Вы тут

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці


Прызнаны ў свеце брэнд беларускай харчовай прамысловасці — гэта не толькі «малочка». Гэта яшчэ і беларускія кандытарскія вырабы — якасныя, натуральныя і смачныя. Кандытарская справа на беларускай зямлі мае глыбокія гістарычныя карані. Захаваўся дакумент XV стагоддзя, які сведчыць аб высокім кандытарскім майстэрстве на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта заказ Гродзенскаму магістрату на выраб марцыпанаў для вялікай княгіні літоўскай Алены.

Напярэдадні трэцяга Міжнароднага сімпозіума кандытараў, які пройдзе ў Мінску 22–24 мая, эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.


Фота з адкрытых крыніц

У прыярытэце — унутраны рынак

У мінулым годзе ў Беларусі было выраблена 160 тысяч тон салодкіх прысмакаў. Гэта нядзіўна: кандытараў у нас шмат.

— Кандытарская галіна ў нашай краіне — адна з самых маштабных з пункту гледжання колькасці прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтым сектары эканомікі, — адзначыў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Якаўчыц. — Іх больш за дзвесце. Толькі на прадпрыемствах канцэрна працуе каля 5,5 тысячы чалавек.

Акрамя таго, гэта галіна — адна з самых мадэрнізаваных па тэхналагічным абсталяванні, што адпавядае сучасным патрабаванням і рэаліям, падкрэсліў эксперт.

— Дастаткова сказаць, што толькі ў партфелі фабрык канцэрна — каля 6 тысяч найменняў прадукцыі, — дадаў ён.

З вырабленых 160 тысяч тон ласункаў трэцяя частка адправілася на экспарт:

— Траціна прадукцыі, што выпускаецца, экспартуецца. Летась мы атрымалі $173 мільёны валютнай выручкі і прыраслі на 15% у натуральным выражэнні. Геаграфія паставак налічвае 41 краіну.

Ну а дзве трэці смачнасцяў засталіся ў Беларусі, каб парадаваць айчынных ласуноў. Ці любяць нашы суайчыннікі салодкае? Аказваецца, вельмі. Калі перавесці гэтую любоў на мову эканамістаў, то ёмістасць унутранага рынку кандытарскіх вырабаў складае амаль 192 тысячы тон, з якіх 120 тысяч — прадукцыя айчынных прадпрыемстваў. Так што кандытарскай сферы ёсць куды расці, і летась гэты рост склаў 3,6% да ўзроўню 2022 года, а загрузка магутнасцяў кандытарскіх прадпрыемстваў па краіне перасягнула 86%.

Сёлета «Белдзяржхарчпрам» плануе атрымаць не менш чым 96 тысяч тон салодкай прадукцыі, паведаміў Аляксандр Якаўчыц:

— Экспартная выручка мінулага года склала $80 мільёнаў. За чатыры апошнія гады тэмп яе росту дасягнуў 160%. Нядрэнна пачаў канцэрн і гэты год. Па кандытарскіх вырабах рост склаў 4,2%, па аб’ёмах экспарту — 11,6% у натуральным выражэнні.

Рынак кандытарскіх вырабаў — адзін з самых высокаканкурэнтных, зазначыў эксперт.

— Летась прамы імпарт у краіну склаў 99 тысяч тон з улікам рээкспарту, які ацэньваецца ў межах 10% ад аб’ёму ўвезенага тавару, — патлумачыў ён. — Тэмп росту імпарту кандытарскіх вырабаў з улікам рээкспарту — 10,7%.

Словам, барацьба за лаяльнасць пакупніка ў кандытарскай галіне сур’ёзная, і асноўную ўвагу айчынныя кандытары надаюць менавіта ўнутранаму рынку.

— Па даручэнні ўрада канцэрн рыхтуе стратэгію развіцця кандытарскай галіны. І ў першую чаргу яна прадугледжвае забеспячэнне ўнутранага рынку высакаякаснай кандытарскай прадукцыяй у поўным асартыменце пад патрэбнасці беларускага спажыўца. Унутраны рынак — у прыярытэце, — падкрэсліў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам». — Другі індыкатар развіцця — аб’ём прадукцыі, якую мы экспартуем. У стратэгію закладзены развіццё і загрузка магутнасцяў, эфектыўнасць інвестыцыйнай актыўнасці і іншыя параметры. А таксама рызыкі, з якімі мы працуем.

