Вы тут

На мемарыяльным комплексе «Прарыў» ўшанавалі памяць герояў-партызан


На мемарыяльным комплексе «Прарыў» ва Ушацкім раёне ўшанавалі памяць герояў-партызан, якія ў ноч на 5 мая 1944 года пад камандаваннем Уладзіміра Лабанка ажыццявілі легендарны прарыў фашысцкага акружэння. Маштабная патрыятычная акцыя Віцебскай вобласці сабрала каля шасці тысяч удзельнікаў з Беларусі і Расіі.


Марафон патрыятызму «Прарыў Перамогі», які дзявяты раз праходзіць на гераічнай Ушацкай зямлі, стартаваў з аўтапрабегу «Пераможныя вёрсты». Сёлета акцыя прымеркавана да дзвюх памятных дат — 80-й гадавіны прарыву партызанамі Полацка-Лепельскай варожай блакады і 50-годдзя з дня адкрыцця мемарыяла на месцы крывавай бітвы.

Полацка-Лепельская — адна з найбуйнейшых партызанскіх зон плошчай больш за тры тысячы квадратных кіламетраў. Каб ачысціць свае тылы ад партызан, нямецка-фашысцкія захопнікі ў снежні 1943 года — лютым 1944 года зрабілі пяць безвыніковых спроб. Вясной 1944 года былі распрацаваны дзве карныя аперацыі, амаль 25 дзён ішлі цяжкія няроўныя баі. У ноч з 4 на 5 мая партызанскія атрады на чале з будучым Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанком ажыццявілі легендарны прарыў вогненнага кальца, выйшлі з акружэння і вывелі 15 тысяч чалавек мірнага насельніцтва.

Праз 80 гадоў урачыстасці на мемарыяле пачаліся з тэатралізаванага пралогу «Каб памяталі», які падрыхтаваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр «Пілігрым» з Полацка. У рамках правядзення акцыі прайшла перадача капсулы часу з відэапасланнямі жыхароў усіх рэгіёнаў Віцебшчыны нашчадкам. Прысутныя таксама змаглі перанесціся на 80 гадоў таму і ўявіць, якой была бітва на Ушацкай зямлі, калі партызанскія атрады прарываліся праз шчыльнае варожае кальцо. Эпізоды бою прадставілі члены гісторыка-патрыятычнага аб’яднання «Будзем памятаць» з Мінска.

Удзел у абласным мерапрыемстве ўзялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале са старшынёй Ігарам Сергеенкам, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, Ганаровы грамадзянін Ушачаў Уладзімір Андрэйчанка, дэлегацыі Пскоўскай і Смаленскай абласцей, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў паўночнага рэгіёна, моладзь.

Звяртаючыся да прысутных, Ігар Сергеенка адзначыў, што мемарыяльны комплекс «Прарыў» з’яўляецца адным з тых месцаў, якое нікога не павінна пакінуць абыякавым. «Бацькі прывезлі мяне сюды, калі комплекс быў яшчэ толькі некалькі гадоў як пабудаваны, але народная сцежка да яго дагэтуль не зарастае. Сёння тут шмат моладзі, кадэтаў, школьнікаў і людзей розных пакаленняў. Пакуль жывая народная памяць аб тутэйшых ваенных падзеях і сюды прыходзяць людзі, будучыня ў нашай краіны ёсць», — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

«Глыбока сімвалічна, што сёння мы праводзім дні партызанскай славы, прысвечаныя 80-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны. Тым самым тут, на Ушацкай зямлі, дзе пралівалася кроў нашых бацькоў і дзядоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, мы аддаём даніну памяці ратным і працоўным подзвігам беларускага народа. Гэта нашы жывыя традыцыі, і яны з’яўляюцца нацыянальным кодам Айчыны. Гэта трэба, як паветра, будучым пакаленням», — падсумаваў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Нацыянальны код Айчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».