Вы тут

Захаваць культурны код беларускай нацыі


VII Усебеларускі народны сход, які сёлета набыў канстытуцыйны статус, бясспрэчна, стаў найгалоўнейшай падзеяй года, а можа, і наогул у гісторыі нашай краіны ў найбліжэйшыя гады, бо прыняты лёсавызначальныя дакументы і рашэнні для будучыні Беларусі. Сярод удзельнікаў гэтага маштабнага мерапрыемства былі прадстаўнікі самых розных сфер. Дэлегатамі і запрошанымі гасцямі сталі жыхары ўсіх рэгіёнаў. Пасля завяршэння работы УНС мы папрасілі выказаць свае меркаванні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія бралі ўдзел у гэтым статусным форуме. Яны падзяліліся ўражаннямі і падкрэслілі важнасць прыняцця на сходзе Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Некаторыя з дэлегатаў таксама агучылі тыя пагрозы, якія датычацца сферы культуры сёння. А хтосьці выказаў думку, што УНС абавязкова натхніць беларускіх літаратараў на новыя творы, якія падкрэсляць важнасць таго, што адбываецца сёння ў Беларусі.


Аляксандр Радзькоў: 

— Што можна развіваць? Толькі тое, што раней было створана. Наша беларуская дзяржаўнасць першапачаткова была створана этнасам, які сфарміраваўся на гэтых зямлях — Полацкім княствам, Вялікім Княствам Літоўскім, БССР. Аднак па-сапраўднаму дзяржава стала развівацца трыццаць гадоў таму, калі пасля распаду СССР наша краіна стала незалежнай. Людзі пачалі ўсведамляць, што для развіцця суверэннай дзяржавы патрэбны пэўныя вельмі адказныя крокі — перш за ўсё моцны, валявы, бойкі і аўтарытэтны лідар. І калі наш народ даверыў дзяржаву такому лідару, мы па-сапраўднаму сталі развівацца сістэмна ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, медыцыне, сацыяльнай сферы. Гэта важнае народнае рашэнне, таму што моцны лідар кансалідуе грамадства. Да яго далучаюцца аўтарытэтныя патрыятычныя людзі, што дазваляе вырашаць стратэгічныя задачы фарміравання моцнай, заўважнай у міжнароднай супольнасці дзяржавы. Зірніце на лідараў сучасных заходніх краін. Ці могуць яны развіваць незалежнасць сваіх краін? Ім далёка да нашага лідара! Нашы людзі адгукнуліся на важныя задачы, пачалі падстаўляць плячо, як мы, калі стварылі грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» з першапачатковай ідэяй аб’яднаць прыхільнікаў Прэзідэнта. Зразумела, што ў свеце ёсць саперніцтва. Нягледзячы на прызнанне знешняга свету, сусветнай суполкі, была і зайздрасць, было і напружанне як знешняе, так і ўнутранае. Аднак менавіта гэтае арміраванне лідара і яго вертыкалі ўлады дазволіла нам выстаяць. Больш за тое, інтэнсіўна развівацца ўсе гэтыя трыццаць гадоў. Аднак лідар разумее, калі задачы ставяцца маштабныя, патрэбна паднімаць і асобныя гаспадаркі, і асобныя галіны, патрэбна працягваць арміраваць грамадства. Такім чынам і ўзнікла ідэя гэтае арміраванне забяспечыць праз Усебеларускі народны сход. У ім бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх куткоў краіны ад грамадскіх аб’яднанняў, ад розных структур — гэта розум народа. Прэзідэнт на яго абапіраецца. І таму Усебеларускі народны сход — гэта канстутыцыйны орган. Вы паглядзіце, якія задачы дэлегатам даводзілася вырашаць з першага пасяджэння: Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі краіны і Ваенная дактрына Беларусі. Гэта актуальна і для лідара, і для кожнага з нас. Аднак пры такім лідары і пры такіх дэлегатах, перакананы, мы справімся і будзем паспяхова развіваць нашу любімую Радзіму і далей. 

