Вы тут

9 мая ва ўсіх кутках Беларусі адсвяткавалі Дзень Перамогі!


У Беларусі 9 мая адзначылі адно з самых важных святаў у гісторыі краіны — Дзень Перамогі. Для жыхароў рэспублікі гэта не толькі святочны дзень, але і Дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам — усім, хто набліжаў Перамогу.


Фота БелТА


Лукашэнка ў Дзень Перамогі! | Поўная версія! | Прамы эфір!


«Радзіма — адзіная, іншай не дадзена. Яе не толькі трэба любіць, яе трэба абараняць»


«Наш абавязак — захаваць памяць аб подзвігу герояў, перадаць гістарычную праўду вайны». Наталля Качанава павіншавала беларусаў з Днём Перамогі


Сергеенка: Беларусі трэба будзе абараняць гістарычную праўду і памяць


Замежныя лідары павіншавалі беларускі народ з Днём Перамогі


Шульган: Дзень Перамогі — гэта незалежнасць, свабода і права жыць так, як таго хоча беларускі народ

Дзень Перамогі — гэта незалежнасць, свабода і права жыць так, як таго хоча беларускі народ. Такую думку выказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, паведамляе БелТА.

Фота: БелТА

Свята Перамогі для Канстанціна Шульгана асабліва дарагое таму, што больш за 34 гады свайго жыцця ён прысвяціў ваеннай службе. Міністр скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (цяпер Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. — Заўвага БелТА) з чырвоным дыпломам і пасля прадаўжаў службу ў частках, якія займаюцца абаронай інфармацыі ад замежных тэхнічных разведак.

«Усё роўна, носіш ты ваенную форму ці не, абараняць сваю Радзіму можна на любых рубяжах і ў любой галіне, у тым ліку ў эканоміцы. І правільна адзначаў Прэзідэнт, эканоміка — гэта ўсё, а абарона нашай краіны будуецца на эканамічных дасягненнях. І ўзровень вытворчасці, і абараназдольнасць залежаць ад гэтага», — падкрэсліў ён.

Што да моладзі, то Канстанцін Шульган сказаў: «У мяне ёсць дакладнае перакананне — моладзь заўсёды лепшая за нас. Наступнае пакаленне заўсёды разумнейшае, больш эфектыўнае. Яны ведаюць і ўмеюць больш за нас. Выхаваўчы і маральны складальнік прывіваецца маладому пакаленню бацькамі, старэйшымі настаўнікамі, таму сувязь пакаленняў таксама вельмі важная ў гэтым працэсе».

На думку кіраўніка Мінсувязі, Дзень Перамогі — гэта незалежнасць, свабода, права жыць так, як таго хоча беларускі народ, а не нехта звонку. «Традыцыя святкавання прадаўжаецца, моладзь прадаўжае ісці на ваенную службу. Менавіта таму наша краіна і моцная. Адзінства, сувязь пакаленняў і пераемнасць традыцый дасць магчымасць нам быць гаспадарамі на нашай зямлі», — сказаў на заканчэнне ён.

Фота: БелТА


Пярцоў: Беларусь зробіць усё магчымае для захавання гістарычнай праўды

Беларусь зробіць усё магчымае для захавання гістарычнай праўды. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, перадае БелТА.

«Мы не мянялі сваё стаўленне да гісторыі, гістарычнай праўды. Мы проста не маем маральнага права забыць той подзвіг нашых продкаў, дзядоў і прадзедаў, якія аддалі жыццё, сваё здароўе, самыя светлыя гады свайго жыцця на тое, каб абараніць Перамогу, выбудаваць нанова нашу краіну. Таму ў нас у краіне перагляду гісторыі ніколі не было», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Ён адзначыў, што ў краінах Захаду проста выкрэсліаюць і купіруюць гістарычную праўду, перапісваюць гісторыю дзеля таго, каб тыя, хто быў зрынуты ў Вялікай Айчыннай вайне, і іх нашчадкі, паднімалі галовы і спрабавалі выбудаваць фашызм 2.0, пры гэтым яны прыўносяць ў гэта свае «еўрапейскія каштоўнасці» і прымушаюць ўвесь свет жыць па сваіх канонах і правілах.

«Так не атрымалася 79 гадоў таму і так не атрымаецца цяпер. Таму мы, дзеці, унукі і праўнукі пераможцаў, зробім усё магчымае для таго, каб захаваць гістарычную праўду і не даць паўтарыцца той страшнай гісторыі», — заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Галоўчанка: Мір на планеце — найвышэйшая каштоўнасць для ўсяго чалавецтва, і яго трэба захаваць

Мір на планеце — найвышэйшая каштоўнасць для ўсяго чалавецтва, і яго трэба захаваць. Аб гэтым заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае БелТА.

Раман Галоўчанка нагадаў, што ў пасляваенныя гады не раз узнікалі крызісныя сітуацыі, аднак сусветным лідарам заўсёды ўдавалася знаходзіць у сабе здаровы розум і пэўную мужнасць, браць на сябе адказнасць, каб прыходзіць да ўзаемапрымальных рашэнняў і не разбураць далікатны свет.

«І ў цяперашні час, нягледзячы на тое, якія працэсы адбываюцца на еўрапейскім кантыненце і што гарачыя галовы спрабуюць навязаць усім сваё бачанне, я ўпэўнены, хопіць розуму для таго, каб захаваць мір на нашай планеце. Бо гэта найвышэйшая каштоўнасць для ўсяго чалавецтва, па-за залежнасці ад краіны пражывання», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Фота: БелТА


Паўлючэнка: Подзвіг савецкага народа ў гады вайны ўвайшоў у ДНК беларусаў

Подзвіг савецкага народа, горыч страты мільёнаў людзей не забыць, гэта стала часткай ДНК беларускага народа, заявіла першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, паведамляе БелТА.

Паводле яе слоў, гэты і наступны гады азнаменаваны значнымі для ўсіх беларусаў юбілеямі: 2024 год — 80-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 2025 год — 80-я гадавіна Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

«У летапісе нашай краіны падзеі Вялікай Айчыннай вайны адыходзяць усё далей і далей, але подзвіг савецкага народа, горыч страты мільёнаў людзей не забыцца, гэта стала часткай ДНК беларускага народа», — падкрэсліла Наталля Паўлючэнка.

