Вы тут

Як казаць пра «гэта» дзецям?


Палавое выхаванне — працэс атрымання інфармацыі і фарміравання ведаў пра сексуальную ідэнтычнасць, адносіны і блізкасць. Жыццёва важны інструмент грамадскай аховы здароўя, які дае моладзі навыкі і веды, што дазваляюць рабіць усвядомлены выбар у дачыненні да сваёй сексуальнасці і паводзін. Ён ахоплівае такія аспекты, як анатомія, фізічнае развіццё, цяжарнасць, кантрацэпцыя і інфекцыйныя захворванні, што перадаюцца палавым шляхам (ЗППШ). Адным словам, усе тыя тэмы, казаць пра якія бацькам часта няёмка, таму яны імкнуцца адкласці размову на нявызначаны тэрмін — пакуль не стане занадта позна. Чаму палавая асвета неабходна і як правільна інфарміраваць маладое пакаленне, пагутарылі з кіраўніком вучэбна-метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна г. Мінска Наталляй Стэльмах.


— Наталля Іванаўна, многія бацькі баяцца, што гутаркі на тэмы, звязаныя з інтымнымі адносінамі, асабліва ў малодшым дзіцячым узросце, прывядуць да павышэння цікавасці да гэтага боку дарослага жыцця.

— Так, гэта адзін з найбольш распаўсюджаных контраргументаў палавога выхавання. Але такое меркаванне памылковае. Чым даўжэй бацькі адцягваюць далікатную размову, тым часцей яна адбываецца тады, калі парады і папярэджанні ўжо неактуальныя. Як у вядомай гумарэсцы: «Сынок, надышоў час пагаварыць пра секс. — Добра, тата. Што цябе цікавіць?» Усё, што дзеці хацелі даведацца пра пікантныя пытанні, яны ўжо даведаліся. Але адкуль? Добра, калі са спецыяльнай літаратуры або ад медыцынскага работніка.

Аднак, як паказвае практыка, часцей за ўсё малодшае пакаленне звяртаецца да даволі сумніўных крыніц: сяброў, сацсетак, інтэрнэту... Наступствы розныя: ранняя цяжарнасць, ЗППШ, хаатычныя палавыя сувязі і гэтак далей. Дзіця можа нават стаць ахвярай сексуальнага гвалту або прымушаць да сексу іншых.

Таму падабаецца гэта бацькам ці не, але размаўляць на гэтыя тэмы трэба. Дзякуючы сваечасова атрыманай інфармацыі павялічваюцца адказнасць, рэпрадукцыйная і сексуальная асвета, памяншаецца колькасць злачынстваў на сексуальнай аснове. Маладыя людзі, якія ведаюць пра гендэрныя ролі і роўнасць, схільныя адкладваць свой першы сексуальны вопыт і выкарыстоўваць супрацьзачаткавыя сродкі. Праведзеныя размовы фарміруюць самаацэнку, павагу да сябе і іншых, закладаюць аснову для здаровых і ўстойлівых адносін. Чым раней мама або тата пачне расказваць пра «гэта», тым лепш. Ідэальна — з ранняга дзяцінства.

— А ці не будзе такая інфармацыя празмернай для юнага розуму?

Веды павінны адпавядаць узросту дзіцяці і ўлічваць яго пазнавальныя і эмацыянальныя магчымасці ў плане разумення людзей, навакольнага свету і яго правілаў. У кожным узросце павінны ўзнімацца свае тэмы — у адпаведнасці з патрэбамі і індывідуальным узроўнем развіцця маленькага чалавека, бо дзеці не растуць з аднолькавай хуткасцю. Малы ў чатыры гады можа спытаць, адкуль з’яўляюцца дзеці, і задаволіцца адказам «з матулінага жывоціка» (ніякіх буслоў і іншых «знайшлі ў капусце»!). А можа ўдакладніць: «А як дзеці трапляюць туды?», і адказ неабходна будзе скарэкціраваць пад узрост. Калі ён трохі падрасце і зноў спытае пра гэта, то атрымае больш поўную інфармацыю.

У два—чатыры гады дзеці пачынаюць цікавіцца, у чым розніца паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, жадаюць бачыць свае палавыя органы, адзначаць адрозненні і называць іх. Галоўнае цяпер — сумленнасць і гатоўнасць да размовы, каб дзіця не саромелася задаваць пытанні бацькам. Паказваючы дзецям свет пачуццяў, эмоцый і адносін, звярніцеся да кніг, якія раскрываюць гэтыя тэмы.

