Вы тут

Дыпломныя праекты выпускнікоў БДАМ — на адной выстаўке


У арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адкрылася выстаўка кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


«Сусветы Драздовіча: Венера».  М. Гапіенка, 2023 г.

Тэма захавання памяці і гістарычнай спадчыны нашай Радзімы — адзін з ключавых напрамкаў педагагічнай і выхаваўчай дзейнасці акадэміі мастацтваў. Кожнае новае пакаленне студэнтаў па-свойму пераасэнсоўвае культурны код беларусаў, надае падзеям мінулага асаблівы сэнс. На выстаўцы «Культурныя коды» прадстаўлены погляд моладзі на багатыя традыцыі беларускага мастацтва, павага да гістарычнай спадчыны і сапраўдная любоў да Радзімы.

У экспазіцыі — дыпломныя праекты выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выкананыя ў розных напрамках і тэхніках. У адной прасторы злучыліся кераміка, шкло, тэкстыль...

Дамінантай з’яўляюцца работы студэнтаў спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з тэкстылю)». Праекты розныя, але іх, быццам чырвонай ніткай, аб’ядноўвае любоў да культуры нашай краіны, якая прасочваецца не толькі ў саміх творах, але і ў іх назвах.

«Гісторыі Івянца прысвячаецца…». М. Каробкін, 2018 г.

Сустракае наведвальнікаў праект А. Лагуценка «Таямніцы Гальшанскага замка». Гэта мастацкія вобразы калекцыі хустак, зробленых з дапамогай мокрага шоўку і лічбавага друку. На кожнай хустцы адлюстраваны розныя сюжэты, звязаныя з мінулым і сённяшнім днём Гальшанскага замка. Тут можна ўбачыць маёнтак на стадыі будаўніцтва ў перыяд серэднявечча і паглядзець на сучасных турыстаў, якія прыехалі пазнаёміцца з беларускай архітэктурнай спадчынай. Тонкая работа здзіўляе філіграннасцю і ў той жа час прастатой і лёгкасцю.

Яркія матывы Гальшанскага замка змяняюцца фантастычнымі вобразамі космасу. Праект М. Гапіенка «Сусветы Драздовіча» з іншага ракурсу разглядае творчасць знакамітага мастака, прыўносячы новы сэнс у вядомыя сюжэты. У дыпломную работу ўваходзіць калекцыя з пяці дываноў: «Сатурн», «Месяц», «Зямля», «Марс» і «Венера». Стылістыка іх падпарадкавана мадэрну, бо менавіта ў гэты перыяд Язэп Драздовіч вучыцца ў рысавальнай школе. Дываны, распрацаваныя М. Гапіенка, не выглядаюць старамодна і неактуальна — наадварот, сучасны погляд дае традыцыям новае жыццё.

«Элемент». М. Вавулава, 2023 г.

Працягвае тэму тэкстылю дыпломны праект  Т. Сохавай «У зачараваным царстве», прадстаўлены ў выглядзе мастацкіх вобразаў калекцый тканін і тэкстыльных аксесуараў. Асновай для работы паслужылі творы Максіма Багдановіча. Яго раннія вершы шмат расказваюць пра міфалагічных істот беларускага фальклору. Іх і аб’яднала ў сваім праекце Т. Сохава. На звычайных прадметах гардэробу (сумкі, кашалёк і інш.) можна разглядзець вобразы русалкі, вадзяніка, лесуна і іншых. 

З работамі Т. Сохавай перагукаецца дыпломны праект М. Шчытнікавай на тэму «Радзівілы». Асновай для твораў сталі вобразы пяці жанчын, прадстаўніц найстарэйшага і наймагутнейшага роду: Ганны Кацярыны, Барбары, Марыі Дароты, Францішкі Уршулі і Эльжбеты. Аўтар натхнялася гістарычнымі артэфактамі з Нясвіжскага замка. Тэкстыльныя аб’екты, вырабленыя з мокрага шоўку з выкарыстаннем мяккіх колераў, адлюстроўваюць складаны лёс і характары вядомых жанчын.

«Сусветы Драздовіча: Марс».  М. Гапіенка, 2023 г.

Праект «Элемент», распрацаваны М. Вавулавай, прысвечаны дасягненням беларускай навукі ў сферы радыебіялогіі. Важнай тэмай стала катастрофа на Чарнобальскай АЭС, якая закранула шмат беларускіх сем’яў, у тым ліку і родных мастачкі. Праект складаецца з калекцыі інтэр’ерных тканін і габелена. Яркія штучныя кіслотныя адценні адлюстроўваюць уплыў радыяцыі на асяроддзе ў выглядзе мутацый, дэфармацый і разнастайных адхіленняў.

Блок, прысвечаны тэкстылю, добра дапаўняюць работы з керамікі і шкла. Дыпломны праект М. Каробкіна «Гісторыі Івянца прысвячаецца…» з’яўляецца прыкладам работы з традыцыйнай керамікай, дзе спалучаюцца ліццё, метал і шкло. Калекцыю керамічных аб’ектаў працягваюць чайны сервіз «Нетры» (А. Паўлюкевіч) і кафейны сервіз «Для Музея ката» (І. Місцюкевіч). Дэкаратыўныя свяцільнікі «Лёд і полымя», выкананыя з дапамогай фарфору і палівы, нагадваюць марозныя ўзоры на чыстай празрыстай вадзе.

Калекцыя жаночага адзення «Дарога дамоў» М. Фрыдман, распрацаваная па матывых беларускага народнага касцюма,пераасэнсоўвае нацыянальныя традыцыі ткацтва, багатыя на геаметрычныя формы і ўзоры. Аўтар у сваёй рабоце выкарыстоўвае камбінацыі льняной, джынсавай тканіны і арганзы.

Спалучэнне тэкстыльных вырабаў з керамічнымі і шклянымі кампазіцыямі выглядае арганічна. Камбінацыя сучаснага мастацтва і нацыянальных традыцый адлюстроўвае разнастайнасць і глыбіню беларускай культуры.

Выстаўка працуе да 9 чэрвеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.