Першы намеснік міністра адзначыла важнасць таго, каб акружыць ветэранаў і ўсіх, хто мае дачыненне да гэтай вайны клопатам, увагай не толькі 9 Мая, але і ў любы іншы дзень. Паводле яе слоў, дзяржава сёння гэта робіць. Штогод прадстаўнікі мясцовых органаў улады наведваюць гэтых людзей, абследуюць умовы жыцця і пры неабходнасці аказваюць дапамогу ў плане сацыяльна-бытавога абслугоўвання, дапамагаюць наводзіць парадак дома і ў двары.

Напярэдадні Дня Перамогі матэрыяльную дапамогу атрымалі амаль 8,4 тыс. чалавек, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Гэта ў тым ліку інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі размініравання тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле.

Фота: БелТА


Свята са слязамі на вачах: як Міншчына адзначае Вялікую Перамогу

Сёння, у Дзень Перамогі, каля «Кургана Славы» асабліва шматлюдна. Беларусы з усіх куткоў нашай краіны прыехалі сюды, каб аддаць даніну памяці воінам-вызваліцелям, якія заплацілі за нашу свабоду самае каштоўнае — свае жыцці — для таго, каб кожны з нас мог атрымліваць асалоду ад мірнага неба над галавой. Памяць загінуўшых у страшнай вайне ўшанавалі і на «Кургане Славы» —ускласці кветкі да падножжа знакавага мемарыяла прыехаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын.

9 мая ўся Беларусь аддае даніну павагі пакаленню пераможцаў — вечным героям, якія падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам. Ва ўсіх рэгіёнах праходзяць акцыі, прысвечаныя Вялікай Перамозе: беларусы нясуць кветкі да помнікаў і мемарыялаў, магіл невядомых салдат. 

«На мой погляд, 9 мая — гэта адно з самых важных і эмацыйных святаў. — распавёў журналістам старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, — Нездарма ўспамінаюцца словы з песні „Гэта свята са слязамі на вачах...“ З аднаго боку, гэта сапраўды вялікая радасць, таму што мы адзначаем вызваленне нашай Радзімы. З іншага — гэта слёзы, таму што мы разумеем, якой цаной нам дасталася гэтая Перамога». 

Свята Вялікай Перамогі ідзе з губернатарам рука аб руку ўсё жыццё. «Я ўвесь час успамінаю сваё дзяцінства, калі былі яшчэ жывыя бабулі і дзядулі, якія распавядалі пра тую страшную вайну, бацькі, што нарадзіліся адразу пасля вайны і распавядалі пра аднаўленне нашай Радзімы. Гэтае свята — адно з галоўных для беларусаў, і я ўпэўнены, што яно важнае не толькі для нас, хто нарадзіўся ў Савецкім Саюзе. Перакананы, што гэтае свята заўсёды будзе адным з галоўных і для моладзі, таму што подзвіг нашых дзядоў, прадзедаў, бацькоў немагчыма пераацаніць. Дзякуючы ім, сёння, гледзячы на выдатныя і мірныя абшары нашай краіны, па якіх не ездзяць танкі, не гінуць людзі, ты разумееш і аддаеш даніну вызваліцелям, што захавалі для нас нашу Радзіму», — адзначыў ён. 

Губернатар Міншчыны падкрэслівае: Курган Славы — гэта сімвал вызвалення нашай краіны. «Сёлета мы святкуем 80-годдзе з Дня вызвалення Беларусі. Мы абнаўляем сімвал нашай Перамогі. У апошнія гады Курган Славы выкарыстоўваецца вельмі інтэнсіўна. І не толькі на 9 мая і 3 ліпеня, але і ўсю вясну, лета і восень тут працуюць розныя выставы, сюды прыходзіць вялікая колькасць людзей. Безумоўна, мы бачым моманты, на якія трэба звярнуць увагу. На верхняй пляцоўцы абноўленыя плітка, прыступкі, гранітныя пліты. Засталіся невялікія штрыхі, якія мы ў бліжэйшы час давядзем да канца». 

З улікам правядзення мерапрыемстваў і вялікай колькасці людзей для зручнасці грамадзян пашырылі дарожкі, мадэрнізавалі сістэму паліву, каб яна не падводзіла нават у самае спякотнае лета. «Мы не забылі і аб экспанатах баявой тэхнікі, якая выкарыстоўвалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да 3 ліпеня тут з’явіцца вельмі цікавы экспанат, які будзе запатрабаваны як дарослымі, так і дзецьмі», — анансаваў Аляксандр Турчын. 

Яркай падзеяй абласнога свята, прысвечанага Дню Вялікай Перамогі, стаў фінал патрыятычнага велапрабегу «Звезда Вялікай Перамогі!», які аб’яднаў сотню ўдзельнікаў з дзевяці куткоў цэнтральнага рэгіёна. Велапрабег стартаваў 2 мая ад Заслаўя і завяршыўся 9 мая тут, каля Кургана Славы. Удзельнікі праехалі 352 незабыўныя кіламетры, перадаючы ад раёна да раёна Сцяг Перамогі. 

«У гонар гэтага святога свята быў арганізаваны велапрабег. — распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Яўген Булойчык, — Удзельнікі наведалі памятныя мясціны нашых продкаў, якія наскрозь прасякнуты гераізмам. Нашы ветэраны падарылі нам мірнае неба, і мы абавязаны ў сваіх сэрцах несці гэтую памяць далей».

Сёння ўдзельнікі велапрабегу перадалі сцяг загадчыку філіялам мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» Міхаілу Касачу, пасля чаго ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да падножжа «Кургана Славы». У найбліжэйшы час сцяг абласнога велапрабегу перададуць у музей мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Мінская вобласць


Ваенныя песні, смачная ежа і танцы. Як праходзіць Дзень Перамогі ля Палаца спорту ў Мінску

Народныя гулянні і святочны канцэрт «Мы памятаем! Мы ганарымся!» праходзіць ля Палаца спорту ў Мінску, перадае БелТА.

