Вы тут

Падрабязнасці прыёму, які Наталля Качанава праводзіла ў Жлобіне


У абласцях краіны асабліва прадуктыўна зарэкамендавалі сябе адзіныя дні асабістых прыёмаў грамадзян членамі Савета Рэспублікі. На мінулым тыдні ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах Гомельскай вобласці парламентарыі зноў адпрацавалі ў такім фармаце. Прымалі не толькі жыхароў паўднёва-ўсходняга рэгіёна, але і тых, хто прыехаў са сваімі набалелымі пытаннямі з розных куткоў краіны. У Жлобінскім райвыканкаме звароты людзей выслухала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.


Дарожная «навігацыя»

Шукаць дапамогі ў сваім надзённым клопаце ў спікера верхняй палаты парламента вырашыў жыхар Жлобінскага раёна. Сяргей Міхайлавіч жыве на выселках каля вёскі Новыя Маркавічы. Пенсіянер распавёў, як адсутнасць нармальнай дарогі становіцца для яго сапраўдным выпрабаваннем.

— Адзін, лічы, застаўся жыць на выселках нашых, гэта паўтара кіламетра ад вёскі. Вельмі патрэбна дарога. Звяртаўся ўжо да мясцовых улад. Калі дужэйшы быў, можна было хадзіць пешкі ў вёску па прадукты. Цяпер па стане здароўя не магу дабірацца пехатой, дарога зусім разбітая, вясной-восенню гразь такая, што не прайсці, — патлумачыў вясковец.

Увогуле Сяргей Міхайлавіч не першы раз звяртаецца па дапамогу ў Савет Рэспублікі.

— Вельмі добра адносяцца. Наталля Качанава — малайчына, чалавек, які спачувае нам, старым. Раней, калі звяртаўся, на працягу 10-15 дзён мне заўжды адказвалі.

Між тым зноў жа аб праблемнай дарозе па вуліцы Пушкіна ў вёсцы Скепня Жлобінскага раёна падчас прыёму распавяла жыхарка Жлобіна Людміла Міхайлаўна. Вуліцу бясконца падтаплівае, наракае жанчына.

— Службы газу, вывазу смецця, аўтакрама не хочуць прыязджаць да нас, — паведаміла заяўніца.

Хвалюе дарожная праблема не толькі жанчыну, але і ўсіх яе суседзяў.

— Зварот ад усіх людзей, хто жыве на вуліцы, а гэта ў асноўным пенсіянеры, якім складана прайсці па падтопленай дарозе. Нам ні асфальту, нічога дарагога не трэба, толькі каб зрабілі гэту дарогу праезнай, — перадала хваляванне вяскоўцаў Людміла Міхайлаўна.

Як запэўнілі ў райвыканкаме, фактаў нявыезду аварыйных службаў па агучаным адрасе не выяўлена. Але на праблемную дарогу, сапраўды, даўно наракаюць вяскоўцы гэтага населенага пункта.

— Асаблівая ўвага — жыхарам вёскі, — заклікала раённыя ўлады Наталля Качанава. — Нам вельмі важна, каб людзі заставаліся жыць у сельскай мясцовасці. Дзе ні праходзяць прыёмы, больш за ўсё пытанняў па вёсцы, а гэтыя людзі — залаты наш фонд.

Як паабяцаў старшыня Жлобінскага райвыканкама Сяргей Ярац, да 9 мая давядзенне да ладу сельскай дарогі будзе забяспечана. Агучаныя звароты па дарожных праблемах узятыя на кантроль Саветам Рэспублікі.

Вада — вядзе…

Традыцыйна паступілі як звароты, якія можна вырашыць вельмі хутка і аператыўна, так і тыя, што патрабуюць дэталёвага разгляду. Яны ўзятыя Старшынёй Савета Рэспублікі на кантроль.

Жыхарка Жлобіна прыйшла шукаць дапамогі ў пытанні спадчыны. Муж заяўніцы і яго сястра не могуць вызначыць, як уступаць у спадчыну. Бо па рашэнні суда адмена спадчынных дакументаў прызнана не правамоцнай. Памерлая свякроў заяўніцы пры жыцці спачатку ў 2019 годзе напісала завяшчанне, па якім трохпакаёвая кватэра пераходзіць у спадчыну дачцэ, а сыну (мужу заяўніцы) — грошы. Пасля яна гэта завяшчанне адмяніла, але ў 2020 годзе жанчыну прызналі недзеяздольнай…

Гэтае пытанне ўзята на кантроль.

Яшчэ адзін агучаны зварот, які таксама ўзяла на кантроль Старшыня Савета Рэспублікі, — падтапленне дома. На працягу многіх гадоў змагаецца з гэтай праблемай, якую стварае блізкае возера, жыхарка Жлобіна, шматдзетная мама Святлана.

