Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Сёння сімволіка не толькі аб’ядноўвае, але і выступае крыніцай упэўненасці і ўнутранай сілы»


Май насычаны на вялікія святы. Пасля 9 Мая краіна адзначае свята, якое з’яўляецца лагічным працягам Дня вялікай Перамогі — Дзень дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна. І калі 9 мая ўспамінаюць падзеі мінулых дзён, то ў гэты дзень усё накіравана на сучаснасць і на будучыню. Нездарма важнай часткай гэтага дня з’яўляецца рытуал ушанавання дзяржаўных сімвалаў, падчас якога маладыя беларусы прыносяць клятву на вернасць дзяржаўным сімвалам. Удзел у цырымоніі па традыцыі прымае і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


 

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі рады таму, што новая традыцыя ўрачыстага ўшаноўвання найважнейшых сімвалаў суверэннай Беларусі ў дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна трывала ўвайшла ў наша жыццё.

«На ўрадлівай глебе любові да Радзімы гэта традыцыя прарасла ў нашы сэрцы, стаўшы сапраўды ўсенароднай», — заўважыў ён. Прэзідэнт адзначыў, што так сама, як на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, у вялікіх і малых гарадах краіны ў гэты дзень тысячы юнакоў і дзяўчат сёння прыносяць клятву вернасці дзяржаўным сімвалам. «Гэта знак глыбокай павагі да мінулага — духоўных і маральных каштоўнасцяў, завяшчаных нам продкамі. Гэта шчырая падзяка за мірную і шчаслівую сучаснасць, якая забяспечана старэйшым пакаленнем сучаснікаў. Але самае галоўнае — гэта дэманстрацыя гатоўнасці ўзяць адказнасць за лёс сваёй краіны. Бо вы, маладыя людзі, не проста ўступаеце ў дарослае жыццё. Абапіраючыся на ўсе здзяйсненні, як на моцныя плечы папярэднікаў, вы прымаеце эстафету ў справе захавання і ўмацавання беларускай дзяржаўнасці. І абавязуецеся свята берагчы сімвалы незалежнай краіны», — падкрэсліў беларускі лідар. 

«Разам сказалі «не» сімволіцы, якая стала для нас знакам бяды»

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што для яго гэты дзень напоўнены асаблівым сімвалізмам. Ён нагадаў, што амаль 30 гадоў таму, 14 мая 1995 года, прайшоў першы ў гісторыі суверэннай Беларусі рэферэндум. «Тады наш народ вызначыў свой шлях развіцця і асновы палітыкі беларускай дзяржавы. Гэта моцная прэзідэнцкая ўлада, стратэгічны саюз з Расіяй, роўны дзяржаўны статус беларускай і рускай моў, — здзейсніў кароткі гістарычны экскурс кіраўнік дзяржавы. — Не паддаўшыся на пагрозы сучасных калабарантаў, а дакладней сказаць — здраднікаў ад палітыкі, захаваўшы вернасць сабе, сваім прынцыпам і ідэалам, сваёй гісторыі, мы разам абаранілі нашы сапраўдныя дзяржаўныя сімвалы.

