Вы тут

Подзвіг Леэн Кульман, сакрэты лідарства і ўрокі здароўя


З настаўніцы — у разведчыцу

У майскім нумары «Алеся» працягвае праект «Іх імёнамі названыя», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З серыі публікацый чытачы даведаюцца пра мужных і адважных жанчын, якія ўнеслі свой уклад у барацьбу з фашызмам. 

Гэтым разам мы расказваем пра Героя Савецкага Саюза Леэн Кульман, чыім іменем названая адна з вуліц Мінска. Да вайны дзяўчына паспела атрымаць мірную прафесію настаўніка, працавала піянерважатай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны стала разведчыцай, была закінутая на самалёце ў тыл ворага ў раёне горада Тарту. Інфармацыя, якую яна збірала, была вельмі важнай для савецкай разведкі. За час службы Леэн удалося перадаць у штаб Балтыйскага флоту некалькі дзясяткаў радыёграм!

«Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі»

У часопісе «Алеся» на працягу ўсёй яго гісторыі адной з галоўных была тэма мацярынства. «Работніца і сялянка» давала парады, як правільна выхоўваць дзяцей, абараняла правы мацярок — працоўных жанчын краіны Саветаў. Не рэдкасць — фота лепшых матуль на вокладках часопіса. 

Чым жыве наша сучасніца — маладая шматдзетная маці? Пра гэта мы расказваем у прымеркаванай да юбілею часопіса рубрыцы «Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі«. Святлана Клачкова выхоўвае пяць дзяцей і ведае, як паспець усё: акружыць цяплом і клопатам сям’ю, спяваць у хоры і пячы хлеб на заквасцы. «Гэта магчыма, калі ты сапраўды знайшла свой шлях у жыцці і адчуваеш сябе шчаслівай», — лічыць Святлана.

Алена Бацян — пра творчасць, лідарства і звышзадачу балета 

Формулай свайго поспеху дзеліцца галоўны балетмайстар Беларускага дзяржаўнага цырка, адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Духоўнасць і культура» Алена Бацян. Як на працягу амаль 20 гадоў ёй удаецца здзіўляць калег і гледачоў усё новымі творчымі ідэямі? Па якіх крытэрыях падбірае артыстаў балета і чаму рада з’яўленню ў калектыве мужчын? Што дапамагае ёй заўсёды заставацца ў тонусе і з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень? Пра гэта і не толькі — у гутарцы з журналістам «Алесі».

— Часта чую пра тое, што наш балет мае свой твар. Упэўнена, гэта таму, што ўсе артысты — таленавітыя, разумныя, моцныя людзі, — лічыць Алена Бацян.

Не хварэць і быць бадзёрымі ў любым узросце

Ці з’яўляюцца праблемы з памяццю непазбежнасцю ў сталым узросце? Ці можна натрэніраваць мозг і без якіх вітамінаў ён не можа абысціся? Пра гэта расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ Гумен Гарбаніджад.

Што трэба рабіць для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў? Пра гэта даведаецеся з гутаркі з намеснікам дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ «Кардыялогія» Наталляй Шыбека. 

«Пасля нараджэння дачкі я перастала баяцца сцэны» 

Сапраўднае мастацтва — быць актрысай, жонкай і маці. Пра пошук сябе, тэатр, мацярынства і каханне расказвае актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Вольга Дароніна (Дзятлоўская), якая любіць сваю прафесію за магчымасць іграць розных гераінь, часам зусім не падобных да яе. Аднак па-сапраўднаму яна «захварэла» тэатрам пасля нараджэння дачкі. 

— Раптам зразумела: больш не баюся, як гэта было раней, сцэны. Адчула сябе моцнай і свабоднай. Як быццам бы адбылася нейкая ўнутраная перазагрузка. Нават калегі адзначылі, з якой прагнасцю бяруся за ролі, — расказвае Вольга Дароніна. 

Вобраз для дома, модныя сумкі і не толькі

Дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда раіць, як апранацца дома, ствараючы вобраз для сябе і блізкіх. Акрамя гэтага, з майскага нумара «Алесі» вы даведаецеся, як падабраць модную сумку пад тып сваёй фігуры, пра сакрэты французскай кухні і пра многае іншае. 

Заставайцеся з «Алесяй» — з намі цікава! 

Алена ВАЛЕР’ЕВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.