Вучыцца разам папулярызаваць практыку грамадзянскіх ініцыятыў прапаноўваюць дэпутаты Гомельшчыны. Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў арганізавала практычнае навучанне па асновах праектнага менеджменту для актывістаў з розных раёнаў вобласці.
Выязны семінар правялі на тэрыторыі Гомеля і Веткаўскага раёна. Яго ўдзельнікамі сталі супрацоўнікі сельвыканкамаў, устаноў культуры, адукацыі, сацыяльнай службы, прадстаўнікі органаў і камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Пачалася насычаная праграма з навучальнага трэнінгу. Запрошаныя спікеры прапанавалі разгледзець пытанне ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні ў межах прававога поля, разабрацца ў асаблівасцях арганізацыі інфармацыйна-ідэалагічнай работы з актывістамі. Цікавым досведам стала навучанне эфектыўнай камунікацыі з насельніцтвам з выкарыстаннем псіхалагічных прыёмаў. Удзельнікі аналізавалі таксама ўжо рэалізаваныя праекты і ініцыятывы.
— У мінулым годзе мы ўдзельнічалі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, але, на жаль, не сталі пераможцамі. Ды не здаліся. Разам з людзьмі, дэпутатамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў рэалізавалі сваю ідэю — на тэрыторыі аграгарадка Стаўбун усталявалі дзіцячую пляцоўку. Дзеці і бацькі вельмі задаволены, — распавяла ўдзельніца семінара старшыня Стаўбунскага сельскага Савета Веткаўскага раёна Вераніка Нікалаева. — Мы збіраемся працягваць удзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі з новымі сваімі праектамі. Трэнінг дапаможа атрымаць неабходны досвед, павучыцца ў калег, каб наступны раз дакладна перамагчы.
Як нагадала старшыня праўлення Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька, унесеныя ў мінулым годзе змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» акрэслілі механізм ажыццяўлення праектаў грамадзянскіх ініцыятыў.
— Яны могуць уключаць як добраўпарадкаванне зямель агульнага карыстання населеных пунктаў, так і будаўніцтва або рэканструкцыю сацыяльна значных аб’ектаў, што вырашаюць пытанні мясцовага значэння, — патлумачыла Вікторыя Ладуцька. — Праведзены раней Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў конкурс грамадзянскіх ініцыятыў паказаў, што жыхары рэгіёна маюць цікавыя ідэі развіцця сваіх населеных пунктаў. Але не ўсім людзям пакуль хапае тэарэтычных ведаў у праектнай сферы. Таму мы вырашылі арганізаваць серыі семінараў-трэнінгаў па навучанні жыхароў, прадстаўнікоў мясцовых тэрытарыяльных органаў самакіравання правілам падрыхтоўкі праектаў, каб яны маглі больш актыўна ўдзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Падчас практычнай часткі трэнінгу, якая прайшла на тэрыторыі Веткаўскага раёна, госці з іншых мясцін на свае вочы пабачылі, як увасобілі ў жыццё ідэі добраўпарадкавання і развіцця тэрыторый актывісты аграгарадкоў Шарсцін, Навасёлкі, Радуга.
Так, у Шарсціне жыхары не толькі ўласна аграгарадка, але і многія неабыякавыя людзі з розных населеных пунктаў Веткаўшчыны аб’ядналіся, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол мясцовай асвечанай крыніцы. Тут правялі маштабную рэканструкцыю, пабудавалі каля крыніцы капліцу.
Гэтае святое месца ў Шарсціне для праваслаўных вернікаў звязана са святым праведным Іаанам Кармянскім — пры жыцці Іаанам Іаанавічам Гашкевічам. Менавіта ў перыяд, калі служыў у Шарсціне Іаан Кармянскі, побач з крыніцай мясцовым жахарам на дрэве адкрыўся вобраз святой велікамучаніцы Параскевы-Пятніцы.
— З урачыстымі спевамі яго перанеслі ў храм. Але раніцай вобраз зноў апынуўся на тым жа самым месцы, каля крыніцы. І зноў яго перанеслі ў храм. Але Гасподзь трэці раз па сваім нябачным загадзе вярнуў вобраз велікамучаніцы на ранейшае месца. Тады над крыніцай узвялі капліцу, а дзівосны вобраз Параскевы-Пятніцы паставілі ў ёй, — распавёў гісторыю, якую з пакалення ў пакалення перадаюць мясцовыя жыхары, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца аграгарадка Данілавічы Веткаўскага раёна протаіерэй Андрэй Булацкі.
Вобраз святой велікамучаніцы Параскевы-Пятніцы захоўваўся ў капліцы да моманту яе разбурэння ў 1935–1936 гадах. Далейшы лёс цудатворна адкрытай іконы застаўся невядомым.
