Вы тут

Дызайнеры і мастакі падораць натхненне гледачам


11 мая ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы стартуе «Тыдзень моды і сучаснага мастацтва ў Беларусі — Belarus Fashіon Art Week». Па задумцы арганізатараў, дзясяты сезон праекта павінен прадэманстраваць, на што здольныя беларускія дызайнеры і мастакі. Цікава, што гэтай вясной модныя паказы плануецца спалучаць з выставамі мастацкіх работ, выкананых не ў наватарскай, а ў традыцыйнай манеры, з выкарыстаннем нацыянальных мастацкіх прыёмаў і глыбока беларускіх вобразаў.


Мода як мастацтва

Ці можа мода лічыцца адным з відаў сучаснага мастацтва? Адназначнага адказу на гэтае пытанне, мабыць, не існуе. З аднаго боку, мода настолькі глыбока інтэграваная ў сучаснасць, што асацыіруецца з чымсьці часовым, мімалётным і пераменлівым, і наогул яна — «пра вонкавае, павярхоўнае». А мастацтва — гэта ж «пра душу» і «пра вечнае»: «Мона Ліза», «Таемная вячэра», «Лебядзінае возера» або, скажам, творы класікаў літаратуры па-за любой модай, бо яны вышэй за яе. З іншага боку, тыя, хто шчыра здзіўляецца, паглядзеўшы паказ «ад куцюр» («Для каго такое адзенне? Як можна ў такім выглядзе выйсці на вуліцу?), проста трапляюць у сэнсавую пастку. Яны разлічвалі ўбачыць прыкладную моду, якую можна вось проста ўзяць і перанесці ў штодзённасць, а дызайнер падышоў да пытання з пункту гледжання мастацтва: мадэлі на подыуме — чыстае палатно для выяўлення мастацкай ідэі майстра (няхай з дапамогай дызайну адзення і з улікам тэндэнцый сезона), а зусім не дапаможнік на тэму «Як апрануцца праз пару тыдняў, калі пацяплее/пахаладае, каб выглядаць стыльна і актуальна». Наогул, адказ на пытанне, ці з’яўляецца мода відам сучаснага мастацтва, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя далі вядучыя дызайнеры знакамітых сусветных брэндаў. Яны прызналі сябе мастакамі, а выставы, прысвечаныя калабарацыі моды з рознымі відамі мастацтва, ужо ў 1970–1980-х паступова пачалі станавіцца, як цяпер бы сказалі, мэйнстрымам. Садзейнічала гэтаму і паступовая страта мастацтвам арэолу элітарнасці, яго дэмакратызацыя. Лозунг «Мастацтва ў масы», права на роўны доступ да яго для ўсіх пластоў насельніцтва абвясцілі яшчэ ў 1920-х, а ў нашы дні прынты знакамітых палотнаў і цытаты класікаў упрыгожваюць цішоткі і шоперы. Спусцілася з высокіх подыумаў і элітарная мода — калекцыі «ад куцюр» брэнды час ад часу запускаюць у масавую вытворчасць. З іншага боку, любое мастацтва элітарнае па сваёй сутнасці: можна ўбачыць вялікую карціну ці скульптуру, нават купіць яе (тэарэтычна, вядома), але немагчыма набыць яе разуменне.

Але эпоха інтэрнэту пераасэнсавала практычна ўсе культурныя коды старэйшых пакаленняў. Сёння кожны сам сабе пісьменнік або журналіст, паэт, кампазітар ці мастак, прычым аўдыторыя ў «сусветным павуцінні» знойдзецца для ўсіх. Некалі, больш за сто гадоў таму, французскі тэарэтык мастацтва Марсэль Дзюшан задаўся пытаннем «Што робіць мастацтва мастацтвам?», і яго адказ быў такі: «...цяпер любы аўтар мае права назваць мастацтвам усё, што прыйдзе яму на розум, і твор у гэтым выпадку будзе актам яго творчай волі». У нашы дні блогеры і «вулічныя мастакі», якія ўпрыгожваюць графіці сцены дамоў, ажыццявілі яго запаветы.

