Вы тут

Памяці беларускага мастака-графіка


З жывапіснага партрэта мастака Мікалая Гусева на нас глядзіць мужчына сярэдніх гадоў арыгінальнай знешнасці: вельмі коратка стрыжаны па модзе 1930-х гадоў, з пранізлівым уважлівым позіркам. Ёсць у гэтым партрэце нешта трагічнае, нейкі складаны цікавы лёс, які так і застаецца нам невядомым. Твар значны, інтэлігентны, па якім не зразумееш, хто перад намі — інжынер, навуковец ці пісьменнік. Партрэт быў напісаны пасля вайны па фотаздымку 1939 года.


Мікалай Гусеў. Мікалай Малевіч

 Гэта мастак Малевіч. Не, не той Малевіч, не Казімір, які праславіўся на ўвесь свет сваім «Чорным квадратам». Гэта іншы Малевіч — Мікалай Андрэевіч (1898—1944) — беларускі савецкі мастак, цёзка па прозвішчы Казіміра Малевіча. Наш Малевіч — мінскі кніжны графік, ілюстратар, карыкатурыст, які загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны, ратуючы таварышаў. Пасля вайны яго сябра Мікалай Гусеў напісаў у памяць мастака і падараваў гэты невядомы дасюль партрэт удаве Малевіча Ніне Іванаўне, цяпер ён знаходзіцца ва ўнука мастака. Што яшчэ вядома аб ім? У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца адзіны яго арыгінальны твор, прададзены ў музей у 1971 годзе Варварай Змудзінскай, удавой яшчэ аднаго прыяцеля Малевіча — графіка Генадзя Змудзінскага. Гэта адна з карыкатур серыі 1928 года «Беларуская галерэя карыфеяў пэндзля».

Гэты іншы, «не той» Малевіч нікому не вядомы. Поўная супрацьлегласць Казіміру. Ён і пры жыцці быў, так бы мовіць, мастаком «без біяграфіі». У літаральным сэнсе. У грунтоўным каталогу беларускай выстаўкі ў Маскве 1940 года проста значылася яго імя. Нават дакладнае месца нараджэння яго ставіцца пад сумнеў. Па адных звестках, ён нарадзіўся ў Курляндскай губерні ў Лібаве, а па картцы чырвонаармейца, заведзенай пры прызыве ў Чырвоную Армію, — у Мінску ў 1898 годзе. Ні ў якія мастацкія аб'яднанні ён не ўваходзіў, у выставах як аўтар удзельнічаў толькі ў двух. Хоць шлях яго ў мастацтве быў нядоўгі — усяго нейкіх 12 гадоў, з 1928 да 1941 года, але і за гэты час ён паспеў штосьці зрабіць. У нашым распараджэнні — шэсць аформленых ім кніг (рускіх класікаў Пушкіна, Яршова, беларускіх пісьменнікаў-сучаснікаў) і некалькі шаржаў у часопісах 1930-х гадоў, вось практычна і ўся сціплая спадчына Мікалая Малевіча, цудам ацалелая пасля вайны.

І гэта ўжо вельмі добра, таму што ад іншых перадваенных мастакоў не захавалася практычна нічога, толькі імёны. Ваенныя гады цалкам знішчылі іх мастацкую спадчыну. Мастакі вельмі паважалі Мікалая Малевіча: праз 15 гадоў пасля яго трагічнай гібелі яго сябар жывапісец Валянцін Ціхановіч напісаў у памяць аб ім невялікую (усяго толькі сем старонак) кніжачку, а хутчэй нават буклет, у якім змяшчаецца тая нешматлікая інфармацыя, якая яму была вядомая.

Хочацца ў юбілейны год 80-годдзя вызвалення Беларусі аддаць даніну памяці мастаку, які загінуў у гады вайны, расказаць пра яго жыццё і творчасць.

Мастак-інструктар

Выпадак звёў мяне з нашчадкам майстра — унукам мастака, Уладзіславам Малевічам, у сям'і якога захаваўся і пасмяротны партрэт мастака, некалькі яго сямейных фатаграфій 1920—1930-х гадоў. Невядомы Малевіч нарэшце стаў здабываць рысы рэальнага чалавека. Як добра, што людзі таго часу мелі звычай падпісваць фотаздымкі!

Подпісы на абароце некалькіх фотаздымкаў 1920-х гадоў дапамагаюць зразумець нейкую канву жыццёвага шляху. З іх вынікае, што Малевіч некалькі гадоў служыў у арміі, а канкрэтна ў 2-й Беларускай дывізіі. Дывізія прайшла з баямі ад Петраграда да Польшчы і практычна дайшла да Варшавы, пасля чаго размясцілася на тэрыторыі Беларусі, несла пагранічную службу пад Мінскам. У 1923-м годзе Малевіч служыў у аўтаатрадзе дывізіі.

