Вы тут

Якую дапамогу аказваюць ветэранам напярэдадні Дня Перамогі


Сён­ня ў Бе­ла­ру­сі жы­ве 1100 ве­тэ­ра­наў Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны і 7300 асоб, якія па­цяр­пе­лі ад на­ступ­стваў вай­ны. Сё­лет­ні год — асаб­лі­вы, ад­зна­ча­ец­ца 80-год­дзе вы­зва­лен­ня на­шай кра­і­ны ад ня­мец­ка-фа­шысц­кіх за­хоп­ні­каў. Асаб­лі­вым і за­па­мі­наль­ным ста­не і Дзень Пе­ра­мо­гі. Як уша­ноў­ва­юць ве­тэ­ра­наў і якія свя­точ­ныя ме­ра­пры­ем­ствы ча­ка­юц­ца 9 Мая, рас­ка­за­лі спе­цы­я­ліс­ты.


Дзяржаўны клопат

Як праінфармавала намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА, да ваеннага пакалення ў Беларусі адносяць амаль 500 тысяч чалавек, і гэта значная частка нашага насельніцтва. Саміх жа ветэранаў у краіне з кожным годам застаецца ўсё менш — на сёння гэта каля 1100 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і каля 7300 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, 90 % з іх — былыя вязні фашызму, астатнія — члены сем'яў загінулых партызан-падпольшчыкаў, таксама інваліды дзяцінства, якія атрымалі раненне ці кантузію.

— У гэтыя два юбілейныя гады важны акцэнт зроблены на сацыяльнай падтрымцы, узмацненні дзяржаўнага клопату, і ветэраны сёння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі і мясцовых органаў улады, і сацыяльных службаў, і грамадскіх аб'яднанняў, — адзначыла Марына Арцёменка. Каб на самым высокім узроўні правесці юбілейныя мерапрыемствы, зацверджаны ўказ кіраўніка дзяржавы, якім створаны Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па святкаванні юбілейных дат пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра, і зацверджаны план падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, у адпаведнасці з якімі ўжо сёння арганізавана ўся работа па падтрымцы ветэранаў.

Намеснік міністра паведаміла, што з пачатку бягучага года сацыяльныя службы, валанцёры, грамадскія аб'яднанні, навучэнцы і моладзь пайшлі да ветэранаў, каб абследаваць умовы іх пражывання, выявіць патрэбы і максімальна іх закрыць. Такое абследаванне прайшло па ўсёй краіне. У выніку 400 чалавек атрымалі дадатковыя віды падтрымкі: сацыяльныя паслугі, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, прыборку прыдамавой тэрыторыі.

— Гэты маніторынг пастаўлены на штомесячную аснову, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ажыццяўляе штомесячны кантроль задавальнення запытаў паважаных ветэранаў, — падкрэсліла Марына Арцёменка.

Сёння меры сацыяльнай падтрымкі ахопліваюць усе сферы жыцця ветэранаў і аказваюцца па самых розных напрамках. У сферы аховы здароўя гэта бясплатныя забеспячэнне лекавымі сродкамі і зубапратэзаванне, штогадовае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Паколькі з улікам узросту ветэранаў не ўсе могуць паехаць у санаторый, ім выплачваецца грашовая кампенсацыя за пуцёўку — гэта 10 базавых велічынь (каля 400 рублёў штогод).

Таксама забяспечваецца бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога і прыгараднага транспарту, скідка за аплату жыллёва-камунальных паслуг. У сферы пенсіённага забеспячэння ўстаноўлены шэраг павышэнняў, узроставых даплат, надбавак на догляд. Удзельнікам вайны і інвалідам з 1 мая такія даплаты да асноўнага памеру пенсіі складаюць ад 420 да 620 рублёў. 
А іншым катэгорыям ветэранаў і былых вязняў — больш за 260 рублёў.

Выплаты атрымалі 8400 чалавек

Вельмі важная мера сацыяльнай падтрымкі — выплата матэрыяльнай дапамогі. Указам кіраўніка дзяржавы гэта адбываецца з 2021 года. Сёлета, улічваючы юбілейныя даты, памер матэрыяльнай дапамогі для ветэранаў павялічаны ў два разы і склаў ад дзвюх да чатырох тысяч рублёў. Асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, выплацілі тысячу рублёў. Такую дапамогу да Дня Перамогі атрымалі 8400 чалавек на агульную суму 10,5 мільёна рублёў.

— Выплаты завяршылі датэрмінова, работа была арганізавана выдатна ва ўсіх рэгіёнах. Трэба адзначыць, што гэтыя выплаты суправаджаліся ўрачыстымі мерапрыемствамі, да якіх далучылася наша моладзь, грамадскія аб'яднанні, навучэнцы, і для ветэранаў мы стварылі свята, бо для пажылых людзей важнае найперш гэта кантактаванне. А для моладзі гэта добры ўрок, запаветы якога запомніш на ўсё жыццё, — падкрэсліла Марына Арцёменка.