Сёння ля Палаца спорту сабралася шмат людзей. Раздзяліць святочны настрой, здаецца, выйшаў кожны жыхар сталіцы. Кожнаму ёсць занятак па душы: для дзяцей мноства ігравых зон, для аматараў музыкі і танцаў — канцэрт і вялізная пляцоўка. Тут мноства кропак, дзе можна паспрабаваць зусім розныя стравы.

На святочныя гулянні прыйшла сям’я Якавец. Анастасія расказала, што святкаваць Дзень Перамогі ў горадзе — іх сямейная традыцыя. «Мы памятаем нашых продкаў, людзей, якія адваявалі гэта свята. І хочацца такім чынам сказаць ім дзякуй», — адзначыла яна. Анастасія Якавец сказала, што на свята яны толькі прыйшлі, але планаў шмат. «Ад таго, як прыгожа, вочы разбягаюцца. Думаю, сёння зможам атрымаць пазітыўныя эмоцыі і пойдзем, вядома, у добрым настроі. Бо тут столькі людзей, энергетыка проста неверагодная, таму, я думаю, мы яе ўбярэм. Плануем сёння прыйсці і на салют», — падзялілася эмоцыямі яна.

Маленькая Маргарыта сёння таксама вырашыла ўшанаваць памяць герояў і прымерала пілотку. «Я хацела паказаць, што дзяўчаты таксама ваявалі, абаранялі нашу Радзіму. Яны героі!» — сказала яна.

Па словах арганізатараў, на сцэне святочнага канцэрта «Мы памятаем! Мы ганарымся!» мноства выканаўцаў — ад маладых да заслужаных і народных артыстаў. Сярод іх Жанет, Ірына Дарафеева і Аляксандр Саладуха.

Маладая артыстка Ірына Іршонак падкрэсліла, што менавіта сёння ваенныя песні гучаць асабліва. «Калі ў гэтае свята ты спяваеш ваенныя песні тых гадоў, якія падахвочвалі на подзвігі, якія дапамагалі спраўляцца з такімі цяжкімі часамі, гэта нешта неверагоднае. І калі ты разумееш, што менавіта ў гэты дзень 79 гадоў таму адбылося такое неверагоднае свята і яны гучалі там, то, канешне, мурашкі бягуць па скуры», — адзначыла артыстка. А таксама дадала, што гэтыя песні павінны гучаць і несці нашу спадчыну ў наступныя пакаленні.

Яшчэ адной выканаўцай, якая дорыць людзям святочны настрой, стала заслужаная артыстка Наталля Тамела. «Гэта асаблівы дзень, калі мы ўсе прыносім даніну за гэтую Вялікую, цудоўную Перамогу. У кожнага, я думаю, у сям’і былі і дзядулі, і бабулі, якія аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба. І мая сям’я не выключэнне. Так што хочацца пажадаць усім дабра і міру, а нашым ветэранам — даўгалецця і добрага настрою», — сказала яна. А таксама адзначыла, што святу спрыяе і надвор’е — дзень выдаўся сонечны і дастаткова цёплы. Гулянні ля Палаца спорту прадоўжацца да 23 гадзін. У кожнага ахвочага яшчэ ёсць магчымасць пачуць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл, падспяваць пад «Тры танкісты» і станцаваць пад «Смуглянку». А святочную атмасферу дапоўняць салют з песняй «Дзень Перамогі».

Таксама ў цэнтры Мінска аднавілі партызанскі лагер, беларускі падворак і атмасферу пасляваеннага горада.

Уваход на інтэрактыўную пляцоўку, якая пераносіць у іншую эпоху, аформлены ў выглядзе стылізаванай расчыненай брамы з надпісам «З Днём Перамогi». З раніцы тут шматлюдна. Шмат сем’яў з дзецьмі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядаюць старажытную тэхніку, макеты самалётаў. Працуе штаб ваенна-навучальнага палка. Тут выдаюць чырвонаармейскія кніжкі, дзе пазначаны месцы, куды трэба падысці, каб прайсці заданні. На кожнай лакацыі, а іх шэсць, выставяць штампы. Яшчэ да пачатку праграмы ў імправізаванай палаткі сабралася самавітая чарга. «Любім квэсты. Вельмі хочам паўдзельнічаць! Ужо з пляцоўкамі азнаёміліся», — падзяліліся чаканнямі хлопцы.

Дарэчы, такі фармат — навіна гэтага года. Выдадзены дакумент застаецца ва ўдзельнікаў на памяць. Удзельнікі, якія прайшлі ўсе выпрабаванні, атрымліваюць прыз. Сярод актыўнасцей — вяровачны лабірынт, танкавая бітва на цацачных танках, залпы мячом па мішэнях, паласа перашкод, пошук мін на мінным полі і інш. У цэнтры пляцоўкі разгарнулі сцэну, дзе выступаюць артысты ў касцюмах таго часу. Вакол — месцы для адпачынку: лаўкі, «прывал» са складзеннага па крузе бярвення. Карыстаюцца папулярнасцю шматлікія фотазоны. Прыцягвае ўвагу намётавае мястэчка. Побач з ім прадстаўлены розныя экспанаты: сродкі сувязі, друкаваныя машынкі, зброя, медыцынскі рыштунак, прадметы салдацкага побыту. Гасцей рыхтуюцца частаваць салдацкай кашай у зоне палявой кухні. Пакаштаваць пачастункі можна да 16.00. Адкрыліся рамесныя лаўкі, прадстаўлены традыцыйныя беларускія рамёствы. Асаблівую цікавасць гасцей выклікала кузня. Тут можна ўбачыць, як мяхамі раздзімаюць агонь.

На пляцоўцы «Беларускі падворак» у цэнтры ўвагі старажытныя беларускія забавы. Добрая гаспадыня вучыць моладзь правільна ставіць збанкі ў печ вілкам, «спадары» — забіваць цвікі, прабягаць паміж поўнымі збожжа мяшкамі. Гасцей знаёмяць з народнымі танцамі, прапануюць праспяваць «вясковае» караоке.