У сярэдзіне дваццатых гадоў Малевіч, верагодна, дэмабілізаваўся. Вельмі цікавая фатаграфія слясарных курсаў пры Беларускім аддзеле пры акцыянерным таварыстве — трэсце «Устаноўка». У Цэнтральным інстытуце працы ў Маскве былі створаны курсы інструктараў, на якіх рыхтаваліся інструктары па слясарна-кавальскай, аўтамабільнай, станочнай, мантажнай і іншых справах. «Устаноўка» праводзіла падрыхтоўку кадраў рабочых спецыяльнасцяў для тэкстыльнай, будаўнічай, металаапрацоўчай прамысловасці: кіроўцаў аўтамабіляў, лётчыкаў і г. д. за паўгода, у той час як у ФЗУ яны навучаліся тры-чатыры гады.

Малевіч, трэба меркаваць, неяк быў звязаны з гэтым акцыянерным таварыствам, або сам праходзіў навучанне, ці быў яго інструктарам да 1938 года, да закрыцця Таварыства.

Карыкатуры, 
на якія не крыўдавалі

Мікалай Малевіч. Сяброўскі шарж на мастака  Генадзя Змудзінскага.

Невядома пакуль і дзе вучыўся мастацтву гэты мастак. Пра гэта няма аніякіх звестак, што прымушае меркаваць, што ён таленавіты самародак, які асвоіў навуку малявання самастойна або ў нейкай мастацкай студыі, якіх у Мінску было ў тыя гады мноства.

Але прафесіяналізм яго быў бачны адразу. Яго прынялі на работу ў маладзёжную газету «Чырвоная змена», заснаваную ў 1921 годзе, дзе ён прапрацаваў практычна да канца 1930-х гадоў, афармляючы дзіцячыя кнігі, частка з якіх ацалела і захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў колькасці аднаго-двух экзэмпляраў кожная. Працаваў у часопісе «Беларусі піянер». З яго ілюстрацыямі выходзілі творы Міхася Лынькова, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага.

Рэдакцыя і бухгалтэрыя дзіцячых газет размяшчалася на вул. Камсамольскай у Мінску. Там усе і сустракаліся, там віравала жыццё маладых пісьменнікаў і мастакоў. Тады ў Мінску было больш чым 40 мастакоў-графікаў, як паказвае каталог 1934 года першай выставы графічных мастацтваў. Праўда і выданняў, газет, часопісаў было нямала.

Першую сваю кнігу Малевіч аформіў у 1928 годзе — «Першы дзень у дзіцячым садку». Дзіцячыя садкі тады былі ў навінку, але давалі магчымасць жанчыне працаваць на вытворчасці і актыўна прапагандаваліся.

Мастак жыў мастацтвам у сваім асаблівым, прыдуманым свеце. Толькі адзін штрых да яго характару.

Унук мастака запомніў аповед сваей цётачкі пра тое, як Малевіч выкідваў смецце на памыйніцу. Падышоўшы да яе, ён мог зачытацца газетай са смеццевага вядра і стаяць там на працягу паўгадзіны, пакуль яго не схамянуцца жонка і дзеці. Старыя фатаграфіі паказваюць дружную, відавочна вельмі шчаслівую сям'ю мінскай інтэлігенцыі, якая была знаёмая з вельмі шырокім пісьменніцкім колам таго часу: з Якубам Коласам, Міхасём Лыньковым, Янкам Маўрам, Алесем Якімовічам, Кузьмой Чорным — тымі пісьменнікамі, творы якіх Малевіч ілюстраваў у 1930-я гады.

Аб тым, што адносіны былі сяброўскія, нефармальныя, сведчыць і наяўнасць сяброўскіх шаржаў, якія мастак рабіў на сваіх сяброў-пісьменнікаў. Гэтыя шаржы апублікаваны ў часопісах з вершамі паэта Анатоля Дзеркача. Яны паказваюць, што мастак цудоўна валодаў жанрам карыкатуры; выкарыстоўваючы гратэск, тонкі контурны малюнак, мог выдатна злавіць выраз твару сваіх мадэляў, а галоўнае, схапіць і падкрэсліць нейкія рысы партрэтнага падабенства, якія былі не крыўдныя самім мадэлям. Фантазія і пачуццё гумару ў яго былі бездакорныя.

Сучаснікам запомніліся і восем пано-плакатаў-карыкатур «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ», якія дэманстраваліся на драўляных шчытах у гарадскім скверы каля тэатра БДТ — цяперашняга тэатра ім. Янкі Купалы — у 1933 годзе. Каля іх заўсёды таўкліся людзі. На жаль, ніхто іх не сфатаграфаваў (або фатаграфіі проста не знойдзеныя), а эскізы да іх не захаваліся.