Разам сказалі «не» сімволіцы, якая стала для нас сапраўдным знакам бяды. Нашчадкі народа, які перажыў генацыд, уцалеў у канцлагерах і гета, які стаў на барацьбу з ворагам у шматлікіх партызанскіх атрадах і падполлі, інакш паступіць не маглі. Таму ў 1995-м пераважнай большасцю галасоў беларусы выказаліся за пераемнасць гераічнай сімволікі».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў пераходныя эпохі людзі часта адмаўляюцца ад сімвалаў, якія адлюстроўвалі ідэі і каштоўнасці ранейшага сацыяльна-палітычнага ладу. «Але гэта не наш шлях. Мы беражліва захоўваем сувязь пакаленняў, працягваем традыцыі нашых продкаў, ганарымся сваёй гісторыяй. У ёй нямала гераічных старонак. Мы ніколі не вілялі, не змянялі той лініі, якую праводзім сёння. Мы і тады, і зараз верныя традыцыям мінулага» — заявіў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, асабліва беларусы ганарацца тым, што дзяржаўныя сімвалы Беларусі ўвасабляюць бяспрыкладную сілу духу і ўклад нашага народа ў Вялікую Перамогу над карычневай чумой. «Таксама ў іх працоўны подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, якія зноўку адбудавалі рэспубліку на прынцыпах сацыяльнай роўнасці і справядлівасці. Сучасныя дзяржаўныя флаг, герб і гімн — гэта ўжо сімвалы і нашых з вамі перамог: спартыўных, творчых, працоўных» — сказаў ён. Сцяг Беларусі ўзнімаўся навукоўцамі-палярнікамі ў Антарктыдзе, дэсантнікамі — на Паўночным полюсе, альпіністамі — на Эверэсце. Тройчы гэты сцяг пабываў у космасе. Спачатку з нашым земляком Алегам Навіцкім. І зусім нядаўна з першай беларускай жанчынай-касманаўтам — Героем Беларусі Марынай Васілеўскай.

«Сёння сімволіка не толькі аб’ядноўвае, але і выступае крыніцай упэўненасці і ўнутранай сілы. Нашы герб, сцяг і гімн, як і ўся палітыка, натхнёныя ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднай народаўладдзя», — канстатаваў беларускі лідар.

«Людзі ганарацца тым, што яны сапраўдныя беларусы»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзяржаўныя сімвалы прысутнічаюць у паўсядзённым жыцці людзей, адыгрываючы вельмі важную ролю. Хутка ў школах пройдуць урачыстыя лінейкі. Пад гукі гімна дзясяткі тысяч выпускнікоў зробяць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Завяршылася пасяўная. Наперадзе — уборачная кампанія.

На палі выйдуць тысячы беларускіх камбайнаў. Пад родным сцягам аграрыі будуць здзяйсняць свой працоўны подзвіг. Сотні пар рыхтуюцца ўступіць у законны шлюб. Гербавая пячатка змацуе клятвы кахання і вернасці новых сем’яў. Усё часцей нашы герб і сцяг можна ўбачыць на вокнах жылых дамоў і аўтамабілях. А 3 ліпеня ў галоўнае для нашай краіны свята -Дзень Незалежнасці, у які мы адзначым і 80-годдзе вызвалення Беларусі, мільёны суайчыннікаў напоўняць плошчы гарадоў і вёсак, каб праспяваць гімн разам.

«Людзі ганарацца тым, што яны сапраўдныя беларусы. Гэта і ёсць народнае адзінства. Адзінства, якое змацавана трывалай памяццю аб гераічным подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне, патрыятызмам, стваральнай працай і імкненнем да міру. Адзінства, якое сімвалізуюць Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Адзінства, якое мы абавязаны захаваць, каб зберагчы сваю краіну. Таму што час выбраў нас! Усіх са святам!» — сказаў Прэзідэнт.

На ўрачыстым мерапрыемстве ў сталіцы сёлета сабралася больш за 5,3 тысячы чалавек з усёй краіны. Ключавым элементам свята стала клятва вернасці дзяржаўным сімвалам, якую прынеслі маладыя беларусы. Момант і без таго ўрачысты, а дзякуючы вайскоўцам і артыстам і зусім незабыўны.

Пад гукі Дзяржаўнага гімна вайскоўцы роты ганаровай варты ўнеслі на плошчу Дзяржаўны сцяг (палотнішча памерам 10×5 метраў), які апынуўся ўнутры жывога контуру краіны — сярод артыстаў, якія сталі так, каб паўтарыць абрысы мяжы Беларусі.

