Вы тут

Пра што вар­та ве­даць да­рос­лым і аб чым па­пя­рэ­дзіць дзя­цей на­пя­рэ­дад­ні ку­паль­на­га се­зо­на


Нягледзячы на тое што ён яшчэ толькі пачаўся, у вады — ужо першыя ахвяры. Ранняя вясна зрабіла сваю справу. 26 сакавіка ратавальнікам паступіў сігнал аб знаходжанні асабістых рэчаў падлетка 2009 года нараджэння на беразе штучнага вадаёма каля вёскі Новы Двор Мінскага раёна. Супрацоўнікі МНС, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, дасталі з вады цела падлетка...


Як паведамілі пасля ў Таварыстве ратавання на водах, дзевяцікласнік паехаў на веласіпедзе з сябрам пакупацца, але хлопцы не знайшлі прыдатнага месца для заходу ў ваду і вырашылі вярнуцца дадому. Па дарозе падлеткі пасварыліся і раз’ехаліся. Крыху пазней маці аднаго са школьнікаў пачала турбавацца, бо ён не вярнуўся дадому. Яна патэлефанавала сыну, але тэлефон ніхто не падняў. Тады жанчына адправіла старэйшага сына і яго сябра на пошукі. Хлопцы знайшлі веласіпед дзевяцікласніка і яго асабістыя рэчы каля дарогі насупраць тэхнічнага вадаёма, у якім і патануў падлетак. На месца здарэння былі выкліканы ратавальнікі.

Будзьце прыкладам для сваіх дзяцей

Яшчэ адзін трагічны выпадак здарыўся ў Слуцкім раёне. 2 мая ў вёсцы Казловічы бацькі 14-гадовага хлопца заўважылі адсутнасць падлетка і прыняліся яго шукаць. Пошукавыя мерапрыемствы, у якіх сумесна з ратавальнікамі ўдзельнічалі праваахоўныя органы, працягваліся амаль шэсць гадзін. На беразе вадаёма, які знаходзіцца паблізу вёскі, былі знойдзены вопратка падлетка і яго веласіпед. Супрацоўнікі дасталі цела непаўналетняга з вады без прыкмет жыцця. Вадаём з’яўляецца тэхнічным і не прызначаны для купання.

Як звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч, менавіта падлеткі часам паводзяць сябе занадта бестурботна, самаўпэўнена, бегаюць і песцяцца каля вады, не адчуваючы ніякай небяспекі. «Бацькі павінны разумець, што, колькі б ні было гадоў дзіцяці (дашкольнік гэта ці навучэнец), яно не павінна знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых, — падкрэслівае яна. — І менавіта бацькі абавязаны пагаварыць з дзецьмі аб усім, што можа адбыцца; папярэдзіць аб небяспецы і растлумачыць наступствы».

Па-першае, для купання варта выбіраць толькі спецыяльна абсталяваныя месцы, бо там дзяжураць ратавальнікі. Па-другое, ні ў якім разе не адпускайце дзяцей на вадаём адных, маленькіх дзяцей трымайце на адлегласці выцягнутай рукі. Па-трэцяе, растлумачце падлеткам, чаму небяспечна ныраць у ваду з вышыні, у невядомых месцах: можна стукнуцца галавой аб грунт, зламаць шыйныя пазванкі, страціць прытомнасць і загінуць. Не менш небяспечна таксама ныраць у ваду з мастоў, плытоў, прыстаняў, дамбаў, іншых збудаванняў. Пад вадой могуць быць, напрыклад, камяні або іншыя небяспечныя прадметы. 

І самае галоўнае, дарослым важна не забываць — дзеці капіруюць іх паводзіны. Таму выконвайце правілы бяспекі самі.

Адкрыццё купальнага сезона магло скончыцца трагічным выпадкам і ў Лепелі. Вечарам 4 мая ратавальнікі выехалі да ракі Ула: паступіла паведамленне аб тым, што тоне дзіця. Калі супрацоўнікі МНС прыехалі да месца здарэння, падлетак знаходзіўся за дзесяць метраў ад супрацьлеглага берага ракі і трымаўся за галіны паваленага дрэва. Ратавальнікі Іван Конкін і Віталь Жыветаў пры дапамозе ратавальнай дошкі даплылі да хлопчыка, даставілі яго на бераг і перадалі супрацоўнікам хуткай медыцынскай дапамогі.

Як потым высветлілася, кампанія хлопчыкаў і дзяўчынак вырашыла адкрыць купальны сезон. Раптам падлетак 2011 года нараджэння пачаў тануць. Адзін з яго таварышаў кінуўся на дапамогу, але падплысці да сябра яму замінала плынь. У гэты час дзіця, якое танула, аднесла да супрацьлеглага берага, дзе яно і знаходзілася да прыезду ратавальнікаў. На шчасце, здароўю пацярпелага нічога не пагражала.

Дарэчы, небяспеку для дзяцей, асабліва малых, уяўляюць не толькі буйныя вадаёмы, але і дэкаратыўныя сажалкі, басейны і нават ёмістасці з вадой. Толькі бацькі, якія ведаюць пра магчымыя небяспекі і ўспрымаюць іх сур’ёзна, якімі рэдкімі і неверагоднымі яны не здаваліся б, змогуць зберагчы сваё дзіця ад бяды.

