Вы тут

Гісторыя кахання праз падзеі XX стагоддзя


Хлопец з’яўляецца ў пэўным пункце горада — ён ведае, што гэта Мінск, і спрабуе зразумець, што не дазволіла яго бацькам быць разам? Калі мастак Лёва з’ехаў у Маскву, даведаўшыся, што стане татам, то Клара вырашыла нараджаць, нягледзячы на хворае сэрца і тое, што ад яго сям’і пачула: «Вы не нашы людзі». Але менавіта тут, у гэтым месцы Ніжняга горада, дзе ад вятроў калісьці захінаў глыбокі яр, усе з’ядналіся: яго мама з сястрычкамі; беларуская жанчына і яе ненароджанае дзіця; вядомы мастак, які праз шмат гадоў прыходзіць сюды штодня, каб размаўляць з блізкімі, якіх страціў. Яны адгукаюцца — вусцішна гучаць прыглушаныя галасы, іх вельмі шмат! Шапочуць, трызняць, а то і папракаюць, што ён (яна, яны?) не мае права на гэтае месца. Прынамсі, Леў для іх здраднік: з’ехаў, кінуў, не вярнуўся, не быў побач з роднымі ў той самы страшны момант, не ляжыць разам з імі ў гэтай яме. Ад такога спыняецца сэрца...


Спектакль «Тут была Клара» з’явіўся ў афішы Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра па волі рэжысёра Таццяны Аксёнкінай. Ён асаблівы ў афішы тэатра і адметны сярод пастановак самой Таццяны як па тэме, так і па форме. Яна рассунула межы сцэнічнай пляцоўкі і здолела стварыць прастору, дзе мінулае яднаецца з цяперашнім часам — свайго роду партал для кантактаў паміж тымі, хто жыў у Мінску больш як 80 гадоў таму, і тымі, для каго гэты горад з’яўляецца домам цяпер. Гэта і прастора для дыялогу паміж рознымі народамі, што насялялі горад, паміж рознымі пакаленнямі, сем’ямі, асобамі... А яшчэ паміж жывымі і тымі, хто ніколі так і не народзіцца. Такое немагчыма ў рэальным жыцці. Але тэатр можа прапанаваць звышрэальнасць. Ён можа выклікаць душы памерлых і ўвасобіць іх у персанажах, якія прамаўляюць і дзейнічаюць. Не трэба ніякай містыкі! Толькі ўвасобленае ўяўленне, мадэль магчымага. Тэатральная метафізіка. Бо гэтае мастацтва можа не толькі распавесці пра трагедыю, але і прымусіць перажыць яе — спачатку на ўзроўні герояў, а пасля на ўзроўні мінулага ўласнай сям’і, блізкіх людзей ці далёкіх, успаміны пра якіх адгукаюцца болем. У гэтым спектаклі падчас асобных сцэн ды эпізодаў падключаецца ўласнае мысленне гледача: каб дабудоўваць, здагадвацца і злучыць усё ў адзіную гісторыю. Ды выбудаваць сюжэт, які невідавочны напачатку, і тэматычна, здаецца, зусім пра іншае. Нешта персанальнае, інтымнае: ён, яна, будучае дзіця, боязь яго нараджэння праз хваробу маці. Ёсць экзістэнцыяльны выбар — кожны з закаханых робіць яго.

Але інтымнае сягае далей. Да агульначалавечага. Калі суадносім асабісты канфлікт герояў з інфармацыяй пра тое, што ўрачыстае адкрыццё Камсамольскага возера запланавана на 22 чэрвеня 1941 года. О, Божухна, яна не ведае, чаго сапраўды трэба баяцца... Далей экзістэнцыя асобы ўзмацняецца шматкроць — праз экзістэнцыю народа, вось толькі ў яго не было выбару... Перажыванні за герояў і ўсе веды пра мінуўшчыну, любоў да горада, у якім жывеш, думкі пра тых, хто яго насяляў і сілкаваў сваёй энергіяй, раптам злучаюцца і ўтвараюць выбух эмоцый. Тэатр можа пераварочваць душу.

