Вы тут

Людзі, якія адпраўляліся са стадыёна на фронт, перамагалі ўсюды


Тое, як ствараецца сучасная спартыўныя гісторыя, мы можам назіраць кожны дзень. І разам з тым, не варта забываць і пра спартыўныя падзеі, якія адбываліся раней. «Звязда» ў гэтым дапаможа. Раней мы ўзгадвалі, як беларускі спорт развіваўся да Вялікай Айчыннай вайны. Сёння варта расказаць, як спорт перажываў ваеннае ліхалецце. 


Вялікая Айчынная вайна па сваім жудасным звычаі перавярнула звыклы ўклад жыцця, разбурыла ўсё, што было створана, перакрэсліла планы і імкненні тысяч людзей. Але самі людзі з гэтым мірыцца не сталі. Ваенная рэальнасць паўплывала на дзейнасць фізкультурных арганізацый. Цяпер іх асноўнай задачай стала падрыхтоўка рэзерваў для Чырвонай Арміі, масавая ваенна-фізічная падрыхтоўка насельніцтва, выхаванне ў людзей цягавітасці і сілы. «Усё для фронту — усё для перамогі» стала дэвізам кожнага чалавека, у тым ліку і спартсменаў, моцным і крэпкіх людзей. З першых дзён вайны фізкультурныя арганізацыі Савецкага Саюза прадаставілі спецыялістаў, спартыўныя базы, інвентар і абсталяванне для вядзення заняткаў у ваенна-навучальных пунктах. У верасні 1941 года было ўведзена ўсеагульнае ваеннае навучанне працоўных. Выкладчыкі і трэнеры, інструктары фізкультуры і заслужаныя майстры спорту, студэнты інстытутаў фізкультуры навучалі прызыўнікоў тэхніцы штыкавага бою, уменню звяртацца з вінтоўкай, кіданню гранаты, пераадоленню паласы перашкод. 

Беларусь адной з першай прыняла на сябе ўдар фашысцкай Германіі. У гады акупацыі спартыўная праца спынілася. Былі спалены спартыўныя збудаванні, інвентар знішчаны і разрабаваны. Беларускія спартсмены зараз змагаліся не на стадыёнах, а на фронце ці ў партызанскіх атрадах. Многім вайна перашкодзіла зрабіць добрыя спартыўныя кар’еры, бо забрала ў іх самае дарагое — жыццё. Уладзімір Парфідораў шмат гадоў узначальваў вучэбна-спартыўны аддзел рэспубліканскага савета фізкультуры і спорту. У перадваенныя гады загадваў вучэбнай часткай Беларускага інстытута фізкультуры. Загінуў у пачатку вайны. Адольф Гольдзберг, пачынальнік цікавых спартыўных спраў у Барысаве, Бабруйску і Мінску, у жыцці паспеў зрабіць вельмі шмат нягледзячы на тое, што ў яго жыцці было шмат войн. Адольф Якаўлевіч удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Пасля яе арганізоўваў першыя гурткі па боксе і лыжах, быў дырэктарам мінскага стадыёна «Дынама», старшынёй спартыўнага таварыства КІМ. З батальёнам спартсменаў-лыжнікаў ваяваў на фінскім фронце, адкуль вярнуўся з медалём «За адвагу». З Вялікай Айчыннай вайны ён не вярнуўся... Магілёўскі лёгкаатлет Мікалай Янчэўскі, аўтар даваенных рэкордаў БССР у бегу на 200 метраў і 400 метраў, а таксама ў скачках у даўжыню. На стомятроўцы ён першым з беларусаў выбег з 11 секунд — паказаў вынік у 10.8 секунд. У яго вызначана магла б скласціся выдатная спартыўная кар’ера. Калі б яго жыццё не перапыніла вайна.

У чэрвені 1944 года, нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча, Савет Народных Камісараў прыняў Пастанову «Аб аднаўленні працы і аказанні дапамогі камітэтам па справах фізічнай культуры і спорту». У верасні гэтага года на вызваленых тэрыторыях Беларусі дзейнічалі ўсе абласныя і 86 раённых камітэтаў. Аднавіліся Усебеларускія спартакіяды, былі сфарміраваны зборныя каманды БССР. Аднавілі работу Дзяржаўны ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут фізічнай культуры і тэхнікум фізічнай культуры ў Мінску, а таксама добраахвотныя спартыўныя таварыствы. Моладзь актыўна ўзялася за аднаўленне стадыёнаў, спартыўных пляцовак, гімнастычных мястэчкаў. У 1945 годзе зборныя каманды БССР удзельнічалі ў дзесяці Усесаюзных турнірах. Для ўзмацнення тэмпаў аднаўлення і развіцця спартыўнага руху ЦК КПБ(б) і СНК БССР 20 сакавіка 1945 года прынялі Пастанову «Аб аднаўленні і далейшым развіцці фізкультурнай і спартыўнай работы ў БССР» (20 сакавіка 1945 г.). Быў узяты курс на ўмацаванне здароўя і павышэнне фізічнага развіцця насельніцтва краіны.