Ігар Марзалюк: 

— Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, якая была прынята на VII Усебеларускім народным сходзе, рэагуе на ўсе тыя выклікі, якія мы сёння павінны купіраваць ці ліквідаваць. У ёй мы дэкларуем усе свае самыя важныя каштоўнасці: мы маем сваю нацыянальную самабытнасць, мы самастойная годная нацыя і г. д. Я бы наогул назваў прынятую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі гімнам беларускай нацыянальнай тоеснасці, бо галоўнае, што мы павінны захаваць сёння, — гэта нашу незалежную дзяржаву, сваю культуру, сваю тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт. Наш народ сам па сабе ўжо з’яўляецца самабытнай гісторыка-культурнай супольнасцю. Без перабольшання, пакуль у вечнасці будзе існаваць планета Зямля і ўсё чалавецтва! Менавіта каб захаваць нашы самабытныя каштоўнасці і Беларусь, і прынята Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Яна вельмі выразна і папулярна тлумачыць усім беларусаненавіснікам, што беларуская дзяржава, калі спатрэбіцца, будзе даваць па руках і па ўсіх астатніх частках цела ўсім, хто паспрабуе нашу самабытнасць парушыць, зняважыць ці асмяяць, такім чынам разбураючы нашы фундаментальныя спрадвечныя каштоўнасці і нашу нацыянальную Канстытуцыю. Адзначу, што я ўжо многа разоў браў удзел ва Усебеларускім народным сходзе (калі не памылюся, чатыры), але сёмы па ліку форум — гэта ўжо кульмінацыя, таму што ён меў зусім іншы, больш высокі статус. Хачу падкрэсліць фундаментальную рэч: калі мы кажам пра сваю Канцэпцыю, мы за нацыянальную разнастайнасць супраць глабалісцкай уніфікацыі. Мы наогул за разнастайнасць свету ў сукупнасці культур, рэлігій і моў, але мы супраць глабальнай татальнай уніфікацыі, якая забірае душу таго ці іншага народа. Таму стратэгічнымі нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі сёння з’яўляюцца забеспячэнне нашай незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, захаванне нашага ўнікальнага беларускага народа і суверэнітэту, захаванне непарушнасці нашага канстытуцыйнага строю, а таксама нашай сістэмы каштоўнасцей, якую мы называем ідэалогіяй беларускай дзяржавы ці беларускім ладам жыцця. Не стамлюся паўтараць, што наша самабытнасць, наша гістарычная памяць, наша сучасная культурная прастора — гэта ўсё тое, што мы сёння называем адным ёмістым спалучэннем «нашы нацыянальныя інтарэсы». А яны ў сваю чаргу немагчымы без усебаковага захавання інстытута традыцыйнай сям’і, бо нічога няма даражэй, чым саюз мужчыны і жанчыны. Нашы нацыянальныя інтарэсы сёння таксама немагчымы без патрыятычнага выхавання, бо праз захаванне нашых спрадвечных традыцый, праз патрыятычнае выхаванне мы захоўваем самае важнае з пакалення ў пакаленне. Мы павінны памятаць, што наша самабытнасць — гэта самабытнасць нашай мовы, нашай гісторыі, нашай дзяржаўнасці, нашай прававой традыцыі. Гэта памяць пра нашых продкаў, іх веліч і мужнасць, пра ўсё тое, без чаго сёння не было б нашай з вамі сінявокай Рэспублікі Беларусь. Таму галоўны культурны выклік, які перад намі стаіць сёння, — гэта імкненне ўсіх, хто паталагічна ненавідзіць нашу Беларусь, абнуліць беларускую традыцыйную самабытнасць, беларускую культурную тоеснасць, замяніць яе нечым расплывістым, што не мае нічога агульнага з нашай душой і нашым сэрцам. Народ памірае тады, калі паміраюць яго эмоцыі, яго пачуцці, яго ўспаміны, яго гістарычная памяць. Калі хтосьці робіць замах на наш суверэнітэт, ён аўтаматычна адмаўляе наша права на самабытнае культурнае існаванне на карце свету. Будзем памятаць, што ў дадзеным выпадку барацьба за культуру, за мову, за захаванне нашай непаўторнай самабытнасці — гэта барацьба за захаванне нашай нацыянальнай дзяржаўнасці і нашай незалежнасці. Можна казаць яшчэ пра шмат чаго важнага з нагоды прыняцця Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Усебеларускага народнага сходу наогул... Аднак самае важнае, што я хацеў падкрэсліць — без захавання і абароны нашых нацыянальных інтарэсаў няма беларусаў як нацыі. 

