Вы тут

Як правяла пасяўную кампанію гаспадарка-пераможца па выніках мінулага года


СВК «Азёры Гродзенскага раёна» ў чаканні першага ўкосу шматгадовых траў. Вясновы сеў збожжавых і зернебабовых культур тут завершаны поўнасцю. І хаця сёлета аўралаў не назіралася, пасяўныя агрэгаты шчыравалі на палях дапазна.


Трактарыст-машыніст СВК «Азёры Гродзенскага раёна» Уладзіслаў Бяляўскі

У старшыні Аляксандра Шышко настрой, па ўсім відаць, добры. Яно і зразумела. Нядаўна ў гаспадарку прыйшла прыемная навіна: СВК «Азёры Гродзенскага раёна» па выніках работы за мінулы год занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Вытворчы кааператыў дабіўся добрых эканамічна-фінансавых паказчыкаў, мае годны прыбытак. Напрыклад, надоі тут летась дасягнулі 10,5 тысячы тон на карову. І ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве маецца добры вытворчы патэнцыял.

— Дарэчы, мы не першы раз занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару, і кожны раз гэта вельмі прыемна. Такі факт натхняе мяне як кіраўніка, ды і ўвесь калектыў. Усе ведаюць, што на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску ёсць шыльда з назвай нашай гаспадаркі. А гэта важны стымул у рабоце. Узнімае рабочы настрой, — не хавае эмоцый старшыня.

У кіраўніка заўсёды шмат клопатаў, разам з тым важны фронт работ, можна сказаць, пройдзены. Пасяўная кампанія завершана, увесь збожжавы клін пасеяны, у тым ліку і кукуруза.

— Мы ўбралі зялёнае жыта на сянаж і там пасеялі кукурузу, усе работы па абароне раслін таксама праведзены, рыхтуемся да ўборкі траў першага ўкосу, — расказаў Аляксандр Шышко.

Якія сёлетняя вясна прынесла сюрпрызы? Аграрыі, як вядома, у пэўнай ступені залежаць ад кліматычных нюансаў, асабліва падчас пасеву і ўборкі. Суразмоўца пагаджаецца, што вясна, якая выдалася сёлета, аказалася з характарам. Цёплыя дні змяняліся рэзкім пахаладаннем. Вось і цяпер надвор’е сапсавалася, ноччу абяцаюць нават замаразкі. Разам з тым за свае палі старшыня спакойны. Усе пасевы, дзякуючы сістэмнай рабоце, адпавядаюць тэхналагічным нормам. Зацяжная вясна прыпыняла пасеў кукурузы, але тэрміны не ўпушчаны.

— Я, можа, і пахвалюся, але з года ў год пасяўная кампанія праходзіць як планавыя работы, нам удаецца пазбегнуць аўралаў. Мы правялі значную папярэднюю работу. Адрамантавана ўся неабходная тэхніка, механізатары падрыхтаваны. У сваю чаргу, гаспадарка арганізавала гарачае харчаванне — не толькі абеды, але і вячэра, бо працавалі дапазна. Між тым мелі і выхадны: у нядзелю, напрыклад, не працавалі. Усё паспелі зрабіць у вызначаны тэхналагічны тэрмін. Нават бульбу на прысядзібных участках пасадзілі, — радуецца суразмоўца.

Хуткія тэмпы вясенніх работ звязаны з тым, што значны задзел быў зроблены восенню. Многія гаспадаркі робяць стаўку на азімыя культуры. СВК «Азёры» не выключэнне. Напрыклад, тут адмовіліся ад яравога ячменю. Яго ўраджайнасць часта падводзіла, таму поўнасцю перайшлі на азімы.

Ходу работ садзейнічала і новая тэхніка. Для пасеву тут пачалі прымяняць адносна новы метад апрацоўкі глебы — тэхналогію strіp-tіll. Работы вядуцца спецыяльным агрэгатам, які аб’ядноўвае адразу некалькі працэсаў.

