Вы тут

Уладзімір Канаплёў: Нам трэба па 20 «каралькоў»


Чарговы гандбольны сезон скончыўся. У мужчынскім рэгулярным чэмпіянаце амаль нічога новага — у 16-ы раз чэмпіёнамі краіны стаў БГК «Мяшкоў Брэст», абыграўшы свайго пастаяннага саперніка СКА-Мінск. Дарэчы, у гэтым сезоне армейцы з новым трэнерскім штабам добра дадалі. У жаночым чэмпіянаце развязка пакуль не наступіла. Нацыянальныя зборныя праводзілі суперсерыі з расійскімі супернікамі. І паказвалі нядрэнны вынік. Напрыклад, у сакавіку мужчынская зборная скончыла Суперсерыю з расійскімі сапернікамі з вынікам 4:2. Работы было праведзена шмат. І трэба правесці яшчэ больш. Пра асноўныя вынікі сезону і планы «Звяздзе» расказаў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. 


— Уладзімір Мікалаевіч, здаецца, для развіцця дзіцяча-юнацкага гандбола ёсць усё. Але часцей за ўсё, гэта пытанне адносіцца да катэгорыі праблемных, не выключэннем стаў і выканкам федэрацыі, які прайшоў у сакавіку. І ўсё-такі, што трэба рабіць, каб гэта пытанне больш не было праблемным?

— Для таго, каб развіваўся дзіцяча-юнацкі гандбол развіваўся, каб у нас быў рэзерв, трэнеры не павінны заспакойвацца, яны павінны працаваць дзень і ноч. А тое нашлі аднаго Каралька, аднаго Куляша, аднаго Вайлупова і заспакоіліся. Ні ў якім разе такога быць не павінна! Нам трэба па 20 такіх «каралькоў». Гандбол — вельмі траўматычны від спорту, таму на кожную пазіцыю ў кожным узросце павінны быць запасныя, і не адзін. У нас ёсць добрыя маладыя перспектыўныя гульцы, але сказаць, што яны ёсць абсолютна на кожную пазіцыю, я не магу. Вось з варатарамі ў нас праблемы, і трэнеры асабліва нічога не робяць, каб гэту праблему вырашыць. На выканкаме я рэзка падняў гэтую тэму, і ніхто не запярэчыў, значыць я быў правы. 

— Знайсці тых самых будучых каралькоў і вайлупавых гэта, найперш, задача дзіцячых трэнераў?

— Гэта агульная задача. Павінны працаваць і дзіцячыя трэнеры, і трэнеры маладзёжнай, юнацкай, нацыянальнай зборных. Таму я і кажу ўсім трэнерам — ідзіце ў народ, шукайце асілкаў, калі трэба — крадзіце іх у іншых відах спорту. Убачылі, што хлопец добра молат кідае — старайцеся прыягнуць яго ў гандбол, калі ён з молатам спраўляецца, то і мяч з лініі ў вароты закіне. Не зможа бегаць, дык лінейнаму можна і проста хадзіць. Да, мы ставім задачу павялічыць колькасць тых, хто займаецца гандболам. Але разумеем, што не ўсім стаць алімпійскімі чэмпіёнамі. Не бяда, так мы атрымаем фізічна развітых людзей. 

— Уладзімір Мікалаевіч, якія вобласці ў развіцці гандбола вы можаце пахваліць, а ў якіх ёсць праблемы?

— Я магу пахваліць Мінск, Магілёўскую вобласць, Гомельскую, Брэсцкую. Я магу пахваліць Гродзенскую вобласць, яны другія пасля Мінска па колькасці дзяцей, якія займаюцца гандболам. У Брэсце, улічваючы, наколькі там папулярны Мяшкоў-Брэст, адбою ад дзяцей быць не павінна, але Гродна іх апярэджвае. Малайцы. У Віцебску, абласным цэнтры, няма гандбольнай залы, хаця гандбол развіваецца ў Наваполацку, Полацку, Оршы. Сёлета плануем стварыць мужчынскую каманду ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Думаю, да канца восені ўсё павінна атрымацца. 

