Вы тут

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі падрыхтоўку да XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Сумеснае пасяджэнне беларускага і расійскага арганізацыйных камітэтаў па падрыхтоўцы і правядзенні XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбылося ў рэжыме відэаканферэнцсувязі. Бакі абмеркавалі канцэптуальныя пытанні падрыхтоўкі і правядзення гэтага найважнейшага міжпарламенцкага мерапрыемства, якое 27 і 28 чэрвеня пройдзе ў Віцебску, Полацку і Наваполацку. Тэма сёлетняга форуму — «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы».


У рамках форуму будзе арганізавана работа дзевяці секцый: «Эфектыўная рэалізацыя заканадаўства як найважнейшы фактар саюзнай інтэграцыі», «Развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як найважнейшы напрамак забеспячэння паступальнага развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», «Інавацыйная медыцына і фармацыя ў Саюзнай дзяржаве: прыярытэтныя напрамкі і перспектывы развіцця», «Інавацыі ў сферы вышэйшай адукацыі і навуцы: вопыт і перспектывы супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы», «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы ў міжнародным кантэксце», «Забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Беларусі і Расіі на аснове інавацый у прамысловым комплексе», «Навейшыя тэхналогіі аграпрамысловага комплексу Беларусі і Расіі, іх навуковае і кадравае забеспячэнне», «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы лёгкай прамысловасці: ад ідэй — да інавацый», «Культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і развіццё турызму як фактар умацавання ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Расіі».

«Кіраўнікі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі зацікаўлены прыняць удзел у форуме»

Як паведаміў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Сяргей Хаменка, у першы дзень работы форуму, 27 чэрвеня, запланавана правядзенне тэматычных секцыйных пасяджэнняў у Віцебску, Полацку, Наваполацку. «Акрамя таго, 27 чэрвеня плануецца правядзенне спецыяльнай панэльнай сесіі кантрольных ведамстваў Беларусі і Расіі, сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе, маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, мерапрыемствы з удзелам Гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі, — канкрэтызаваў ён. — На другі дзень, 28 чэрвеня, адбудуцца сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Матвіенка з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, пленарнае пасяджэнне».

На палях форуму прадугледжваецца падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве і заключэнне кантрактаў. Акрамя таго, у дні форуму запланавана правядзенне выставак, кірмашоў, майстар-класаў.

Як распавёў намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Юрый Вараб’ёў, ад расійскага боку ў Форуме рэгіёнаў заяўлена каля 300 удзельнікаў. «Кіраўнікі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі традыцыйна адгукаюцца на нашы запрашэнні, зацікаўлены прыняць удзел у мерапрыемствах форуму, — удакладніў ён. — Мы запрасілі 57 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, якія прадставяць 37 вышэйшых службовых асоб рэгіёнаў, і 42 кіраўнікі заканадаўчых органаў. Мяркую, што да 7 чэрвеня ў нас будзе поўная інфармацыя аб расійскіх удзельніках».

«Расце колькасць кантрактаў, якія плануецца падпісаць у рамках форуму»

Як расказаў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар ЛУЦКІ, за дадзенай пастаяннай камісіяй замацаваны тры секцыі. «Яны датычацца медыцыны і фармацыі, вышэйшай адукацыі і навукі, культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва і турызму, — удакладніў ён. — Па ўсіх секцыях з беларускага боку падрыхтаваны спікеры, вядзецца работа па напаўненні дакладаў — усё ідзе ў працоўным, планавым парадку».

Парламентарый звярнуў увагу на ролю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы. «Адпаведна, інавацыйнасць і будзе адлюстравана ў рабоце секцый, — удакладніў ён. — Асабліва гэта датычыцца секцыі аховы здароўя і секцыі навукі. Вядома, у рамках правядзення секцый будуць падпісаны пагадненні паміж рэспубліканскімі навукова-практычнымі цэнтрамі, установамі адукацыі, арганізацыямі, якія забяспечваюць турыстычную дзейнасць. Неабходна адзначыць, што развіццё культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва з’яўляецца важным элементам узаемадзеяння Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Мы бачым, як сёння сумеснымі намаганнямі адстойваем сваю гістарычную памяць. Аб гэтым і будзем гаварыць падчас форуму. І, вядома, не можа быць нармальнага развіцця без добрай інавацыйнай эканомікі. У гэтым сэнсе сістэма аховы здароўя, фармацыі будзе адказваць на запыты часу. Важны элемент узаемадзеяння — космас. Гэтая тэма таксама будзе гучаць, і з беларускага боку будуць адпаведныя выступоўцы на секцыях».

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіла Русага, інтарэс да XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі вельмі высокі. Ён расказаў, што колькасць удзельнікаў, заяўленых для ўдзелу ў Форуме, перавышае папярэдні састаў. «Будуць распрацаваны падыходы, каб кожны, хто пажадае прыняць удзел у форуме (менавіта з каэфіцыентам карыснасці, а не проста пасядзець), быў уцягнуты ў гэты працэс, — адзначыў сенатар. — Што датычыцца секцый, яны ўсе тэматычныя, накіраваныя на комплекснае сацыяльна-эканамічнае, культурна-адукацыйнае развіццё паміж нашымі краінамі. Што датычыцца нашай секцыі, прысвечанай пытанням заканадаўства, мы разглядаем некалькі падыходаў. Напрыклад, як стварыць базавыя законы, якія будуць працаваць у рамках Саюзнай дзяржавы, гэта спецыфічнае заканадаўства, прыгранічнае супрацоўніцтва».

Плануецца знайсці мадэльны падыход у тлумачэнні працоўнага заканадаўства. Парламентарыі дзвюх краін мяркуюць прааналізаваць і пытанне інтэлектуальнай уласнасці — у першую чаргу, гэта датычыцца брэндаў, папулярных у Савецкім Саюзе. «Наша роля — правесці маніторынг, вывучыць усе падыходы, аднавіць справядлівасць і даць магчымасць нашым прадпрыемствам спакойна працаваць, выкарыстоўваючы свае брэнды, сваю марку», — патлумачыў Міхаіл Русы.

Па словах старшыні пастаяннай камісіі, расце колькасць кантрактаў, якія плануецца падпісаць у рамках форуму. «48 кантрактаў будзе падпісана толькі падчас форуму — гэта звыш 130 мільярдаў расійскіх рублёў (у мінулым годзе было 110 мільярдаў), — канкрэтызаваў ён. — Мяркую, за паўтара месяца гэтая сума яшчэ павялічыцца. Больш як 170 мемарандумаў, пагадненняў плануецца заключыць паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. На шостым Усебеларускім народным сходзе і на сёмым кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што развіццё будзе ісці толькі праз рэгіёны — гэта значыць, унутры краіны і паміж краінамі, бо гэта найбольш эфектыўны шлях развіцця».

Акрамя таго, высокі інтарэс да форуму праяўляюць міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін. Па словах Міхаіла Русага, на шматлікіх пляцоўках Форуму рэгіёнаў імі будзе падпісана 78 пагадненняў. «Арэол ўдзелу ў форуме ўзрастае», — рэзюмаваў сенатар.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».