Вы тут

Шавец № 1, стваральнік веснаплыні, альбо Штрыхі да партрэта Паўлюка Труса


6 мая споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння незвычайнага паэта. Яго жыццё маланкай шуганула і знікла, пакінуўшы вечнасці залатыя россыпы незвычайна чыстай і спеўнай лірыкі. Паўлюку Трусу, як Адаму Гурыновічу і Максіму Багдановічу, было адпушчана ўсяго дваццаць пяць зямных гадоў. За гэты адрэзак большасць маладых людзей толькі ўваходзіць-убіраецца ў сілу, толькі намацвае свае жыццёвыя шляхі. А згаданыя паэты, адораныя прыродным талентам, змаглі ўквеціць сваю кароткую жыццёвую сцежку выдатнай паэзіяй і прозай.


«Стрэнь жыццё!.. 
І вянок прынясі!..»

Паўлюк Трус нарадзіўся 6 мая 1904 года ў слаўнай вёсцы Нізок на Уздзеншчыне. Сям'я жыла бедна. Хату мелі невялічкую: чатыры з паловай метры на пяць. Старэйшы сын разам з бацькам браліся за любую працу, каб пракарміць сям'ю, бо мелі ўсяго дзве дзесяціны зямлі. Паўлюк часта наймаўся ў пастухі, хадзіў за бараною, вазіў лес на сплаў, у дванаццаць ужо мог араць, а праз пару гадоў стаў побач з бацькам у пракосе. Ды бор, цёплая вясновая ралля, росны пастушкоўскі ранак і ўсё, што так напоўнена спевамі прыроды, гадавалі не селяніна, а паэта. Прыйшла пара ісці ў школу, а бацька з дзедам і слухаць не хацелі: грамата не патрэбна касцу і аратаму, бо высушыць, забярэ сілы. Заступілася маці, адчула настроі сынавай душы. Пайшоў Паўлюк у вясковую школку ў Нізку і так старанна, так настойліва ўзяўся за навуку, што вельмі хутка пераўзышоў сваіх сяброў. Спачатку, з першага ж года вучобы, сталі праяўляцца яго мастацкія здольнасці, а праз нейкі час і артыста: слых быў выключны, і голас меў прыгожы. І толькі ў адным пакуль што нікому не прызнаваўся: неяк незаўважна для сябе сталі складацца рыфмы.

«Гляну праз акенца я 
на прыгуменца...»

Бацька Паўлюка Труса, селянін Ігуменскага павета Мінскай губерні, пабраўшыся шлюбам з Ганнай Міхайлаўнай, стаў ладкаваць сваю гаспадарку на спрадвечнай сялібе Трусаў у вёсцы Старое Сяло. Але незадоўга да нараджэння іх першынца Паўлюка з вёскай здарылася вялікая бяда. У навальніцу пярун ударыў у адну хату, ад чаго ўспыхнуў пажар. Вецер панёс агонь ад хаты да хаты, і за дзве гадзіны вёскі не стала.

Адам Трус заклаў сваю маленькую хату (на большую ў пагарэльца не было сродкаў) у недалёкім Нізку. Паўлюк не быў падобны да брата і сясцёр: круглатвары, усыпаны рабаціннем, кучаравы, з вялікімі вачыма. Бацька з гэтай нагоды жартаваў: «Як шэрсць на баранчыку, і трэба ж такі рыжы ўдаўся! Мусіць, калі вёска гарэла, матка наглядзелася на пажар, дык і сын выйшаў паджарым». Ён усё сваё жыццё марыў паставіць большую хату, і Паўлюк, стаўшы вядомым паэтам, але будучы яшчэ студэнтам, абяцаў дапамагчы яму ў гэтым. «Калі я цябе вёз у Негарэлае, дык ты казаў, абавязкова пастаўлю гэтакую хату, як Язэбава», — папракне ў адным з лістоў сына. Не змог, не паспеў паставіць хату, выдаць чарговы зборнік, скончыць паэму. Яго век азваўся толькі імгненнем. Хто мог ведаць гэта?