Яшчэ адна лакацыя — «Мінск пасляваенны». Тут мінакам прапануюць пагуляць у даміно, шахматы, шашкі, гольф, гумку, салачкі, хустачку, рыфмы, мястэчкі і патанцаваць. Можна ўбачыць стэнд з газетамі і афішамі, таксафонную будку, машыну «Перамога». Фотазонай служыць узноўленая кватэра пасляваеннага часу.

Пляцоўка «Партызанскія сцежкі» дазваляе акунуцца ў партызанскі побыт, паслухаць песні ваенных гадоў. Уздоўж сцэны змесцаваны 12 партызанскіх будан з іглічных лапак і бруса, тачанка і вогнішча. з Санкт-Пецярбурга Іскандэр. Сям’я адпачывае ў Мінску ўжо пяць дзён. «Сёння адлятаем. Уражанні добрыя. Вялікі, прасторны горад», — дадаў ён.

Святочныя мерапрыемствы праходзяць і ў пару Перамогі. Там разгаруліся выстава ваеннай тэхнікі, палявая кухня з салдацкай кашай, «Забег адважных» са мноствам разнастайных перашкод і іншыя актыўнасці.

У парку Перамогі людзі пачалі збірацца яшчэ раніцай, хаця святочная праграма «Пад небам Перамогі!» пачалася апоўдні. Каля ўваходу ў парк размясцілі сцэну, з якой артысты на працягу дня выконвалі песні ваенных гадоў. Гэта былі як класічныя, так і сучасныя кампазіцыі. Увагу жыхароў і гасцей Мінска прыкоўвала і ваенная тэхніка, у якой маглі сфатаграфавацца ўсе ахвочыя. Асаблівую цікавасць выстава выклікала ў дзяцей, якія з непадробным захапленнем залазілі прама на баявыя машыны. Некаторыя — не без дапамогі бацькоў, таму што ў парку Перамогі было нямала і зусім юных рабят. Не абышлося і без палявой кухні з салдацкай кашай.

Людзі, якія сёння прыйшлі ў парк Перамогі, могуць спакойна адпачыць са сваімі блізкімі і сябрамі, добра правесці час і нацешыцца ўжо амаль зусім летнім надвор’ем. Але яны не забываюцца пра тых, хто коштам свайго жыцця, нечалавечых намаганняў і пазбаўленняў, літаральна заваяваў для іх такую магчымасць. Пра гэта гаворыць мноства кветак, якія людзі ўсклалі і на працягу дня працягвалі ўскладаць да стэлы «Мінск — горад-герой» і каля ўвахода ў парк Перамогі.

У Музеі Вялікай Айчыннай вайны таксама сёння быў самы сапраўдны ажыятаж. Там расказалі, што толькі да дзвюх гадзін дня сюды прыйшлі каля 11 тыс. чалавек. Гэта больш, чым у папярэднія гады, калі ўваход таксама быў бясплатны. І людзі працягвалі прыходзіць — парамі, сем’ямі, кампаніямі.

Адной з самых яркіх падзей стаў «Забег адважных», у якім бралі ўдзел наведвальнікі парку ад малога да вялікага. Жадаючым праверыць свае хуткасць і спрыт трэба было пераадолець шмат самых розных перашкод. Гэта і шыны, і лабірынт, і пантонная пераправа, і многае іншае. Вядома, для юных удзельнікаў забегу перашкоды спрасцілі. А на фінішы ўсім падарылі памятныя медалі.

Не меншую цікавасць выклікала такая незвычайная лакацыя, як «Кніга Памяці», якую ўсталявалі ля стэлы. Гэта маштабны стэнд у форме кнігі, дзе ахвочыя маглі пакінуць імёны сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне ці загінулі на яе франтах. Людзі прыходзілі сюды на працягу дня, і старонкі імправізаванай кнігі аказаліся цалкам запоўненыя.

Святочная праграма ў парку Перамогі завершыцца а 19-й гадзіне. А ўжо ў 23.00 салют размалюе неба ў шасці лакацыях Мінска.

Фота: БелТА і Віктара ДРАЧОВА


Беларусь у святочным настроі​. Фотарэпартаж


Юрый Шулейка: «Памяць нас аб’ядноўвае»

У Брэсце адбыўся парад з удзелам ваеннай тэхнікі, а на мітынг у Брэсцкую крэпасць прыйшло каля 60 тысяч чалавек.

Святкаванне Дня Перамогі ў Брэсце пачалося з мерапрыемстваў у кожным з двух раёнаў горада. Шостага і сёмага мая ў Ленінскім і Маскоўскім раёнах адбыліся мітынгі з ускладанннем кветак да памятных мясцін, ушанаваннем памяці герояў вайны і яе ахвяр. 

Напярэдадні ў горадзе над Бугам адкрыўся міжнародны фестываль хароў хлопчыкаў «Берасцейскія харавыя асамблеі», прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Форум сабраў каля 400 выканаўцаў з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Усе ўдзельнікі фэсту — шматразовыя лаўрэаты Міжнародных конкурсаў, фестываляў, тэлефізійных праектаў, патрыятычных акцый, пастаянныя ўдзельнікі дзяржаўных культурных мерапрыемстваў. Канцэрты хароў адбываліся на розных пляцоўках горада. Калектывы фестывалю сталі ўдзельнікамі мітынга ў Брэсцкай крэпасці. 

А старт святочным мерапрыемствам Дня Перамогі ў Брэсце даў парад з удзелам ваеннай тэхнікі. Роўна ў 9 гадзін пачаўся ўрачысты марш па галоўнай плошчы горада. Лічба 79 тут не выпадковая, менавіта столькі адзінак рэтра-тэхнікі і сучасных узораў — за кожны пераможны год — прайшлі ў парадным страі. У галаве калоны — рарытэтныя УАЗы з ветэранамі, затым матацыклы, танк сямейства ІС, а яшчэ прысутных уразіла конніца. Рэканструктары аднавілі вобразы савецкіх кавалерыстаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тым самым нагадалі, што савецкая конніца адыграла значную ролю ў гады вайны. Па плошчы прайшлі рэканструктары, ваеннаслужачыя Брэсцкага гарнізона і органаў пагранічнай службы, сілавых структур, а таксама выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, вучні кадэцкіх класаў. Абапал дарогі выстраіліся сотні людзей, каб паглядзець на парад. Многія прыйшлі з сем’ямі, дзеці махалі сцяжкамі тым, хто ішоў ва ўрачыстых калонах, дарослыя ўсміхаліся. 

