Вы тут

Гамяльчанка Марына Гулевіч працягвае справу жыцця бабулі і маці


«Асцярожна, бабуля!» — як у бліскучай савецкай стужцы — аб сваім незвычайна дарагім сэрцу чалавеку — любімай бабулі Любові Мацвееўне Родавай, — можа сказаць і гамяльчанка Марына Гулевіч. Суперадказная, актыўная, неабыякавая, гатовая заўсёды прыйсці на дапамогу... Усё гэта аб Любові Родавай. Яе імя — ключ да сэрцаў не адной тысячы жыхароў гарпасёлку Уваравічы Буда-Кашалёўшчыны і ўсяго раёна. Яе ўнучка — Марына Гулевіч — следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці таксама нарадзілася і вырасла ва Уваравічах. Сёння яна і яе родныя працягваюць справу ўсяго жыцця Любові Родавай. Гэтымі майскімі днямі Вялікай Перамогі і напярэдадні асаблівага дня ў праваслаўным календары — Радаўніцы, калі, часам праз тысячы кіламетраў людзі імкнуцца пабыць на малой радзіме, пакланіцца сваім спачылым родным, нельга не расказаць пра гэту дзіўную сям’ю.


Стэнд, прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны — настаўнікам Уваравіцкай сярэдняй школы паказвае настаўнік пачатковых класаў Клара Клімава

Пісала лісты начамі

Сапраўдны патрыятызм — не ў словах, а ў жыццёвай пазіцыі, штодзённых справах, учынках. Гэта не абавязак, а душэўная патрэба, упэўнена Марына Гулевіч. З нараджэння яна пераканалася ў гэтым на прыкладзе сваёй бабулі і бацькоў.

— Бабуля Любоў Мацвееўна нарадзілася ў 1946 годзе ў Башкірыі. Туды яе сям’я з Гомеля трапіла ў эвакуацыю. Калі бабулі было тры гады, яны пераехалі ва Уваравічы — на той момант цэнтр Уваравіцкага раёна. Вайна закранула яе сям’ю самым непасрэдным чынам, і гэтая тэма бабулю асабліва хвалявала. На працягу ўсяго жыцця яна збірала матэрыялы пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — расказвае Марына.

Згадвае, як бабуля магла начамі не спаць, у любы вольны час працавала з архівамі, вяла перапіску са сваякамі загінулых, зніклых без вестак франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў.

— Яна казала, што, каб знайсці магілу аднаго салдата, даводзіцца зрабіць масу званкоў, запытаў, напісаць вялізную колькасць лістоў у розныя інстанцыі. Трэба памятаць, што ў той час не было электронных пошукавых сістэм аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, — дадае суразмоўніца.

Шукала любую «нітачку»

А пачалося ўсё з таго, што аднойчы да Любові Мацвееўны звярнулася яе суседка — шукала хоць нейкую інфармацыю аб сваім сваяку-франтавіку. Марыніна бабуля ўзялася дапамагчы. Немагчыма нават злічыць, колькі матэрыялаў, гісторый соцень людзей, якія ваявалі, прайшлі фашысцкі палон ці прапалі без вестак, яна прапусціла праз сваё сэрца. Усё гэта адбывалася на вачах дачкі Любові Мацвееўны, мамы Марыны Гулевіч — Клары Клімавай. Клара Аляксандраўна — настаўніца пачатковых класаў Уваравіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна. Усё жыццё яна аддала працы ў роднай школе.

— Пасля школы мама паступіла на факультэт замежных моў, хацела быць настаўніцай англійскай. Але сяброўкі яе не паступілі, і яна проста за кампанію забрала дакументы і не пайшла вучыцца, — расказвае аб сваёй маці Клара Аляксандраўна. — У 1960-х гадах мама працавала піянерважатай у нашай школе. З сяброўкай удваіх арганізавалі першы чырвоны куток, які потым стаў музеем імя Леніна. У ім быў раздзел, прысвечаны вайне і ўкладу жыхароў Уваравіч у справу Вялікай Перамогі.