Тарас у «кучаравай» манеры

Стыль Малевіча разнастайны, але асабліва выявіўся ў кнізе «Канёк-Гарбунок» Пятра Яршова, што выйшла ў 1935 годзе, да якой ён зрабіў 12 рэпрадукцый у колеры. Гэта падрабязнае апавяданне ў карцінках — цэлая гісторыя, намаляваная вельмі ўпэўненай рукой, з мноствам дэталяў, пацешных бытавых дробязяў касцюмаў і прылад, з веданнем справы. Але галоўнае — надзвычай складаная, разнастайная пабудова кампазіцыі, культура аркуша, што ў той час не так часта сустракалася ў беларускай дзіцячай кнізе. Нездарма Малевіча лічылі самым таленавітым мастаком-ілюстратарам дзіцячай кнігі.

Вось што пісаў пра яго ў 1940 годзе яго калега па выдавецтве графік Давід Генін: «Яго працы багатыя казачнай выдумкай і гумарам, яны яркія і цікавыя ў колеры, пераканаўчыя і даходлівыя па малюнку. У яго ілюстрацыях да «Канька-Гарбунка» Яршова шмат сапраўднага народнага гумару, здзекі з цара і яго чэлядзі, сімпатыі да Іванкі, народнага героя. Таксама цікавая яго ілюстрацыя да казкі Герасімовіча «Верабейчык», выкананая тушшу пяром і сэпіяй. Усе гэтыя мошкі, казюлькі, жучкі пераканаўчыя. Верыш, што так вось можа блыха весці гэтую мудрагелістую каляску, якую цягнуць казюлькі. Кожная дэталь працуе, яны дапамагаюць казачнаму гумару аўтара, напрыклад паказальнікі на дарогах з надпісамі «туды» і «сюды» і іншае. Ілюстрацыя Малевіча набліжаецца да лепшых узораў афармлення дзіцячай кнігі».

У 1936 годзе выйшла кніга Міхася Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», якая паказвае, што дыяпазон прыёмаў у Малевіча быў вельмі шырокі, ён бліскуча валодаў і каляровай плямай, і контурным штрыхом. Не менш цікава ён малюе і сцэнкі сучаснага яму жыцця.

У 1939 годзе Беларускае дзяржаўнае выдавецтва надрукавала кніжку «Тарас на Парнасе» з малюнкамі Мікалая Малевіча. Ілюстрацыі не каляровыя, а стылізаваныя ў духу графікі пачатку ХІХ стагоддзя, у своеасаблівай старажытнай «кучаравай» манеры. Так у БССР адзначылі 50-годдзе з дня выхаду ў свет народнай паэмы (тады аўтар гэтай паэмы-бурлеска Канстанцін Вераніцын быў яшчэ невядомы), першым ілюстратарам якой у рэспубліцы стаў Мікалай Малевіч.

Талент Малевіча — дзіцячага ілюстратара быў адзначаны сучаснікамі: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва выбрала менавіта яго ілюстрацыі да казак Пушкіна на вельмі прэстыжную выставу, прысвечаную Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве 1940 года.
Малевіч чамусьці практычна не выстаўляў сваіх твораў. Імя яго не было на слыху. Але перадваеннае пакаленне беларускіх дзяцей было выхавана на ілюстрацыях у тым ліку і Малевіча.

Гібель падчас паратунку таварышаў

Адмысловая старонка жыцця мастака — ваенныя гады. Верагодна, што яго сям'я, жонка з дзецьмі, 4-гадовым Юрыем і 2-гадовай Людмілай, не паспела выйсці з палаючага Мінска.

У войска мастак быў прызваны, мяркуючы па картцы чырвонаармейца, летам 1944 года разам з мужам сваёй сястры Галіны, якая працавала ў мастацкім цэху Опернага тэатра. Служыў у 363-м стралковым палку кулямётчыкам.

Нядоўга яму прыйшлося паваяваць: ужо праз тры месяцы, 23 кастрычніка 1944 года, ён быў забіты пад Беластокам каля вёскі Вялікія Вронкі.

Паводле расказаў аднапалчан, стала вядома, як гэта адбылося. Мікалай Малевіч выносіў з бліндажа аднаго за другім трох параненых таварышаў, калі папоўз за чацвёртым, іх накрыў снарад. Яму было толькі 46 гадоў.

Такая жыццёвая гісторыя стаіць за адзіным арыгінальным творам загінулага мастака-воіна. Хто ведае, можа, калісьці дойдзе і да факсімільных выданняў найлепшых беларускіх дзіцячых кніжак 1920—1930-х гадоў? І творчасць мастака Мікалая Андрэевіча Малевіча стане зноў актуальнай для нашчадкаў.

Надзея УСАВА, мастацтвазнаўца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».