Вы тут

Качанава ацаніла гатоўнасць полацкіх аб'ектаў да правядзення ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Да ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі засталося крыху больш за месяц, а значыць, што Полацк, Наваполацк і Віцебск выходзяць на фінішную прамую ў падрыхтоўцы да міжнароднага мерапрыемства. Сёння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава з рабочым візітам наведала самы старажытны горад Беларусі, каб ацаніць ступень гатоўнасці яго аб’ектаў.


Першай кропкай маршрута старшыні верхняй палаты парламента і членаў Савета Рэспублікі стаў будынак былога Дома афіцэраў, капітальная рэканструкцыя якога пачалася яшчэ летам мінулага года. Помнік архітэктуры ў стылі сталінскага ампіру зараз перажывае трэцяе нараджэнне. На поўнае аднаўленне будынка, у якім будуць размешчаны ваенная кафедра і творчыя факультэты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, накіравана каля 13 мільёнаў рублёў. Будаўнічыя работы выконваюцца сіламі ААТ «Гравеліт», але і самі студэнты ПДУ шчыруюць на карысць новага корпуса альма-матар. Падчас наведвання аб’екта Наталля Качанава паразмаўляла са студэнткамі трэцяга курса будаўнічага факультэта, якія задзейнічаны на ўнутраных касметычных работах, і выказала словы падзякі моладзі за ўклад у агульную справу краіны. Гістарычна сцены ў Доме афіцэраў былі насычанага жоўтага колеру, такую гаму з акцэнтнымі аліўкавымі танамі пастараліся захаваць. З нуля аднаўлялі ляпніну, канчатковы вонкавы выгляд будынак набудзе праз паўтара тыдня. Наталля Іванаўна засяродзіла ўвагу на тым, што падчас афарбоўкі калон і фасадаў варта абраць светлыя колеры, каб новы корпус удала спалучаўся з суседнім будынкам райвыканкама. «Я вас вельмі прашу, рабіце фасады ў светлых танах. Калі пафарбаваць калоны ў цёмны, будзе катастрофа. Сустракаемся праз месяц на здачы ў эксплуатацыю», — звярнулася яна да падрадчыкаў.

Пляцоўка ААТ «Белаграпрамбанк» будзе задзейнічана для арганізацыі работы секцыі № 2 «Развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як важнейшы напрамак забеспячэння паступовага развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі». Наталля Качанава, старшыня Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Субоцін і Дзмітрый Дзямідаў, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч ацанілі ход падрыхтоўкі. Так, на ніжнім паверсе банка плануюць арганізаваць кава-брэйк, на другім — секцыю. Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па эканоміцы Аляксандр Каладынскі прэзентаваў падрыхтаваную да Форуму друкаваную прадукцыю, у ліку якой — зборнік аграсядзіб паўночнага рэгіёна. Наталля Іванаўна падкрэсліла, што гэта пляцоўка амаль гатова прымаць удзельнікаў міжнароднага форуму і падзякавала кіраўніцтву Белаграпрамбанку за плённае супрацоўніцтва з Беларускім саюзам жанчын, у выніку якога быў запушчаны важны інклюзіўны праект.

Полацкае кадэцкае вучылішча таксама будзе прымаць гасцей. Дырэктар установы Станіслаў Красоўскі паказаў членам Савета Рэспублікі прыкладны экскурсійны маршрут і відэафільм, у якім бралі ўдзел мясцовыя кадэты. Пасля азнаямлення з дзейнасцю і гісторыяй установы ўдзельнікаў форуму плануюць запрасіць на ўрачыстую цырымонію перадачы знамені. «Трэба адпрацаваць два варыянты правядзення цырымоніі: у будынку і на вуліцы, сыходзячы з таймінгу. Вы павінны разумець, што ў Полацку вельмі многа славутасцяў, таму я хачу як мага больш пазнаёміць Валянціну Іванаўну Матвіенку з гісторыяй нашай краіны», — акцэнтавала ўвагу старшыня Савета Рэспублікі і падкрэсліла, што трэба адвесці час, каб ганаровыя госці змаглі паразмаўляць з кадэтамі.

Яшчэ адзін аб’ект, які закране форум, — Сафійскі сабор. Цяпер музей гісторыі архітэктуры зачынены на рэстаўрацыйна-рамонтныя работы. З сярэдзіны сакавіка пачалося добраўпарадкаванне набярэжнай Заходняй Дзвіны паблізу сабора. Падчас наведвання аб’екта Наталля Іванаўна адзначыла, што гасцям трэба паказаць не толькі гісторыю помніка архітэктуры XVIII стагоддзя, але і прапанаваць спусціцца ўніз, дакрануцца да ХІ стагоддзя — фрагментаў кладкі і фрэскавага роспісу тых часоў. У планах прадэманстраваць і кампазіцыі на аргане.

Падчас перамяшчэння па Полацку старшыня верхняй палаты парламента звяртала ўвагу на азеляненне гарадскіх тэрыторый, якое павінна быць праведзена на вышэйшым узроўні, рэкламу, размешчаную на білбордах. Вялікая ўвага — адпаведнасці назваў аб’ектаў грамадскага харчавання і адпачынку слаўнай гісторыі горада. «Яшчэ раз трэба паглядзець, каб невялічкія кафэ называліся прыгожа, а не, напрыклад, „На раёне“. Полаччына — гэта наша турыстычная Мекка, куды ні стань — усюды гісторыя. Гэта мы і павінны папулярызаваць, рабіць брэндам», — падкрэсліла спікер.

Апошняй кропкай маршрута стаў Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр. Жамчужынай комплекса з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, аб’ект мае найвышэйшую катэгорыю ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і ўваходзіць у дзяржаўную інвестыцыйную праграму і комплекс мер па развіцці Полацкага раёна да 2025 года. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ царква звонку будзе мець выгляд храма ХІХ стагоддзя, унутры — ХІІ.

«Мы будзем імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб работа секцый і пленарнае пасяджэнне далі станоўчы вынік і эффект для супрацоўніцтва нашых краін. Вы ведаеце, якая ўвага сёння надаецца імпартазамяшчэнню, інавацыйнаму развіццю Беларусі. Таму гэта будзе запамінальныя падзея для нашых гасцей і нашай беларускай грамадскасці, мы хочам паказаць гісторыю нашай краіны, яе карані. Менавіта таму для правядзення Форуму абраны ў тым ліку і горад Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. Нам ёсць што паказаць, з года ў год яго славутасці, гістарычныя каштоўнасці не толькі захоўваюцца, але і набываюць новы выгляд. Зараз нават тыя будынкі, якія даўно не былі ў эксплуатацыі, атрымліваюць другое нараджэнне. Упэўнены, што ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ярка на самым высокім узроўні», — заключыла Наталля Качанава.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».