Вы тут

«Заагід» дапаможа тым, хто хоча завесці папугая


Калі ваша дзіця марыць завесці папугая, то гэты «заагід» па доглядзе за хатнімі гадаванцамі — якраз тое, што трэба, каб даведацца, як дагаджаць сваёй птушачцы. І тады яна будзе жыць у вас прыпяваючы доўгія гады, бо шмат відаў папугаяў з’яўляюцца рэкардсменамі па працягласці жыцця сярод іншых хатніх гадаванцаў. Канкурэнцыю ў гэтым ім складаюць толькі чарапахі.


Па-першае, трэба ведаць, што свет папугаяў неверагодна багаты на віды і пры выбары хатняга ўлюбёнца важна ўлічваць іх асаблівасці. Жако з Афрыкі — чэмпіён па разумовых здольнасцях, памеру аж да 40 см, з магутнай дзюбай (але заводзіць яго пажадана толькі вопытным уладальнікам, бо птушка бывае агрэсіўнай і патрабуе дрэсіроўкі). Амазоны — лягчэй і нашмат хутчэй сярод іншых навучаюцца, іх можна ў кароткі тэрмін навучыць гаварыць каля сотні слоў. Разелла — вельмі яскравыя, чырвона-сіне-зялёна-жоўтага колеру папугаі — маюць выдатныя вакальныя здольнасці, іх спевы нагадваюць гукі флейты. Ара — сапраўдны прыгажун і самы вялікі, памерам да метра, з добрым інтэлектам, але і самы дарагі, і ўмовы для яго патрэбны адпаведныя. Неразлучнікі, як зразумела з іх назвы, не выносяць адзіноты, гэтых малых памерам да 15 см трэба трымаць парай. Хвалістыя на першым месцы па дружалюбнасці і самыя «гаваркія» з усіх. Яны лягчэй за іншых папугаяў прывыкаюць да людзей, і таму гэта самыя папулярныя гадаванцы.

Дзеля камфортнага пражывання вашага птушынага суразмоўцы важны падыходзячы памер яго жылля. Птушка павінна лёгка і вольна распраўляць свае крылы. Важным крытэрыем з’яўляюцца і параметры клеткі ў даўжыню. Папугаі ж перасоўваюцца больш па гарызанталі, чым па вертыкалі. «Апартаменты» размясціце паводдаль ад электрапрыбораў, скразнякоў, яскравага святла. Не забудзьце і пра інтэрактыўныя цацкі — фуражыроўкі, у якіх схаваны ласунак для любімца. Падбярыце зручныя жэрдкі.

Дзеля доўгага і шчаслівага жыцця свайго Гошы, акрамя гатовых кармавых сумесяў, якія складаюцца з прэсаванага збожжа, абагачайце меню садавіной, агароднінай, зелянінай, уключайце ў яго рацыён кашы, звараныя на вадзе без солі і цукру, свежыя галінкі, прарослы корм. Ваду ў паілцы неабходна змяняць штодзённа.

Ваш хатні любімец мусіць адпачываць 9-10 гадзін, пажадана ў цемры, і, каб не залежаць ад летняга і зімовага часу, лепш за ўсё накрываць клетку цёмнай паветрапранікальнай тканінай. Гэтак вы забяспечыце свайму гадаванцу стабільны рэжым актыўнасці і сну.

Не забывайце пра штодзённую прыборку, мыццё кармушак і паілак.

І памятайце галоўнае! Папугаі — гэта сацыяльныя істоты. Цесная сувязь са сваім гаспадаром — для іх жыццёвая неабходнасць. Калі мы «вырываем» птушку з абдымкаў прыроды і прыносім дадому, фактычна становімся членамі яго зграі. Колькі б ні было ў папугая цацак, гэта ніколі не заменіць паўнацэнных стасункаў з чалавекам. Падрыхтуйцеся прайсці побач са сваім птушыным суразмоўцам амаль усё жыццё, таму што шмат папугаяў жывуць ад 50–70 і да 100 і больш гадоў.

Цікавыя факты:

  • У папугаяў выдатна развіта пачуццё рытму — яны могуць танцаваць пад музыку.
  • У іх адсутнічаюць галасавыя звязкі, таму гукі птушкі ствараюць з дапамогай языка і дзюбы.
  • Шмат папугаяў любяць алкаголь. У прыродзе яны атрымліваюць яго, калі ядуць ягады і садавіну, якія забрадзілі.
  • На самай справе папугаі не здольны асэнсавана размаўляць — яны проста запамінаюць і перадаюць словы, а таксама іншыя гукі.

Ала ЖУР

Загаловак у газеце: Мая сям’я і іншыя зверы, або Танга з папугаем пад гукі флейты

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».