Вы тут

Бясконцая «вандроўка» па Пружанах і ваколіцах


Літаратурна-краязнаўчая вандроўка па Пружанах і ваколіцах можа падацца бясконцай. Таму, калі наважыцеся вывучаць беларускую літаратуру і культуру па гэтых мясцінах, лепей выпраўляйцеся ў дарогу напярэдадні. Знайдзіце прытулак — магчыма, у гасцініцы Пружанскага лясгаса па вуліцы Макаранкі, альбо ў атэлі «Пружаны сіці»... А з раніцы ўжо будзеце адкрываць для сябе тэму «Літаратурная Пружаншчына».


Дарэчы, горад і край самым цесным чынам звязаныя і з гісторыяй рускай літаратуры... Пра гэта сведчаць многія факты. 

Як, напрыклад, і такі: у 1908 годзе гаспадар мясцовых рамесніцкіх майстэрняў Л. Фішман паслаў на 80-годдзе класіку рускай літаратуры Льву Мікалаевічу Талстому сто кос і наборы для іх вастрэння. Пісьменнік адказаў на падарунак падзячным лістом, у якім паведаміў, што косы раздаў мясцовым сялянам, а адну павесіў у сябе ў кабінеце. Пакідаючы Ясную Паляну ў 1910 годзе, Талстой зняў касу са сцяны. Цяпер падарунак пружанскага майстра захоўваецца ў Яснапалянскім музеі.

Праз Пружаны ў 1826 годзе праязджаў рускі паэт Вільгельм Кюхельбекер. Ён уцякаў у Варшаву пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў. У Першую сусветную вайну ў Пружанах пабываў вядомы рускі і савецкі празаік Канстанцін Георгіевіч Паўстоўскі. Ён служыў санітарам у палявой санітарнай дружыне. Пра Пружаны і іншыя свае беларускія сцежкі, пройдзеныя ў той час, пісьменнік расказаў у аповесці «Неспакойнае юнацтва». У Пружанах нарадзілася Ксенія Львова (1897–1968). У 1920-я гады яна была карэспандэнтам самарскай газеты «Волжская коммуна», працавала агітатарам у вёсцы. Большую частку жыцця пражыла ў Сібіры. 

У 1930 годзе ў аўтарытэтным часопісе «Сибирские огни» была надрукавана аповесць нашай зямлячкі «Будні». Пазней твор увайшоў у зборнік «Апавяданні» (1939) пад назвай «У годзе дваццаць восьмым». У 1935 годзе выходзіць раман Ксеніі Львовай «Высокі вецер». Затым — нарысы «Людзі аднаго калгаса» (1947) і «Жывыя душы» (1948). Ксенія Львова — аўтар рамана пра мікрабіёлагаў «Алена» (1955). У 1950 годзе пісьменніца атрымала Сталінскую прэмію трэцяй ступені за аповесць «На лясной паласе».

У вёску Семянча ў маёнтак да маці прыязджаў у 1910-я гады празаік і літаратурны крытык Алесь Гародня (1899–1944), які нарадзіўся ў Пярмі (Расія). Маёнтак дзеда пісьменніка быў у Здзітаве (Бярозаўскі раён). І хоць бацькі Алеся не прымалі беларускую мову, малады чалавек цікавіўся беларускім, у прыватнасці пружанскім, фальклорам, з прыязнасцю ставіўся да беларускага слова. Кастрычніцкую рэвалюцыю літаратар сустрэў у Фінляндыі. У 1917 годзе пераехаў на вучобу ў Маскву. Далучыўся да беларускага руху. У пачатку 1930-х Алесь Гародня працаваў у Мінску ў часопісе «Чырвоная Беларусь». Друкавацца пачаў у 1925 годзе. Як крытык нарабіў нямала шкоды сваімі артыкуламі супраць паэзіі Алеся Дудара і Тодара Кляшторнага. У 1927 годзе выйшла аповесць А. Гародні «На крэсах», у 1930-м — аповесць «Варта на Рэйне». У 1930 Алесь Гародня быў арыштаваны. Будаваў Беламорска-Балтыйскі канал. У 1934 годзе вызваліўся, праз год быў ізноў арыштаваны і высланы ў Самаркандскую вобласць (Узбекістан). Памёр у зняволенні 12 верасня 1944 года…

Самая цікавая экскурсія ў Пружанах у вас, відавочна, атрымаецца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» па вуліцы Савецкай, 50. Пабудаваная ў сярэдзіне XІX стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара Францыска Марыя Ланцы сядзіба ўключае каменны дом, два каменныя флігелі, парк плошчаю 13 гектараў. Ёсць сажалка з каналамі... У музеі падарожнікі змогуць адкрыць для сябе многія памяткі з гісторыі Пружаншчыны…

