Вы тут

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові


У часопісе «Алеся» на працягу ўсёй яго гісторыі адной з галоўных была тэма мацярынства. «Работніца і сялянка» давала парады, як правільна выхоўваць дзяцей, абараняла правы мацярок — працоўных жанчын краіны Саветаў. Не рэдкасць — фота лепшых матуль на вокладках часопіса. 

Напярэдадні юбілею выдання працягваем наш праект «Алесі — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі». Чым жыве наша сучасніца — маладая шматдзетная маці? Пра гэта «Алеся» распытала Святлану Клачкову з Мінска.

Яна ведае, як паспець усё: атуліць цяплом і клопатам каханага мужа, з любоўю выхоўваць пяцярых дзяцей, спяваць у хоры і пячы хлеб на заквасцы. «Гэта магчыма, калі ты сапраўды знайшла свой шлях у жыцці і адчуваеш сябе шчаслівай», — лічыць Святлана.


«Сям’я — галоўная каштоўнасць»

— У дзяцінстве не думала, што ў мяне будзе такая вялікая сям’я, — прызнаецца Святлана. — Марыла адкрыць сваю кніжную краму, бо вельмі любіла чытаць. У старэйшай школе з задавальненнем шыла адзенне. Гэта было вельмі актуальна, бо на мой мадэльны рост складана знайсці рэчы, асабліва штаны. Цяпер ужо планавала ва ўласнай краме гандляваць тканінамі. Аднойчы сяброўка, якая мела шматдзетную сям’ю, паказала фота са сваімі братамі і сёстрамі. Тады я падумала: як гэта здорава! 

Па прафесіі Святлана эканаміст-менеджэр. Скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, паступіла ў магістратуру і стала кандыдатам эканамічных навук. Папрацаваць па спецыяльнасці паспела толькі год. 

— Аднак прафесія менеджэра і эканаміста вельмі карысная ў шматдзетнай сям’і! — усміхаецца Святлана. — А ўвогуле, у мяне ёсць адчуванне, што я знайшла свой жыццёвы шлях. Адчуваю сябе шчаслівай, для мяне сям’я — сапраўды галоўная каштоўнасць. Безумоўна, ёсць і цяжкасці, але яно таго варта. Нават не ведаю, што яшчэ, акрамя мацярынства, можа прынесці столькі радасці. 

Чысціню наводзяць «шапкі-невідзімкі»

Святлана і яе муж Канстанцін адразу вырашылі, што хочуць вялікую сям’ю. Пасля нараджэння першай дачкі зразумелі, якая гэта складаная праца. Але спраўляліся з цяжкасцямі разам. Цяпер Марыі ўжо восем гадоў, яна ходзіць у другі беларускамоўны клас. Дзяўчынка вельмі творчая: любіць маляваць, нядаўна пачала вучыцца іграць на фартэпіяна. 

— Пасля нараджэння Марыі хацелі, каб розніца паміж дзецьмі была невялікая. На ўльтрагукавым даследаванні даведаліся, што будуць двайняты. Пашы і Яне нядаўна споўнілася шэсць гадоў. Паша вельмі адказны і сур’ёзны, за якую б справу ні ўзяўся, абавязкова даводзіць яе да канца. Любіць футбол. Вясёлая, бойкая і актыўная Яна з задавальненнем танцуе і займаецца гімнастыкай. Стасіку тры з паловай гады, ён марыць стаць доктарам, любіць «лячыць» бабулю цацачным стэтаскопам. Юрась вельмі актыўны, яму адзін год і два месяцы, ужо навучыўся залазіць на ўсе крэслы і сталы. З ім трэба мець пільнае вока, — расказвае маці пра ўсё сваё сямейства. 

Бацькі стараюцца вучыць дзяцей сябраваць. Калі здараюцца нейкія канфлікты, тлумачаць нашчадкам, што трэба захоўваць асабістыя межы і з павагай ставіцца адно да аднаго. Святлана ўпэўненая: уласным прыкладам, а таксама добрымі размовамі можна навучыць дзіцёнка сяброўству. 

— Наш спосаб выхавання — любоў. Стараюся думаць, як нашы паводзіны паўплываюць на стасункі з дзецьмі ў далейшым. Хочацца, каб у будучыні яны паважалі нас і прыязджалі ў госці. Бо як мы зараз ставімся да іх, так потым яны будуць ставіцца да нас, бацькоў. 