— Летась мы набылі такі камбінаваны агрэгат, і ён добра сябе паказаў падчас пасеву азімых культур. Тэхніка выконвае некалькі аперацый, не патрабуе папярэдняй апрацоўкі глебы. Адразу пасля ўборкі ўраджаю можна прыступаць да новай пасяўной. Не трэба асобна араць, культываваць, уносіць угнаенні, рабіць перадпасяўную апрацоўку і толькі пасля гэтага сеяць. Агрэгат адначасова апрацоўвае глебу, уносіць угнаенні і сее. Па гэтай тэхналогіі сёлета мы пасеялі даволі значны аб’ём збожжавых культур, у тым ліку і кукурузы. Мы вельмі задаволены гэтым агрэгатам, і лічу, што за ім будучыня. Асабліва гэта датычыцца нашай пясчанай глебы, бо мы не варочаем зямлю, не ствараем пясчаныя буры, — дзеліцца старшыня СВК «Азёры».

У Гродзенскім райвыканкаме таксама станоўча ацэньваюць укараненне тэхналогій strіp-tіll у пасяўны працэс. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Віктара Кемежука, такіх агрэгатаў у раёне ўжо чатыры. І парк пастаянна папаўняецца. З іх дапамогай работа вядзецца ў больш сціслы тэрмін. 

У цэлым па раёне пасяўная кампанія амаль завершана, сеюцца, можна сказаць, апошнія гектары.

— Пасевы вядуцца на тых палях, дзе сёлета скошаны кармавыя культуры — азімае жыта і сувірэпіца. Гэта прамежкавыя культуры, якія сеюцца восенню і растуць да пачатку пасяўной. Яны вельмі важныя для сенажу з-за ўтрымання цукру і пратэіну. Такім чынам, мы маем два ўраджаі ў год. Многія гаспадаркі практыкуюць такі падыход. Ён актуальны тым, што дазваляе здымаць больш адзінак з гектара, што павялічвае эфектыўнасць поля. Гэта па-сапраўднаму інтэнсіўнае земляробства, — тлумачыць кіраўнік раённага звяна.

Як і СВК «Азёры», гаспадаркі раёна значную частку пасеваў адводзяць пад азімыя культуры. Напрыклад, у цэлым па раёне плошча азімых збожжавых займае больш за 70%. Вопыт паказвае, што іх патэнцыял вышэйшы, да таго ж яравыя культуры трапляюць пад летнюю засуху, а азімыя да гэтага часу паспяваюць развіцца. А вось кукуруза сеецца толькі вясной. 

І гэта культура вельмі важная для раёна. Напрыклад, сёлета ўводзяцца новыя фермы, таму ўзрасце і патрэба ў кармах. Пасевы гэтай культуры зніжаць не плануюць.

— Тэмпы работы сёлетняй пасяўной кампаніі ў раёне даволі высокія. Мы падышлі да яе падрыхтаванымі. Разлічваем на добры вынік. Збожжа максімальна вырошчваецца для сваіх патрэб, для жывёлагадоўлі, што павялічвае прыбытак. Для паляпшэння кармавой базы пашыраюцца плошчы пад кармавыя культуры. Значная ўвага — люцэрне. Гэта найбольш устойлівая бабовая культура, якая можа даць тры-чатыры, а то і пяць ураджаяў за год. Закупляем насенне самых прадукцыйных сартоў. І, вядома, не зніжаецца актуальнасць рапсу. Летась мы атрымалі па ім 70% рэнтабельнасці, — расказаў Віктар Кемяжук.

Ці зможа раён дасягнуць мінулагодняга рэкорднага ўраджаю збожжавых і зернебабовых, пакуль казаць рана. Летась тут атрымалі 78,7 цэнтнера з гектара. Паспелі сабраць да дажджоў, своечасова. Але кожны год не бывае такім прадукцыйным, кажа Віктар Віктаравіч. Таму тут пакуль узялі за аснову ўраджайнасць за апошнія тры гады. Разам з тым у раёне разлічваюць, што і сёлетні год не будзе горшы за леташні, пасевы пакуль што радуюць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена СВК «Азёры Гродзенскага раёна»

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.