З самімі Пружанамі і многімі паселішчамі края звязаныя жыццё і творчасць польскага пісьменніка, гісторыка і мастака Юзафа Крашэўскага (1812–1887), які хоць і нарадзіўся ў Варшаве, усё сваё жыццё звяртаўся да беларускай, берасцейскай гісторыі. Ю. Крашэўскі — аўтар болей 200 раманаў і аповесцяў. Непасрэдна Пружанам, ваколіцам прысвечаны яго «Успаміны Палесся, Валыні і Літвы» (1840), краязнаўча-этнаграфічны нарыс «Адзенне мяшчан і сялян з ваколіц Брэста, Кобрына і Пружан». У другой палове XІX стагоддзя Юзаф Крашэўскі быў самым папулярным пісьменнікам у Расіі. Ужо пасля смерці літаратара ў Санкт-Пецярбургу выйшаў збор яго твораў у 52 (!) кнігах. У 1996 годзе выдавецтва «Терра» выпусціла на рускай мове збор твораў Ю. Крашэўскага ў дзесяці тамах. Сярод беларускіх перакладчыкаў «пружанскага Дзюма» — Пятро Бітэль, Васіль Сёмуха, Міхась Кенька, Леў Казлоў і інш.

З пружанскай вёскай Доўгае, дзе некаторы час жыў і Юзаф Крашэўскі, звязаны лёс пісьменніка і астранома-аматара Каятана Крашэўскага (1827–1896). Аўтар гістарычных аповесцяў, мемуараў нарадзіўся ў вёсцы Доўгае, а памёр у пружанскім паселішчы Стары Куплін. Пісьменнік валодаў бібліятэкай да 10 000 кніг. Дзякуючы запісам Каятана Крашэўскага захавалася апісанне родавай сядзібы Крашэўскіх у Доўгім. Вёска знаходзіцца даволі блізка — за 10 км на ўсход ад Пружан, таму не пашкадуйце часу і наведайце паселішча.

А за 45 км ад Пружан — гарадскі пасёлак Ружаны. Таксама паселішча са сваёй літаратурна-краязнаўчай памяццю. Сярод славутасцяў Ружан — палацавы комплекс... Цяперашні стан — наступствы многіх падзей XX стагоддзя. Ужо ў XXІ стагоддзі прадпрыняты выразныя крокі да ўзнаўлення, рэстаўрацыі гэтага помніка. Завітайце ў Пружанах у касцёл Найсвяцейшай Тройцы, а яшчэ — пазнаёмцеся са Свята-Петрапаўлаўскай царквой, праваслаўным храмам, які з’яўляецца помнікам архітэктуры барока. З літаратурнай памяццю Ружан звязаны лёс польскага пісьменніка Леана Патоцкага, аўтара ўспамінаў аб Свіслачы, Дзярэчыне і Ружанах (яны выйшлі ў перакладзе на беларускую мову ў 1998 годзе). У Ружанах нарадзіўся славуты расійскі краязнаўца, даследчык Сібіры Аляксандр Дунін-Гаркавіч (1854–1927). Ён з’яўляецца аўтарам трохтомнага даследавання «Табольская Поўнач» (кніга перавыдадзена ў 1995 годзе ў Маскве). 15 мая 1927 года ў Ханты-Мансійску адкрыты помнік А. Дуніну-Гаркавічу. У Табольску працуе музей нашага суайчынніка.

Расказваючы пра Пружаншчыну ў звязцы з літаратурным краязнаўствам, нельга абмінуць імя Міколы Засіма (1908–1957), які нарадзіўся ў вёсцы Шані. Заходнебеларускі падпольшчык, у час польскай акупацыі ён неаднаразова арыштоўваўся. У Вялікую Айчынную вайну — партызан, інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. Дэбютаваў з вершамі ў друку ў 1928 годзе. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях. Першы зборнік вершаў Міколы Засіма выйшаў у 1947 годзе — «Ад шчырага сэрца». З увагай і чуласцю да творчасці нашага земляка ставіўся класік рускай і савецкай паэзіі Аляксандр Твардоўскі.

Пружаны, Пружаншчына літаратурная — гэта і творчыя лёсы паэтаў Міколы Антаноўскага, Анатоля Шушко, публіцысткі і празаіка Марыі Вайцяшонак, фалькларыста Міхала Федароўскага, публіцыста, літаратуразнаўца, харавога дырыжора Рыгора Шырмы, паэта Міколы Купрэева, гісторыка, славіста Платона Жуковіча

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Загаловак у газеце: Пружаны і ваколіцы

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.