Вы тут

Петрышэнка — школьнікам: Вы і вашы ўнукі павінны пранесці ў сэрцы нянавісць да вайны


Напярэдадні Дня Перамогі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ўсклаў вянок да мемарыяльнага комплексу «Масюкоўшчына», перадае БелТА.


Фота БелТА

Па словах Ігара Петрышэнкі, вельмі важна, што маладое пакаленне шануе памяць продкаў. «І тыя 80 мірных гадоў, што мы развіваем і фарміруем нашу краіну, ствараем годную будучыню, сведчаць аб тым, што мы шануем подзвіг нашых прадзедаў за тое, што яны адстаялі нашу зямлю. Мы павінны вечна памятаць тых, хто не схіліў галовы і не схіліў калені перад ворагам», — заявіў ён.

Віцэ-прэм’ер падзякаваў дзецям Фрунзенскага раёна за тое, што яны ўвесь час даглядаюць мемарыяльны комплекс.

«Палаючы тут Вечны агонь паказвае турыстам тое, як мы ставімся да гэтага подзвігу, і тое, што памяць аб гэтых падзеях — назаўжды ў нашых сэрцах. Мы будзем вечна памятаць усіх тых, хто склаў галовы за незалежнасць нашай Айчыны, — звярнуўся ён да прысутных хлопцаў. — Прыняўшы закон аб генацыдзе беларускага народа, праводзячы пошукавую працу, мемарыялізацыю і ўвекавечваючы памяць тых, хто яшчэ не адданы зямлі, мы расказваем і паказваем усе праўдзівыя факты, якія трэба памятаць. Не толькі вы, але і вашы ўнукі павінны пранесці ў сэрцы нянавісць да вайны, каб мы ўсе стаялі на варце міру і бяспекі ў нашай краіне».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні прававых класаў, ваенна-патрыятычных клубаў розных узростаў з Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы.

Удзельніца пошукавага атрада «Памяць» гімназіі № 43 Мінска Дар’я Маскальчук распавяла, што асноўным напрамкам дзейнасці атрада з’яўляецца лагер для ваеннапалонных Шталаг-352.

«На гэтым месцы мы бываем вельмі часта — мы прыязджаем і ўскладаем кветкі на кожнае свята. Таксама мы ўскладаем кветкі 1 верасня, як толькі пачынаецца навучальны год. Зусім нядаўна, 25 красавіка, на перапахаванні парэшткаў загінулых у Шталагу-352, а таксама плануем 9 мая таксама прыехаць сюды, — падзялілася планамі яна. — У музеі нашай гімназіі „Аб подзвігу вялікім і вечным“ знаходзяцца два медальёны, знойдзеныя на гэтай тэрыторыі. Уладальнік аднаго з іх усталяваны, а ў другога больш сумны лёс — усе дадзеныя былі нанесеныя на тонкую папяросную паперу, і нават самыя сучасныя тэхналогіі нічым нам не змаглі дапамагчы, мы не змаглі ўсталяваць, каму ён належаў».

Гімназістка займаецца гэтай працай ужо цягам пяці гадоў. На гэта Дар’ю падштурхнула гісторыя сям’і — прадзядуля таксама ўнёс уклад у Перамогу і быў партызанам.

Яшчэ адзін навучэнец гімназіі № 43 і навуковы супрацоўнік яе музея Кліменцій Латыголец дадаў, што ўдзельнікі атрада таксама добраўпарадкоўваюць тэрыторыі памятных месцаў і прысутнічаюць на пахаваннях загінуўшых.

«Я пачаў займацца гэтай дзейнасцю, таму што мне была цікавая гісторыя самога Шталага-352, а таксама ў мяне абодва прадзеды ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мне вельмі блізкая гэтая тэма, я хачу даведацца пра гісторыю як сваёй сям’і, так і ў цэлым гісторыю Беларусі ў гады ВАВ, — распавёў ён. — Напярэдадні Дня Перамогі я адчуваю гонар за тое, што наш народ не схіліў галаву, а вельмі горда прайшоў свой шлях».

Мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына» — помнік ваеннапалонным і грамадзянскім асобам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў адным з найбуйнейшых на акупіраванай тэрыторыі былога Савецкага Саюза канцэнтрацыйным лагеры смерці Шталаг-352. У гэтым лагеры фашысты ўжывалі асабліва жорсткую сістэму катаванняў і зневажанняў чалавечай годнасці. З ліпеня 1941 года па 3 ліпеня 1944 года ў лагеры загінулі больш за 80 тыс.салдат і афіцэраў Савецкай Арміі, якія трапілі ў палон, і мірных жыхароў, сагнаных у лагер з Мінска і навакольных вёсак.

Мемарыял размешчаны пасярод невялікага сасновага парку. Да гранітнага манумента вядуць прыступкі. На фасадзе галоўнай сцяны помніка надпіс: «Сучаснікі i патомкі, схіліце галовы. Тут спяць вечным сном тыя, хто не стаў на калені перад злодзеям». У памяць аб загінуўшых гарыць Вечны агонь. На тэрыторыі мемарыяла размешчаны брацкія магілы, кожная з якіх пазначаная мармуровай чорнай плітой. Пасярод парку ўстаноўлена белая ратонда, дзе пад шклом ляжыць кніга памяці, у якую занесены прозвішчы каля 10 тыс.былых вязняў Шталага-352. Але Імёны больш за 70 тыс. загінулых у канцлагеры дагэтуль невядомыя.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.