Гаворачы аб рызыках, спецыяліст згадаў аб сітуацыі з ростам кошту какававых зярнят на сусветным рынку:

Ці закране гэта нашу краіну? Закране, і мы ўжо гэта адчуваем, бо такой сітуацыі не было з 1977 года. Тэмп росту цаны какававых зярнят летась да пазамінулага года склаў 60%, а сёлета мы маем ужо амаль двухразовы рост. Гэта звязана з умовамі надвор’я на захадзе Афрыкі, дзе традыцыйна расце какававае зярнятка: кліматычныя ўмовы не дазваляюць збіраць той ураджай, які там заўсёды атрымлівалі.

Асноўныя вытворцы шакаладу і шакаладных вырабаў у нашай краіне — «Камунарка» і «Спартак», і какава-прадукты займаюць 40-43% у сабекошце іх вырабаў, расказаў спікер. Каб нівеліраваць негатыўныя працэсы, якія непазбежна датычацца і беларускіх кандытараў, сёння ўвагу кіраўніцтва галіны засяроджвае на аптымізацыі затрат і дыверсіфікацыі краін імпарту какававых зярнят. Калі раней гэта традыцыйна былі Гана і Кот-д’Івуар, сёння разглядаюцца таксама Ліберыя, Камерун, Венесуэла, Дамініканская Рэспубліка.

Высокая планка

Словазлучэнне «беларуская якасць» — высокая ацэнка для спажыўцоў у многіх краінах свету. Гэта цалкам правамерна і для беларускай «кандытаркі».

— Для нашых кандытараў якасць — абавязковы складальнік камерцыйнай каштоўнасці прадукту, — падкрэсліў Аляксандр Якаўчыц. — Мы ўжо не канкурыруем якасцю, мы канкурыруем коштам, упакоўкай, сэрвісам. Якасць — тое, што апрыёры павінна быць, каб у прынцыпе прадавацца на нацыянальным рынку або на рынках краін цікавасці. Сёння мы кажам, што «беларускія кандытарскія вырабы» аднолькава «якасныя».

Дасягаецца гэта і добрасумленнасцю вытворцаў, і ў цэлым палітыкай у харчовай галіне, адзначылі эксперты. У тым ліку — пастаянным кантролем якасці прадуктаў харчавання.

— Беларусь — адзіная краіна з пяцёркі краін Еўразійскага саюза, дзе праводзяцца наглядна-кантрольныя мерапрыемствы, — сказала старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова. — Паводле выніку такіх мерапрыемстваў у першым квартале 2024 года праверцы было падвергнута 773 найменні кандытарскіх вырабаў, з іх 626 — імпартнай вытворчасці. Парушэнні выяўлены па 92,5% найменняў прадукцыі, з іх 92% — гэта прадукцыя імпартнай вытворчасці. Высокі ўзровень выяўленых парушэнняў сведчыць аб эфектыўнасці прынятага ў нашай краіне падыходу па адсячэнні небяспечнай прадукцыі.

Асноўныя парушэнні — гэта мікрабіялагічныя паказчыкі бяспекі, перавышэнне максімальна дапушчальнага ўзроўню ўтрымання сінтэтычных фарбавальнікаў і кансервантаў, прымяненне забароненых харчовых дабавак, выкарыстанне алейна-тлушчавай сыравіны з высокім утрыманнем трансізамераў тлустых кіслот (прычым на маркіроўку маглі быць вынесены заніжаныя паказчыкі) і г. д.

— Беларускі спажывец прывык да вельмі якаснай харчовай прадукцыі, — падкрэсліла Алена Маргунова. — А якасць залежыць у першую чаргу ад вытворцы. Для гэтага на кандытарскіх прадпрыемствах ідзе ўкараненне сістэм кіравання якасцю. У першую чаргу гэта сістэмы менеджменту якасці 9001 і HACCP, сістэма бяспекі 22000. Практычна на ўсіх кандытарскіх прадпрыемствах нашай краіны гэтыя сістэмы ўжо ўкаранёны.

Каб утрымаць высокую планку, зададзеную сучасным грамадствам, спецыялісты Дзяржстандарта дапрацоўваюць шэраг дакументаў. У прыватнасці, расказала Алена Міхайлаўна, пералік дазволеных харчовых дабавак скарочаны на 19 пазіцый (у яго таксама будуць дабаўлены шэсць новых). Уносяцца змены і ў частцы маркіроўкі. Яны прадугледжваюць канкрэтызацыю ўказання кандытарскіх алеяў і тлушчаў у складзе харчовай прадукцыі, удакладненне пераліку кампанентаў, спажыванне якіх можа выклікаць алергічныя рэакцыі, непераноснасць або супрацьпаказанні пры пэўных захворваннях. Змены закрануць і харчовую каштоўнасць прадукту — дапаўняюцца патрабаванні па ўказанні ў маркіроўцы ўтрымання солі, тлушчаў і насычаных тлустых кіслот.