Валянцін Семяняка: 

— Першае, што я бы хацеў адзначыць — Усебеларускі народны сход праходзіў у адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і заканадаўствам. Што вельмі сімвалічна і важна, бо гэта наш новы гістарычны этап у развіцці беларускага грамадства і беларускай дзяржаўнасці наогул. У такім кантэксце вельмі важна тое, што мы на справе рэалізуем сваё імкненне да самастойнасці, сваё права людзьмі звацца, сваё бачанне развіцця нашай дзяржавы, а не тое, якое падказваюць нейкія іншыя краіны і замежныя плыні, тым самым навязваючы менавіта сваю волю і сваё бачанне рэальнасці. Хачу таксама засяродзіць увагу на такім важным моманце, як выбары кіраўніка вышэйшага прадстаўнічага органа на гэтым форуме. Тое, што ім стаў Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, — выяўленне вялікага даверу дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу да Аляксандра Рыгоравіча як прадстаўніка беларускага грамадства, сапраўднага лідара краіны. Гэта таксама падтрымка агульнай лініі кіравання, нашага суверэнітэту, захаванне бяспекі беларускай дзяржавы ў сітуацыі, калі з’яўляецца ўсё больш знешніх выклікаў, якія ставяць пад пагрозу нашу незалежнасць. Аднак нацыянальная бяспека — гэта не толькі абараназдольнасць краіны, дэманстрацыя сілы, але і, як трапна падкрэсліў Кіраўнік нашай дзяржавы, — гэта яшчэ і права адстойваць сваю гістарычную праўду, сваю нацыянальную самасвядомасць, сваю культуру і свой лад жыцця. Гэта ўсё вельмі важна для беларусаў, бо мы жывём у абставінах, калі нам спрабуюць навязаць іншыя культурныя каштоўнасці, якія нам увогуле незразумелыя, і таму мы не можам іх прыняць. Калі больш дэталёва, больш глабальна аналізаваць тыя працэсы, якія адбываюцца цяпер, то мы абараняем сапраўдныя славянскія каштоўнасці. Мы не можам адмовіцца ад сваёй самасвядомасці, сваіх традыцый, як бы ні спрабаваў хтосьці разбурыць нашу краіну знутры. Усім пагрозам сёння даводзіцца супрацьстаяць не толькі ваеннымі сродкамі, але і інфармацыйнымі, і культурнымі. І ўсё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў тых дакументах, якія былі прыняты на VII Усебеларускім народным сходзе, каб забяспечыць нашу бяспеку і суверэнітэт. Хацеў бы таксама акцэнтаваць увагу на той добразычлівай атмасферы, якая панавала і ў час пленарнага пасяджэння, і ў кулуарах. Кранула тое, як дэлегаты з усіх куткоў нашай Беларусі, прадстаўнікі розных сфер і палітычных партый згуртаваліся ў сваім імкненні аб’яднаць нашу нацыю перад знешнімі выклікамі, каб рухацца наперад у развіцці беларускай дзяржаўнасці і прадэманстраваць усяму свету нашы гістарычныя каштоўнасці. А тое, што ў нашым сходзе бралі ўдзел расійскія калегі, паказвае, наколькі яны падтрымліваюць наша імкненне да мірнага развіцця краіны і самастойнага вырашэння тых пытанняў, якія стаяць сёння перад намі. Наогул, у нас свае славянскія агульныя каштоўнасці! Мяркую, што беларускія творцы, якія сталі дэлегатамі VII Усебеларускага народнага сходу, у тым ліку члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, раздзяляюць гэты пункт гледжання і абавязкова ўнясуць свой важкі ўклад у рэалізацыю лёсавызначальных для нашай краіны дакументаў, якія былі прыняты на форуме. 

Андрэй Кароль: 

— Сучаснасць дыктуе неабходнасць супрацьстаяння негатыўнаму ўплыву на нашу краіну і грамадства звонку. Усе мы назіраем абвастрэнне грамадскапалітычнай сітуацыі ў свеце. Гэта час глабальных змен і рашэнняў, пошук новых сэнсаў, калі вызначаецца, па сутнасці, будучыня ўсяго чалавецтва. Сёння мы назіраем, як сутыкаюцца інтарэсы розных знешнепалітычных гульцоў. Таму надзяленне УНС канстытуцыйным правам зроблена своечасова, і яно цалкам адпавядае гістарычным патрэбам сённяшняга часу, у які мы жывём. Гэта дазволіць калегіяльна прымаць рашэнні, згуртавана і цывілізавана выказваць грамадскія прапановы па развіцці дзяржавы і ўплываць на рашэнні ўлады. Ужо сёння зроблены задзел на эфектыўнасць работы УНС. Заўсёды на стыку разнастайнасці думак і зместу нараджаюцца вялікія сэнсы. Шырокая прадстаўленасць практычна ўсіх сацыяльных груп, уключаючы дэпутатаў рознага ўзроўню, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, сярод якіх Саюз пісьменнікаў Беларусі, бясспрэчна, дасць магчымасць вышэйшаму прадстаўнічаму органу народаўладдзя весці дыялог з грамадствам на роўных, быць пачутым і падтрыманым. 

