Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы пазбаўляемся шэрагу прэферэнцый, нас не запрашаюць на канферэнцыі, якія праводзіць Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа, мы не можам вылучацца ў кіраўніцкія органы і пазбаўляемся фінансавання. Забылі адно: Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа ніколі не фінансавала кірункі дапамогі для беларусаў. Мы ажыццяўляем яе дзякуючы членскім узносам і той спонсарскай дапамозе, якую прадпрыемствы аказваюць Беларускаму Чырвонаму Крыжу. Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа аказвала фінансавую дапамогу толькі для мігрантаў, і ў пераважнай большасці — для мігрантаў з Украіны. Таму спыненне фінансавання на дзейнасці Чырвонага Крыжа не адбілася. Так, мігранты з Украіны раней атрымлівалі грашова-ваўчурную дапамогу, кампенсацыю аплаты за атрыманае лячэнне. Цяпер гэтага няма, але гэта не значыць, што мігранты з Украіны ці іншых краін, калі ім неабходна дапамога, яе не атрымліваюць. Мы выдзелім прадукты харчавання, адзенне, іншую пасільную дапамогу. Разам з тым мы перапрафіляваліся, і тыя планы, якія намецілі на 2024 год яшчэ да прыняцця рашэння аб спыненні членства, выконваюцца. Мы працуем рытмічна над пашырэннем членства ў арганізацыі, колькасці валанцёраў, ставім тыя задачы, якія дапамогуць рытмічна працаваць у будучыні, — рэзюмаваў Дзмітрый Шаўцоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.