Пешая і механізаваная калоны прайшлі пад акампанемент узорна-паказальнага аркестра Брэсцкай пагранічнай групы і аркестра 38-й дэсантна-штурмавой брыгады. Мелодыю вядомай песні «Дзень Перамогі» падпявалі, здавалася, усе. Завяршылася шэсце вынасам аграмаднага палотнішча Дзяржаўнга сцяга Рэспублікі Беларусь, якое пранеслі лепшыя навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў абласнога цэнтра. Затым ўдзельнікі парада накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць. Тым часам сюды ўжо сцякаліся людскія патокі. Прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, школьнікі са сваімі настаўнікамі сталі збірацца ў цэнтры горада загадзя, а потым рушылі арганізаванымі калонамі ў бок галоўнай святыні горада над Бугам. 

У шэсці калоны «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» на гэты раз удзельнічала каля сямі тысяч чалавек. Да 11 гадзін, паводле ацэнкі арганізатараў, каля 60 тысяч чалавек сабраліся на плошчы Цырыманіялаў і ў яе ваколіцах. 

Мерапрыемствы ў крэпасці пачаліся з ускладання кветак да Вечнага агню Мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой». Наступае мінута маўчанння як даніна памяці абаронцам крэпасці і ўсім людзям, якія пралівалі кроў за Радзіму і набліжалі Вялікую Перамогу. «Вечная слава героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы» — гэтыя словы вось тут, у Брэсцкай крэпасці, гучаць асабліва шчымліва і ўрачыста. 

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падкрэсліў, што памяць пра вайну аб’ядноўвае беларусаў: 

— У краіне робіцца вельмі шмат дзеля захавання памяці. Становяцца даступнымі многія архіўныя матэрыялы, якія дазваляюць ўбачыць тое, што раней заставалася невядомым.

Губернатар падкрэсліў, што брастаўчане вельмі любяць свята 9 Мая. Для кожнага брастаўчаніна крэпасць — сімвал перамогі, сімвал мужнасці і стойкасці народа. А для патрыятычнага выхавання моладзі, паводле меркавання кіраўніка вобласці, няма лепшага месца чым Брэсцкая крэпасць.

Адразу пасля мітынгу ў крэпасці пачаўся святочны канцэрт. Зводны хор хлопчыкаў выканаў «Дзень Перамогі», а таксама песні ваенных гадоў. Вечарам людзі зноў збяруцца ў легендарнай крэпасці, па традыцыі тут адбудзецца святочны салют. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Брэсцкага гарвыканкама


Па вуліцах Брэста ў святочным парадзе праехалі 79 адзінак тэхнікі

У Брэсце тысячы людзей паназіралі за парадам Перамогі, які даў старт святочным мерапрыемствам у абласным цэнтры, перадае БелТА.

Брэстчане задзейнічалі 79 адзінак тэхнікі — па колькасці гадоў, якія аддзяляюць нас ад пераможнага мая 1945 года. Гонарам парада стала ваенная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, можна было ўбачыць танк сямейства ІС, матацыклы, грузавікі. У падборы рэтратэхнікі ў тым ліку дапамаглі калекцыянеры. Антуражу падзеі дадалі коннікі ў вобразах кавалерыстаў ваенных гадоў. Былі прадстаўлены таксама ўзоры сучаснай тэхнікі і ўзбраення, уключаючы авіяцыйны складнік.

У парадзе прынялі ўдзел каля 500 чалавек — вайскоўцы воінскіх часцей Брэсцкага гарнізона і органаў пагранічнай службы, прадстаўнікі сілавых структур, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў і навучэнцы кадэцкіх класаў Брэста, рэканструктары. Працягласць калоны склала больш за 1 км.

Стартаваў парад з плошчы Леніна. Пешая і механізаваная калоны прайшлі па вуліцы Леніна, праспекце Машэрава. Затым да іх далучыліся брэстчане і госці горада, у тым ліку ўдзельнікі акцыі «Беларусь памятае». Сумеснае шэсце фінішавала ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой».

«Такога параду дакладна ніколі не было ў Брэсце. Спадзяюся, ён даставіў масу станоўчых эмоцый жыхарам і гасцям нашага выдатнага горада, — сказаў ваенны камісар Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў. — Брэст першым прыняў удар ворага. Горад апошнім быў вызвалены падчас вызвалення Беларусі. Наша Брэсцкая крэпасць — сімвал стойкасці і мужнасці, у тым ліку сімвал перамогі».

У 22.00 неба над Брэсцкай крэпасцю расфарбуе святочны салют. Яго працягласць складзе 8 хвілін. «Ён увасабляе радасць перамогі, якая была заваяваная вялікай колькасцю людзей. Каля „Зоркі“, Паўночных варотаў будзе вельмі прыгожае відовішча. Дарэчы, у 21.00 на вуліцы Савецкай пачнецца канцэрт „Салют Перамогі“. Выступяць лепшыя калектывы і салісты Брэста. Завершыцца ён як раз да феерверку, які фіналізуе мерапрыемствы 9 Мая», — дадала начальнік аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Святлана Сямашка.


Анатоль Ісачанка: Перад намі вялікая адказнасць — захаваць праўду аб Перамозе

Цэнтральнай падзеяй Дня Перамогі ў Магілёве стала шэсце «Беларусь памятае». Па вуліцы Першамайскай прайшла ўрачыстая калона, у якой магіляўчан віталі кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнікі, моладзь. Ганаровае месца ў калоне занялі ветэраны вайны, якіх везлі на машынах. Сярод іх Міхаіл Цітоў і Андрэй Андрэйчыкаў, франтавікі, пра якіх пісала «Звязда». Напачатку вайны яны яшчэ былі падлеткамі, на фронт трапілі ў 1944, вызвалялі Радзіму, краіны Еўропы, абодва атрымалі раненні і Вялікую Перамогу сустракалі ў шпіталях, іх подзвігі адзначаны баявымі ўзнагародамі. 