Сёння роля пісьменнікаў як ніколі вялікая, паколькі яны з’яўляюцца своеасаблівым правадніком маральных прынцыпаў грамадства, фарміруючы інтэлектуальнае звяно сваёй нацыі і ўплываючы на маладое пакаленне. Прэзідэнт шматразова ў сваім выступленні звяртаўся менавіта да моладзі, якой трэба будзе абараняць інтарэсы сваёй краіны, выступаць з ініцыятывамі па яе далейшым устойлівым развіцці.

Студэнты БДУ з вялікай цікавасцю слухалі выступленне Кіраўніка дзяржавы, і многія з іх адзначылі знакавасць гэтай падзеі і яе гістарычную важнасць. Прэзідэнт вельмі дакладна расставіў акцэнты, назваўшы прыярытэтныя задачы па ўстойлівым развіцці нашай краіны, эканомікі і грамадства, нацыянальнай бяспекі. 

Сяргей Мусіенка: 

— Усебеларускі народны сход — гэта цэлая з’ява для нашага грамадства, вялікая падзея. Пагадзіцеся, што ўпершыню ў гісторыі Белурусі прыняты такія важныя і лёсавызначальныя дакументы, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Гэтая падзея ўзыходзіць сваімі каранямі да полацкага веча, таму можна сказаць, што ў гэтым ёсць свой асаблівы сэнс, што такія важныя задачы вырашае не Нацыянальны сход ці Прэзідэнт, а Усебеларускі народны сход. Я ўжо неаднойчы браў удзел у гэтым форуме. Аднак сёлетні самы статусны і пачэсны. Ён уражваў сваім складам дэлегатаў, было зусім іншае разуменне таго, што адбываецца. Нават нельга параўноваць з самым першым сходам, калі існаваў нейкі недавер нават з боку ўдзельнікаў: навошта наогул гэта было патрэбна. Тут трэба адзначыць стратэгічнае бачанне Кіраўніка нашай дзяржавы, бо гэта вельмі рэдкая якасць, якая ёсць не ў кожнага лідара краіны. Менавіта па ініцыятыве Прэзідэнта пачалі адбывацца такія важныя рэчы ў гісторыі нашай краіны, як Рэферэндум, Усебеларускі народны сход. Дзякуючы яму з кожным разам станавілася ўсё больш прыхільнікаў. На гэтым форуме быў асаблівы рабочы настрой, гэта вельмі адчувалася. Было вельмі многа ўдзельнікаў, шырока і вельмі грунтоўна абмяркоўваліся важныя пытанні, якія датычацца нашай будучыні, нашай нацыянальнай бяспекі, культуры... Перад пачаткам Усебеларускага народнага сходу ў нашага насельніцтва былі вельмі высокія чаканні ад гэтай падзеі. На маю думку, яны ўсе рэалізаваліся, бо самае важнае было зроблена. Асноўны момант, з-за якога цяпер разбураюцца краіны і культурны код нацыі, — не з-за колькасці ўзбраення, гэта адбываецца праз каляровыя рэвалюцыі. Нездарма галоўную ўзнагароду сёлетняга нацыянальнага конкурсу ў рамках Міжнароднай кніжнай выстаўкі ў Мінску выйграла кніга «Прысмак каляровых рэвалюцый». Спадзяюся, дзякуючы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі мы зрабілі ўсё магчымае, каб засцерагчы нашу краіну ад знешніх пагроз. Аднак гэтую работу варта працягваць і далей, удзяляючы вялікую ўвагу сферы культуры. 