Не заўсёды так здараецца, на жаль, бо не кожны тэатральны твор мае дачыненне да мастацтва з глыбокім сэнсам. А для таго, каб яно ўзнікла, трэба, здаецца, зусім няшмат — шчырасць, праз якую з намі гавораць. І нават можа не быць шмат сродкаў, у тым ліку выяўленчых, якія адразу б кідаліся ў вочы і прыцягвалі ўвагу. А ў гэтым спектаклі пануе стылістычны мінімалізм (дзякуючы мастаку-пастаноўшчыку Таццяне Мацкевіч, яна ж мастак па касцюмах). Няма прэтэнцыёзнасці і па форме — тут усё вырашана максімальна проста, але эфектыўна, без залішняй мудрагелістасці, бо ў рэжысёра атрымалася зрабіць так, каб на сцэне ўладарыў найперш дух. Пра трагедыю, якая здарылася ў Мінску шмат гадоў таму 2 сакавіка (тады няправільная была вясна), распавядаюць на паўтонах і, нягледзячы на тэму, без пафасу — ён тут быў бы недарэчны. Ціха кажаш — найлепш чуюць. І насамрэч больш моцна ўражваюць гісторыі звычайных людзей, што трапілі ў асаблівыя абставіны.

Грунтам стала п’еса, створаная пісьменніцай Ксеніяй Шталянковай, вядомай чытачам па інтрыгоўных раманах. Гэта яе першая п’еса, што знайшла ўвасабленне на тэатральнай сцэне, і ў ёй таксама закладзена моцная інтрыга, праўда іншага кшталту. Гэтая інтрыга чытаецца не толькі на ўзроўні стасункаў герояў. Яны заблытаныя, бо не адразу разумееш, хто ёсць хто і адкуль. Тут паралельна ў адным пункце разгортваюцца прамежкі некалькіх часоў і некалькіх прастораў. Некалькі пластоў адначасова павінны працаваць на ўражанне гледача — усё зададзена тэкстам. І ад пачатку ўзнікае — і нібыта павісае ў паветры — дзіўнае пытанне: хто мае права на гэтае месца?.. Я, вы, мы — ці маем?

Мінск сучасны ведае: «Яма» — гэта месца знішчэння каля пяці тысяч яўрэяў з гета. Мінск да вайны насялялі прадстаўнікі розных народаў: яўрэі, беларусы, палякі, рускія, татары, цыгане... Усе хацелі жыць. Не ўсе змаглі выжыць. Машына смерці была запраграмаваная, не пакідаючы варыянтаў да паратунку, — гэта 1942 год. Адзін горад, усе суседзі, знаёмыя ці блізкія праз сяброўства ці сямейныя сувязі. І чужой бяды не бывае. Вобраз Клары ў спектаклі — якраз пра гэта.

