Вы тут

У традыцыйным аглядзе расказваем цікавыя спартыўныя навіны


Герой тыдня. Беларус Яўген Мораў стаў прызёрам юнацкага Кубка Еўропы па дзюдо. Гэта адзіны медаль для беларускай каманды. Яўген Мораў стаў прызёрам у катэгорыі больш чым 90 кг. Кубак Еўропы сярод юнакоў і дзяўчат па дзюдо праходзіў у азербайджанскім Гейгеле і сабраў звыш 320 юных спартсменаў з 14 краін.


Гераіня тыдня. Вікторыя Нікалаева стала прызёрам Маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па шашках-64, які праходзіў у горадзе Кемер (Турцыя). У хуткай праграме Вікторыя стала першай. Таксама яна заваявала бронзавыя медалі ў класічнай і вокамгненнай праграмах. Усяго ў спаборніцтвах узялі ўдзел 116 спартсменаў з дзевяці краін.

Каманда тыдня. Баскетбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-15) сталі пераможцамі міжнароднага турніру ў Бішкеку. У паядынку за першае месца беларусы перайгралі равеснікаў з Кыргызстана з лікам 63:38. Да гэтага яны перамаглі зборныя Узбекістана з вынікам 106:31, Казахстана — 98:27, расійскі СПб — 73:39 і ўзбекскі Whіte Fox — 81:46. Акрамя таго, Алег Салей заваяваў тытул MVP спаборніцтваў, а Яраслаў Гесць — найлепшага гульца каманды. Аснову зборнай Беларусі складаюць гульцы з Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Поспех тыдня. У Архангельску ў Цэнтры пляжных відаў спорту BORA BORA завяршыўся першы этап розыгрышу Кубка Расіі 2024 года па пляжным валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд. Сярод мужчынскіх дуэтаў выступаў і беларускі ў складзе Аляксандра Дзядкова і Паўла Пятрушкі. Спартсмены сталі сярэбранымі прызёрамі турніру. У вырашальным фінальным матчы яны ўступілі сапернікам з Расіі ў двух сэтах — 21:13 і 21:14.

Лічба тыдня. Восем медалёў заваявалі беларускія спартсмены на адкрытым чэмпіянаце Турцыі па плаванні. Аліна Змушко стала чэмпіёнкай на дыстанцыях 200, 50 і 100 метраў брасам. Ілья Шымановіч перамог на 200 метрах і 50 метрах брасам і стаў сярэбраным прызёрам на стометроўцы гэтым жа стылем. Анастасія Куляшова перамагала на 50 метрах батэрфляем і на спіне. Гэты турнір стаў для лідараў беларускай каманды адным з этапаў падрыхтоўкі да летніх Алімпійскіх гульняў: на гэты момант ліцэнзіі маюць Шымановіч і Змушко (абодва на сотні брасам), а таксама Анастасія Шкурдай (100 м і 200 м на спіне). На паездку ў Парыж прэтэндуе і Куляшова на дыстанцыі 100 м батэрфляем.

Аб’ява тыдня. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» апублікаваў састаў каманды па стане на 1 мая 2024 года. Кантракты з «зубрамі» на наступны сезон Кантынентальнай хакейнай лігі маюць 26 хакеістаў — два галкіперы, шэсць гульцоў абароны і 18 нападаючых. Варатары: Ціхан Чайка, Ягор Вельмакін; абаронцы: Роберт Хэмілтан, Арсеній Брынкман, Мікіта Жыхараў, Ілья Сушко, Канстанцін Валочка, Мікіта Парфянюк; форварды: Раман Гарбуноў, Аляксандр Волкаў, Віталь Пінчук, Сяргей Кузняцоў, Ягор Борыкаў, Уладзіслаў Кадола, Данііл Сатышвілі, Андрэй Стась, Танер Фрыц, Сэм Энас, Данііл Ліпскі, Міраслаў Міхалёў, Сцяпан Звягін, Ягор Ігнаценка, Іван Сякерын, Вадзім Мароз, Цімафей Каўгарэня. Кваліфікацыйныя прапановы на заключэнне новых пагадненняў атрымалі выступаючыя за «Дынама» ў сезоне 2023/24 Дзмітрый Дзярабін, Мікіта Пышкайла, Нік Мерклі і Валянцін Дземчанка. Аналагічную прапанову атрымаў форвард «Сірак’юз Кранч» з АХЛ Ілья Усаў. Акрамя таго, было працягнута дзеянне правоў у КХЛ на варатара Аляксея Коласава і форвардаў Ягора Сідарава і Данііла Боўраша, якія цяпер выступаюць у Паўночнай Амерыцы. На рынак свабодных агентаў выйшлі галкіпер Дылан Фергюсан, абаронцы Яні Калдзіс, Кодзі Керан, Ілья Шынкевіч і Дзмітрый Корабаў, а таксама нападаючыя Брэт Рычы, Вячаслаў Асновін і Аляксандр Сувораў.

Турнір тыдня. На «Барыс-Арэне» ў Астане завяршыўся міжнародны турнір па хакеі Qazaqstan Hockey Open-2024 з удзелам зборных Беларусі, Казахстана і Расіі 25. У фінале сустрэліся зборныя Беларусі і Расіі 25. Паядынак у выніку скончыўся перамогай расіян з лікам 6:0, беларусы занялі на турніры другое месца. Далей нашу каманду чакаюць яшчэ тры паядынкі супраць Расіі 25 у рамках серыі «Ліга Ставак. Вялікі тур зборнай». 6 мая каманды сустрэнуцца ў Омску, 9 мая згуляюць у Туле, а 11 мая завершаць сезон матчам на «Мінск-Арэне».

Пазіцыя тыдня. Арына Сабаленка захавала другі радок у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. У актыве беларускай тэнісісткі 7498 балаў. На першым месцы польская спартсменка Іга Свёнтак, якая мае 10910 рэйтынгавых балаў. Менавіта польскай тэнісістцы Арына Сабаленка ўступіла ў фінале WTA-1000 турніру ў Мадрыдзе. Вынік сустрэчы дзвюх лепшых тэнісістак свету 6:3, 3:6, 6:3.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.