Што датычыцца сацыяльнага абслугоўвання, то сёння ўсе, хто маюць патрэбу ў пастаяннай пабочнай дапамозе, яе атрымліваюць, адзначыла намеснік міністра. У прыватнасці, у сацыяльных пансіянатах сёння жывуць 144 ветэраны і былыя вязні фашызму, сацыяльныя паслугі дома атрымліваюць 1300 чалавек, сваяцкі догляд з выплатай дапамогі ажыццяўляецца ў адносінах 335 чалавек. У цэлым на сістэму сацыяльнага абслугоўвання ў бягучым годзе будзе затрачана каля сямі мільёнаў рублёў. Калі ж улічваць пакет сацыяльных ільгот для ветэранаў вайны і асоб, якія пацярпелі ад яе наступстваў, то гэта каля 30 мільёнаў рублёў штогод.

Дадатковыя гарантыі

Марына Арцёменка звярнула ўвагу, што сёння не толькі захоўваюцца гэтыя віды дапамогі, але і ўносяцца новыя заканадаўчыя ініцыятывы па павышэнні ўзроўню падтрымкі асобных катэгорый ветэранаў. У прыватнасці, у першым чытанні 17 красавіка прыняты праект закона «Аб ветэранах».

— Улічваючы, што ў нас прыняты Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», той факт, што ўсё менш застаецца ветэранаў, для былых вязняў фашызму будуць устаноўлены дадатковыя гарантыі ў сферы аховы здароўя. Гэта бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, — паведаміла намеснік міністра.

А для асобных катэгорый ветэранаў, такіх як ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з ліку асоб, узнагароджаных ордэнамі і медалямі СССР за бездакорную воінскую службу ў тыле (ваеннаслужачых тылу), і самаадданую працу (працаўнік тылу) будзе павялічаны ўзровень сацыяльнай падтрымкі. У прыватнасці, ваеннаслужачыя тылу прыраўноўваюцца да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і гэта абумоўлена ў тым ліку заканадаўствам Расійскай Федэрацыі, дзе яны маюць такі статус. Для іх будзе ўстаноўлена павышэнне памеру пенсіі з 50 да 250 % мінімальнай пенсіі па ўзросце (з 55 да 260 рублёў). Таксама будзе выдзелена матэрыяльная дапамога на аздараўленне і павялічыцца памер матэрыяльнай дапамогі да Дня Перамогі. Для працаўнікоў тылу будзе павялічаны памер прадугледжанага павышэння да пенсіі ў два разы — з 50 да 100 % мінімальнай пенсіі па ўзросце (да 110 рублёў).

Працягваючы тэму сацыяльнай абароны ветэранаў, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван ГАРДЗЕЙЧЫК адзначыў, што ў першых чыслах мая пабываў у Маскве, дзе сабраліся кіраўнікі ветэранскіх арганізацый васьмі дзяржаў, у тым ліку Латвіі і Эстоніі.

— У Беларусі цудоўныя адносіны да ветэранаў. Тое, што я пачуў ад сваіх калег з іншых краін, не радуе, наадварот, становіцца вельмі сумна, — дадаў Іван Гардзейчык.

Ён удакладніў, што сёння ветэраны ўцягнуты ў дзейнасць ветэранскіх арганізацый, патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама ўдзельнічаюць ва ўсіх значных дзяржаўных мерапрыемствах. У прыватнасці, дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу стала 80 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Фотазоны, салдацкая каша і конкурсы

Як паведаміў начальнік 2-га аддзела ўпраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Аляксандр КІСЕЛЬ, традыцыйна гэтымі днямі беларусы змогуць пабачыць беларускую армію — не падчас выканання вучэбна-баявых задач, а сярод галоўных арганізатараў і ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў.

— У нас вялікая ўвага аддаецца адраснаму віншаванню ветэранаў. Ва ўсіх рэгіёнах краіны ваеннаслужачыя далучыліся да гэтай акцыі. Улічваючы паважаны ўзрост ветэранаў, выкарыстоўваюцца нестандартныя формы віншаванняў. Акрамя кветак і падарункаў, імкнёмся стварыць атмасферу свята: у дварах дамоў, дзе жывуць ветэраны, ваеннаслужачыя праходзяць урачыстымі маршамі, ваенныя аркестры выконваць музычныя кампазіцыі ваенных гадоў, армейскія артысты ставяць творчыя нумары, — расказаў Аляксандр Кісель.

Акрамя таго, напярэдадні Дня Перамогі ветэраны ўзнагароджваюцца юбілейнымі медалямі «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Учора ў музеі Вялікай Айчыннай вайны падчас урачыстай цырымоніі такія медалі ўручыў міністр абароны Віктар Хрэнін.

У Дзень Перамогі ваеннаслужачыя таксама возьмуць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых населеных пунктах. У Мінску 9 мая будзе арганізавана работа дзесяці тэматычных пляцовак ва ўсіх раёнах горада, дзе можна пазнаёміцца з сучаснымі ўзорамі ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, новага адзення і экіпіроўкі, будуць працаваць фотазоны і трэнажоры, пункты прафарыентацыі. Ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у ваенных і спартыўных конкурсах, выстаўцы музейных экспанатаў. З унікальнымі праграмамі выступяць ваенныя кінолагі са службовымі сабакамі, сваё майстэрства прадэманструюць ваенныя розных родаў войск і сіл спецыяльных аперацый. Творчыя калектывы пакажуць свае музычныя нумары, а ваенныя пачастуюць традыцыйнай салдацкай кашай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.