Клятву вернасці дзяржаўным сімвалам на плошчы Дзяржаўнага сцяга прамовілі сямёра хлопцаў і дзяўчат (прадстаўнікі ад кожнай з абласцей і Мінска). А Герой Беларусі Марына Васілеўская перадала Прэзідэнту той самы сцяг, які разгарнула на МКС падчас сваёй касмічнай экспедыцыі. Палотнічша зойме пачэснае месца ў Палацы Незалежнасці.
У гэты дзень аналагічныя рытуалы прынясення клятвы праходзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны, тысячы прадстаўнікоў маладога пакалення клянуцца захоўваць вернасць дзяржаўным сімвалам. Маладыя беларусы пакляліся ў вернасці дзяржаўным сімвалам і Радзіме, якую яны сімвалізуюць, паабяцалі быць годнымі грамадзянамі, захоўваць мір і згоду на беларускай зямлі і, калі спатрэбіцца, абараняць яе гэтак жа годна і самаахвярна, як і прадзеды ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усё жыццё быць сапраўднымі патрыётамі і перадаць любоў да Радзімы сваім нашчадкам.

У тэму

Сімвалічна, што наш дзяржаўны сцяг абляцеў Зямлю

У размове з журналістамі Марына Васілеўская расказала, што адчувала, калі бачыла з космасу сваю Радзіму: «У такія моманты разумееш, наколькі ты яе любіш і цэніш. Дзень дзяржаўнага сцяга, герба і гімна сімвалізуе патрыятыячныя, гістарычныя, культурныя каштоўнасці нашага народа. Сімвалічна, што наш дзяржаўны сцяг абляцеў Зямлю 224 разы, і для мяне было вельмі пачэсна разгарнуць яго над Беларуссю. Сёння мяне перапаўняе пачуцце радасці і гонару за нашу мірную, дружную, моцную краіну. Такія ж эмоцыі я адчувала там, на МКС, калі разгортвала наш сцяг. І мне вельмі прыемна прадставіць свету нашу чыстую, незалежную і моцную Беларусь».

Яшчэ адзін касманаўт, які разгортваў сцяг Беларусі на МКС, Алег Навіцкі расказаў, што касманаўты не з усіх краін гэта робяць падчас сваіх экспедыцый, але для яго разгарнуць беларускі сцяг у космасе — вельмі важная традыцыя. «Гэта важная частка краіны, якая мне дорага. Я беларус, хоць зараз знаходжуся ў Расіі, у Беларусі жыве мая мама, мае родзічы, гэта мая зямля», — растлумачыў Алег Навіцкі. Па яго словах, свой сцяг падтрымлівае і грэе душу на барту МКС. Пасля вяртання на Зямлю сцяг у сябе касманаўт не захоўвае. Адзін сцяг Алег Навіцкі перадаў у музей беларускай дзяржнасці, другі — падарыў Прэзідэнту. 

Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што дзяржаўныя сімвалы аб’ядноўваюць моладзь. «Мы гэта бачым па шматлікіх акцыях, якія ініцыюць і самі маладыя людзі, яны носяць бутанеркі, на многіх аўтамабілях можна ўбачыць беларускі сцяг. Мы ганарымся сваімі сімваламі. З тым трапятанняем і адказнасцю, з якой нашы маладыя людзі сёння ставяцца да дзяржаўных сімвалаў, я ўпэўнены ў іх светлай будучыні. Самае галоўнае, што гэтая павага сёння назіраецца і ў школьных класах, і ў студэнцкіх аўдыторыях, і ў працоўных калектывах», — сказаў ён. 

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што пад сённяшнімі дзяржаўнымі сімваламі зроблена вельмі шмат для дабрабыту беларускага народа. «Я ганаруся гэтым святам, ганаруся нашым сцягам, гербам, гімнам. Яны маюць вельмі глыбокія сэнсавыя нагрузкі. І за гэтай сімволікай стаіць вялікая гісторыя. Дастаткова ўспомніць, што на нашым сцягу знаходзіцца арнамент, для дзяржаўных сімвалаў гэта рэдкасць. А наш арнамент мае тысячагадовую гісторыю, ён адлюстроўвае мудрасць нашага народа. І гэтым нельна не ганарыцца», — падкрэсліў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктар ІВАНЧЫКАЎ 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.