16-17 мая ў беларускай сталіцы збяруцца вядучыя спецыялісты ў галіне пластычнай хірургіі з Бразіліі (адной з дзяржаў-сусветных лідараў у гэтым напрамку медыцыны), Расіі, Турцыі, Казахстана, Азербайджана, іншых краін, а таксама лепшыя беларускія пластычныя хірургі. У Мінску пройдзе І Беларуска-бразільскі кангрэс пластычнай хірургіі і касметалогіі «Face to Face» і ІІ Нацыянальны кангрэс «Пластычная хірургія і касметалогія».
Арганізатарамі міжнароднага прафесійнага форуму выступілі Таварыства пластычнай, рэканструктыўнай і эстэтычнай хірургіі (Рэспубліка Беларусь), Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, Міністэрства аховы здароўя нашай краіны і Бразільскае таварыства пластычнай хірургіі пры актыўным удзеле Пасольства Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь.
— Ідэя кангрэса ўзнікла, як вынік імкнення зблізіць навуковыя і акадэмічныя колы Бразіліі і Беларусі, паглыбіць наша супрацоўніцтва, — сказаў напярэдадні кангрэса Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — У Бразіліі праводзіцца найбольшая колькасць пластычных аперацый у свеце. Напрыклад, летась у Бразіліі было праведзена 55 млн пластычных аперацый, гэта ў пяць разоў перавышае насельніцтва Беларусі. Узровень медыцыны ў Беларусі вельмі высокі. Беларускія медыкі маюць унікальную кваліфікацыю, таму ідэя была ў тым, каб менавіта праз Беларусь славянскі свет даведаўся больш падрабязна пра бразільскія дасягненні ў галіне пластычнай хірургіі.
Галоўная тэма кангрэса вызначана як пластычная хірургія твару. У першую чаргу размова ідзе аб амаладжальнай хірургіі.
— Хірургія твару — адна з найбольш запатрабаваных паслуг. Размова на кангрэсе будзе ісці таксама аб ліфтінгу твару, пластыцы носа і пластыцы шыі, — сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь. — Гэта першы кангрэс, і, мы спадзяемся, ён пакладзе паспяховы пачатак шэрагу наступных кангрэсаў, і ў далейшым на іх мы будзем казаць і аб хірургіі іншых частак чалавечага цела. Спадзяемся, кангрэс паслужыць развіццю адносін паміж Беларуссю і Бразіліяй, беларуска-бразільскіх сувязей у галіне медыцыны. Пластычная хірургія садзейнічае развіццю хіміка-біялагічных даследаванняў, прагрэсу ў гэтай навуковай сферы. Падкрэслю: гэты кангрэс — мерапрыемства шматбаковае, ён мае і навуковы, і эканамічны складнікі. У нас ёсць магчымасць запрасіць на яго бразільскія прадпрыемствы, каб прадставіць медыцынскую прадукцыю, пазнаёміцца з магчымымі партнёрамі.
Беларусь і Бразілія прадаўжае супрацоўнічаць у розных сферах, дадаў ён.
— У прыватнасці, нядаўна падпісаны тры пагадненні аб супрацоўніцтве паміж найбуйнейшым бразільскім федэральным універсітэтам і трыма універсітэтамі Мінска. Сярод іх ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў галіне медыцыны: камп’ютарныя тэхналогіі ў развіцці медыцыны. Што да супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь адправіла чацвярых беларускіх студэнтаў для навучання ў Бразіліі. А ў пачатку года было дасягнута пагадненне аб правядзенні сустрэчы па эканамічных кансультацыях у Бразіліі, — сказаў пасол.
Маючы адбыцца медыцынскі кангрэс пашырыць узаемадзеянне і створыць новыя магчымасці для навуковага абмену ў галіне пластычнай хірургіі і касметалогіі, а таксама рэканструктыўнай хірургіі з прычыны траўм, калецтваў і анкалагічных аперацый. Кангрэс намеціць перспектывы для рэгулярнага абмену ведамі і вопытам паміж спецыялістамі з нашай краіны і Бразіліі, пашырыць магчымасці беларускай пластычнай хірургіі і касметалогіі праз прымяненне сучасных падыходаў і аўтарскіх рашэнняў іх бразільскіх калег, падкрэсліваюць яго арганізатары. З часам беларуская сталіца сфарміруе імідж аднаго з прызнаных цэнтраў пластычнай хірургіі і касметалогіі СНД.
Удзельнікаў кангрэса чакае насычаная праграма. З лекцыямі і дакладамі онлайн і офлайн выступяць прызнаныя спецыялісты ў галіне амаладжэння твару, рынапластыкі, іншых напрамкаў пластычнай хірургіі. Сярод іх — Валнэй Пітомба (Бразілія), Прэзідэнт Бразільскага таварыства пластычнай хірургіі і сапраўдны член найбуйнейшых міжнародных таварыстваў пластычнай хірургіі. Ён будзе ўдзельнічаць у кангрэсе па відэасувязі. Спецыялізацыя доктара Пітомба — рынапластыка (паляпшэнне формы носа, ухіленне прыроджаных ці набытых недасканаласцяў), і на яго рахунку — 40 гадоў практыкі і больш за 10 тысяч аперацый. Сярод гасцей беларускай сталіцы будзе, у прыватнасці, Марсела Радрыгес да Кунья Араўжо, кіраўнік Аддзела хірургіі твару Бразільскага таварыства пластычнай хірургіі.
— Такое мерапрыемства ўпершыню праходзіць на тэрыторыі постсавецкай прасторы, — падкрэсліла дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, сапраўдны член Міжнароднага таварыства эстэтычнай пластычнай хірургіі (ISAPS) Дыяна Пятрова. — Я ўдзячная бразільскім калегам за тое, што яны падтрымалі наш праект і падзеляцца сваімі ведамі і вопытам з беларускімі ўрачамі. Таксама ў кангрэсе прымуць удзел калегі з Турцыі, Расіі, іншых краін. Гэта добрая магчымасць для нашых спецыялістаў пашырыць свае веды. Кангрэс дазволіць даведацца пра новыя тэндэнцыі і сучасныя методыкі, якія папулярныя ў Бразіліі і Амерыцы.
Беларускім пластычным хірургам таксама ёсць што прадставіць калегам на міжнародным прафесійным форуме, расказала Дзіяна Пятрова:
— Некалькі месяцаў таму супрацоўнікі Цэнтра транспланталогіі правялі аперацыю па аднаўленні цэнтральнай часткі твару і носа. Аб гэтым на кангрэсе будзе зроблены даклад. Гэта добры вынік, якім можна ганарыцца.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
На прасторах яе вялікасці кнігі.