Вы тут

Віцебская губерня: вытокі дзяржаўнасці


Віцебскі рэгіён займае ў гісторыі нашай Айчыны 1920-х гадоў асаблівае месца яшчэ і па той прычыне, што якраз у той перыяд ішло фарміраванне Савецкай Беларусі. Спярша, згодна пастанове I з’езда КП (б) Б тэрыторыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь павінны былі скласці Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская і Віцебская (за выключэннем Дзвінскага, Люцынскага і Рэжыцкага паветаў) губерні. У такіх межах рэспубліка праіснавала толькі месяц. Як толькі спарва дайшла да практычнай рэалізацыі пастановы, геапалітычная сітуацыя змянілася даволі істотна. Магілёўская і Смаленская губерні былі вылучаны са складу ССРБ і перададзены ў РСФСР. Паўторнае абвяшчэнне ССРБ і ўтварэнне СССР дапамаглі вярнуць усходнебеларускія тэрыторыі, у тым ліку і Віцебскай губерні. Часткай дадзенага працэсу была перадача трох паўночных паветаў Віцебскай губерні ў склад Пскоўскай губерні, а таксама фарміраванне дзяржаўнай мяжы паміж БССР і РСФСР на віцебска-веліжскім, віцебска-невельскім і полацка-себежскім участках. У склад БССР вярнуліся такія буйныя прамысловыя і адміністратыўныя цэнтры, як Віцебск, Орша і Полацк. Дзяржаўная мяжа ў другі раз прайшла па тэрыторыі Віцебскай губерні. Першы раз гэта адбылося ў 1919 г., калі Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы былі перададзены Савецкай Латвіі. Выходзіць, што тэрыторыя некалі адзінай губерні на сёння падзелена паміж трыма дзяржавамі — Беларуссю, Расіяй і Латвіяй. 


Фота: vitebskcity.by

Аўтар манаграфіі «Віцебшчына ў дзяржаўна-тэрытарыяльным уладкаванні Савецкай Беларусі (1919 — 1924 гг.)» кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бараноўскі паставіў перад сабою мэту «вызначыць месца і ролю Віцебскай губерні ў дзяржаўна-тэрытарыяльным уладкаванні Савецкай Беларусі ў 1919 — 1924 гг.» І дзеля дасягнення яе вырашыў у даследванні наступныя задачы: 

  • вылучыў этапы фарміравання тэрытарыяльнага ўладкавання Віцебскай губерні і яго ўплыў на вырашэнне тэрытарыяльнага аспекту беларускага пытання; 
  • выявіў асаблівасці падыходаў кіраўніцтва Савецкай Беларусі і Савецкай Расіі да дзяржаўнай прыналежнасці Віцебскай губерні і іх прычыны; 
  • вызначыў прычыны адмоўнага стаўлення губернскіх уладаў Віцебшчыны як да самога факта абвяшчэння ССРБ, так і да ўваходжання Віцебскай губерні ў склад БССР;
  • ахарактарызаваў стаўленне мясцовага насельніцтва да змены дзяржаўнай прыналежнасці Віцебскай губерні;
  • вызначыў асаблівасці працэсу вяртання тэрыторыі Віцебскай губерні ў склад БССР; 
  • адлюстраваў механізм фарміравання паўночна-ўсходняй мяжы БССР. 