Святлана чытае спецыяльную літаратуру, прыслухоўваецца да парад псіхолагаў. Але ўсё ж найлепшае выхаванне — гэта калі ўсе разам займаюцца цікавымі і карыснымі справамі. З дзяўчатамі матуля гатуе смачныя стравы, а з хлопцамі можа пабегаць і павесяліцца. Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

— Быў выпадак, калі дзеці не хацелі прыбіраць свае цацкі. Тады муж прыдумаў, як зрабіць гэта ў форме гульні. Са словамі «Ой, як цяжка прыбраць гэтае лега! Як жа гэта зрабіць?» ён сышоў у іншы пакой. Дзеці падхапіліся, сталі хуценька збіраць. Муж вярнуўся і нібыта здзівіўся: «А хто ж прыбраў?» Дзеці прыдумалі, што гэта зрабілі шапкі-невідзімкі. З таго часу ў нас дома часта прыбіраюць цацкі гэтыя «шапкі-невідзімкі», — усміхаецца Святлана. 

У сям’і Клачковых ёсць свае традыцыі. Адна з іх — супольная малітва перад сном. У гэты час усе збіраюцца разам, расказваюць, як прайшоў дзень і дзеляцца навінамі. 

— Дзеткам вельмі падабаецца, калі мы запальваем свечкі. За вячэрняй малітвай мы можам звярнуцца з просьбай або падзякаваць. Цікава бывае паслухаць дзяцей, якія моляцца адно за аднаго. Неяк у Стаса вельмі балеў жывот, дык старэйшая дачка малілася, каб у брата ўсё прайшло.

«Каханне — вялікая праца»

Святлана і Канстанцін пазнаёміліся выпадкова. Агульны знаёмы разам з будучым мужам Святланы прыехаў да яе ў Гродна — паглядзець касцёлы. Тады яны ўбачыліся ўпершыню, адразу спадабаліся адно аднаму. Каханне з першага погляду! 

— Дзеці патрабуюць шмат часу, раней бывала, што і хвілінкі вольнай мы з мужам не мелі, каб паразмаўляць. Гэта не вельмі добра для стасункаў пары, таму зараз мы стараемся кожны месяц хадзіць на спатканні толькі ўдваіх і ў гэты час не размаўляць на бытавыя тэмы. Спачатку сутыкнуліся з праблемай: «Пра што пагаварыць?» У касцёлах ёсць рух «Сужэнскія сустрэчы», на іх мужа і жонку вучаць дыялогу. Мы пабывалі на такой сустрэчы, і нам вельмі спадабалася. Гэтыя веды дапамагаюць спраўляцца з цяжкасцямі ў сямейным жыцці. Зразумелі, што да шлюбу мы знаходзілі шмат тэм для размоў, значыць, і зараз знойдзем. А ўвогуле, каханне — вялікая праца, пра яго трэба дбаць, умацоўваць, павялічваць, — дзеліцца думкамі Святлана. 

«Больш клапаціцеся пра сябе»

Калі маеш вялікую сям’ю, абавязкова трэба знаходзіць час для сябе, лічыць шматдзетная маці. Менавіта гэта дапаможа зберагчы раўнавагу, душэўны спакой і весялосць. 

— Калі пастаянна толькі аддаеш, з часам адчуваеш раздражненне. Стомленаму чалавеку не да любові. Каб усім хапала маёй увагі і клопату, стараюся пачынаць з сябе. Стамілася — адпачываю. Прымаю ванну, чытаю кнігу, слухаю музыку. Стараюся знаходзіць рэчы, якія напаўняюць мяне энергіяй для працоўных спраў. 

Так Святлана знайшла сваё хобі: пячы хлеб на заквасцы. Праца з цестам супакойвае. Пакуль малодшы Юрась спіць, яна знаходзіць час для чытання. Стараецца ўвесці ў свой расклад звычку рабіць лёгкую зарадку: дадае энергіі. У юнацтве, калі жыла ў Гродна, Святлана спявала ў невялічкім хоры ў касцёле. Сёлета вырашыла вярнуцца да спеваў і пайшла ў каталіцкі гурт Verbum Dei. 

— І гэта таксама стала маім паратункам. З нецярпеннем чакаю кожнай рэпетыцыі: натхняе, дае сілы. Раю ўсім матулям абавязкова мець сваё хобі ці любімую справу, якой можна было б хаця б раз на тыдзень заняцца без дзяцей. Больш клапаціцеся пра сябе, не бойцеся пакінуць дзяцей на бацьку: ён справіцца! 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.