— Сённяшні дзень з’яўляецца найвялікшым святам, — адзначыў у размове з журналістамі Міхаіл Цітоў. — Гэта свята, якое мы заваявалі ў найцяжэйшай барацьбе, вызвалілі свет ад фашысцкай погані. Гэта найвялікшае дасягненне народа Савецкага Саюза. Краіны той ужо няма, але ў маёй душы захавалася ўсё лепшае, што там было. Ганаруся сваімі баявымі сябрамі, таварышамі. Вельмі шкадую, што шмат іх не вярнулася дадому. Шмат было праліта крыві, поту, пражыта бяссонных начэй. Трэба, каб людзі бераглі мір і не забываліся пра цану нашай Перамогі. Жадаю ўсім міра, без міру няма жыцця. 

Памятае свайго дзядулю-франтавіка Таццяна Рыбак, якая прыйшла на парад з яго фотаздымкам. 

— Мой дзед Іван Шкуранкоў быў артылерыстам, перавозіў гарматы на лінію фронту, — падзялілася жанчына. — У Кёнігсбергу быў сур’ёзна паранены. Але вярнуўся дадому і разам з іншымі адбудоўваў зноў краіну. Усё жыццё насіў ў сваім целе асколак, які медыкі не змаглі дастаць у шпіталі. Раней хадзілі на свята разам. Ён, адчуваю, і зараз побач са мной.

Сустракаць свята прыйшло так шмат людзей, што нават вялікая плошча Славы, дзе адбыўся мітынг, падалася маленькай. Да вечнага агню ляглі вянкі і кветкі, а ў мірнае неба, такое сонечнае і бязвоблачнае ў гэты ўрачысты дзень, паляцелі паветраныя шары колеру дзяржаўнага сцяга. Паветра скалануў трохразовы ружэйны стрэл, людское мора на хвіліну заціхла ў маўчанні. 

— 1418 дзён і начэй вёў барацьбу з ворагам савецкі народ. І як бы не хацеў нехта прынізіць яго ролю ў гэтай барацьбе, нічога ў яго не атрымаецца, — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Шлях да Вялікай Перамогі пракладзены жыццямі мільёнаў людзей. Пра гэта асабліва павінна помніць моладзь. Свята гэта, як пяецца ў вядомай песні, са слязамі на вачах. Яно заваяванае крывёю нашых продкаў, цана за яго аддадзена вялікая. Мы павінны быць бязмерна ўдзячныя за мірнае неба, пад якім жывем. На жаль, усё менш становіцца ветэранаў і жывых сведак Перамогі. І перад намі стаіць вялікая адказнасць за захаванне праўды. Трэба быць годнымі подзвігу нашых мужных пераможцаў. 

За гады вайны акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш чым 140 буйных карных аперацый, падчас якіх было спалена больш за 9 000 сёл і вёсак, загінулі тысячы мірных жыхароў. 

Пасля мітынгу на плошчы адбыўся канцэрт «Голас зямлі», у якім прынялі ўдзел народная артыстка Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна, мастацкія калектывы вобласці. 

Святочныя мерапрыемствы адбыліся ў розных куточках горада. Дню Перамогі быў прысвечаны канцэрт «За кожную вясну — дзякуй!» у Пячэрскім лесапарку, а на салдацкай паляне прайшла святочная праграма «Песня таксама ваявала». У Камсамольскім скверы сабрала гледачоў маладзёжная пляцоўка «Тэрыторыя памяці...», на плошчы Адзінства адбылася акцыя «Мы малюем Дзень Перамогі!». Святочныя мерапрыемствы працягваюцца. Плошча Зорак запрашае на гарадскую акцыю «Вальс Перамогі» і святочны канцэрт «Песні вялікага подзвігу», а ў 21. 30 на плошчы Славы пройдзе канцэртная праграма «Помнім сэрцам», пасля якой адбудзецца патрыятычная акцыя «Праспяваем „Дзень Перамогі“ разам» і святочны феерверк на набярэжнай Дняпра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Гомель памятае: Горад над Сожам падзяліў атмасферу Пераможанага Мая 

Сотні гамяльчан розных пакаленняў, цэлыя сем’і жыхароў абласнога цэнтра, госці горада над Сожам з кветкамі, паветранымі шарамі, сцяжкамі віталі парадную калону па вуліцы Савецкай. Разам у ёй прайшлі кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны і вайскоўцы, дэпутаты і парламентарыі, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, моладзь. Удзельнікі патрыятычнай акцыі пранеслі партрэты сваіх сваякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Так жывая плынь памяці — больш 20 тысяч ўдзельнікаў урачыстага шэсця — абвясцілі, сапраўды, народную любоў да свята Вялікай Перамогі. 

У рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» прынялі ўдзел супрацоўнікі Гомельскага прадпрыемства «Фармацыя». Многія працаўнікі прайшлі ў шэсці разам сваімі сем’ямі. Узначаліла калону калектыву — член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега.

— Мы абавязаны памятаць пра тых, дзякуючы каму 79 гадоў таму быў звергнуты фашызм, ведаць аб тым, якой дарагой цаной дасталася Перамога і перадаць гэтую памяць сваім дзецям. Вельмі важна сёння не дапусціць перапісвання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — заклікала сенатар.

Ужо амаль дзесяць гадоў Гомель кожны Пераможны Май не перарывае традыцыю народнай акцыі «Беларусь памятае». Любімай традыцыяй гамяльчан стала і шэсце на чале ўрачыстай калоны з копіяй Сцяга Перамогі. 12-метровы цэнтральны святочны сімвал — копія таго самага чырвонага сцяга, які ў 1945-м годзе быў узняты над Рэйхстагам. Памер гомельскага палотнішча амаль у сем разоў большы за арыгінал. 