Дык ці від мастацтва мода? Чаму б і не. Нават калі вы перакананы, што прадметы гардэроба апрыёры не могуць несці ў сабе нейкіх глыбокіх сэнсаў, то, прынамсі, мастацтва і мода заўсёды ідуць поплеч, а дызайнеры чэрпаюць натхненне ў жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатры і балеце і нават у архітэктуры.

Акцэнт — на традыцыі

Але вернемся да Belarus Fashіon Art Week. У ліку асноўных задач праекта, расказаў адзін з арганізатараў тыдня моды, член Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Красоўскі, — якраз даказаць, што мода мае права называцца відам мастацтва.

— Мы хацелі б, каб мода ў нашым грамадстве ўспрымалася як катэгорыя культуры і мастацтва, — падкрэсліў ён. — Сярод задач мерапрыемства таксама — падтрымка маладых таленавітых дызайнераў нашай краіны, прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва ў мэтах забеспячэння прафесійнай пераемнасці. Нараўне з маладымі дызайнерамі мы запрашаем брэнды, якія зарэкамендавалі сябе, каб адбываўся абмен вопытам, — патлумачыў Дзмітрый Красоўскі. — Сярод прадстаўнікоў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, чые работы будуць прадстаўлены на мерапрыемстве, таксама ёсць і моладзь, і вядомыя мастакі.

— Калі я ўпершыню прыняла ўдзел у гэтым праекце, прапанова спачатку падалася мне нечаканай, — распавядае мастак па тэкстылі, сябра Беларускага саюза мастакоў Марыя Барысенка. — Тэкстыль, безумоўна, блізкі модзе, але былі сумневы, як упішуцца мае работы ў фэшн-мерапрыемства. І ўсё ж я вырашыла пайсці на гэты эксперымент. Сінтэз мастацтваў — гэта цікавы вопыт: калі яны сустракаюцца, нараджаецца нешта новае. З часам ідэя вырасла ў праект не аб модзе, а ў цэлым аб сучасным мастацтве. А ў гэтым сезоне яго арганізатары пайшлі яшчэ далей — вырашылі зрабіць акцэнт на традыцыйнае мастацтва.

Работы для прадстаўлення аўдыторыі гледачоў у Купалаўскім тэатры ў рамках Belarus Fashіon Art Week адабраны сучасныя, расказала мастак па тэкстылі, але ў традыцыйнай для нашай культуры тэхніцы. Што яшчэ раз падкрэслівае: гэта Тыдзень менавіта нашай, беларускай моды, дадала яна.

— Для мяне вельмі адказна прадставіць свае работы на «Тыдні моды і сучаснага мастацтва», — зазначае маладая мастачка Вікторыя Паліўка. — Я працую ў традыцыйнай тэхніцы выцінанка, і тут важныя і традыцыі народа, і іх разуменне ў сучасным свеце. Удзел у гэтым праекце — магчымасць паказаць традыцыі беларускага нацыянальнага мастацтва вялікай колькасці гледачоў.

Дарэчы, элементы мастацкай працы Вікторыі Паліўкі ўпрыгожваюць афіцыйную афішу гэтага сезона праекта. Карціну абраў мастацкі савет праекта як творчае ўвасабленне ідэі мерапрыемства, што мае адбыцца.

— Гэта адна з маіх першых карцін, дзе я пастаралася пераасэнсаваць традыцыі ў сучаснасць, — растлумачыла Вікторыя.

Новыя імёны

— За мінулыя гады нам пашчасціла супрацоўнічаць з вядомымі людзьмі мастацтва. Напрыклад, летась знакамітым госцем праекта стаў скульптар Максім Пятруль, — распавяла член савета Беларускага саюза дызайнераў Вольга Зямскова.

Яна падкрэсліла, што сінтэз розных відаў мастацтва заўсёды быў часткай канцэпцыі фэшн-праекта.

