Вы тут

Хакейныя зборныя Беларусі і Расіі зноў сустрэнуцца на «Мінск-Арэне» у рамках «Лігі ставак. Вялікага тура зборнай»


За «Дынама-Мінск» у чэмпіянаце КХЛ у гэтым сезоне ўжо адхварэлі, уладальніка Кубка Прэзідэнта вызначылі, а, значыць, прыйшоў час падтрымаць нацыянальную зборную па хакеі. Пачатак мая выдаўся для галоўнай каманды краіны досыць насычаным. Спачатку наша зборная выступіла на турніры Qazaqstan Hockey Open, дзе заняла другое месца. І адразу пасля гэтага пачалася серыя «Ліга ставак. Вялікі тур зборнай». Заключны матч у рамках гэтай серыі пройдзе 11 мая на «Мінск-Арэне». Сустрэнуцца зборныя Беларусі і Расіі.


Сімвалічна, што 10 гадоў таму, падчас чэмпіянату свету 2014, зборныя абедзвюх краін сустракаліся на «Мінск-Арэне». Тады з вынікам 2:1 мацнейшай аказалася зборная Расіі. 10 гадоў многія хакеісты зборнай узору 2024 года толькі марылі аб тым, каб выступаць у галоўнай камандзе краіны. Сярод іх быў і Міраслаў Міхалёў, для якога бягучая серыя адзначылася дэбютам у нацыянальнай зборнай.

21-гадовы нападаючы выступаў за «Дынама-Шынік», правёў некалькі гульняў за «Дынама-Мінск». Запрашэнне ў зборную стала заканамерным. «Не скажу, што запрашэнне ў зборную стала для мяне вялікай нечаканасцю, я доўга гэтага чакаў і хацеў. Але было вельмі прыемна, і вельмі радасна, бо ў нас шмат дастойных гульцоў», — дзеліцца Міраслаў. Гэты дэбют у зборнай Беларусі не толькі для Міраслава Міхалёва і варатара Максіма Лубскага, але і для галоўнага трэнера каманды Дзмітрыя Квартальнава. Расійскі спецыяліст таксама правёў першы сезон у «Дынама-Мінск». «Калі ў пачатку сезона мы прыглядаліся да Дзмітрыя Вячаслававіча, не заўсёды яго разумелі, то сёння ў нас наладжана выдатнае ўзаемаразуменне і камунікацыя», — адзначае Міраслаў Міхалёў.

Бягучую серыю Міраслаў называе цікавай, бо прыходзіцца гуляць супраць хакеістаў высокага ўзроўню, падцягвацца да іх узроўню. «Я асабіста імкнуся настройвацца на гэтыя гульні, гэтак жа як настройваюся на матчы КХЛ — з максімальнай адказнасцю. Канцэнтрацыя заўсёды павінна быць стопрацэнтнай. Але ў гэтай серыі мне здаецца, яна павінна быць яшчэ вышэйшай, таму што гуляць за зборную гэта вельмі адказна. Я думаю, што з гэтай серыі я атрымаю карысны досвед. Калі гуляеш з тымі, хто слабей, ты не расцеш, калі гуляеш супраць мацнейшых хлопцаў, у любым выпадку будзеш расці. Такія матчы даюць магчымасць падглядзець за лепшымі ігракамі, навучыцца нейкаму прыёму. І гэта ж крута, калі перад вачыма ёсць рэальны прыклад», — разважае хакеіст.

Пакуль заядлым сапернікам беларускай зборнай на гэтых спаборніцтвах стала каманда Расія 25. У Астане яна нанесла беларусам паражэнне з вынікам 6:0, у Омску — з вынікам 4:0. 9 мая ў Туле, таксама ўступілі з вынікам 6:2.

«Заўсёды непрыемна прайграваць, але дынаміка пазітыўная. Мы ведаем, што нам трэба выправіць. І з халоднай галавой будзем выходзіць на лёд. Ніякай панікі няма. Мы атрымліваем асалоду ад хакея. Тым больш такая крутая магчымасць пагуляць у маі, ды яшчэ і супраць моцных каманд», — адзначае Міраслаў Міхалёў.

Найбольшая ўвага аматараў, безумоўна, будзе прыцягнута да матча на «Мінск-Арэне». Канешне, дома сцены дапамагаюць, але могуць і дадаваць адказнасці перад балельшчыкамі. Праўда, Міраслаў Міхалёў ставіцца да гэтага спакойна: «Большая частка нашай каманды ўжо гуляла на „Мінск-Арэне“, я гуляў на „Мінск-Арэне“. Ніякага хвалявання быць не павінна. Нам трэба проста выйсці на родны лёд і гуляць у той хакей, у які мы гуляем. І што нам на руку — родныя трыбуны, іх падтрымка заўсёды дадае ўпэўненасці».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота ФХБ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.