Вы тут

У МУС узнагародзілі журналістаў, якія асвятляюць міліцэйскую тэматыку


На працягу 19 гадоў Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць конкурс на найлепшае асвятленне ў СМІ і інтэрнэце дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войск. На працягу гэтага часу прадстаўнікі ведамства збіраюць журналістаў з усёй краіны, каб асабіста сказаць аб тым, што за іх публікацыямі і сюжэтамі — выратаваныя жыцці, няздзейсненыя злачынствы і правапарушэнні, упэўненасць грамадзян ва ўласнай бяспецы, вялікая колькасць ахвотных папоўніць шэрагі органаў унутраных спраў


Расказваючы і паказваючы міліцэйскія будні, інфармуючы насельніцтва аб выкананні мер бяспекі і адказнасці за тыя ці іншыя правапарушэнні, сродкі масавай інфармацыі так ці інакш уплываюць не толькі на крымінагенную абстаноўку, але і ў цэлым на мікраклімат у грамадстве. У Міністэрстве ўнутраных спраў не хаваюць: мала рабіць сваю работу, яе яшчэ трэба ўмець паказаць. У сваю чаргу, журналісты, якія асвятляюць міліцэйскую тэматыку, ніколі не застануцца без работы: у кожным падраздзяленні ёсць інфармацыя, якую важна своечасова данесці да насельніцтва, служаць людзі, з якіх варта браць прыклад.

Плён шчыльнага ўзаемадзеяння

Сёлета на разгляд кампетэнтнага журы было прадстаўлена звыш 200 работ. Больш як 50 рэдакцыйных калектываў з усёй краіны спаборнічалі за перамогу ў той ці іншай намінацыі. А іх, дарэчы, было нямала: «Праект года», «На варце onlіne», «Медыямайстар», «Весці рэгіёнаў», «Аб’ектыўна і прафесійна», «Дастукацца да сэрцаў», «Участковы заўсёды побач» і інш.

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк выказаў удзячнасць аўтарам і калектывам СМІ, якія прынялі ўдзел у конкурсе, за пастаянную цікавасць да міліцэйскага ведамства і канструктыўнае супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы. Eн падкрэсліў, што для міліцэйскага ведамства ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі мае асаблівае значэнне. «Гэта не толькі ацэнка нашай дзейнасці, але і камунікацыя, што дазваляе нам карэкціраваць работу і разам даносіць правільную, патрэбную інфармацыю да нашых грамадзян, — удакладніў Дзмітрый Карзюк. — Наша ўзаемадзеянне стварае той падмурак, на якім будуецца дыялог грамадскасці з міліцыяй, мацнее давер і павага да вартавых правапарадку».

За 19 гадоў, якія праводзіцца конкурс, ён увесь час мадэрнізуецца. У першую чаргу, гэта датычыцца намінацый. Напрыклад, яшчэ некалькі гадоў таму такая намінацыя, як «Стоп, махляры!», была не актуальная. Цяпер жа кожны ведае, хто такія кіберзлачынцы: на жаль, на ўлоўкі тэлефонных махляроў і інтэрнэт-ашуканцаў трапіла нямала людзей. Апошнім часам ахвяр у кіберзлачынцаў становіцца менш — у гэтым заслуга і СМІ, якія рэгулярна асвятляюць гэтую праблематыку. Таму намінацыі, у якіх МУС прапаноўвае журналістам паспаборнічаць, запатрабаваны часам.

Рэдактар аддзела газеты «Звязда» Вераніка Канюта стала пераможцам у намінацыі «Участковы заўсёды побач». У год, калі адзначалася 100-годдзе з Дня ўтварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі, у газеце выйшаў шэраг рэпартажаў аб прадстаўніках гэтай міліцэйскай прафесіі, тонкасцях службы. На старонках «Звязды» выходзіць сумесны праект рэдакцыі і Міністэрства ўнутраных спраў «Фарпост спакою», які паказвае шматгранную дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Як звярнула ўвагу начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Наталля Сахарчук, прэс-служба МУС узаемадзейнічае з рэдакцыяй «Звязды» на працягу многіх гадоў. «Гэта плённая і вельмі сур’ёзная сумесная работа, — падкрэсліла яна. — Напісаць артыкул няпроста. Для гэтага спачатку трэба знайсці інфармацыйную нагоду, затым адшукаць годнага чалавека, які мог бы аб гэтым кампетэнтна расказаць. Складана ўявіць газету і без фотакантэнту. Гэтае шчыльнае ўзаемадзеянне, падтрымка адзін аднаго ў выніку даюць станоўчы плён».

Па словах Наталлі Сахарчук, «Звязда» шырока асвятляе міліцэйскую тэматыку. «Гэта матэрыялы аб людзях, прафесіях, іміджы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, матэрыялы непасрэдна аб рабоце міліцыі, — канкрэтызавала начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС. — Таму вельмі прыемна, што з году ў год „Звязда“ прымае актыўны ўдзел у гэтым конкурсе. Мы віншуем вашага карэспандэнта, ад душы жадаем творчых поспехаў, новых праектаў, ідэй і рухацца наперад. Як кажа кіраўнік дзяржавы, час выбраў нас. Менавіта сумеснымі матэрыяламі зробім усё для таго, каб у нашай краіне было спакойна і бяспечна».

