Вы тут

Погляд праз пакаленні


У цэнтральнай выставачнай зале Гродна пачала дзейнічаць экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Некаторыя мастакі адлюстравалі не толькі сваё бачанне тых падзей, але і ўвасобілі партрэты сваіх бацькоў і дзедаў, якія прайшлі нялегкімі ваеннымі дарогамі. 


Мастацкае ўвасабленне на палатне атрымала і легендарная гродзенка, ветэран вайны Валянціна Баранава. Летась яна адсвяткавала 100-гадовы юбілей, але па-ранейшаму ў бадзёрым стане. Яна з задавальненнем наведала выстаўку, дзе на карціне змагла ўбачыць свой вобраз. Дарэчы, гэта стала для яе сюрпрызам. «А чаму я тут такая вясёлая?»- перш-наперш запытала яна ў мастака. І потым сама і адказала: «Дык гэта ж мы святкуем Перамогу»...

—Гэта новая работа, 2024 года, напісана спецыяльна да Дня Перамогі. Тут шмат фрагментаў, таму палатно атрымалася такое маштабнае па памерах, — расказаў аўтар карціны, старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Уладзімір Качан. — За аснову ўзяты архіўныя фота нашага горада, якія зроблены адразу пасля вызвалення. Вось мы бачым конную брыгаду, якая ўступіла ў горад. Бачым падбітую нямецкую тэхніку. Ёсць фрагмент, калі мянялася нямецкая шыльда, яна нібы падае, такое фота ёсць на самой справе. Таксама бачна храналогія вызвалення нашых гарадоў — Гомель, Віцебск, Мінск, Ліда, Гродна, Брэст. На першым плане група салдат, якія спяваюць, у гэтай групе і наша гродзенская ветэран Валянціна Баранава, яна, дарэчы, вельмі добра спявае. Гэта нібы частка той песні, якую Валянціна Пятроўна пакінула ў той эпохе. Хацелася паказаць ўслаўленне Перамогі.

Па словах аўтара, мастакі не могуць стаяць убаку ад тых працэсаў, якімі жыве краіна. А гэта тэма асабліва актуальная, бо закранае і асабістыя пачуцці творцаў. Напрыклад, бацька Уладзіміра Качана — ветэран вайны. Вось ён на вялікім партрэце разам са сваім унукам — сынам мастака. На палатне за ветэранам бачна рэальная вайна, а за плячыма хлапчука — віртуальная, кампьютарная. Але ў абодвух выпадках ідзе барацьба супраць нацызма. Такі падыход, на думку аўтара, дапамагае сённяшняму пакаленню больш зразумець мінулае. 

Вобраз ветэрана, а дакладней, яго партрэт прадставіў на выстаўцы член Саюза мастакоў Беларусі Юрый Якавенка. Дзед — гонар мастака, таму ён вырашыў паказаць яго прыжыццёвы партрэт з невялікім графічным афармленнем. 

—Мой дзед Якавенка Андрэй Пятровіч — гэта праўда і твар вайны. Салдат, які прайшоў жудасці вайны і выжыў. Ён прайшоў фінскую, Вялікую Айчынную і закончыў вайну ў Манчжурыі. Дамоў вярнуўся зімой 46-га года. Дзед прынцыпова не надзяваў юбілейныя медалі, толькі баявыя. У яго два ордэны Чырвонай Зоркі, а такі ордэн давалі толькі за подзвіг. Гэта прыжыццёвае фота, здымку амаль 60 гадоў, як і мне. На зломаным месце здымка невялікі фрагмент маёй гравюры, — пракаменціраваў сваю работу Юрый Якавенка. 

