Вы тут

Дзе вядомыя беларусы сустрэлі 9 мая 1945 года


Дзень Вялікай Перамогі, доўгачаканы, выпакутаваны, назаўсёды адбіўся ў памяці, у творчасці, у лістах і дзённіках, вершах, карцінах і музыцы тых, хто яго сустрэў. Існуе столькі выбітных твораў, прысвечаных гэтаму вялікаму святу! А мы давайце паспрабуем дакрануцца да непасрэдных уражанняў творчых людзей пра той гістарычны дзень, каб уявіць, як гэта было.


«Мне казалось, что вся Москва хлынула на телеграфы»

Перапіска паэтычнай пары — Максіма Лужаніна і Яўгеніі Пфляўмбаўм — доўжылася і ў ваеннае ліхалецце, захаваўшы для гісторыі палкія і складаныя пачуцці аўтараў, якія называлі адно аднаго Жэнь і Аль. Максім Лужанін з першых дзён вайны быў прызваны, апынуўся на фронце, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, дзе быў цяжка паранены. Яўгенія Пфляўмбаўм працавала ў Маскве.

Адразу пасля вызвалення Мінска Лужанін вяртаецца туды на рэдакцыйную работу, 18 ліпеня 1944 года ён піша Яўгеніі:

«Приветствую из Минска. Приехал сюда пару дней тому назад, еще не успел осмотреться, а уже нужно собираться дальше. Говорить тебе об огромной радости свидания с городом трудно, кажется, что все еще пока во сне. Вчера был парад огромной партизанской армии, возбуждавший много мыслей и чувств. Нет, никогда не может быть рабыней страна, воспитавшая этот стальной негнущийся народ. Потому с такой быстротой и покатились отсюда немцы».

А 9 мая 1945 года Лужанін дасылае сваёй Жэнь тэлеграму:

«Поздравляю родную радостью твоей моей всех нас Максим».

У гэты ж дзень Пфляўмбаўм адказвае лістом:

«Здравствуй, мой родненький Аль!

Как хорошо, что ты послал телеграмму в этот прекраснейший день на земле. Так она нужна мне была, твоя телеграмма, и она пришла такой, как мне ближе и понятнее всего. И в ней ты, оставшийся собой даже в этих лимитированных кодом словах.

Я тоже дала тебе телеграмму 9 мая. Мне казалось, что вся Москва хлынула на телеграфы — так нужно было каждому сказать о радости самому дорогому и близкому человеку!»

«Падрыхтавацца да атакі, ставіць гарматы на прамую наводку»

Пра тое, як франтавік Васіль Быкаў сустрэў канец вайны, ён апісаў у сваіх успамінах. Для яго Перамога набліжалася ў баях на тэрыторыі ворага.

«Быў ужо май, цвіў бэз. Стаялі каля невялічкага горнага гарадка ці, можа, пасёлачка, праз які праходзіла асфальтаваная шаша. Пазіцыі займалі за лесапільняй, месца было зацішнае. Немцы з-за пасёлка зрэдчас пастрэльвалі з мінамётаў, разбіваючы апошнія ўцалелыя дамоўкі... Так настала сёмае мая... І вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісанне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазіцыі. Падрыхтавацца да атакі, ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык... Псіхалагічны стан болей чым паршывы, бо пераналадзіліся ўжо на мір, паявілася ўжо надзея, што выжылі. А тут…

Праўда, яшчэ памарудзілі з гадзіну, а тады пасля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. І начальства загадала чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але без пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. І за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калонамі»…

Але бойкі на гэты раз не атрымалася — немцы ішлі здавацца. А праз пару дзён полк пастроілі на лужку з нагоды Перамогі, каб узнагародзіць усіх вартых.

«Ордэн Чырвонай Зоркі — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама», — піша Васіль Быкаў.

