Вы тут

Гэтае свята заўжды было асаблівым — і пры жыцці дзядулі, і цяпер


Гэтае свята заўжды было асаблівым — і пры жыцці дзядулі, і цяпер

Вайна... Само гэта слова ў некага выклікае страх, у некага — балючыя ўспаміны, а то і слёзы. Маё пакаленне ведае пра яе з кніг, дакументальнай хронікі, з мастацкіх фільмаў і расказаў родных.

З прадзедам Васілём Аляксандравічам Мартосам, ураджэнцам в. Круты Бераг Нясвіжскага раёна, мы, калі можна так сказаць, размінуліся ў часе: мне было шэсць месяцаў, калі ён памёр. А нарадзіўся — у 1909-м у невялікай па тым часе вясковай сям’і, дзе былі яшчэ брат і дзве сястры. Прадзед — найстарэйшы, а значыць, ён, калі не стала бацькі, адбудоўваў пасля пажару хату, карчаваў пні, каб павялічыць надзел зямлі, перавозіў сям’ю то на хутар, то назад у вёску.

У 1936 годзе гэты малады гаспадар ажаніўся (па словах бабулі, «у пятніцу пасля Сёмухі»), каб пражыць у шлюбе 62 гады, нарадзіць пяцярых дзяцей (траіх, на жаль, пахаваць) і пры гэтым самым страшным выпрабаваннем для сям’і і ўсёй вялікай краіны лічыць менавіта вайну.

...Пра жыццё пад акупацыяй ні прадзед, ні прабабуля распавядаць не любілі. Успаміналі толькі, што іх старэйшая дачушка Люся, першы раз убачыўшы немцаў, страшэнна спужалася, захварэла і ў чатыры гадкі памерла.

У рады Чырвонай Арміі Васіля Аляксандравіча прызвалі ў 1944-м. З сям’ёй развітваўся са слязамі на вачах: баяўся, што болей не ўбачыць, што без яго абы-якімі могуць вырасці сыны — сямігадовы Саша і аднагадовы Антон.

(Развітанне... Мо назусім... Скупыя мужчынскія слёзы... Маленькія ручкі дзяцей у вялікіх агрубелых ад працы бацькавых... Варта ўявіць, і таксама заплачаш.)

Потым была «вучэбка» ва ўкраінскім Оўручы, служба ў 140-й стралковай дывізіі…

Гэтую інфармацыю мы адшукалі пасля смерці прадзеда на сайце і даведаліся, за якія асаблівыя заслугі (радавым інакш не давалі) прадзед быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі. Цытата: «Тав. Мартос, выконваючы абавязкі сувязнога пры аддзеле тылу, заўсёды, у любы час дня і ночы дастаўляў баявыя загады часцям дывізіі і начальнікам службаў. У баях за Савецкую Радзіму ў раёне Карпат быў цяжка паранены...»

З дакумента зразумела, што камандзір пісаў хадайніцтва, а якую ўзнагароду атрымае баец, дапісана пасля. Пацверджаннем таму яшчэ адзін рассакрэчаны дакумент — загад па 140-й стралковай дывізіі ад 14 верасня 1945 г. аб узнагароджанні ордэнам Чырвонай Зоркі радавога Мартоса Васіля Аляксандравіча, стралка каменданцкага ўзвода: «За ўзорнае выкананне баявых заданняў... і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць».

Пра адзін з выпадкаў прадзед успамінаў. Неяк, даставіўшы пакет дакументаў, пачуў ад афіцэра надзвычайныя словы падзякі!

(Можа, дакументы былі нейкай асаблівай важнасці, а можа, у штабе ўжо не спадзяваліся іх атрымаць?)

Быў яшчэ і медаль «За баявыя заслугі», паводле дакументаў: «За спыненне контратакі праціўніка і атрыманае ў выніку раненне».

...Вайну мой прадзед закончыў на тэрыторыі Чэхаславакіі (дакументальных пацвярджэнняў гэтаму ў сямейным архіве, на жаль, няма) і ўжо ў мірны час атрымаў Ордэн Айчыннай вайны другой ступені.

Пра тое, як ваяваў, прадзед амаль не расказваў: лічыў, што кожнае пакаленне «нясе свой крыж», на яго долю выпала вайна... А вось пра баявых таварышаў-землякоў (ваяваў разам з Барысам Турко з в. Завітая) заўсёды гаварыў з цеплынёй. Гэтыя дзве «прыгоды», па словах мамы, гучалі найчасцей.

На паверцы малады лейтэнанцік заўважыў у дзядулі нацельны крыжык і загадаў неадкладна зняць. Баец (ну, вядома ж, рызыкуючы трапіць пад трыбунал) адказаў, што ён гэтага рабіць не будзе — «сам здымай»... Лейтэнанцік не адважыўся…

Хутчэй за ўсё ён быў камуністам, але ж у акопах, як кажуць, не бывае бязбожнікаў: у душы, пэўна, кожны верыў у найвышэйшыя сілы, якія засцерагуць, дапамогуць не страціць мужнасці, справіцца з ворагам, вярнуцца дамоў.