Пасля сканчэння Паўлюком вясковай школы бацька адвёз яго ў мястэчка Узда, дзе было вышэйша-пачатковае вучылішча. Восень 1918 года. Вучыцца цяжка. Да самай зімы чатырнаццацігадовы хлопчык хадзіў штодзень у школу за сем вёрст. Зімою жыў у халодным цесным інтэрнаце пры вучылішчы. Але менавіта тут пачало абазначацца, прабівацца да сонца яго паэтычнае зерне.

Вучобу праз некаторы час давялося спыніць. Калі Паўлюк Трус быў у Нізку на вакацыях, успыхнула савецка-польская вайна. Не хапала абозаў для армейскіх патрэб. Бралі вясковых мужчын. Бацька ў той час цяжка хварэў, і ў абоз быў забраны яго старэйшы сын Паўлюк. Даехаў з арміяй амаль да Варшавы, зведаў голад і холад. У дарозе хварэў. Усе гэтыя падзеі пасля адлюструюцца ў яго вершах «Ліпнёвае» і «3 успамінаў абозніка».

Вярнуўшыся з трывожнага падарожжа, Паўлюк Трус жыў у роднай хаце, дапамагаў бацьку па гаспадарцы, а вольныя хвіліны найчасцей бавіў з кнігай.

Не вызваліўся Паўлюк ад клопатаў пра сваю сям'ю і пасля таго, як паступіў у Белпедтэхнікум і пакінуў бацькоўскую хату. Усе канікулы праводзіў дома, дапамагаў у нялёгкай сялянскай працы. Свае сціплыя ганарары таксама дзяліў з роднымі: дапамагаў расплачвацца з даўгамі, купляў абноўкі сёстрам, адкладваў на абяцаную бацьку закладку новага дома.

З Нізка родныя пісалі сумныя лісты: беднасць, даўгі, хваробы бацькоў. 16 снежня 1928 года ад сухотаў памерла маці. У гэты час Трус па заданні БелАПП знаходзіўся ў камандзіроўцы і не паспеў на развітанне.

«А ці помніш той дзень?

Залатыя зарніцы над краем?

Ты была для мяне

Песняй казак-надзей

Маці, маці мая дарагая.»

У лістах з дому па праве самых блізкіх людзей ушчувалі, хваляваліся, прасілі, патрабавалі, папракалі. І ён усе канікулы стараўся быць дома: трэба было малаціць, араць, касіць.

«Успамінаецца, як прыслалі яго з Белпедтэхнікума ў Нізоўскую школу на практыку. Ідучы з ім дамоў, я гавару: «Калі я ўжэ гэтыя лапці скіну!» А Паўлюк кажа мне: «Нічога, Вера, вучыся, я цябе абую і адзену». Жылі мы бедна, каб купіць якой тканіны на сукенку, трэба было самой зарабіць, вось я і хадзіла ў ягады, назаўтра несла два-тры збаночкі ва Узду, там літровы збаночак ягад бралі па 10-15 капеек. Так я сабрала грошы на сукенку, і паехалі купляць з Паўлюком. А ў мяне не хапае грошай. Паўлюк дастаў з кішэні дробязь і даклаў мне на тры метры матэрыялу,» — запісала ва ўспамінах яго самая малодшая сястра Вера.

«У залаты прастор...»

Яшчэ ў Уздзенскім вышэйша-пачатковым вучылішчы блізкімі сябрамі Паўлюка Труса сталі Пятро Глебка і Алесь Якімовіч. Іх яднала любоў да паэтычнага радка, прыцягальнасць яго чароўнай сілы. Марылі і верылі, што, скончыўшы сямігодку, абавязкова накіруюцца ў Мінск, каб вучыцца на настаўнікаў.

У 1923 годзе Трус становіцца студэнтам. Самая шчаслівая пара ў жыцці паэта была звязана з навучаннем у Белпедтэхнікуме. Менавіта ў гэты час паэзія становіцца сэнсам яго жыцця, яго дыханнем і настроем. У тэхнікуме яшчэ больш сышоўся з Глебкам і Якімовічам, пасябраваў з Пушчам, Лужаніным, Дарожным, Бандарынай і многімі іншымі вядомымі ў будучым пісьменнікамі. Студэнцкая сям'я тэхнікумаўцаў палюбіла шчырага яснавокага юнака, і ні адна імпрэза не абыходзілася без яго таленавітых вынаходак, песень і вершаў. У Белпедтэхнікуме вучылася ў тую пару шмат паэтычнай моладзі, а таму сама па сабе ўзнікла тэхнікумаўская газета «Чырвоны прамень».