«А ўсюды сонца, сонца, сонца, сонца»

Паэт Пімен Панчанка ваяваў на чатырох франтах: «Я на вайне не быў рахункаводам і запісы дакладныя не вёў — дзе і ў якіх баях хадзіў у наступ, і колькі куляў цэліла мне ў сэрца». А вось Перамогу давялося сустрэць у экзатычных абставінах, у далёкім Іране, куды закінуў салдацкі лёс. А як рвалася сэрца на вызваленую Радзіму, як хацелася ў гэты дзень быць у цэнтры падзей! Пра свае перажыванні паэт распавёў у паэме таго ж 1945-га года «Маладосць у паходах»:

«І як шкада, што ў ранак вызвалення

Не давялося мне ісці ў атаку

З героямі праслаўленых франтоў.

Мяне закінуў у Іран спякотны

Загад Радзімы — мой салдацкі лёс...

Я дзякую табе, зямля чужая,

За тое, што найлепшыя навіны

Пачуў я тут, пад гэтым душным сонцам,

Пачуў я тут Масквы ўрачысты голас,

Нібыта голас мацеры далёкай:

Канец вайны! Канец святой вайны!..

Ты часта сніўся мне, апошні залп,

У франтавых зямлянках, на прывалах —

І вось доўгачаканы прагрымеў!

Я гэты дзень чакаў, нібыта свята.

Калі б малітвы ведаў, — памаліўся б

За хлопцаў, што ў Берліне зараз ходзяць,

За агнявыя водбліскі салютаў,

За родны і любімы свой народ.

Дзявятае! Дзявятае! — бясконца

Я паўтараю залатую лічбу

І слаўлю ад душы цябе, мой май!

Закончаны бясконцыя блуканні,

Закончана трывога нашых матак.

І слоў няма, а толькі вочы ў слёзах

Ды моцныя абдымкі дружбакоў.

А ўсюды сонца, сонца, сонца, сонца».

«Квяцістыя цюбецейкі і яркія, поўныя сонечнай квецені сукенкі жанчын»

Народны мастак БССР Яўген Чамадураў, які стварыў унікальнае афармленне многіх пастановак на сцэне Вялікага тэатра БССР, з 1938 да 1951 года быў галоўным мастаком Таджыкскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Там, у Сталінабадзе, ён і сустрэў Перамогу.

«Вясна 1945 года здавалася нам асабліва сонечнай і яркай! Усе жылі пераможнымі зводкамі Савінфармбюро, чаканнем з дня на дзень поўнай перамогі і доўгачаканага міру…

І вось 8 мая мае суседзі па доме, якія ведалі іранскую мову, вечарам „злавілі“ тэгеранскае паведамленне, што ў Карлхосце пад Берлінам падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі! Навіна, што ўстурхала ўсіх, вокамгненна разнеслася па кватэрах нашага тэатральнага дома. Ва ўсіх сем’ях, дзе даўно чакалі падобнага паведамлення, гэтая ашаламляльная вестка была сустрэтая бурліва, з пацалункамі і абдымкамі…

На другі дзень мяне, што моцна заснуў пасля бяссоннай ночы, нечакана пабудзіла усхваляваная Аза, забегшы з вуліцы. Тузанула з мяне прасціну, радасна крычала, што вайна скончылася, што па радыё толькі што выступаў з паведамленнем пра доўгачаканы мір сам Сталін.

Хутка апрануўшыся, мы з жонкай і дачушкай выскачылі на вуліцу. Плошча перад будынкам паштамта, запоўненая сталінабадцамі, віравала захапленнем: квяцістыя цюбецейкі і яркія, поўныя сонечнай квецені сукенкі жанчын, святочныя халаты мужчын, зграйкі вясёлых дзяцей, усмешкі, што ззялі шчасцем…

З магутных рэпрадуктараў ліліся ўрачыстыя маршападобныя мелодыі, пад гукі якіх, з гучнымі крыкамі, перабіваючы адзін аднаго людзі ўсхвалявана абменьваліся віншаваннямі, сардэчнымі абдымкамі... Пачаўся мітынг.

Разам з жонкай і маленькай дачкой, якая сядзела ў мяне на плячы, я стаяў непадалёк ад сценаў паштамта. Нечаканы рух натоўпу скрануў нас з месца і прыціснуў да спінкі вулічнай лаўкі, што стаяла ля края тратуара... Я раптам зразумеў, што гэта менавіта тая лаўка, на якой чэрвеньскай нядзеляй 1941 года я так самотна сядзеў, уражаны весткай пра пачатак вайны».