Мастака, па ўсёй бачнасці, вельмі хвалюе ваенная тэма. Як арганізатар экспазіцыі, ён імкнуўся данесці да наведвальнікаў увесь трагізм генацыду тых часоў. Таму адным з цэнтральных месцаў стала палатно Уладзіміра Мурахвера «Зыход». Побач вісіць партрэт сталой жанчыны. Карціна доўгі час знаходзілася ў фондах, але зараз яна заняла сваё пачэснае месца ў экспазіцыі. Па словах арганізатара, жаночы твар увесь прасякнуты страхам. Менавіта з такімі пачуццямі жылі людзі падчас ваеннага ліхалецця. 

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна звярнула ўвагу на склад удзельнікаў выстаўкі. Тут ёсць работы і тых, хто прайшоў вайну, і прадстаўнікоў сённяшняй моладзі. Прычым, тэматыка карцін не толькі ваенная. 

—Напрыклад, на карцінах, якія напісаны ў 50-ыя гады нашымі мастакамі- ветэранамі, мы бачым мірныя гродзенскія пейзажы. Людзі, якія бачылі разбурэнні і смерць, адлюстроўваюць мірнае жыцце, яго прыгажосць і заклікаюць нас захаваць гэту прыроду. Тут можна ўбачыць, як канкрэтна выглядаў Гродна праз 8-10 гадоў пасля вайны. Сучасныя мастакі таксама звяртаюцца да тэмы Гродна, і на адной з работ нават ёсць наш новы адрэстаўрыраваны каралеўскі замак, — зазначыла мастацтвазнаўца. 

Сучасная тэматыка перамяжоўваецца з вобразамі ваенных падзей. Так, для Дар’і, якая вучыцца на трэцім курсе ГрДУ па спецыяльнасці графічны дызайн, больш усяго імпануе карціна маладой мастачкі Таццяны Камышанікавай «Жыццё перамагае». Работа напісана ў гэтым годзе спецыяльна для выстаўкі. Хоць вайна сапраўды з’ява даволі страшная і нясе шмат гора, але ў гэтай цемры павінен быць праменчык, лічыць студэнтка. Яго яна і ўбачыла на карціне. Тут з дапамогай сонечнага промня і яркіх матылькоў ствараецца настрой нечага светлага, хоць на заднім плане і бачны нейкі разбураны будынак. Дар’я лічыць, што карціна выдзяляецца тым, што ад яе ідзе энэргетыка жыцця.

Выстаўка «Погляд праз пакаленні» стала адной са знакавых культурных падзей горада. Такую думку выказаў член Саюза мастакоў Беларусі Пётр Новікаў. 

—Сама па сабе тэматыка экспазіцыі настройвае на асаблівы лад. Тут прасочваецца ўвесь спектр эмоцый — і ўрачыстая Перамога з яе героямі, і смутак пра загінулых, і боль людзей, якія выправілі на фронт блізкіх, і цяжкія гады пасляваенных разбурэнняў. Але мы адчуваем разам з тым агульную ідэю — захаванне міру на планеце, непераходзячую каштоўнасць жыцця. 

Дарэчы, да тэмы Вялікай Айчыннай вайны звяртаюцца не толькі мастакі, але і скульптары. Уладзімір Панцелеяў прадставіў на выстаўцы драўляныя скульптуры бежанкі і самотнага скрыпача. Дарэчы, апошнім часам ім зроблена нямала работ па ўвекавечванні памяці герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся альбо загінулі на Гродзеншчыне. У іх ліку помнікі —бюсты генералу арміі Аляксею Антонаву ў Гродне, палкоўніку Мікалаю Масонаву ў Свіслачы, памятная дошка ганароваму гродзенцу, ветэрану Івану Лебядзеву. 

Трэба сказаць, што інтарэс да выстаўкі «Погляд праз пакаленні» праявлі прадстаўнікі генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Яны наведалі экспазіцыю і выказалі жаданне наладзіць супрацоўніцтва ў культурным плане, у тым ліку, абменьвацца экспазіцыямі. Гродзенцы ўпэўнены, што ім ёсць што прапанаваць расійскім гледачам. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».