У пяць—шэсць гадоў з’яўляецца пытанне, адкуль бяруцца дзеці, пашыраецца цікавасць да чалавечага цела, працэсу нараджэння. Важна спакойна даць дзіцяці інфармацыю аб тым, што мужчына і жанчына разам удзельнічаюць у стварэнні новага жыцця, што ў жанчыны ў жываце развіваецца малы, які расце і нараджаецца праз дзевяць месяцаў. Калі ўзнікне больш пытанняў, гэта, верагодна, сігнал да таго, што дзеці гатовы да больш падрабязнай інфармацыі. Адказвайце на пытанні праўдзіва, падкрэсліваючы важнасць узаемапавагі, адказнасці і кахання.

На гэтым этапе трэба таксама паказаць некаторыя сацыяльныя нормы. Малыя павінны разумець, што іх цела прыналежыць толькі ім, і ніхто іншы не павінен яго чапаць, за выключэннем асаблівых сітуацый — такіх як медыцынскі агляд, купанне мамай/татам.

У шэсць—восем гадоў дзеці ўжо могуць ведаць слова «секс», але яшчэ не так саромяцца яго. Гэта ідэальны ўзрост для сумленнай і адкрытай размовы. Натуральная і спантанная цікаўнасць можа дапамагчы закрануць нават вельмі далікатныя тэмы. Паспрабуйце адказаць на ўсе пытанні так, каб яны гучалі відавочна і натуральна. У любым выпадку важна не маўчаць, бо гэта выклікае ў дзіцяці страх, што ён спытаў пра нешта няправільнае, забароненае.

— А на якія тэмы неабходна пагутарыць з падлеткамі?

— У тынэйджараў 9–12 гадоў шмат пытанняў, звязаных з новай фізіялогіяй: якія змены яна прынясе, чым небяспечныя раннія палавыя кантакты і гэтак далей. На эмацыянальным узроўні дзеці гэтага ўзросту павінны зразумець сутнасць блізкіх, адданых і пабудаваных на ўзаемнай павазе адносін.

Калі бацькі размаўлялі з дзіцем пра сексуальнасць яшчэ да ўзнікнення падлеткавай упэўненасці «я ўсё ведаю лепш за ўсіх», ім будзе лягчэй вярнуцца да гэтай тэмы ў яго 14–18 гадоў. Важна растлумачыць, што такое супрацьзачаткавыя сродкі, чым адрозніваецца сексуальнае жаданне ад кахання і прыхільнасці, а таксама даць інфармацыю аб тым, з якога ўзросту дазволена палавое жыццё. Трэба падкрэсліць, што падлетку неабавязкова займацца сексам, калі ён не гатовы да гэтага, асабліва пад прымусам.

— Што вы можаце параіць бацькам, якія вырашылі звярнуцца да палавога выхавання?

— У першую чаргу неабходна добра вывучыць тэму для размоў. Любая інфармацыя ад дарослых павінна быць дакладнай, кампетэнтнай і па-сучаснаму выкладзенай. Пачытайце тэматычныя артыкулы, парайцеся са спецыялістамі (псіхолагам, гінеколагам, педыятрам), паглядзіце пазнавальныя відэалекцыі. Падрыхтоўка дапаможа лепш зразумець дзіцячую псіхалогію і вобраз мыслення, дасць упэўненасць у сябе і дазволіць адказаць на каверзныя пытанні.

Не саромцеся, будзьце адкрытымі і сумленнымі. Не замоўчвайце няёмкія моманты і ўстрымлівайцеся ад ацэначных меркаванняў. Аб’ём інфармацыі павінен залежаць толькі ад яе адпаведнасці ўзроўню дзіцяці, бо стэрэатыпы і асуджэнне зводзяць асветніцкую функцыю палавога выхавання на нішто. Падчас размовы не стаўцеся да сексу як да чагосьці ганебнага або забароненага. Не варта таксама прапаведаваць, палохаць. Лепш дзяліцца асабістым поглядам і вопытам вырашэння розных сітуацый, звязаных з палавым жыццём. Такі падыход умацуе бацькоўскі аўтарытэт.

Дарэчы, не ператварайце размову з падлеткам у дапрос. Інакш сутыкняцеся з хлуснёй, маўчаннем або варожасцю. Малады чалавек таксама можа закрыцца ад інфармацыі, якую вы хочаце данесці, або зрабіць насуперак. Шчырая ўвага, любоў, падтрымка, наадварот, замацуюць давер да бацькоў і дапамогуць падлетку паспяхова стаць дарослым, сфарміраваць правільныя мужчынскія або жаночыя якасці.

— Вядома, проста даць адказ, калі малое само цікавіцца пэўным пытаннем. А што рабіць, калі зручнай нагоды няма?