Традыцыйна 9 мая сотні жыхароў і гасцей абласнога цэнтра сабраліся ў знакавым месцы памяці Гомельшчыны — каля Вечнага агню на плошчы Працы, каб аддаць даніну павагі і ўшанаваць подзвіг герояў Вялікай Айчыннай. Тут прайшоў урачысты мітынг. Да яго ўдзельнікаў і ўсіх жыхароў рэгіёна звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко

— На жаль ва ўсім сучасным свеце сёння толькі два народы разам адстойваюць гістарычную праўду — беларусы і расіяне. І сёння мы зноў разам. Наш Прэзідэнт — побач са сваім расійскім калегам на Чырвонай Плошчы ў Маскве, а з намі раздзяляюць вялікае свята — браты з Бранскай вобласці. Разам нашы дзяды і бацькі кавалі Вялікую Перамогу, разам і мы захоўваем іх запаветы і памяць аб іх. У гэты свяшчэнны дзень мы адрасуем словы шчырай ўдзячнасці нашым дарагім ветэранам за ратны подзвіг. Гэта прыклад жыццялюбства і адданасці Айчыне, які яны падаюць нам і па сённяшні дзень, — падкрэсліў Іван Крупко.

Як нагадаў кіраўнік рэгіёну, сёння тысячы помнікаў і мемарыялаў, муралы і музейныя экспазіцыі беражліва захоўваюць памяць народа аб вялікім подзвігу герояў Вялікай Айчыннай Вайны. 

— Мы шчыра ганарымся тым, што сярод больш чым адзінаццаці з паловай тысяч чалавек, удастоеных у гады вайны звання Героя Савецкага Саюза, 449 — беларусы, а 126 — жыхары Гомельскай вобласці. У іх ліку двойчы Герой Савецкага Саюза генерал-маёр авіяцыі Павел Галавачоў, віцэ-адмірал Валянцін Дрозд, браты Лізюковы, — падкрэсліў Іван Крупко. 

Атмасферай вялікага агульнанацыянальнага свята напоўнілася гомельская плошча Леніна. Тут прайшоў парад ваеннай тэхнікі з урачыстым шэсцем калоны воінскіх падраздзяленняў, сілавых структур, кадэцкіх класаў. У парадзе было прадэманстравана 25 адзінак ваеннай тэхнікі: адноўленыя ўзоры, якія былі на ўзбраенні Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і сучасная тэхніка, якая зараз знаходзіцца на ўзбраенні беларускіх вайскоўцаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»


Дэлегат УНС: Для кожнага маладога чалавека подзвіг ветэранаў — гонар і прыклад для пераймання

Для кожнага маладога чалавека подзвіг ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – гонар і прыклад для пераймання. Акцэнт на гэтым зрабіў дэлегат Усебеларускага народнага сходу, намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Воўчак на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі, каля Вечнага агня ў Гомелі, перадае БелТА.

«У гэты вялікі дзень мы шануем памяць герояў, якія змагаліся на нашу Радзіму ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Мы павінны памятаць кожнага салдата, кожнага партызана, кожнага працаўніка тылу. Іх ахвяры, іх мужнасць, іх вернасць Айчыне — гэта наша гісторыя, сумленная праўда і памяць», — падкрэсліў Уладзіслаў Воўчак.

Ён запэўніў: моладзь Гомельшчыны будзе перадаваць памяць пра герояў вайны сваім дзецям, унукам, праўнукам. «І мы зробім усё магчымае, каб наша краіна была моцнай, мірнай і квітнеючай, каб нашы сэрцы былі поўныя пачуццём асаблівага абавязку і павагі да подзвігу савецкага салдата», — паабяцаў дэлегат УНС.

«Дзякуй вам, нашы паважаныя ветэраны. Дзякуй Вам за тое, што для кожнага маладога чалавека ваш подзвіг — гонар і прыклад для пераймання. Хай жыве ў стагоддзях памяць пра гераізм беларускага народа», — сказаў ён.


Гродзенцы і госці горада прынялі ўдзел у шэсце пакаленняў «Беларусь памятае»

 

Гарадскі цэнтр пачаў напаўняцца людзьмі з самага ранку. На Савецкую плошчу сцякаліся натоўпы з усяго горада, многія неслі у руках партрэты сваіх дзядоў і прадзедаў, якія вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзячныя гродзенцы такім чынам выказваюць словы падзякі за іх мужнасць і адвагу.

Нашчадкі вызваліцеляў у рамках рэспубліканскай акцыі «Белрусь памятае» з партрэтамі і кветкамі прайшлі па цэнтральнай вуліцы Гродна да парка Жылібера, дзе каля брацкай магілы воінам-вызваліцелям гарыць Вечны агонь.

Сёлятні ранак стаў адметным яшчэ і тым, што напачатку ўрачыстых мерапрыемстваў над горадам стаў развівацца Сцяг Перамогі. 

—Гэта дакладная копія таго самага сцяга, які быў узняты байцамі першага Беларускага фронта падчас штурма Берліна над Рэйхстагам. На ім указана дывізія, корпус і трэцяя ўдарная армія, якая разам з іншымі злучэннямі і аб’яднаннямі Чырвонай Арміі ўвайшла ў нямецкае логава і каб узняць над галоўнай кропкай Берліна Сцяг Перамогі, — паведаміў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які прыняў удзел у падняцці сцяга. А развіваецца ён над абласным драмтэатрам — адным з самых знакавых аб’ектаў горада. Дарэчы, такі рытуал у горадзе стаў традыцыйным. 

Многае ў гэты дзень застаецца традыцыйным. Вянкі і кветкі — таксама неўміручая традыцыя гэтага дня. Першымі выказалі ўдзячнасць паўшым воінам ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўсклалі жывыя кветкі да Вечнага агню, які быў запалены тут роўна 40 гадоў таму. А ўсяго такіх памятных месцаў у рэспубліцы 127, з іх 20 агеньчыкаў гараць пастаянна, у тым ліку і гэты, у гродзенскім гарадскім парку. 