Прыроджаны пошукавік

Незвычайныя здольнасці і прага ў пошукавай працы Любові Родавай адкрыліся ў 1983 годзе. Ветэран Вялікай Айчыннай, ваенрук Алег Сяргееў і Любоў Мацвееўна (тады ўжо дырэктар Уваравіцкага гарадскога Дома культуры) узяліся да 40-годдзя Перамогі правесці сустрэчу ветэранаў 98-га авіяцыйнага палка, які ў гады вайны дыслацыраваўся ва Уваравічах. Пасля, калі выйшла на пенсію, Любоў Родава ўвогуле ўсю сябе прысвяціла пошукавай рабоце, увекавечанню памяці аб героях вайны — ураджэнцах Уваравіч і тых, хто загінуў падчас вызвалення населенага пункта і найбліжэйшых вёсак. Любоў Родава сабрала звесткі, фатаграфіі і зрабіла ў роднай школе стэнд, прысвечаны ветэранам-настаўнікам Уваравіцкай школы. У 2007 годзе на будынку ўстановы адукацыі намаганнямі Любові Мацвееўны была адкрыта мемарыяльная дошка з імёнамі выпускнікоў школы, якія загінулі ў мірны час пры выкананні воінскага абавязку.

У музейным пакоі «Мы гэтай памяці верныя» захоўваюцца ўзнагароды, дакументы, лісты, фатаграфіі і асабістыя рэчы герояў-франтавікоў

Праводзіць экскурсіі дапамагае праўнук Любові Родавай — першакласнік Ваня Сапуноў

— Яшчэ ў канцы 1990-х пры пераездзе Уваравіцкай сярэдняй школы ў новы будынак большая частка экспанатаў для музея, сабраных мамай у 60-х гадах, бясследна знікла. Яна вельмі перажывала, — дзеліцца Клара Аляксандраўна. — Але мама не здалася. 

З 2007 года пачала збіраць новую калекцыю. Практычна кожная сям’я дапамагла ёй аднавіць экспазіцыю. Мама сабрала дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, кнігі былых уваравіцкіх партызан, звесткі пра героя падполля Івана Харытонавіча Казлова, чыім імем названа адна з вуліц аграгарадка.

Пакуль працяглы час не было памяшкання для музея, усе экспанаты захоўваліся ў Любові Мацвееўны дома. Яна не ленавалася і кожны раз рыхтавала выязныя экспазіцыі на ўсіх мерапрыемствах, якія праходзілі ў гарпасёлку.

— Дзякуючы яе намаганням на базе нашай школы быў адкрыты музейны пакой «Мы гэтай памяці верныя», дзе захоўваюцца ўнікальныя экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны: узнагароды, дакументы, лісты, фатаграфіі і асабістыя рэчы салдат. У музеі ёсць сапраўдная рэліквія — кніга ўліку партызанскага атрада імя Шчорса, які біў ворага на Гомельшчыне, — дадае дачка Любові Мацвееўны Клара Клімава.

Марына Гулевіч захоўвае фотаальбомы і асабістыя рэчы дарагога сэрцу чалавека

Сёння дапамагаюць праводзіць экскурсіі ў музеі ўжо вучні Клары Аляксандраўны. Сярод іх — першакласнік Ваня Сапуноў — праўнук Любові Мацвееўны. Выходзіць, яе справу па захаванні памяці аб героях Вялікай Айчыннай працягвае ўжо чацвёртае пакаленне яе сям’і.

«Не спыняла пошук ні на дзень»

— Доўгія гады бабуля ішла да ўвасаблення ў жыццё вельмі важнай справы — увекавечанне імён герояў Вялікай Айчыннай вайны — менавіта ўраджэнцаў Уваравіч і нанясення іх прозвішчаў на мемарыяле брацкага пахавання ў гарпасёлку. У Буда-Кашалёўскім райвыканкаме бабулі дазволілі працаваць з архіўнымі матэрыяламі. Яна выпісала кожнае прозвішча загінулага ўраджэнца Уваравіч, зверыла гэтыя звесткі з Кнігай Памяці Буда-Кашалёўскага раёна і папоўніла існуючы спіс 22 прозвішчамі. На гэтым яна не спынілася, размясціла ва Уваравічах аб’яву з просьбай звяртацца па тэлефонах у ваенкамат ці да яе напрамую: паступіла ад мясцовых шмат просьбаў адшукаць іх сваякоў. За восем месяцаў актыўнага пошуку было ўстаноўлена 118 страчаных імёнаў. Дакументы па запытах паступалі з цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расіі, Ленінградскага Міністэрства абароны, усіх абласных і раённых ваенкаматаў Беларусі. Не спыняла пошук ні на дзень, — аб каласальнай праведзенай рабоце бабулі, у якой ёй дапамагла і Клара Аляксандраўна, расказвае Марына Гулевіч.