«Мы стукалі ў вароты, зазіралі ў вокны...»

У аўтабіяграфічнай аповесці Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя» апісваецца, як прыйшла вестка пра Перамогу ў звычайную беларускую вёску, якая з цяжкасцю аднаўлялася пасля перажытых жахаў вайны. Бацька галоўнага героя, падлетка Івана, быў на фронце, маці памерла. Іван жыве з бабуляй і малодшым братам Глыжкам, ён фактычна за старэйшага ў сям’і, таму работы заўсёды шмат.

«Я капаю, а вочы мае на вуліцы. Гляджу і не веру — Смык бяжыць... Нахабна падбягае да нашага плота і крычыць:

— Капітуляцыя!

Я і галавы не павярнуў.

— Капітуляцыя! — яшчэ гучней паўтарыў Пецька. Што ён там за лухту нясе? Капітуляцыя нейкая.

— Чаго? — не зразумела і бабуля.

— Германія здалася! Па радыё перадаюць! — сказаў нарэшце Смык па-чалавечы.

Дык вось чаго радыё разгулялася! І Давід нам рукою махаў, а бабуля кажа — святыя трутні! Ну, прабачце, каб я цяпер грады капаў. Ды і бабуля ўваткнула рыдлёўку ў зямлю і пабегла ў хату. Я забыўся, што Пецька — мой люты вораг, мы бяжым па вуліцы ўдваіх і, каго б ні сустрэлі, крычым у дзве глоткі:

— Чуў, дзядзька? Капітуляцыя!

Кінуўшы сысунка, за намі ўвязаўся Глыжка. Мы прамчаліся па нашым Ніжнім доле, узрадавалі жанчын ля студні, пастукалі ў акно Малаху, ледзь не збілі з ног Мамулю:

— Капітуляцыя! Капітуляцыя! Капітуляцыя!

Пасля зрабілі круг па Заглінішчы, заскочылі на брыгадны двор, дзе ўжо нікога не было, акрамя дзеда Зязюлькі. Пакрычалі ў глухое вуха і Зязюльку. Нам падалося, што і стары хацеў бегчы разам з намі, пратупаў крыху ўслед, але потым вярнуўся. Мы стукалі ў вароты, зазіралі ў вокны, а Смык залез на дах Брыдчынай зямлянкі і некалькі разоў крыкнуў у трубу:

— Брыдка, вылазь — капітуляцыя!

Брыдчыха не вылезла, а выскачыла з мятлой, але калі мы ёй растлумачылі, што гэта на нас найшло, яна мятлу кінула і перажагналася. Наша цётка Марына заплакала. Дзед Мікалай падкруціў вусы і пабег на сяло — хацеў сам паслухаць гучнагаварыцель. Нінка-брыгадзірка спрабавала мяне абняць, ды я вывернуўся. Антаніна Аляксандраўна ўжо ўсё ведала сама і сказала:

— Віншую вас, дзеці, з перамогай.

Чмышыха спакойна заўважыла, што ўсё ў дзясніцы божай. Санька прайшоўся на руках. Скок нам загадаў:

— Бяжыце, мае галубы, па ўсіх вуліцах — мітынг будзе!

А бабуля дома спытала:

— Ну, усё сяло абегалі? — і Глыжцы пагразіла пальцам: — Каб не гэтая пітуляцыя, паказала б я табе кабанчыка! Кінуў аднаго на лузе і ўцёк! Дзякуй богу, што Нямеччына здалася, так ужо і быць — дарую цябе. Як-ніяк — другі Вялікдзень».

У кожнай беларускай сям’і свае кранальныя гісторыі пра дзень 9 мая 1945 года. Самы час успомніць іх, згадаць сваіх бабуль і дзядуляў, што перажылі найвялікшую трагедыю стагоддзя, успомніць з удзячнасцю тых, хто набліжаў Перамогу.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».