Ствараў гэту газету вядомы ў студэнцкай супольнасці «Калектыў шаўцоў»: Максім Лужанін, Пятро Глебка і Паўлюк Трус. Пра побыт і сяброў пісалі востра, а таму і ўзнікла патрэба хавацца пад псеўданімам. Паўлюк Трус, перабраўшы з дзесятак варыянтаў, падпісаўся аднойчы — «Шавец». Лужанін і Глебка мянушку ўпадабалі, а таму праз некаторы час кожны свой досціп падпісваў — «Шавец № 1», «Шавец № 2», «Шавец № 3». Пасля хлопцы аб'ядналіся, і ўсё напісанае паасобку выдавалі за агульнае пад псеўданімам «Калектыў шаўцоў». Паўлюк Трус кватараваў у свайго дзядзькі Ігнася Нісцюка — шаўца. У пакоі паэта насупраць вузенькага ложка стаяў каля акна дзядзькаў шавецкі варштат. За гэты варштат прысаджваўся часамі і Паўлюк. Таму не дзіўна, што на думку прыйшла такая мянушка.

Яго папулярнасць была нечуванай. Вершы Паўлюка Труса чыталіся на маладзёжных вечарынках, у літгуртках, са сцэн рабочых і сельскіх клубаў, у школьных класах і студэнцкіх аўдыторыях. У гэты ж час паэт актыўна займаецца апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў Тэраўскага, Сакалоўскага, Пукста, Любана. Сам спяваў у хоры, наладжваў пастаноўкі п'ес, выконваў у спектаклях ролі, маляваў дэкарацыі.

У сяброўстве «Маладняка»

У 1925 годзе Паўлюк Трус быў прыняты ў літаратурнае аб'яднанне «Маладняк». У гэтым жа годзе паэт рыхтуе і выдае ў серыі «Бібліятэка «Маладняка» свой першы зборнік «Вершы». Зусім маленькі, толькі чатырнаццаць твораў, але такі чаканы, выпакутаваны марамі ўсіх папярэдніх гадоў. 1925 год пазначаны актыўным удзелам Труса ў грамадскім жыцці аб'яднання. Раз на тыдзень ён наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі Бабарэкі, браў удзел у літаратурных дыскусіях, наведваў школы і рабочыя клубы.

У лістападзе 1925 года Паўлюк Трус становіцца ўдзельнікам першага з'езда літаратурнага аб'яднання «Маладняк». Разам з Барашкам, Якімовічам і Падабедам быў выбраны ў сакратарыят з'езда. Тут жа, на з'ездзе, Бабарэка дасць Трусу-паэту самую высокую ацэнку: «Яго творчасць можна толькі параўнаць з бурнай веснаплынню прабіўшайся з беларускіх нетраў крыніцы, якая імкліва нясецца наперад і наперад, ломячы ўсякія перашкоды, убіраючы ў сябе ручайкі і рачулкі, якія булькочуць на мастацкіх далінах».

1926 год прынёс змены ў літаратурнае жыццё Беларусі. 26 мая група пісьменнікаў — Крапіва, Чорны, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Лужанін — аб'явілі аб сваім выхадзе з «Маладняка» і стварэнні новай літаратурнай арганізацыі «Узвышша». У чэрвені 1926 года падае заяву аб выхадзе і Паўлюк Трус. Не абышлося без змагання за таленавітага пісьменніка-маладнякоўца. Трус трымае адказ перад Чаротам і Зарэцкім, пасля атрымлівае канфідэнцыяльны ліст ад Галавача, які той просіць даць пачытаць Лужаніну і Глебку, а пасля знішчыць: «Як расцэніваю я факт вашага выхаду? Мне здаецца, што вы не абдумалі свайго паступка сур'ёзна і зрабілі абмылку, якую павінны выправіць зараз жа, выправіць, узяўшы сваю заяву і зданыя білеты назад, г.зн. вярнуцца назад у арганізацыю».