Дачка Любові Родавай — Клара Клімава паказала ўзнагароды знакамітай жыхаркі Уваравічаў

Намаганнямі Любові Родавай на 12 мармуровых плітах мемарыяльнага комплексу ва Уваравічах увекавечаны ў агульнай складанасці 401 чалавек. Па ўзгадненні з Буда-Кашалёўскім райсаветам быў адобраны праект, распрацаваны асабіста Любоўю Родавай, — размяшчэнне пліт з імёнамі герояў у форме коласа, што азначае жыццё, аддадзенае за родную зямлю. У 2017 годзе мемарыяльны комплекс ва Уваравічах дапоўнілі гарматы «Рута», якія былі ўстаноўлены толькі дзякуючы неўтаймаванасці і неабыякавасці да справы Любові Родавай. Гэта сапраўды асаблівае месца памяці для ўсіх жыхароў Уваравіч.

Велізарны ўклад Любові Родавай не застаўся незаўважаным. Яе сям’я беражліва захоўвае дзве ганаровыя граматы і падзяку Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў за пошукавую работу, адраджэнне побыту і традыцый Беларусі; Ганаровую грамату Буда-Кашалёўскага райваенкамата за пошукавую работу і ўвекавечанне загінулых жыхароў г. п. Уваравічы, шматлікія дыпломы і граматы, падзякі.

Знялася ў кіно

— Бабуля дапамагла і сама знялася ў фільме кінастудыі «Беларусьфільм» «Афганістан. Памяць». Прымала ўдзел у фільме пра халакост «Па слядах страчанай памяці», знятым супрацоўнікамі музея «Яд Вашэм» з Ізраіля. Неверагодна, але пасля наведвання Ізраіля ёй удалося ўстанавіць яшчэ некалькі страчаных імёнаў сваіх загінулых землякоў, — тлумачыць Марына Гулевіч. — Бабуля адвезла туды дыск з фільмам аб адкрыцці мемарыяла ва Уваравічах, і былыя нашы жыхары, якія цяпер жывуць у Ізраілі, не знайшоўшы ў спісах сваіх родных, выслалі ёй дакументы з іх імёнамі. Па просьбе рэжысёра Барыса Мафцыра бабуля зрабіла выбарку прозвішчаў яўрэяў — загінулых ураджэнцаў Гомельшчыны. Гэтыя звесткі былі перададзены ў музей. Ізраільскі валанцёр Эліза Фрэнкель доўгі час не магла знайсці сваіх родных. Дзякуючы гэтым спісам яна даведалася, што сваякі расстраляныя і пахаваныя ў брацкай магіле ва Уваравічах. Яна неаднаразова прыязджала, каб ушанаваць іх памяць, — дадае Марына.

12 мармуровых пліт мемарыяльнага комплексу у форме коласу — праект, распрацаваны асабіста Любоўю Родавай

За актыўны ўдзел у жыцці раёна імя Любові Родавай унесена ў кнігу «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь» у выпуск, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Яе не стала 1 кастрычніка 2021 года. Доўгі час не магла змірыцца з гэтай стратай, — не хавае эмоцый Марына Гулевіч. — Калі маленькай была, потым падлеткам, сапраўды сварылася, спрачалася з ёю: на дыскатэку хачу, а бабуля просіць спісы загінулых на камп’ютары набіраць ці лісты франтавікоў. Калі пасталела, вядома, зразумела, якую патрэбную і важную працу яна рабіла. Дапамагалі ёй і мае бацькі. Цяпер я сама захварэла на пошукавую работу.

У 2022 годзе па ініцыятыве УСК па Гомельскай вобласці сярод супрацоўнікаў структурных і тэрытарыяльных падраздзяленняў УСК быў праведзены конкурс на найлепшую работу аб вызваленні населеных пунктаў — малой радзімы супрацоўнікаў — у час Вялікай Айчыннай вайны. У конкурсе перамог надзвычай грунтоўны творчы праект якраз Марыны Гулевіч.

Следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці Марына Гулевіч разам з дачкой Аняй на ўрачыстым шэсці ў гонар Вялікай Перамогі

— Калі вырашыла расказаць пра вызваленне родных Уваравіч, зразумела, наколькі вялікую работу трэба правесці. У Гомельскай вобласці ёсць такія буйныя населеныя пункты, гісторыі вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў якіх прысвечаны цэлыя музеі, пра іх вельмі шмат інфармацыі. Уваравічы — маленькі пункт на карце, асобна Уваравіцкага раёна даўно няма. Але я вельмі хацела зрабіць такую даследчую работу, якая была б цікавая і пазнавальная, — распавяла следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці.

Марыне Гулевіч спатрэбілася на работу амаль чатыры месяцы. Разам з мамай пасля конкурсу яны яе дапрацоўвалі, каб праект можна было выкарыстоўваць і ў музейнай экспазіцыі Уваравіцкай сярэдняй школы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота аўтара

Загаловак у газеце: Патрыятызм як душэўная патрэба

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.