Тамара Краснова-Гусачэнка: 

— На Усебеларускі народны сход я прыехала ў складзе дэлегацыі ад нашай Віцебскай вобласці, якая была прадстаўлена вельмі салідна. Яшчэ напярэдадні мерапрыемства ва ўсіх нас быў вельмі ўрачысты ўзняты настрой, бо ўсе ведалі, у якой важнай гістарычнай падзеі для кожнага грамадзяніна, і асабліва для літаратараў, мы ўдзельнічаем. Пісьменнікі — асаблівыя людзі, якія ў нейкай ступені з’яўляюцца прарокамі. Так створаны арганізм літаратараў самой прыродай, што ім дадзены талент даносіць да людзей у вобразных формах тое, што адбываецца на гістарычным полі. Усё з часам знікае. Гэта жыццё... А літаратура застаецца, бо застаецца само слова. І гэта не мае словы, а ўзята са Святога Пісання. Часцей за ўсё простыя людзі, не навукоўцы, і гісторыю вывучаюць па кнігах: пра дахрысціянскі перыяд мы ведаем са «Слова пра паход Ігаравы», калектывізацыю і грамадзянскую вайну — з твораў Шолахава «Паднятая цаліна» і «Ціхі Дон», вайну 1812 года — з «Вайна і мір» Талстога. З важнымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі, мы таксама знаёмімся па творах Быкава, Мележа, Коласа, Купалы. Без літаратуры гісторыя была б сухая, як графік, бо менавіта літаратары даюць ёй святло, аб’ём, пах. Такім чынам, чытачы могуць зразумець тое, што адбывалася, праз жыццё, а не голыя факты. Я пераканана: дзякуючы ўдзелу нашых пісьменнікаў ва УНС (сярод дэлегатаў і гасцей былі прадстаўнікі ўсіх жанраў ад паэзіі да краязнаўства) гэтае значнае мерапрыемства для нашай краіны знойдзе сваё адлюстраванне ў творчасці. Пытанні, якія ўздымаліся, былі вельмі глыбокімі, сапраўды жыццёва важнымі для нашай Айчыны. Я ўдзельнічала ў IV УНС як дэлегат, сёлета ў якасці запрошанага госця. Гэта вельмі пачэсна для мяне! І ад майго першага вопыту ўдзелу засталіся яркія ўражанні. Усё таксама было цудоўна арганізавана на вельмі высокім узроўні. Аднак цяпер я звярнула ўвагу на тое, што ў мяне адчуванне вялікага свята, хоць гэта ўсё ж дзяржаўнае палітычнае мерапрыемства. Па кожнай праведзенай там хвіліне, па дысцыпліне, па шчаслівых усмешках у час знаёмстваў і фатаграфавання было відаць, наколькі людзі аб’яднаны нейкім адным унутраным настроем. Гэта вельмі адчувалася! 

Андрэй Мукавозчык: 

— Калі браць толькі сферу культуры, то галоўнае, чаго нам варта засцерагацца, як я мяркую, — гэта (па-ранейшаму) прасоўвання і падкладання нам чужых сэнсаў. Не нашых. Замена калектывізму індывідуалізмам. Патрыятызму — касмапалітызмам. Агульнай мэты — спажывецтвам. Нашага ладу жыцця — заходнімі каштоўнасцямі. 

Гэта з галоўнага. Не лічачы прасцецкіх «там дэмакратыя — тут дыктатура», «трупамі завалілі», «час заканчваць з перамогай», «хачу карункавыя трусы і ў Еўрасаюз» i гэтак далей, якія нагналі ўжо аскому. 

Прычым усе гэтыя праблемы, няхай не адразу і не за раз, але вырашаюцца. Аднак пры галоўнай умове: што нам, беларусам, дадуць думаць сваёй галавой. Жыць сваім жыццём. Ладзіць сваё, а не пераймаць чужое. 

А цяпер гэтае чужое лезе да нас з такой безагляднай лютасцю, што, чаго добрага, кроў пальецца. Нам жа трэба выдужаць. Трэба захаваць і сябе, і сваю культуру, і свой суверэнітэт. Аб гэтым жа і Прэзідэнт нам гаворыць. Ды не проста кажа, але і нагадвае: глядзіце вакол, азірайцеся, не давайце спуску чужому! 

Вось, калі коратка, то Усебеларускі народны сход асабіста для мяне пра гэта. 