Галавач, Чарот і Зарэцкі, трэба думаць, былі не адзінымі, хто заняўся «перавыхаваннем» Труса. Прысаромлены паэт вяртаецца ў «Маладняк».

«Прайду шляхі, шляхі ў завеях...»

У чэрвені 1927 года Трус атрымлівае дыплом настаўніка сямігодкі. Цэнтральнае бюро «Маладняка» прапаноўвае паэту рэдактарскую пасаду ў Мінску. Мог ён перавесціся і ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, каб працягнуць вучобу. Але Трус нечакана для ўсіх вырашае пакінуць Мінск. Ад Падабеда ён даведваецца, што ў Гомелі ёсць вольная пасада сакратара газеты «Новая деревня». 20 чэрвеня піша ліст Ліманоўскаму з просьбай замацаваць за ім гэта месца, а ў Наркамат асветы — заяву аб накіраванні на працу. Але праз некалькі месяцаў газета была ліквідавана, і Трус пераходзіць на пасаду загадчыка беларускага аддзела ў газету «Палеская праўда».

З пачатку 1928 года, калі распачалася рэарганізацыя аб'яднання «Маладняк» у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, Трус прызначаецца старшынёй Гомельскай асацыяцыі БелАПП.

Пара перажыванняў і самоты. У Гомелі ён вычарпаў сябе. Яго зноў кліча Мінск са сваім бурлівым літаратурным жыццём. У верасні 1928 года Трус становіцца студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мікола Хведаровіч успамінаў, што зімой 1928 года Трус жыў разам з ім у яго пакойчыку на Шпітальнай. Разам з Хведаровічам тады стварылі серыю літаратурных пародый пад агульным псеўданімам Себасцьян Старобінскі, якія былі надрукаваны ў № 4 «Маладняка» за 1929 год.

«А песня — ў сэрцы пакаленняў...»

Зіма 1929 года была для Труса вельмі цяжкай: жыллёвыя праблемы, ускладненне адносін з некаторымі сябрамі, матэрыяльныя цяжкасці. Каб паправіць становішча, уладкоўваецца на працу ў Беларускі радыёкамітэт супрацоўнікам літаратурнай рэдакцыі. У гэты перыяд ён мала піша, яшчэ радзей друкуецца. Слава новай паэмы «Дзясяты падмурак» не прынесла яму жаданага творчага задавальнення.

Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс летам 1929 года Паўлюк Трус, як і ў папярэднія гады, пагасціўшы ў Нізку, адпраўляецца ў вандроўку, на гэты раз па Магілёўшчыне. У Мінск вярнуўся ў сярэдзіне жніўня. Яшчэ па дарозе дамоў адчуў: штохвілінна мацнеюць сімптомы нейкай хваробы. Хапіла сіл адведаць сяброў, якія адпачывалі ў Ждановічах пад Мінскам. Адчуўшы сябе зусім кепска, пакінуў Ждановічы і пехатою адправіўся ў горад. У бальніцу прыйшоў сам, з высокай тэмпературай. Аповедамі пра сябе нікога не патурбаваў, назваўшы прозвішча і імя, прадставіўся студэнтам. Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося, надта позна звярнуўся за дапамогай. Прычынай быў тыф. Памёр Паўлюк Трус 30 жніўня 1929 года, калі яму было ўсяго двацаць пяць гадоў.

«Кветкамі убралі тваю хату людзі,

ні вянкоў, ні песень 

ты з іх не звіваеш,

і рыдаюць сёстры, 

падаюць на грудзі,

а краіна змоўкла, быццам нежывая.

***

Будуць тыя кветкі складзены, як песні,

бо замест пялёсткаў — 

залатыя словы расцвітуць чароўна рана 

на прадвесні

і не звяне цвет іх каляровы».

Гэтыя радкі з жалобнага верша Пятра Глебкі — яскравы адбітак настрою тых далёкіх дзён і шчырая вера ў жыццёвасць паэзіі Паўлюка Труса.
 

Ганна ЗАПАРТЫКА

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».