І яшчэ. Нарадзіўшыся ў пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы, Васіль Аляксандравіч не слухаў радыё, не глядзеў тэлевізар, бо іх не было, і таму з цікавасцю назіраў за людзьмі іншых нацыянальнасцяў; распавядаў пра тое, як байцы, штодня назіраючы кроў і смерць, стараліся падтрымліваць адзін аднаго, не ачарствець душой…

Прадзед, у прыватнасці, часта ўспамінаў пра мусульманіна, які не раз адмаўляўся ад ежы, бо яму нельга было ўжываць свініну... А ў народзе ж не дарэмна кажуць, што чалавек галодны ні на што не годны: ваяваць — і пагатоў! Таварышы па зброі прыдумалі выйсце: з кавалачкаў мяса здымалі сала (каб не разабраць было, чым запраўлена каша) і перадавалі кацялок байцу. На пытанне «Свін?» упэўнена казалі: «Не!» і потым ведалі, што іх таварыш падсілкаваўся, не застаўся галодным.

Ці не ў гэтым заключаецца сапраўдная сяброўская падтрымка? Ці не гэта паказчык чалавечнасці?

...Дзядуля заўсёды (пакуль меў сілы) з вялікім задавальненнем хадзіў на святочныя мерапрыемствы да дня Перамогі, сустракаўся з такімі ж ветэранамі. Яны разам слухалі словы віншаванняў і ўдзячнасці, ушаноўвалі памяць загінулых, паміналі іх баявымі ста грамамі. І ў сям’і гэтае свята заўсёды было асаблівым — як пры жыцці дзядулі, так і цяпер.

Чаму? Думаю, таму, па-першае, што амаль не засталося ветэранаў, удзельнікаў вайны, а значыць, няма каму падзяліцца ўсім тады перажытым; а па-другое, свет ды жыццё вакол нас такія неспакойныя…

Тым больш шчырай і важкай павінна быць удзячнасць нашым папярэднікам за тое, што перамаглі, за тое, што амаль восемдзясят гадоў людзі маюць магчымасць жыць пад мірным небам, не прачынацца ад выцця сірэн, ад выбухаў і пажараў.

...Мой прадзед Васіль Аляксандравіч Мартос пражыў доўгія 94 гады. Людзі вельмі паважалі яго, бо з адукацыяй «дзве зімы» (па сённяшніх мерках — ніякай) ён вельмі шмат чаго ведаў і ўмеў (тагачасны старшыня калгаса «17 верасня» заўсёды раіўся з ім, калі сеяць і пачынаць жніво, як лепш захаваць ураджай).

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак прадзед яшчэ дзесяць гадоў працаваў фуражырам, стаў заслужаным калгаснікам (адмысловую ганаровую стужку разам з іншымі ўзнагародамі захоўвае мая бабуля Марыя).

І дома ў прадзеда ўсё было па-людску: кароўка (а то і дзве), свінні, гусі, куры, зямельны надзел, які абрабляўся ўручную.

Прадзед жыў «пад Польшчай», прайшоў дарогамі вайны, што называецца, на сабе адчуў, што такое калектывізацыя, гады перабудовы. Але дакладна ведаў: не часы вызначаюць учынкі чалавека, а чалавек сам: яго людскасць, яго душа і яго прынцыпы. Васіль Аляксандравіч ніколі не казаў, што не той узрост і не тое здароўе: кожны дзень яго быў у клопатах і справах. І для нас, яго наступнікаў, гэта стала прыкладам для выбару кім быць і якімі быць.

...Жыццё не стаіць на месцы. Новы час прыносіць новыя выпрабаванні, новыя перамогі, новых герояў. Але кожнае пакаленне спраўляецца з выклікам, у першую чаргу дзякуючы таму, што пераймае вопыт старэйшых.

Мой прадзед — звычайны чалавек, якіх тысячы, але я дакладна ведаю, што менавіта яго ўнутраны стрыжань, яго прынцыпы, яго характар, яго працавітасць былі прыкладам для многіх — у сям’і, у радні, сярод аднавяскоўцаў.

Сын і ўнук майго прадзеда выбралі прафесію вайскоўца і з гонарам служылі, захоўваючы мір і шчасце на роднай зямлі. Мая мама — настаўніца. Гэтую ж прафесію выбрала я. Вучуся, стараюся быць годным чалавекам, захоўваць сямейныя каштоўнасці і памяць продкаў.

Валерыя РУСАК, студэнтка

г. Мінск

P. S. Фотаздымак дзядулі не найлепшай якасці, але ўсім нам вельмі дарагі, бо адзіны з часоў вайны


«Цяжка прыйшлося, аднак людзі змагаліся і цярпелі, не здаваліся»

Сёлета 80 гадоў з дня вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое дасталася вельмі дарагой цаной і ў якім важную ролю адыграў партызанскі рух. Удзел у ім бралі мае бацькі Ганна Паўлаўна і Канстанцін Дзмітрыевіч Берднікі. Толькі пажаніўшыся, яны жылі за сотні кіламетраў ад Мінска, у невялікім гарадку Капыль, чакалі першынца.