Цікава і эфектыўна

У кулуарах цырымоніі ўзнагароджання карэспандэнты «Звязды» пагутарылі з лаўрэатамі і намінантамі конкурсу на найлепшае асвятленне ў СМІ і інтэрнэце дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войск.

Як прызнаўся спецыяльны карэспандэнт БелТА Андрэй Варапай, які стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі «На варце onlіne», на пачатку свайго захаплення міліцэйскай тэматыкай было няпроста разабрацца ў спецыфіцы гэтай сферы. «Калі разабраўся, што да чаго, зразумеў, што нічога складанага няма, нават стала цікава, — заўважыў ён. — Працую з усімі падраздзяленнямі ведамства, у кожнага — свая спецыфіка. Таму сумна ніколі не бывае. Асабліва радасна, калі ад тваіх публікацый у выніку ёсць эфект. Тым больш калі ідзе размова аб правапарушэннях Правіл дарожнага руху, кіберзлачынствах, распаўсюджванні наркотыкаў. Калі гэта прафілактаваць, паказваць, якія могуць мець наступствы тыя ці іншыя дзеянні, то так ці інакш інфармацыя ўплывае на чытачоў, гледачоў і слухачоў».

Праектам года, па меркаванні журы, стаў праект рэдакцыі газеты «Пінскі веснік» — «Пяць дзён з аховай». Па словах намесніка рэдактара рэдакцыі газеты «Пінскі веснік» Людмілы Рэбкавец, журналісты разам з пінскім аддзелам Дэпартамента аховы МУС ажыццявілі інтэрнэт-праект, у якім расказалі аб буднях супрацоўнікаў Дэпартамента аховы, гісторыі гэтага аддзела, людзях, якія там служаць, ветэранах падраздзялення.

«У нас наладжана вельмі шчыльнае ўзаемадзеянне з міліцыяй, — падкрэсліла Людміла Рэбкавец. — У кожным нумары штотыднёвіка выходзіць тэматычная старонка „Праваахоўнік“, дзе ўтрымліваюцца навіны, інфармацыя аб акцыях, якія праводзіць міліцыя, адлюстраваны рэйды, грамадзянскія ініцыятывы органаў унутраных спраў. Мы расказваем аб людзях, якія выбралі гэтую прафесію: маладых міліцыянерах, вопытных супрацоўніках, ветэранах. Увогуле, матэрыялы на міліцэйскую тэматыку карыстаюцца папулярнасцю ў нашых чытачоў. Людзям заўсёды цікава ведаць аб бяспецы, адчуваць сябе абароненымі і бачыць, якім чынам гэта забяспечваецца».

Сярод лаўрэатаў конкурсу — і прадстаўнікі ведамасных прэс-службаў Міністэрства ўнутраных спраў. На пляцоўках уласных сацыяльных сетак яны дзеляцца актуальнымі навінамі сваіх падраздзяленняў, паказваюць святы і будні супрацоўнікаў, расказваюць, як папоўніць іх шэрагі. Напрыклад, і днём, і ноччу на пульсе падзей знаходзяцца аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі і Дэпартамента аховы. Невыпадкова каманды прафесіяналаў сталі пераможцамі ў намінацыі «Аб’ектыўна і прафесійна».

Начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі Дзяніс Пархейчук звярнуў увагу на тое, што за інфармацыйным суправаджэннем усіх падзей, якія адбываюцца ва ўнутраных войсках, стаіць вялізная праца. «Патрабуецца немалы чалавечы рэсурс для таго, каб даводзіць інфармацыю цікава і заўсёды павышаць тую планку, якую некалі задалі, — патлумачыў ён. — Заўсёды імкнёмся перасягнуць саміх сябе, каб той кантэнт, які прапаноўваем нашым падпісчыкам, быў цікавы. Адна з нашых задач — папулярызацыя воінскай службы. Паказваем, якія людзі ў нас служаць, якія задачы выконваюць, каб разумелі, што быць ваеннаслужачым — няпроста, але вельмі ганарова. Найвышэйшая ацэнка, калі людзі кажуць, што пасля прагляду нашых ролікаў пайшлі служыць або паступілі на факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі».

Па словах часова выконваючай абавязкі па пасадзе начальніка аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дэпартамента аховы МУС Алены Гоман, каманда, якая забяспечвае інфармацыйнае суправаджэнне гэтага міліцэйскага падраздзялення, максімальна зараджана, аддаецца прафесіі напоўніцу. «У першую чаргу, матывуе зваротная сувязь з нашымі падпісчыкамі і чытачамі, — падзялілася яна. — Мы імкнёмся ўлічыць іх меркаванне, рэгулярна чытаем каментары і зыходзім з запыту аўдыторыі. Служба ў Дэпартаменце аховы вельмі шматгранная, паўсядзённыя будні аховы вельмі насычаныя. Гледзячы на нашы відэаролікі ў інтэрнэце, маладыя людзі цікавяцца, як трапіць да нас на службу. А гэта дарагога варта».

Ніка МАЙСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.