— Калі казаць пра дарослы гандбол, то якія ўражанні ў вас пакінуў гэты сезон?

— У жаночым чэмпіянаце мяне вельмі радуе, што Гомелю і БНТУ-БелАЗ наступаюць на пяткі «Гродна» і «Бярэсце». Я парадаўваўся за БНТУ-БелАЗ, у каманду вярнуліся дасведчаныя гульцы, некаторыя ўжо мамы, яны аказалі добрую падтрымку моладзі. Каманда нарэшце перамагла «Гомель», якому не маглі выйграць некалькі гадоў. «Гомелю» — гэта добрая нагода задумацца, як яны будуць утрымліваць сваё лідарства. У мужчынскім чэмпіянаце захавалася традыцыйнае дэрбі СКА-БГК «Мяшкоў». Я вельмі рады, што падцягнулася другая каманда. І што вельмі важна, і што асабліва радуе — у абедзвюх камандах СКА гуляюць выключна беларусы. Гэта ж класна. 

— Ужо два гады, як нашы каманды адхілены ад міжнародных стартаў. За гэты час спартсмены ў майстэрстве не згубілі?

— Мы стараемся зрабіць усё, каб не згубілі, каб не страцілі практыку. Мне падаецца, што ў нас гэта атрымліваецца. У нас ёсць гульцы, якія выступаюць за еўрапейскія клубы, удзельнічаюць у Лізе чэмпіёнаў — свой досвед і веды яны прывозяць сюды і перадаюць іх моладзі. Я глядзеў апошні чэмпіянат Еўропы, які ў Германіі праходзіў, і хачу сказаць, што па раскладзе наша мужчынская зборная магла б увайсці ў васьмёрку лепшых. Нядаўна праводзілі суперсерыю з расійскімі камандамі для нацыянальнай зборнай, нашы хлопцы аказаліся мацнейшымі. Нядрэнна. Але гэта не азначае, што калі мы выйгралі расіян, то яны слабейшыя за нас і можна адпачываць. Нашым мужыкам яшчэ ёсць куды імкнуцца. 

Зараз мы асаблівую ўвагу ўдзяляем таму, каб было больш таварыскіх гульняў на ўзроўні жаночых зборных — нацыянальнай, юніёрскай, маладзёжнай — з расійскімі саперніцамі. Я вельмі хачу, каб дубль БНТУ, дубль «Гомеля» пагулялі супраць дубля ЦСКА. Тады мы на свае вочы ўбачым узровень падрыхтоўкі нашай моладзі, убачым, якое ў іх гульнявое мысленне ў параўнанні з равесніцамі з ЦСКА. А то прывыклі ездзіць у Літву, Латвію, Польшчу, Славенію, Нідэрланды — бог ведае куды, абы пакатацца, а толку ніякага. А побач Расія, якая ў жаночым гандболе лідар. І мы забывалі, што можам і ў іх многаму навучыцца. Зараз ліквідзіруем гэтыя прабелы. На гульнях БРІКС будзе прадстаўлены пляжны гандбол, мы задумалі новыя турніры з нашымі расійскімі сябрамі (пакуль не буду раскрываць усе сакрэты). Каляндар будзе насычаны. 

— Ёсць якія-небудь навіны наконт вяртання нашых гандбалістаў на міжнародную арэну?

—Нічога не чуваць. У еўрапейскім, сусветным гандболе поўная дыктатура, усё і ўсе падпарадкаваны палітыцы, а не спорту. У прыватных размовах усе ківаюць галавой і нам спачуваюць. Але толькі ў прыватных размовах. Пайсці супраць Баха (якога, дарэчы, Беларусь і Расія падтрымалі пры абранні на пасаду прэзідэнта МАК), ніхто не асмельваецца. 

— Чым больш каманды адхіленыя — тым складаней будзе вяртацца...

— Да, вяртацца будзе складана, але цікава. Нам трэба будзе прайсці самыя першыя этапы. Заадно і праверым, правільна мы працавалі ўвесь гэты час адхіленне ці не. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.