Знаходзячыся з дзецьмі каля вады, пільнасць нельга губляць ні на хвіліну. Аб гэтым сведчыць трагічны выпадак, які здарыўся днём 25 чэрвеня мінулага года на тэрыторыі прыватнага дома ў Мінскім раёне. Як высветлілася, увесь дзень шматдзетная сям’я займалася будоўляй, у пэўны момант дзіця знікла з поля зроку бацькоў. Заўважыўшы адсутнасць дзяўчынкі, бацька з маці сталі яе шукаць. Паўтарагадовае дзіця знайшлі ў каркасным басейне: дачка была ўжо без прыкмет жыцця. Басейн быў абсталяваны лесвіцай, па якой і змагло самастойна забрацца дзіця.

Уважлівасць і выкананне правіл

Што датычыцца дарослых, якія становяцца ахвярамі вады, то прычыны трагедый, як правіла, — бестурботнасць грамадзян і парушэнне правіл паводзін на вадзе. 

У большасці выпадкаў надзвычайныя здарэнні адбываюцца падчас распівання спіртных напояў, пры заплыве ў нецвярозым стане, купанні ў забароненых месцах, дзе няма ратавальных станцый. Ужыванне алкаголю і адпачынак каля вады часта становяцца прычынай гібелі людзей. Купацца ў вадаёме ў стане алкагольнага ап’янення — небяспечна для жыцця.

— Тонуць у асноўным працаздольныя людзі, якія, як правіла, не ўжываюць спіртныя напоі, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Адпачываючы на пляжы, крыху выпіваюць — адпаведна, узнікаюць пэўныя праблемы. Гэта могуць быць як фізіялагічныя працэсы (сэрца, сутаргі), так і няўважлівасць, калі чалавек заплыў далёка, не разлічыў сілы і не здолеў вярнуцца назад. Такім чынам, людзі становяцца ахвярай у першую чаргу ўласнай бяспечнасці.

Ратавальнікі рэкамендуюць ацэньваць свае сілы падчас плавання, не плыць на спрэчку. Нярэдка нават тыя, хто ўмее добра плаваць, заплываюць на глыбіню, а вярнуцца на бераг ужо не хапае сіл. Не варта забываць аб бяспецы, калі вы адпраўляецеся на шпацыр на лодцы, катэры, гідрацыкле: самае галоўнае правіла — надзець выратавальную камізэльку. Нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плаўсродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катэры, лодкі; выходзіць на ваду на плаўсродках, зусім для гэтага не прыстасаваных.

Вельмі часта пры адпачынку на вадзе людзі выкарыстоўваюць розныя надзіманыя прадметы. Плаваць на іх небяспечна, а для чалавека, які не ўмее плаваць, — увогуле трагічна. Надзіманыя камеры, матрацы вельмі лёгкія, нават слабага ветру і плыні дастаткова, каб аднесці іх на вялікія адлегласці. Варта адцягнуць увагу на некалькі хвілін — і бераг аказваецца па-за межамі дасягальнасці. Матрац можа захліснуць хваляй, ён можа выслізнуць з-пад плыўца і накрыць яго з галавой.

Па словах Яўгена Бараноўскага, неабходна выбіраць спецыяльна абсталяваныя месцы для купання — тыя, дзе ёсць уся неабходная інфраструктура; дзе дзяжураць ратавальнікі Таварыства ратавання на водах. «Больш за тое, у купальным сезоне мы будзем узмацняць свае сілы: на пляжах дадаткова будуць дзяжурыць няштатныя плыўцы-ратавальнікі з ліку супрацоўнікаў МНС, якія таксама будуць знаходзяцца ў зонах адпачынку для таго, каб своечасова прыйсці на дапамогу тым, хто трапіў у бяду, — канстатаваў ён. — Непасрэдна каля прыбярэжнай тэрыторыі будуць шырока праводзіцца прафілактычныя акцыі. Станем хадзіць не толькі па месцах, дзе дазволена купацца, а і там, дзе гэта забаронена. Сёння мясцовымі органамі ўлады робіцца важная вялікая работа для таго, каб павялічвалася колькасць дазволеных пляжаў. Думаю, у пачатку чэрвеня мы арганізуем інтэрактыўную карту дазволеных пляжаў. Абавязкова ўсім пакажам і раскажам, дзе купацца можна і бяспечна, дзе рызыка зніжана, дзе ёсць уся неабходная інфраструктура для добрага і бяспечнага адпачынку».

Што рабіць, калі сталі відавочцам таго, што нехта тоне:

  • паклічце на дапамогу іншых людзей або ратавальнікаў Таварыства ратавання на водах, калі тыя ёсць побач;
  • патэлефануйце па тэлефоне МНС 112 і выклічце хуткую дапамогу па тэлефоне 103;
  • кіньце таму, хто тоне, ратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы (калі яны ёсць);
  • калі ёсць лодка, падплывіце да чалавека і паспрабуйце дапамагчы;
  • калі вы добра плаваеце і ўпэўнены ў сваіх сілах, паспрабуйце дабрацца да чалавека самастойна: абхапіце яго ззаду за плечы і паспрабуйце пазбегнуць спроб ухапіцца за вас, плывіце з ім назад;
  • калі ж тапелец без прытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукой пад падбародак такім чынам, каб яго твар увесь час знаходзіўся над паверхняй вады, а пры першай магчымасці прыступіце да аказання першай медыцынскай дапамогі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Асця­рож­на, вада!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.