Вы тут

Леэн Кульман прайшла праз тры месяцы жорсткіх катаванняў


На сцяне будынка па вуліцы Кульман, 2 — мемарыяльная дошка. Яна ўстаноўлена ў гонар мужнай змагаркі з фашызмам Леэн Кульман. Падчас Вялікай Айчыннай вайны разведчыца знаходзілася ў тыле ворага і перадавала важныя радыёграмы. 


Яна вядомая сваёй рашучасцю і адданасцю справе. А выключная смеласць і знаходлівасць дапамагалі юнай дзяўчыне паспяхова выконваць сур’ёзныя задачы ў тыле ворага.

Леэн (Хелена Андрэеўна) Кульман нарадзілася 31 студзеня 1920 года ў горадзе Тарту (Эстонія). Была яна шостым дзіцем у шматдзетнай сям’і. З малалецтва сутыкнулася з цяжкасцямі: захварэў і памёр бацька. Вялікая сям’я апынулася ў складаным становішчы. Нягледзячы на гэта, Леэн вучылася і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. 

Пазней дзяўчына пераехала да сваёй сястры ў горад Талін. Там паступіла ў Талінскае педагагічнае вучылішча, атрымала спецыяльнасць настаўніка. Працавала піянерважатай, потым камсоргам у 4-й Талінскай сярэдняй школе.

Усе планы і мары разбурыла вайна. Леэн разумела: каб змагацца з каварным ворагам, трэба мець жалезную волю. У жніўні 1941 года яна была эвакуіравана і працавала ў калгасе «Ленінскі шлях» у Чалябінскай вобласці. А ўжо ў студзені 1942 года стала байцом медсанбата 7-й Эстонскай стралковай дывізіі Чырвонай арміі. Пазней была накіравана ў Ленінград, дзе прайшла навучанне ў разведшколе. 

У ноч з 13 на 14 верасня 1942 года Леэн была закінутая на самалёце ў тыл праціўніка ў раёне горада Тарту. Там пасялілася ў сваёй сястры. Назірала за перамяшчэннем войск праціўніка, асабліва ў раёне Чудскага возера, у цэлым за становішчам на акупіраванай тэрыторыі. Інфармацыя, якую яна збірала, была вельмі важнай для савецкай разведкі. За час службы Леэн удалося перадаць у штаб Балтыйскага флоту некалькі дзясяткаў радыёграм!

Леэн была чалавекам з глыбокім пачуццём адказнасці. Яе асабістыя якасці, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага дапамаглі ёй здзейсніць сапраўдны подзвіг. Нягледзячы на небяспеку, яна працягвала выконваць свае абавязкі да самага арышту. Адбылося гэта 2 студзеня 1943 года на хутары, дзе пражывалі яе сястра з мужам. Пры ператрусе быў знойдзены перадатчык у матрацы, і Леэн была адпраўлена ў распараджэнне палітычнай паліцыі. Разам з ёй былі арыштаваны і сваякі. Пасля трох месяцаў катаванняў, 6 сакавіка 1943 года мужная разведчыца была расстраляна фашыстамі.

Леэн Кульман пасмяротна ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.

Вуліца Кульман у Мінску прасякнута памяццю пра Вялікую Айчынную вайну. На перасячэнні вуліц Кульман і Цнянская ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць аб падпольшчыках, якія выпускалі газету «Звязда» ў акупіраваным Мінску. У 1942 годзе на гэтым месцы стаяў дом, у якім знаходзілася падпольная друкарня, дзе былі надрукаваныя другі і трэці нумары выдання.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.