— Калі не ведаеце, з чаго пачаць гутарку, можна зладзіць сумесны прагляд фільма (мульціка), а потым абмяняцца ўражаннямі. Толькі выберыце кіно, у якім ёсць тэма ўзаемадзеяння палоў (у межах разумнага). Аналізуючы сітуацыі з яго, дзіця праігрывае варыянты сваіх дзеянняў. Не перабівайце і ўважліва выслухайце.

Выкарыстоўвайце таксама сітуацыі, якія спрыяюць размовам пра працяг роду. Напрыклад, убачылі па тэлевізары перадачу на гэту або сумежныя тэмы — растлумачце дзіцяці сваю пазіцыю, улічваючы яго ўзрост. Можна даведацца, што цяпер праходзяць па школьнай праграме. Ужо закранулі тэму рэпрадуктыўных органаў? Пагутарыце пра менструацыю (спантаную эрэкцыю) і звязаныя з ёй цяжкасці, першы палавы кантакт, псіхалагічныя адрозненні яго ўспрымання ў дзяўчат і юнакоў.

— Сёння існуе шмат спецлітаратуры для знаёмства дзяцей з анатоміяй жанчын і мужчын, фізіялагічнымі працэсамі, якія ўзнікаюць у падлеткавым узросце. Ці варта карыстацца ёй пры далікатных размовах?

— Можна, аднак кнігі не павінны быць заменай гутаркам. Спецлітаратура — дапаможнік у першую чаргу для бацькоў, якім некаторыя тэмы таксама няпроста ўздымаць. Дарэчы, раю пачытаць кнігі Яўгена Кашчанкі і Анны Кацянёвай «Ужо не дзіця, яшчэ не дарослы», Анны Лявінскай «Без сакрэтаў. Як далікатна і ўпэўнена размаўляць з дзецьмі пра цела, адносіны і бяспеку». Для дзяцей і падлеткаў таксама ёсць добрыя выданні, аднак чытаць іх, асабліва ў малодшым узросце, лепш разам.

— Акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін, у школе вывучаюцца асновы сямейнага жыцця: кампаненты здаровых адносін, віды шлюбаў, іншыя аспекты. На ваш погляд, ці дастаткова гэтага для дзяцей? Наогул, ці патрэбна палавое выхаванне ва ўстановах адукацыі?

Яно павінна быць у школах! Дапусцім, бацькі не палічылі патрэбным пагутарыць пра падлеткавую фізіялогію і інтымныя адносіны. Але дзеці павінны даведацца пра гэтыя важныя тэмы, каб мець здаровае і шчаслівае жыццё. Таму ім неабходна прастора, дзе яны змогуць задаць пытанні без страху і атрымаць поўныя кампетэнтныя адказы.

Так, пэўныя кансультацыі (аб бяспечным рэпрадуктыўным выбары, ЗППШ, кантрацэпцыі і інш.) ужо праводзяцца, аднак змест усебаковай палавой асветы значна шырэй за рамкі дадзеных тэм. Неабходна тлумачыць значнасць згоды на ўступленне ў сексуальны кантакт, вучыць распазнаваць жорсткае абыходжанне, выхоўваць павагу да свайго цела і цела партнёра, размаўляць аб межах і эмацыянальным дабрабыце, гендэрных ролях і выявах полу ў СМІ. Пазбаўляць, нарэшце, ад міфаў накшталт «падчас месячных нельга зацяжарыць», асабліва калі на іх настойвае малаадукаваны ў палавой сферы чалавек.

Часта настаўнікі лічаць гэтыя тэмы занадта далікатнымі і замоўчваюць іх, у тым ліку баючыся негатыўнай рэакцыі бацькоў. Што рабіць дзецям? Спадзявацца на інтэрнэт? Чакаць, калі да іх асветы звернуцца бацькі? Або неабходныя веды самастойна «загрузяцца» ў малое і яно стане паводзіць сябе правільна? Гэтае наіўнае перакананне ў выніку шкодзіць тым самым дзецям, якіх спрабуюць абараніць, агароджваючы ад «амаральнай» адукацыі.

Невуцтва — гэта не адукацыя. Адмова прызнаць рэчаіснасць — гэта не адукацыя. Калі школы бяруць на сябе адказнасць за асвету дзіцяці, яны абавязаны навучыць яго абараняць сябе. Неабходна выйсці за межы табу: каб дзеці былі здаровымі, не сталі ахвярамі гвалту і не сутыкаліся з ранняй цяжарнасцю, трэба сумленна расказваць ім пра секс.

Александрына ПАРШЫНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».