— Першапачаткова была калабарацыя моды і тэатра: мадэлі спускаліся ў аркестравую яму, дызайнеры паднімаліся на сцэну праз сцэнічныя люкі. Была ў нас і калабарацыя з вакальнымі і харэаграфічнымі выступленнямі. Зразумела, з выяўленчым мастацтвам, а таксама са скульптурай. У новым сезоне публіцы будзе прадстаўлена выстава работ мастакоў па кераміцы.

І ўсё ж «галоўнай гераіняй» фэшн-мерапрыемства ў Купалаўскім, зразумела, будзе мода. Удзень паказы будуць праходзіць у фармаце нон-стоп, прадугледжаны таксама вячэрнія паказы. Выставачны праект адкрыецца 11 мая ў 18.00. У цэлым, за ўвесь час работы праекта ўдзел у ім прынялі больш за 500 беларускіх дызайнераў.

— Гэты тыдзень моды ў некаторым родзе унікальны: ён дае выдатны старт для дызайнераў-пачаткоўцаў, — падзялілася ўражаннямі дызайнер Алена Астапкіна. — У праекта склалася менавіта тая аўдыторыя гледачоў, якая здольная ацаніць ідэі дызайнера. У далейшым гэтыя людзі могуць стаць (і становяцца) кліентамі брэнда. Праект дае штуршок развіццю айчыннай моды, дазваляе большай колькасці людзей даведвацца пра беларускіх дызайнераў.

У Беларусі ствараецца і адшываецца шмат прыгожага адзення, расказала дызайнер. І важна, каб пра новыя калекцыі і цікавыя новыя (і не новыя) брэнды даведвалася як мага больш людзей.

Напрыклад, існуе меркаванне, што ў нашай краіне — «прабел» у сферы мужчынскай моды: маўляў, яе фактычна няма. Але гэта не так: беларуская мужчынская мода ёсць, зазначыў кіраўнік праекта «Тыдзень моды і сучаснага мастацтва ў Беларусі» Іван Караткевіч:— Людміла Тараканава, Іван Айплатаў — тыя людзі, якія сапраўды робяць беларускую мужчынскую моду, — сказаў ён.

Ёсць і маладыя дызайнеры, што працуюць у гэтай сферы. Іншая справа, адзначыў Іван Караткевіч, што ў нашай краіне мужчынская мода прадстаўлена аўтарскімі рэчамі, у першую чаргу ад вядомых дызайнераў, таму мае і сваю спецыфіку, і пэўную цэнавую палітыку. І ўсё ж казаць, што яе няма, было б некарэктна.

Сярод імёнаў і брэндаў, якія адкрые гледачу юбілейны сезон праекта, адзенне розных цэнавых катэгорый, калекцыі з рознымі канцэпцыямі і «адрасатамі». У прыватнасці, можна будзе ўбачыць паказ брэнда, ідэя якога — «мадэлі для працоўных жанчын, што "адбыліся", дасягнулі пэўных поспехаў, але здольны ісці далей». Або, напрыклад, калекцыя верхняга адзення, куды аўтары заклалі ідэі эканакіраванасці і адказнага спажывання.

— Для нас удзел у Belarus Fashіon Art Week — свайго роду ўзлётная паласа, выдатная магчымасць праявіць сябе і паказаць тыя сэнсы, што мы заклалі ў нашы калекцыі, — распавядае дызайнер брэнда «Зіма» Алена Баярчук. — Гэта эканакіраванасць і любоў да прыроды. Мы ствараем суперкласныя вырабы з экафутра, іншых матэрыялаў, якія можна насіць не адзін сезон, а пяць-шэсць. Яны застануцца моднымі, стыльнымі і актуальнымі.

Кожны сезон Belarus Fashіon Art Week мае сваю тэму. Тэма майскага праекта-2024 — Натхненне. Крыніцай натхнення стане сінтэз тэатральнага мастацтва,старажытнай тэхнікі выцінанкі, жывапісу, дэкаратыўнай керамікі, мастацкага тэкстылю і, вядома ж, моды. Разам яны натхняць удзельнікаў і гледачоў на новыя творчыя адкрыцці.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».