Вы тут

«Цяпер усё напоўнілася святлом»


Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!


Добрая вестка пра Уваскрэслага Спасіцеля сёння разносіцца па ўсёй нашай зямлі. Не толькі людзі, але і прырода радуецца Хрыстову Уваскрэсенню, бо «цяпер усё напоўнілася святлом — і неба, і зямля, і пекла» (Пасхальны канон, песня 3).

Яшчэ зусім нядаўна мы ішлі за Госпадам па шляху Яго крыжовых пакут і разам з апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі пахавалі Яго Прачыстае Цела, а цяпер разам са свяціцелем Грыгорыем Багасловам усклікаем: «Сёння спасенне для свету, свету бачнага і свету нябачнага! Хрыстос з мёртвых, — паўстаньце з Ім і вы; Хрыстос у славе Сваёй — узыходзьце і вы; Хрыстос з магілы — вызваляйцеся ад путаў граху; адчыняюцца вароты пекла, знішчаецца смерць, адыходзіць стары Адам, паўстае новы».

У спасіцельным прывітанні «Хрыстос Уваскрэс!» выказана сутнасць хрысціянскай веры, аснова нашага спадзявання, сэнс існавання свету і аснова непахіснай надзеі кожнага чалавека. Гасподзь уваскрэс не дзеля Сябе, і Яго перамога над смерцю не была толькі Яго асабістай перамогай. Усё гэта здзейснілася «дзеля нас і нашага дзеля спасення». У чалавечы свет, падпарадкаваны граху, тленню і закону смерці, Ён прыносіць новую закваску, якая пераўтварае ўсю створаную Ім прыроду і назаўсёды адымае ў граху і смерці іх уладу і магутнасць.

«Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?» (1 Кар. 15, 55) — рашуча запытвае апостал Павел. Так, яны яшчэ застаюцца ў нашым свеце, але ўжо не пануюць над намі, бо, паводле слова свяціцеля Феафана Затворніка, «Уваскрэсенне Хрыстова ўвяло новы вобраз быцця, які на ўсё распасціраецца».

Богаслужэнне Святой Пасхі ўрачыста паўтарае словы апостала і святых айцоў: «Смерці святкуем мы ўмярцвенне, пекла разбурэнне, пачатак іншага — вечнага жыцця» (Пасхальны канон, песня 7). У гэтых словах змяшчаецца не рытарычнае перабольшванне, але паэтычна выказаная найглыбейшая дагматычная ісціна, якая глыбока перажываецца ў гэтыя дні хрысціянамі. Уваскрэсенне Хрыстова — гэта пачатак новага жыцця і новай рэальнасці, да якой далучаецца кожны вернік, які жыве паўнавартасным царкоўным жыццём.

У нашым свеце шмат бязладдзя і супярэчнасцяў, трывожныя навіны і чуткі непакояць нашы сэрцы, часта пазбаўляючы нас душэўнага міру і ўсяляючы няўпэўненасць і страх перад будучыняй. Людзі часам задаюцца пытаннем: у чым жа сіла Уваскрэсення Хрыстова, як спалучыць пасхальную радасць з тымі падзеямі, якія адбываюцца на нашай планеце?

На гэтае пытанне адказвае Евангелле, якое чытаем на Пасхальнай літургіі. «У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей; і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (Ін. 1, 4-5). Грахоўная цемра гэтага свету бяссільная перад Хрыстовым Уваскрэсеннем, яна ўжо ніколі не зможа пагасіць гэтае Святло, «Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет» (Ін. 1, 9).

Важна памятаць і іншыя евангельскія словы, звернутыя да кожнага з нас: «Дык няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на нябёсах» (Мф. 5, 16). Менавіта ад нас, хрысціян, ад нашых учынкаў, слоў і нават думак у многім залежыць, наколькі будзе асвечаны навакольны свет святлом Хрыстовай веры, наколькі будзе мяняцца да лепшага.

Уваскрэсенне — гэта не толькі рэальнасць будучага веку, да яго пладоў мы далучаемся ўжо цяпер, жывучы на зямлі. «Устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асветліць цябе Хрыстос» (Эф. 5, 14), — у гэтых словах апостала Паўла гаворыцца не пра фізічную смерць і ўваскрэсенне, а пра благадатнае духоўна-маральнае змяненне чалавека. Як тлумачыць свяціцель Іаан Залатавуст: «У якім жа сэнсе гэтае Уваскрэсенне? У такім, што грэх умярцвёны, а праведнасць уваскрэсла, старое жыццё скасавана, а пачалося новае — евангельскае».

Але гэтае адраджэнне залежыць не толькі ад добрай волі Бога, «Які хоча, каб усе людзі выратаваліся і прыйшлі да спазнання ісціны» (1 Цім. 2, 4). Наша стараннае выкананне запаведзяў, нашы намаганні ў пераадоленні сваіх недахопаў і дзейсная любоў да бліжняга — вось умовы, пры якіх мы можам увайсці ў радасць Госпада Свайго і ўсёю сваёю істотаю далучыцца да той рэальнасці, пра якую сведчаць Пасхальнае богаслужэнне і святыя ўгоднікі Божыя.

«Калі Бог за нас, то хто супраць нас?» (Рым. 8, 31). Менавіта ў гэтым залог душэўнага міру і непахіснай надзеі. Калі мы жывём з Богам і імкнёмся Яго законы зрабіць законамі нашага жыцця, нішто не зможа адлучыць нас ад любові Божай і пазбавіць радасці Хрыстова Уваскрэсення.

Віншуючы вас, дарагія, са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, жадаю, каб святло Хрыстовай любові заўсёды асвячала вашы сэрцы, каб праз нас яно пралівалася на ўсіх людзей, бліжніх і далёкіх. Няхай Гасподзь захавае мір у нашай краіне, ды адновіць мір на Украіне і на Святой зямлі! З радасцю і падзякай прынясём Богу нашы сэрцы і шчырую веру, добрыя справы і дзейсную любоў да бліжніх. І няхай усё наша жыццё, пераўтворанае і асвечанае Божаю благадаццю, ніколі не перастае сведчыць пра вялікую перамогу Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Хрыстос Уваскрэс!

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».