А вось урачысты марш нашчадкаў адбыўся ўпершыню. Перад гродзенцамі і гасцямі горада прайшлі з поўнай выпраўкай і цвердым крокам выхаванцы і вучні патрыятычных класаў, у іх ліку прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Цыркон» вайсковай часткі 5522, навучэнцы гарадскога патрыятычнага цэнтра «Гонар», кадэты абласнога вучылішча, студэнты ваеннага факультэта ГрДУ. Сваю ваенную выпраўку і дэфіле прадэманстравалі ваеннаслужачыя войск Заходняга аператыўнага камандавання. 

Дзень 9 Мая аб’ядноўвае людзей усіх пакалнняў, гэта сімвал згуртаванасці нашага народа, яго мужнасці і адвагі, зазначыў у сваім выступленні старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. У той дзень 79 гадоў таму здавалася, што настаў вечны мір, эра міласэрднасці, і такіх пакутаў больш не паўтарыцца. Народы будуць жыць у згодзе паміж сабой. Але сённяшняя сітуацыя сведчыць, што ваеннае мінулае не стала для многіх ўрокам.

—У заходнім свеце зноў набіраюць папулярнацсь ідэі рэваншызма, людзей пачалі дзяліць на правільных і няправільных. Нацызм, які адраджаецца, шукае сваіх новых ідэйных паслядоўнікаў. Зноў гінуць людзі і знішчаюцца гарады і вёскі, няма спакою і каля нашых граніц. Але беларускі народ памятае ўрокі гісторыі і не дазволіць нікому яго рабаваць і дыктаваць сваю валю. Не дапусціць, каб хтосьці сеяў смерць і разбурэнне на нашай зямлі, — акцэнтаваў увагу Уладзімір Каранік.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што беларусы змогуць абараніць набыткі Вялікай Перамогі. Семдзесят дзевяць гадоў таму гэта зрабілі нашы продкі, цяпер чарга сённяшніх пакаленняў. Нездарма пасылам Кіраўніка дзяржавы сталі словы «Час абраў нас!». Менавіта нашчадкі вызваліцеляў падхапілі Сцяг Перамогі, каб несці яго далей па жыцці. Як сімвал і абярэг. Як гарант захавання міру, парадку і стабільнасці на роднай зямлі. 

Трэба сказаць, што ў гэтыя дні асаблівая ўвага надаецца воінскім помнікам і мемарыялам. Іх на тэрыторыі Гродзеншчыны каля восемсот. Штогод яны аднаўляюцца, праводзіцца работа па пошуку безымянных герояў, устаноўлена нямала новых імёнаў, якім аддаюцца апошнія ўшанаванні. Гэта святыя месцы, дзе заўсёды кладуцца кветкі ад удзячных нашчадкаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by


Дзень Перамогі ў Віцебску

Дзень Перамогі ў Віцебску пачаўся са святочнага шэсця. Да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны былі ўскладзены кветкі і вянкі, паведамляе БелТА.

Фота БелТА


Субоцін: Наш галоўны абавязак — захоўваць мір!

Добрай традыцыяй у паўночным рэгіёне стала віншаванне непасрэдна ў Дзень Перамогі жывых сведкаў далёкіх ваенных падзей. Тых, хто больш за восем дзесяцігоддзяў таму стаў на абарону сваёй Айчыны, тых, хто не шкадаваў жыцця дзеля нашага мірнага неба, дзеля шчаслівага існавання мільёнаў нашчадкаў. Сёлета, у 79-гадавіну Перамогі над фашызмам, марафон падзякі прыйшоў да 100-гадовых ветеранаў Аркадзя Аднарукава і Георгія Грошава. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў пераможцам ганаровыя граматы і падарункі, пажадаўшы доўгіх гадоў жыцця, сіл і міру. 

Урачыстасці ў горадзе на Дзвіне пачаліся са шматтысячнага шэсця па вуліцы Леніна. Сёння кожны з удзельнікаў квяцістай калоны прайшоў сцежкай памяці не толькі за сябе, але і за кожнага са 118 віцябчан, якія ў далёкім 1945 годзе сустракалі пераможны май. Ганаровае месца ў першых радах занялі ўдзельнікі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» з партрэтамі сваіх блізкіх — працаўнікоў тылу, франтавікоў, партызан. 

Старт мітынгу на плошчы Перамогі дала цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да Вечнага агню ў манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Звяртаючыся да жыхароў і гасцей паўночнай сталіцы, кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін яшчэ раз нагадаў аб тых страшных падзеях, якія змог выстаяць наш нязломны народ. «Беларусы разам з іншымі брацкімі народамі Савецкага Саюза не схілілі галавы перад акупантамі. У бітве з фашызмам за свабоду мы страцілі кожнага трэцяга жыхара рэгіёна. У нашай памяці назаўсёды застануцца не толькі подзвігі франтавікоў і партызан. Гонар і слава працаўнікам тылу, нізкі паклон тым, хто вырошчваў хлеб, вырабляў снарады, ставіў на ногі параненых. Разам з гераічнымі подзвігамі — танкавая бітва пад Сянно, Суражская брама, Ушацкі прарыў, — мы не забудзем і карныя аперацыі „Зімовае чараўніцтва“, „Вясновае свята“. За жахліва лірычнымі і цынічнымі назвамі хаваўся звычайны генацыд — знішчэнне такіх жа як і мы з вамі-беларусаў. Па сваёй масавасці і жорсткасці (людзей выпальвалі вёскамі) карныя аперацыі на тэрыторыі нашай вобласці ў гады вайны не маюць аналагаў у гісторыі чалавецтва». 

Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў, што за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай айчыннай вайны нядаўна пасёлкі Віцебшчыны Асвея і Обаль былі ўзнагароджаны вымпеламі. «Сёння наш галоўны абавязак — захоўваць мір. Хутка мы будзем святкаваць 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яднанне беларусаў выратавала нас тады ад „карычневай чумы“. Адзінымі мы павінны быць і сёння, каб нашы дзеці і ўнукі не пазналі жахаў вайны!», — заключыў ён.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.