Вы тут

Праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень


Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Светлае Уваскрэсенне Хрыстова — Вялікдзень. Гэта цэнтральная падзея ў духоўным жыцці хрысціян адзначаецца з вялікай пашанай, урачыстасцю і радасцю, паведамляе БелТА.


Фота БелТА

Хрысціяне вераць, што пасля грэхападзення Адама душы ўсіх людзей былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца ў рай, а таму пасля смерці ўсе траплялі ў пекла. Але Хрыстос, памёршы і ўваскрэснуўшы, адкупіў грахі чалавецтва і тым самым адкрыў людзям дарогу ў Царства Нябеснае.

У пачатку апошняга тыдня свайго зямнога жыцця Ісус Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Савет іерусалімскіх жрацоў задумаў расправіцца з Хрыстом. Таму за трыццаць срэбранікаў жрацы падкупілі аднаго з вучняў Хрыста — Іуду і той здрадзіў Ісусу. Рымскі намеснік Понцій Пілат зацвердзіў прысуд: Ісус быў распяты на крыжы на гары Галгофа каля Іерусаліма разам з гарадскімі зладзеямі і разбойнікамі. Пасля смерці цела Ісуса выпрасіў багаты чалавек з горада Арымафеі Іосіф. Ён пахаваў Хрыста ў сваім садзе, у пячоры, высечанай у каменнай гары. Пасля пахавання Понцій Пілат, баючыся, што цела Ісуса Хрыста выкрадуць, загадаў зачыніць уваход у пячору вялікім каменем і прыставіць варту.

У канцы суботы, уначы, на трэці дзень пасля сваіх пакут і смерці, Ісус Хрыстос ажыў, уваскрэс з мёртвых. Яго цела змянілася. Ён выйшаў з Гроба, не адваліўшы каменя і нябачны для варты.

У гэты ж час з неба сышоў Анёл Гасподні. Ён адваліў камень ад пахавальні і сядзеў на ім. Воіны, якія пільнавалі гроб Ісуса, вельмі спалохаліся, а потым, апрытомнеўшы, разбегліся.

Раніцай да Гроба Гасподняга прыйшлі набожныя жанчыны, каб прынесенымі пахучасцямі памазаць цела Хрыста. Падышоўшы да месца пахавання Госпада, яны ўбачылі, што вялізны камень у пячору адсунуты. Марыя Магдаліна ўвайшла ў пячору і ўбачыла, што свяшчэннае месца пустое. Яна паспяшалася апавясціць аб гэтым Пятра і Іаана. Усе яны вярнуліся назад да пячоры. Падышлі да гроба і іншыя набожныя жанчыны. І ўбачылі яны, што на камені, які некалі зачыняў уваход, сядзіць анёл у белым адзенні. Анёл сказаў ім: «Вы шукайце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага? Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён сустрэне вас у Галілеі, там вы Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам».

Уваскрэслы Хрыстос на працягу 40 дзён з’яўляўся вучням, суцяшаючы і навучаючы іх. Але раней за ўсіх Ён узрадаваў Прасвятую Маці сваю, абвясціўшы ёй праз анёла пра сваё ўваскрэсенне.

Свята Уваскрэсення Хрыстовага называецца Вялікаднем у знак пераемнасці з ранейшым старазапаветным святам збавення Ізраіля ад егіпецкага рабства. У эру Новага Запавету назва «Вялікдзень» атрымала асаблівы сэнс і стала абазначаць пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба, ад тленнага і пякельнага — да добрай вечнасці.

Усе богаслужэнні і царкоўныя абрады гэтага свята асабліва ўрачыстыя і прасякнуты адным пачуццём радасці аб выратаванні ўсяго існага.

Сімвал велікоднага свята — фарбаваныя яйкі. Хоць яйкі фарбуюць у розныя колеры, традыцыйным з’яўляецца чырвоны — колер жыцця і перамогі.

Да асобых велікодных абрадаў адносіцца благаслаўленне асаблівага хлеба — артаса. Гісторыя гэтага звычаю такая. Апосталы, якія прывыклі дзяліць трапезу разам з Ісусам, пасля Яго Узнясення адчувалі нябачную прысутнасць Госпада ў сваіх сходах. Пачынаючы трапезу, яны пакідалі незанятым тое месца, на якім знаходзіўся з імі Ісус Хрыстос, а на стале насупраць таго месца клалі, як бы для Яго, частку хлеба. Кожны раз пасля заканчэння трапезы яны падымалі гэту частку хлеба і ўсклікалі: «Хрыстос уваскрэс!»

У дзень Вялікадня спыняецца ўсялякі пост і смутак. Велікодная трапеза ў хрысціян — самая багатая і смачная. Пасля сямітыднёвага посту на стол ставяцца кулічы, тварог, мяса, фарбаваныя яйкі. Кулічы пякуць са здобнага цеста з дабаўленнем арэхаў, разынак і духмяных прыпраў.

Само свята Уваскрэсення Хрыстовага адзначаецца царквой на працягу тыдня — гэты перыяд называецца Светлай сядміцай. У цэлым жа днямі велікоднай урачыстасці лічацца 40 дзён — да свята Узнясення. У гэты радасны саракадзённы перыяд вернікі прадаўжаюць замест звычайнага прывітання гаварыць «Хрыстос уваскрэс!» і адказваць «Сапраўды ўваскрэс!»

З момантам уваскрэсення Хрыста звязаны яшчэ адзін хрысціянскі цуд — сашэсце на Яго гроб Жыватворнага свяшчэннага агню, што з’яўляецца кожны год напярэдадні Вялікадня. Гэты агонь сімвалізуе нерукатворнае святло Уваскрэсення Хрыстовага.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.