Вы тут

На сцэне тэатра імя М. Горкага — новая інтэрпрэтацыя п’есы Лермантава


Ці варта скрыжоўваць Лермантава і сучасны баявік пра мафію казіно?


А чаму б не? На свой час Міхал Юр’евіч Лермантаў быў тым яшчэ скандальным хіпстарам, і ягоная драма «Маскарад» цалкам утрымлівае сюжэт для сучаснага серыяла. Так, дзвесце гадоў прайшло — а людзі і іх заганы не змяніліся... Але нюансы часу, натуральна ж, іншыя, змяніўся і глядач, і сам тэатр. Таму лагічна, што п’есу дваццацігадовага Лермантава паставіў таленавіты дваццацішасцігадовы рэжысёр Дэвід Разумаў, пераасэнсаваўшы ў сучасных рэаліях. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага гэта ўжо другая пастаноўка маладога рэжысёра — першай быў «Фаўст», што даволі-такі сугучна, бо мефістофелеўшчына напоўніцу прысутнічае і ў «Маскарадзе» (асабліва ў асобе гульнявога мафіёзі князя Казарына (Аляксей Качан), іх дуэт з былым паплечнікам Арбеніным (Андрэй Сенькін) часам так і нагадвае Мефістофеля і Фаўста).

Калі ўдумацца, чалавек эпохі інстаграму дзіўна паралеліць з чалавекам эпохі свецкіх салонаў і баляў. Тая ж самая залежнасць ад меркавання незнаёмых абыякавых людзей, тая ж самая прага стварыць імідж, прыцягнуць увагу, сабраць лайкі... Толькі замест пастоў у інтэрнэце — ліставанне на паперы і чуткі, што пераказваюць на вуха, таму навіны даходзяць даўжэй.

Але ў пастаноўцы Дэвіда Разумава героі маюць смартфоны ды іншыя гаджэты (гледачы дружна весяляцца, калі герой па смартфоне выклікае карэту). Іх касцюмы — сінтэз хіпстарскіх і старарасвецкіх, мова — сінтэз вершаваных лермантаўскіх радкоў і вольнага пераказу, музыка — сінтэз класікі і року. 

А вось сутнасць натоўпу не змяняецца: гэта ўсё тыя ж бяздушныя манекены, якія займаюць цэнтр сцэны, падштурхоўваюць да тых ці іншых учынкаў проста сваёй злавеснай прысутнасцю. Не мае значэння, гэта аўдыторыя інстаграмаўскага блогу альбо свецкая публіка. Яны па сутнасці сваёй — нішто, пустэча, тым крыўдней, што іх уплыў такі згубны. Іх мэта — задаволіць цікаўнасць за кошт іншага.

Ну, і героі гэтую халодную цікаўнасць задавальняюць напоўніцу. Андрэй Сенькін стварыў выдатнага Арбеніна. Гэта і герой сучаснага серыяла, былы гулец, які выйшаў на спакой з гульнёвай мафіі, і арыстакрат лермантаўскай эпохі, бунтар-мізантроп. Спрадвечная тэма яшчэ ад часоў рыцарскіх раманаў: расчараваны ў жыцці злодзей у адстаўцы знаходзіць ратунак у наіўнай шчырай дзяўчыне. Толькі Ніна Арбеніна (выдатная работа Алены Стацэнка) таксама эвалюцыянавала за дзвесце гадоў: яна цяпер не проста ахвяра, рахманая авечка, якая, як што, траціць прытомнасць (а самі паспрабуйце пахадзіць-падыхаць у тугіх гарсэтах). Яна і голас можа павысіць на мужа-гульнямана, і псіхануць — як сапраўдная кабета, і, не сказаўшы мужу, сцягацца ў клуб... А муж-гульняман, які пабагацеў няправедным шляхам, усё абяцае, што выправіцца, не сарвецца, і, зразумела, зрываецца. Ён так лёгка верыць у здраду Ніны, бо да канца ёй не верыць. Ну як яна можа быць такой чыстай, як яна можа яго, такога бруднага, шчыра любіць?

Крывавы дождж з мёртвых Нін, якія плюхаюцца на сцэну, гіпербалізуе драму да абсурду... Дарэчы, галоўны цэнзар Бенкендорф змушаў Лермантава некалькі разоў перапісваць п’есу з-за безнадзейнага фіналу. І малады беларускі рэжысёр прапануе свой фінал: пад знакаміты вальс Хачатурана час адкручваецца назад. Ажывае Ніна, затухаюць спрэчкі, знікае Невядомы (Сяргей Пракопіч), не адпомсціўшы Арбеніну, вяртаюцца назад прайграныя грошы істэрычнага князя-хіпстара Звездзіча (Кірыл Нікіцін), паўстае Арбенін перад спакусай: ісці ці не ісці ў гульнявы дом…

Не ідзе. Абірае сям’ю.

Увесь эпізод з адкручваннем падзей вельмі прыгожы, дынамічны, напружанне трагедыі змяняецца слязамі палёгкі... І галоўнае — вельмі нечаканы. І зусім іншы, светла-шчымлівы, прысмак застаецца пасля спектакля.

Можна ўявіць, што сучасная сям’я, у якой цяжкасці са зносінамі, прыйшла да псіхолага, і ім прапанавалі сеанс арт-тэрапіі... Пражылі падзеі пэўным чынам, упэўніліся, што так нельга... Прапрацавалі комплексы, памірыліся, асэнсавалі. Бо выснова не новая — трэба ўмець слухаць адзін аднаго і выказвацца да канца, не ўтойваць крыўды і падазрэнні. Тады і не давядзецца спажываць атручанае марожанае.

Калісьці дачка пісала Гётэ, аўтару «Фаўста»: «Схадзілі ў тэатр. Удалося паплакаць».

На гэтым спектаклі гледачам удаецца паплакаць. Удаецца і пасмяяцца. Усе адзначылі выдатную ігру Андрэя Сенькіна, якога, можа, некаторыя ў ролі змрочна-жарснага Арбеніна і не ўяўлялі. Цяпер цяжка будзе ўявіць гэтага героя іншым. Цікавае вырашэнне вобразаў Ніны Арбенінай (Алена Стацэнка) і Ганны Штраль (Віталіна Більдзюк), што падсунула згублены Нінай бранзалет князю Звездзічу: часам мы бачым, наколькі гэтыя жанчыны падобныя, як люстраныя адбіткі. Але іх дуалізм складанейшы, чым чорнае-белае, Адэта-Адылія: ніводная да канца не злодзейка, ніводная да канца не бязвінная ахвяра... Тут хіба што Казарын адназначны злодзей — такая вось у яго маска. Увогуле, у спектаклі ёсць што разгадваць у сэнсе алюзій. Схадзіце, складзіце ўласнае меркаванне.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота: rustheatre.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».