Калі пачалася вайна, Косця накіраваўся ў ваенкамат, але там ужо ішла эвакуацыя. Тату ды іншым хлопцам-мужчынам параілі самастойна шукаць нашы войскі. З надзеяй сустрэць рэгулярныя часці група рушыла ў бок Мінска і праз пару дзён, на падыходзе да сталіцы, даведалася, што ў горадзе немцы... Абходнымі шляхамі прыйшлося вяртацца назад.

У верасні 1941-га ў маладой сям’і нарадзіўся сын. У пачатку 1942-га фашысты сталі настойліва вербаваць нашых мужчын у паліцаі, і ў той жа час у лясах Капыльшчыны пачалі стварацца партызанскія атрады. Ганна і Канстанцін вырашылі пайсці туды разам (маладой матулі з дзіцем небяспечна было заставацца дома). Пад выглядам збораў на палявыя работы сям’я загрузілася ў воз і дабралася да партызанскага атрада.

Косцю адразу прызначылі ў конную разведку, Ганна займалася гаспадаркай. Цяжка прыйшлося, аднак людзі змагаліся і цярпелі, не здаваліся, бо вораг прыйшоў на нашу зямлю, каб зрабіць нас рабамі.

У час адной з бамбёжак Ганна, прыкрываючы сабою дзіця, была паранена. Косця, вяртаючыся з заданняў, здаралася, паказваў ёй у некалькіх месцах прастрэленую шапку.

...Дзеці, унукі Ганны Паўлаўны і Канстанціна Дзмітрыевіча (на здымку) ведаюць гэта па расповедах бацькоў і дзядоў. Наступныя ж пакаленні павінны не толькі захаваць гэту памяць, але і перадаць далей.

Сяргей БЕРДНІК, сын

г. Мінск


Пасееш прывычку — пажнеш характар…

У салонах магілёўскіх аўтобусаў і тралейбусаў часта назіраю такую карціну: у пярэднія дзверы заходзіць нехта старэнькі, з кавенькай, азіраецца — шукае вачыма, дзе б прысесці, а месцы (нават з пазнакай для інвалідаў) занятыя хлопцамі і дзяўчатамі, маладымі жанчынамі і мужчынамі. Уткнуўшыся ў свае смартфоны, яны нікога вакол не бачаць... Здаралася, я нават задаваў пытанне: «Можа, хто з „інвалідаў“ уступіць месца бабулі?» Вось тады ўжо нехта ўставаў.

Раней, помніцца, кіроўцы і кандуктары звярталіся да пасажыраў з аб’явамі, з напамінамі, як трэба сябе паводзіць. Апошнім часам такіх зваротаў нешта не чуваць. Маладыя людзі спакойна займаюць месцы, спакойна едуць, і прычыну гэтага я разумею. Нашы дзеці і ўнукі змалку прывыкаюць да таго, што ўсё найлепшае аддаецца ім... А вось у народаў Каўказа ці не ў крыві — павага да старэйшых.

Як гэта выхоўваецца, раскажу на канкрэтным прыкладзе. Аднойчы я зайшоў у вагон цягніка, які ішоў у Баку. Сесці не было дзе: усе месцы занятыя, аднак мужчына гадоў сарака штурхнуў пад локаць хлапчука (трэба разумець, старэйшага сына... Побач сядзелі трое малых) і моўчкі загадаў устаць.

Я хацеў спыніць хлопчыка, сказаў, што мне зусім няцяжка — магу пастаяць. Але бацька ўжо мне ціха загадаў: «Сядайце. Так трэба... Потым скажу, навошта».

І сапраўды, калі мы дабраліся да месца, гэты шматдзетны азербайджанец на некалькі крокаў адвёў мяне ад малых і сказаў: «Ведаеце, у вагоне я клапаціўся не столькі пра вас... Я хачу, каб мае дзеці з павагай ставіліся да людзей пажылых — і сваіх, і чужых... Калі сёння мой сын не ўступіць месца вам, калі ён не прывыкне паважаць старэйшых, то падрасце і не будзе паважаць мяне».

Вось такі, можна сказаць, асабісты інтарэс, вось такая народная мудрасць. Не грэх бы яе засвоіць і нам.

Віктар АРЦЁМ’ЕЎ

г. Магілёў


З надзеяй…

Я ведаю лекі ад грубага слова,

Ад думак маркотных, 

ад страху і стрэсу,

Ад кроку спантаннага, 

выпадку злога...

Усмешка — ахоўнік маіх інтарэсаў.

Аддаць задарма —

не шкада абсалютна!

Я з ёй адчуваю сябе аптымісткай

У лесе ціхуткім,

натоўпе шматлюдным,

Прыгожай і смелай, 

як тая ж артыстка!

Мой твар

упрыгожыць яна без памады,

Асветліць пакой 

у любое надвор’е,

Пакіне каханаму ціхую радасць

І можа, у адказ мне —

усмешак сузор’е?

Алена БЕЛЬСКАЯ

г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.