Хто падымецца на Алімп?

У гэтым годзе Міжнародны сімпозіум кандытараў пройдзе пад дэвізам якасці. Мерапрыемства збярэ больш як трыста чалавек — чакаюцца ўдзельнікі з Расіі, Сербіі, Кыргызстана, Бразіліі, Кітая, іншых краін.

— Першы сімпозіум кандытараў падтрымала Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, — расказала адна з арганізатараў мерапрыемства, галоўны рэдактар часопіса «Пекар & Кандытар» Людміла Аўсяннікава. — У гэтым годзе дадаліся Міністэрства замежных спраў і Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Мы атрымалі водгукі больш чым 30 краін, нават такіх далёкіх як Бразілія, Арабскія Эміраты, Японія, Кітай. Шэраг дакладчыкаў ужо ўзгоднены, абмяркоўваецца іх удзел анлайн ці афлайн. Запрасілі мы і гандлёвыя сеткі. У бягучым годзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю таксама ўвайшло ў лік арганізатараў сімпозіума.

Сімпозіум ставіць перад сабой задачы па вырашэнні пытанняў інтэграцыі, практычнага ўзаемадзеяння, абмену вопытам. Будуць абмяркоўвацца перспектывы кандытарскай галіны і інавацыі ў сферы тэхналогій і абсталявання, сыравіны і інгрэдыентаў. Сярод мэт прафесійнага форуму — наладжванне прамых кантактаў з вытворцамі, рытэйлам і пастаўшчыкамі, абмеркаванне пытанняў імпартазамяшчэння і пошук шляхоў павышэння экспартнага патэнцыялу. Асаблівы акцэнт у Год якасці — на пытаннях якасці і бяспекі сыравіны, інгрэдыентаў і гатовай прадукцыі, паведаміла Людміла Аўсяннікава.

У маі будуць падведзены і вынікі галіновага дэгустацыйнага конкурсу кандытарскіх вырабаў «Кандытарскі Алімп — 2024». І калі летась на ім было прадстаўлена 74 узоры, то сёлета — 122, ад 30 прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам», хлебапякарнай галіны і Белкаапсаюза. Удзел у конкурсе сёлета ўзялі таксама расійскія кампаніі, адзначыла Людміла Аўсяннікава. Пасяджэнне дэгустацыйнай камісіі адбылося 18 і 19 красавіка, цяпер ідзе падлік балаў. У журы «Алімпа» — эксперты Дзяржстандарта, Мінсельгасхарча, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і Таварыства абароны правоў спажыўцоў, а таксама запрошаныя маркетолагі і дызайнеры.

— Ацэньваліся не толькі смак і арганалептычныя паказчыкі, але і ўпакоўка кандытарскай прадукцыі, — падкрэсліла спікер. — Так, было некалькі заўваг, што прадукт вельмі смачны, але ўпакоўка не дае інфармацыі аб тым, на якую аўдыторыю ён разлічаны.

Акрамя асноўных намінацый, у гэтым годзе з’явіліся дадатковыя — «Экспарт» і «Імпартазамяшчэнне».

— Было прыемна, калі на дэгустацыі прадстаўляліся аналагі «Снікерса» (напрыклад, батончык «Зарядись»), а таксама аналаг M&M’s ад «Чырвонага харчавіка». Адзначу жавальны зефір «Лаўсторыя» і цукеркі «Жэлайкі» — атрымаліся смачныя і натуральныя, «жывыя» прадукты. У намінацыі «Імпартазамяшчэнне» была прадстаўлена таксама «Паста дэсертная» ад «Берасцейскага пекара», аналаг «Нутэлы». Прадукт вельмі смачны, але над упакоўкай трэба будзе працаваць.

Расце асартымент кандытарскай прадукцыі для дзіцячага харчавання, расказалі спецыялісты. У гэтай намінацыі на «Кандытарскі Алімп» былі прадстаўлены, напрыклад, мармелад з вітамінамі «Вайб», печыва мульцізлакавае «Крокус» і іншыя карысныя ласункі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Дольчэ віта» па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.