— Але ў Шарсціне знаходзіцца яшчэ адна дзівосная двухбаковая ікона. Яна таксама старажытная. Відаць, гэта храмавы абраз. На адным баку выява святой велікамучаніцы Параскевы-Пятніцы, а на адваротным — выява Нараджэння Багародзіцы, у гонар якой і быў пабудаваны былы храм у Шарсціне. У 2014 годзе вобраз быў адрэстаўрыраваны, захоўваецца ён у Шарсціне ў доме Валянціны Фелькінай, — патлумачыў протаіерэй Андрэй Булацкі. Менавіта ён аказаў самую шчырую падтрымку неабыякавым вяскоўцам, якія захацелі добраўпарадкаваць месца асвячонай крыніцы. Арганізавала вяскоўцаў на добрую справу тая самая жыхарка Шарсціна Валянціна Фелькіна. Значную дапамогу ў гэтай ініцыятыве аказаў Веткаўскі раённы Савет дэпутатаў і Прыснянскі сельвыканкам, на тэрыторыі якога размешчаны аграгарадок Шарсцін.
На тэрыторыі аграгарадка Навасёлкі ўдзельнікі семінара ацанілі, якую маштабную ініцыятыву ўдалося ажыццявіць таксама пры падтрымцы неабыякавых жыхароў гэтага населенага пункта. На дабрачынных пачатках у Навасёлках узведзена капліца ў гонар Святой Жыццепачатнай Троіцы. Аўтарам ідэі і арганізатарам будаўніцтва стаў мастак і паэт, ураджэнец Навасёлак Алег Кірушкін.
— З 2014 года крок за крокам увасабляю ў жыццё свой праект «З верай у будучыню», — распавёў Алег Уладзіміравіч, які ўзначальвае ініцыятыўную групу землякоў «Ветка — Адраджэнне».
Будаўніцтва капліцы вядзецца чацвёрты год, цяпер яно — у фінальнай стадыі. Акрамя таго, у ліку добрых спраў Алега Уладзіміравіча таксама чатырохметровыя крыжы-абярэгі, устаноўленыя ў аграгарадку Навасёлкі. Між тым грамадзянскую ініцыятыву па ўзвядзенні капліцы ў гонар Святой Жыццепачатнай Троіцы ў Навасёлках Алегу Кірушкіну ўдалося ўвасобіць у жыццё таксама дзякуючы актыўнай падтрымцы настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Данілавічах Веткаўскага раёна протаіерэя Андрэя Булацкага.
— У вёсцы Навасёлкі пражывае каля 500 жыхароў, і ім неабходна месца, куды яны могуць прыйсці па параду, Божую дапамогу, узбагаціцца духоўнай сілай і энергіяй. Добрая справа, распачатая Алегам Уладзіміравічам і землякамі, абавязкова прынясе свой духоўны плён, акажа вялікую ролю ў справе выхавання падрастаючага пакалення, любові да Бога і зямной Айчыны, — перакананы протаіерэй Андрэй Булацкі.
Як нагадаў Алег Кірушкін, узвядзенне капліцы ў іх Навасёлках прысвечана салдатам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам і людзям, якія вымушаны былі пакінуць малую радзіму ў сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Апошнім пунктам маршруту семінара стаў аграгарадок Радуга. Дырэктар Радужскай сярэдняй школы імя М. Р. Батракова Яна Ісачанка заручылася падтрымкай Радужскага сельсавета і мясцовых жыхароў і ініцыіравала адкрыццё дзіцячай гульнявой пляцоўкі. Сем’і з дзецьмі цяпер шчыра дзякуюць за гэта.
— Упершыню прыехала на семінар і вельмі рада такому цікаваму вопыту, — падзялілася ўражаннямі пасля семінара старшыня Чыркавіцкага сельсавета Светлагорскага раёна Любоў Анапрыенка. На пасадзе кіраўнік сельвыканкама — крыху больш чым паўгода, таму, кажа, такі вопыт вельмі важны, і яго абавязкова варта перадаць землякам.
— Семінар для мяне быў вельмі цікавы, бо такія ініцыятывы не даводзілася рэалізоўваць ніколі ў вялікім горадзе, — падзякаваў за магчымасць пазнаёміцца з вопытам ажыццяўлення грамадзянскіх ініцыятыў старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Клёнкаўскі» ў Гомелі Дзмітрый Кірыленка.
Як падкрэсліла дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія Шахлянкова, вырашаць важныя пытанні ў сваім населеным пункце ўдаецца толькі тады, калі за справу бяруцца разам усе службы, установы, дэпутаты, актыўныя грамадзяне.
— Часам людзям не хапае матывацыі і ўпэўненасці ў магчымасці прасоўваць сваю грамадзянскую ініцыятыву. Менавіта для актыўных грамадзян самая галоўная падтрымка ў гэтым напрамку — Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, якая праводзіць конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Асацыяцыя распрацавала метадычныя рэкамендацыі, дзе падрабязна прапісана, якія напрамкі праекты могуць мець, як фарміруецца ініцыятыўная група, якім чынам увогуле пачынаць работу над стварэннем праекта, якія дакументы неабходна падаваць на конкурс, — дадала Лілія Шахлянкова.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.