Людміла Гладкая: 

— Я ўпершыню брала ўдзел у такой падзеі, як Усебеларускі народны сход, таму, калі сядзела ў зале, мне было важна абсалютна ўсё. Я вельмі ўважліва слухала, аналізавала атрыманую інфармацыю, глядзела на рэакцыю людзей на словы Прэзідэнта. Хоць сустрэча была рабочая, стратэгічная і сабраліся тысячы людзей — гэта і дэлегаты, і запрошаныя госці не толькі з Беларусі, але атмасфера панавала свая, родная, быццам у адной сям’і абмяркоўваюць пытанне, як жыць далей. На самыя важныя тэзісы Прэзідэнта ўсе адказвалі апладысментамі, таму было зразумела, што няма абыякавых да таго, што адбываецца, што людзі падтрымліваюць яго. А гэта прадстаўнікі ўсіх сфер дзейнасці, розных рэгіёнаў нашай краіны. Калі гаворка ішла пра 90-я, я таксама згадала той час, з чаго мы пачыналі, якой дасталася нам краіна. Было разбурэнне, людзі не надта яшчэ разумелі, як штосьці рабіць далей і нават як выжываць. Менавіта тады і з’явіўся малады палітык Аляксандр Лукашэнка, у якім карупцыянеры і жулікі, якія заселі ва ўладзе, адразу пабачылі пагрозу для сябе. Ужо тады адчувалася, што гэты чалавек, які прыйшоў з народу, не дазволіць раскрасці зямлю, прадаць заводы, не дазволіць стаць гаспадаром у Беларусі заходняму багачу, бо ў нашай краіне адзіны гаспадар — народ. Таму не дзіва, што па ўсіх важных пытаннях Прэзідэнт звяртаецца да свайго народа. У 1996 годзе адбыўся І Усебеларускі народны сход, калі галоўнае было — не памыліцца, з чаго пачынаць. Тады важнымі пытаннямі былі эканамічныя: як палепшыць узровень жыцця людзей, як пазбегнуць масавага беспрацоўя, як забяспечыць пенсіянераў, каб людзі не выжывалі, а менавіта жылі. Той першы сход, на маю думку, і выратаваў нашу краіну ад разбурэння. Сёння вялікая колькасць адноўленых культурных пляцовак. Ёсць магчымасць і развівацца, і ствараць песні, фільмы, тэатральныя пастаноўкі. І гэта вельмі важна, бо менавіта культура выхоўвае людзей як асоб. Лічу, што на прадстаўніках сферы культуры ляжыць вялікая адказнасць у гэтым сэнсе. Таму, зразумела, яны таксама бралі ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе. Як журналіст я не магла не пацікавіцца іх меркаваннямі з нагоды падзеі такога ўзроўню. Паразмаўляла, напрыклад, з народнай артысткай Тамарай Міронавай, якая служыць у Купалаўскім тэатры. Прыйшлі да аднаго меркавання: колькі ўсяго добрага за гэты час было зроблена ў нашай краіне для культуры пры падтрымцы Прэзідэнта. І мы нават не ведаем, колькі нерваў і працы гэта каштавала Кіраўніку дзяржавы і яго камандзе. 

Задачы, якія стаялі перад намі на VII Усебеларускім народным сходзе, датычацца стратэгічнага планавання на гады — гэта своеасаблівая падушка бяспекі для краіны. Цікава, што новыя эксперты нават здзівіліся, навошта нам наогул так адкрыта агучваць Канцэпцыю нацыяльнай бяспекі, бо іншыя краіны наадварот яе хаваюць: гэта ж закрытая інфармацыя, якая аналізуецца выключна ў профільных ведамствах. Аднак гэта было спецыяльна зроблена публічна, каб нашы людзі разумелі, што адбываецца і як мы будзем рэагаваць на тыя пагрозы, якія цяпер, на жаль, нарастаюць вакол нашай краіны. Нам вельмі важна берагчы і развіваць сваё і ісці па сваім шляху з улікам тых урокаў, што мы атрымалі ў мінулым. Да такога адзінага меркавання прыйшлі ўсе ўдзельнікі УНС. Хачу адзначыць, што сёлетні сход асаблівы, бо праходзіў у новым статусе з новымі паўнамоцтвамі, і таму патрабуе яшчэ большай ступені адказнасці ад усіх удзельнікаў, бо яна ўжо персанальная. Гэта не проста падняў руку і прагаласаваў на сходзе: у сваіх рэгіёнах і калектывах мы працягваем работу. Аднак я лічу, што наша будучыня ляжыць не толькі на плячах дэлегатаў, яна залежыць ад кожнага, хто жыве ў Беларусі. У нас няма права разбурыць краіну і ўсё тое, што мы маем цяпер. Як сказаў Прэзідэнт, настаў наш час. Трэба быць моцнымі, зубастымі, берагчы сваю радзіму. Яна ў нас адна! 

Падрыхтавала Ірына ПРЫМАК

Прэв’ю: Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».