— Вада круглы год і ў агародзе, і пад домам, фундамент размывае. Тая ж сітуацыя і на вуліцы. Спадзяюся, што цяпер яна зменіцца. Будуць проста шчаслівыя ўсе жыхары нашай вуліцы, бо пакутуюць ад такой жа праблемы, — патлумачыла Святлана.

Як удакладніла жанчына, пасля яе звароту ў райвыканкам раней на вуліцу для агляду выязджалі камісіі. Абяцалі зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю для работ па водапаніжэнні, але доўгі час ужо няма ніякага рашэння.

— Трэба зрабіць так, каб гэта праблемнае пытанне было канчаткова вырашана для ўсёй вуліцы. Пытанне водаадвядзення павінна быць прапрацавана са спецыялістамі. Мы возьмем пытанне на кантроль, — падкрэсліла Наталля Качанава.

З пытаннем рамонту дарогі па адной з вуліц прыватнага сектара Жлобіна звярнулася Раіса Мітрафанаўна.

— Прыйшла не скардзіцца, а ўнесці прапановы па добраўпарадкаванні нашага горада. У цэнтральнай частцы Жлобіна ўсё амаль ідэальна, але хацелася б прыгажосці і ў прыватным сектары, — звярнулася пенсіянерка.

Наталля Качанава парэкамендавала мясцовым уладам прапрацаваць праграму па добраўпарадкаванні на ўзроўні горада.

— Паўсюль жывуць людзі, яны маюць права на камфортныя ўмовы. Сітуацыя з бюджэтнымі сродкамі зразумелая. Магчыма, варта падключаць не толькі бюджэт, але і ЖКГ, і сродкі людзей. Сфарміраваць праграму на пяцігодку і рэалізоўваць яе. Людзі будуць бачыць вынік, будуць удзячныя, — заклікала Старшыня Савета Рэспублікі.

Як жыць?

Маладая жанчына, маці пяцярых дзяцей Людміла, пераканана, што зварот у Савет Рэспублікі — для яе адзіная магчымасць вырашыць раз і назаўжды пытанне з няякасным жыллём ад забудоўшчыка. Маладая маці адчаялася вывесці цвіль у сваёй кутняй кватэры. Жыллё на першым паверсе шматпавярховіка яе сям’я атрымала чатыры гады таму. Як толькі выявілася праблема ў ванным і спальным пакоях, жанчына звярнулася да забудоўшчыка. Не без праблем заяўніца дабілася камісійных аглядаў кватэры, праводзіўся агляд швоў панэльных пліт фасада. Але пытанне да гэтага часу не вырашана. Гэты зварот таксама ўзяты на кантроль Саветам Рэспублікі.

Канструктыўныя прапановы

На прыём да Наталлі Качанавай з важнай прапановай прыехалі жыхары Гомеля.

— Гэтыя ідэі датычацца захавання гістарычнай памяці. Гэта сведчыць аб тым, што людзі сёння памятаюць і шануюць сваю гісторыю і хочуць, каб яна захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. І напярэдадні такіх вялікіх свят, як Дзень Перамогі і 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта вельмі важна. Людзей не пакідае раўнадушнай тая работа, якая праводзіцца сёння ўсімі дзяржаўнымі органамі, Генеральнай пракуратурай па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Як зазначыла спікер верхняй палаты, сёння можна казаць і аб тым, што тэматыка зваротаў на прыёмах пашыраецца.

— Ёсць пытанні, якія датычацца дзейных нарматыўна-прававых актаў. У прыватнасці, мы разгледзім і паспрабуем спрасціць працэдуру рэалізацыі лішкаў прадукцыі, якую вырошчваюць людзі на сваіх прысядзібных участках, — распавяла Наталля Качанава. — Між тым некаторыя пытанні ўдаецца вырашыць практычна імгненна на месцы. Думаю, што варта больш праводзіць тлумачальную работу і нам, і дэпутацкаму корпусу, і наогул больш гаварыць аб рабоце са зваротамі грамадзян на мясцовым узроўні. І, напэўна, пытанні на гэтым узроўні будуць вырашацца роўна гэтак жа, як калі б людзі звярталіся да нас.

Ацэньваючы тэматыку часткі зваротаў людзей, Старшыня Савета Рэспублікі не абмінула ўвагай, што адной з самых хвалюючых праблем, з якімі прыходзяць на прыём, застаецца стан дарог, і дарог менавіта на вёсцы. Таму і пастаўлена задача Прэзідэнтам — асаблівую ўвагу ўдзяліць стану мясцовых дарог, звярнула ўвагу яна.

Рэзюміруючы практыку работы са зваротамі грамадзян, Наталля Качанава адзначыла, што члены Савета Рэспублікі ў гэтай дзейнасці імкнуцца да максімальнай рэзультатыўнасці, адкрытай і зразумелай для людзей работы.

— Прыёмы грамадзян — цяжкая праца, аднак заўсёды атрымліваеш станоўчыя эмоцыі, калі можаш дапамагчы людзям вырашыць іх пытанні і праблемы, — адзначыла Наталля Качанава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.