Некаторыя беларускія спартсмены нават змаглі сумясціць выступленне на спартыўных пляцоўках і барацьбу з ворагам. Паказальны прыклад Уладзіміра Когана, неаданаразовага чэмпіёна СССР і заслужанага трэнера СССР па боксе. У сям’і іх было чатыры браты, кожны да вайны захапляўся спортам. Старэйшы Арон — чэмпіён Беларусі па ўзняцці цяжараў. Аляксандр — пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па класічнай барацьбе. Браты Мацвей і Уладзімір у 1935-м годзе прыйшлі ў секцыю бокса. І ўжо ў 1937 годзе ва ўзросце 20 гадоў Уладзімір Коган стаў чэмпіёнам БССР. Спрабаваў прабіцца і на ўсесаюзны рынг. Але пачалася вайна. Падчас вайны Уладзімір Коган быў стралком бамбавікоў Іл-4 і Ту-2. «Спорт неаднаразова дапамагаў мне. І тут размова не толькі аб фізічных кандыцыях, але яшчэ і аб увазе. Бо толькі паветраны стралок, які знаходзіцца з кулямётам у „ліхтары“, меў поўны агляд. Памятаю, на Паўночна-Заходнім страшна білі зеніткі, але раптам страляніна спынілася, і я зразумеў, што вось-вось у зоне з’явяцца знішчальнікі. Я стаў сачыць за абстаноўкай, і ўдалося загадзя заўважыць самалёт, адкрыць папераджальны агонь... Фізпадрыхтоўка рэальна дапамагала ў палётах, а асабліва цяжкія былі вылеты ў партызанскія зоны. Боепрыпасы скідваліся па агнях вогнішчаў — на парашутах, а валёнкі, кажушкі, цюкі з прадуктамі я выкідваў праз сваё стралковае акно. І так — да васьмі заходаў над партызанскай зонай, акружанай нямецкімі гарнізонамі», — успамінаў Уладзімір Львовіч. У красавіку 1945 года ён перамог на спаборніцтвах у Маскве, якія пачалі паціху адраджацца. А на наступны дзень пасля турніру ўжо з’ехаў у свой полк, паспеўшы купіць некалькі асобнікаў «Праўды», дзе былі апублікаваны спісы пераможцаў. Вайну Уладзімір Коган скончыў у небе над Берлінам. Вярнуўся ў Мінск і цалкам прысвяціў сябе любімаму боксу. Баі на рынгу падабаліся яму куды больш, чым на фронце. У 1949 годзе Уладзімір Коган стаў чэмпіёнам СССР. Будучы спартсменам, Коган трэніраваў іншых хлопцаў, закаханых у бокс. Ён выхаваў цэлую плеяду таленавітых спартсменаў, якія склалі касцяк зборнай БССР па боксе.

Многія героі вайны, вярнуўшыся з фронту, партызанскіх лясоў і падполля, узяліся на аднаўленне спартыўнага жыцця ў Беларусі. Рыгор Аркадзьевіч Такуеў з 1941 года ваяваў на фронце, з чэрвеня 1942 года ў партызана, быў камандзірам дыверсійнага атрада 125-й Капаткевічскай партызанскай брыгады. Асабіста пусціў пад адхон 19 эшалонаў суперніка. Рыгору Аркадзьевічу Такуеву прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Адразу пасля вызвалення Мінска яго накіравалі на працу ў апарат Беларускага рэспубліканскага Савета ДСТ «Спартак», дзе адпрацаваў да сыходу на пенсію ў 1969 годзе. 

Уладзімір Емяльянавіч Уласаў — заслужаны трэнер БССР, перад вайной заваяваў званне чэмпіёна Адэскай ваеннай акругі па боксе, марыў выступаць на ўсесаюзным рынгу. Але вайна не дала марам спраўдзіцца. Будучы добрым стралком, удзельнічаў у абароне Сталінграда. Усяго за час вайны ён быў пяць разоў моцна паранены і адзін раз моцна кантужаны. Увесну 1945 гады Уласаў ваяваў з ворагам каля Берліна. У тым баі ён у рукапашнай сутычцы знішчыў сем фашыстаў, захапіў унтэр-афіцэра, у якога аказаўся пакет з важнымі звесткамі. Але гэта быў яго апошні бой, які самы цяжкі. Агністы ўсплёск ад снарада, які блізка разарваўся, аглушыў і асляпіў. Асколак трапіў у твар, перабіў нос, выбіў вока. Раненне аказалася цяжкім. За мужнасць у баі Уладзімір Уласаў быў узнагароджаны Ордэнам Славы 1 ступені. Дадому ў Брэст вярнуўся інвалідам другой групы. Дзесяць гадоў працаваў старшым інструктарам Брэсцкага спорткамітэта, адначасова займаючыся і трэнерскай работай. Быў дырэктарам Дома фізкультурніка, а з пераабсталяваннем гэтага збудавання ў лёгкаатлетычны манеж стаў працаваць там намеснікам дырэктара.

Адзін з заснавальнікаў беларускай акрабатыкі Міхаіл Цэйцін удзельнічаў у фінскай кампаніі, пасля ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пры абароне Ельца быў сур’ёзна паранены, ледзь не страціў ногі. Але вярнуўся ў бой. Міхаіл Цэйцін быў начальнікам парашутна-дэсантнай службы, камандаваў жаночай ротай паветраных радыстаў. Пасля вайны пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі па акрабатыцы (1949-1953). У 1949-1952 гадах быў прызёрам першынства СССР па акрабатыцы. Міхаіл Цэйцін быў дацэнтам кафедры гімнастыкі Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Пасля вайны пакаленне пераможцаў выхавала пакаленне чэмпіёнаў. Але гэта было пазней. Пасля Вялікай Перамогі іх чакала вялікая праца па аднаўленні спартыўнага жыцця, што было неабходна для будучых спартыўных перамог. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».