У цэнтры аповеду — беларуска, імя якой далі ў памяць пра Клару Цэткін (у Савецкім Саюзе былі нярэдкія ў сем’ях выпадкі ўшанавання праз імёны вядомых асоб рэвалюцыйных поглядаў). Яна, цяжарная, ведала пра небяспеку для сваякоў мужа і з сяброўкай імкнулася іх уратаваць, нягледзячы на незразумелае «не нашы людзі». Але ў самой Клары было такое ж прозвішча, як у іх. І яна засталася разам з імі ў тым жудасным месцы, у тым імгненні. Актрыса Лізавета Ільеўская іграе жанчыну крохкую, уразлівую і разам з тым спакойную ў сваім выбары. Праўда, яе душа шукае паразумення з каханым, імкнецца распавесці, патлумачыць, нагадаць. Каб ён, вярнуўшыся ў Мінск пасля вайны, памятаў не толькі пра яе, але і пра дзіця, чыстая несмяротная душа якога будзе з’яўляцца на гэтым месцы праз гады. Хлопцу не было наканавана пачуць ад таты, як той яго любіць. А той будзе жыць з пачуццём віны і кожны дзень стане прыходзіць на гэтае месца. Вобраз Льва падзелены нібыта на «да» і «пасля». Спачатку малады, рашучы і ўпэўнены ў сваім рашэнні з’ехаць у Маскву (артыст Яўген Лук’янаў). Потым, вярнуўшыся пасля вайны, ён пакутуе ад таго, што не падтрымаў Клару, не можа дараваць сабе, што жывы, нават праз шмат гадоў (старога Льва ўвасобіў артыст Яўген Іўковіч). І быццам бы саромеецца, што мог быць шчаслівы: ніколі не маляваў бабулю дзяўчынкі, якую клічуць... О, яе імя Клара! Цікаўнае і прынцыповае дзяўчо (артыстка Вольга Ліфпуц) вельмі хоча зразумець, чаму дзядуля малюе адзін і той жа ландшафт. Чаму так настойвае, каб яна паслухала горад, адчула яго, перш чым пачне яго маляваць. А мо дзед сюды ходзіць, каб аднойчы здабыць сабе права на гэтае месца?..

Учынкі мінулага пакідаюць шмат пытанняў, выклікаючы з небыцця душы каханых. Спектакль трымае ўвесь час у напружанні — праз дыялогі і маналогі, у якія ўслухоўваешся. У тым ліку каб зразумець, хто з герояў у якім свеце. Падзел паміж тым і гэтым светам на цёмнай сцэне забяспечвае рухомая тонкая металічная канструкцыя — адзіны элемент сцэнаграфіі, у якім нібыта закутыя асобныя эпізоды спектакля. Ёсць яшчэ рэчы-метафары: пустая рамка для мастацкага твора, скрыня з успамінамі, сукенка, якая ажывае... Падзел на мінулае і сучаснасць, на розныя прасторы вельмі ўмоўны. Пераступіўшы рысу, героі мяняюцца вонкава — гэта ўжо іх душы, яны ў белым. Часам той свет пануе над гэтым: калі юнак (артыст Аляксей Вінаградаў) трымаецца за любыя веды пра тату, якога ніколі не ўбачыць, — яго чыстая свабодная душа нібыта вандруе паміж Сусветамі і вольная ў сваіх дзеях і кантактах. Напрыклад, яго бачыць дзяўчына Клара, якая жыве за ўвесь татаў род, але пакуль не ўсведамляе гэтага. Той свет можа падпарадкаваць гэты — калі бессмяротныя закаханыя душы сустракаюцца, для іх не існуе меж, і прастора пашыраецца. Ці будуць яны разам там? Бо ў гэтым свеце ўсё ж здарылася жыццё. Яно было і ёсць пасля Ямы. Яно працягваецца пасля вайны.

Аднак жыццё прымушае азірацца і задаваць пытанні сабе: а ці маем мы права на сваю памяць? На тых, хто быў да нас? Каму мы вінныя? Каго маглі не ведаць, але абавязаныя ім існаваннем? Бо ўсё пачынаецца з сям’і. З імёнаў, якія перадаюцца ў родзе з пакалення ў пакаленне. Са скрынак, дзе захоўваюцца таямніцы і ўспаміны. 

З выяў і партрэтаў людзей, на якіх мы нечым падобныя. Асабістая гісторыя заўсёды найбольш моцна ўздзейнічае на свядомасць чалавека. У спектаклі мастацкая гісторыя раскрываецца так, каб перажываць яе як асабістую. Каб разумець, чаму галоўны герой, пражыўшы доўгае жыццё, пакутліва вымаўляе: «Чаму ты памерла, Клара?..»

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: bgmteatr.by

Загаловак у газеце: Клара збіралася жыць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.