Манаграфія А. Бараноўскага складаецца з «Уводзін», главы 1 — «Гістарыяграфія і крыніцы», главы 2 — «Тэрытарыяльнае ўладкаванне Віцебскай губерні ў студзені 1919 — снежні 1923 г.», главы 3 — «Праблема дзяржаўнай прыналежнасці Віцебскай губерні (студзень 1919 г. — люты 1924 г.», главы 4 — «Уз’яднанне Віцебшчыны з БССР і праблема дзяржаўнай прыналежнасці Веліжскага, Невельскага і Себежскага паветаў». Даследчык, выкарыстоўваючы надзвычай шматабсяжныя крыніцы, даволі падрабязна, у дэталях асвятляе праблему на розных этапах яе вырашэння. Перад чытачом паўстаюць не толькі дакументы і каментарыі да іх, асэнсаванне тых ці іншых рашэнняў, а і кіраўнікі губерні, рэспублікі, якія стаялі за пэўнымі рашэннямі. Аўтар нагадвае пра такіх вядомых дзеячаў, як старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, старшыня ЦВК ССРБ, намеснік старшыні СНК ССРБ і наркам па ваенных справах Аляксандр Мяснікоў, намеснік наркама замежных спраў БССР, член ЦВК БССР Аляксандр Бурбіс, наркам асветы БССР Усевалад Ігнатоўскі, наркам земляробства БССР ( у 1918 — 1919 гг. — старшыня Сенненскага павета, пазней — старшыня Веліжскага і Аршанскага паветаў) Дзмітрый Прышчэпаў, наркам фінансаў БССР Сяргей Карп і інш. Са старонак кнігі паўстаюць палітычныя работнікі, якія працавалі на Віцебшчыне, — Андрэй Гейнэ (1886 —?), Эдуард Меднэ (1882 — 1974), Васіль Трунтаеў (1883 — ?), Эрнст Звергдзін (1886 — ?), Дзмітрый Чарнушэвіч (1882 — 1938), Міхаіл Шкубер (? — ?), Сяргей Барадаўскі (1894 — 1927) і інш. Звяртаючыся да іх біяграфій, усведамляючы, хто, з якім палітычным і дзяржаўным, жыццёвым вопытам стаяў за прыняццем тых ці іншых рашэнняў, быў іх выканаўцам, глядзіш на гісторыю зусім іначай, дадаеш пэўных уяўленняў і вобразнасці. 

«Упершыню беларускае тэрытарыяльнае пытанне было закранута напярэдадні абвяшчэння ССРБ, — піша А. Бараноўскі. — Так, 25 снежня 1918 наркам па справах нацыянальнасцей РСФСР І. Сталін у размове па прамым провадзе са старшынёй Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП (б) А. Мясніковым пералічыў губерні, што планавалася ўключыць у склад ССРБ, гэта — Гродзенская, Мінская і Смаленская. На пытанне А. Мяснікова, куды адыдуць Магілёўская і Віцебская губерні, І. Сталін адказаў: «Пра гэтыя губерні і пра многае іншае пагаворым, калі прыедзеце». І далей: «Сустрэча І. Сталіна з А. Мясніковым і старшынёй Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці М. Калмановічам адбылася 27 снежня 1918г. у Маскве, на ёй былі ўзгодненыя шэсць умоў, што ляглі ў аснову стварэння ССРБ. Тэрыторыя рэспублікі акрэслівалася ў трэцяй з іх. У склад ССРБ павінны былі ўвайсці Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская і Смаленская губерні. Уваходжанне апошняй з’яўлялася спрэчным, яе лёс аддаваўся на вырашэнне «мясцовых таварышаў»…

Уважліва чытаючы кнігу «Віцебшчына ў дзяржаўна-тэрытарыяльным уладкаванні...», разумееш, што за першапраходцам-вучоным, які, хаця і звяртае, асабліва ў першай главе, на мноства прац папярэднікаў, здолеў сістэматызаваць матэрыял і пайсці далей у высновах, павінны далей звярнуцца да гэтага перыяду і пісьменнікі. Тыя раманы, аповесці, апавяданні, якія былі створаны ў 1920-1930-я гг., як і некаторыя творы ўжо 1980-1990-х гг., не адлюстроўваюць напоўніцу ўсе складанасці фарміравання тэрыторыі Беларусі ў 1919 — 1924 гг. Зроблены Аляксандрам Віктаравічам Бараноўскім навуковы партрэт няпростых падзей, дэталёвае вымалёўванне крокаў, якімі ішла Віцебшчына, — аснова, грунт для мастацкага ілюстравання важнага адрэзку часу ў гісторыі нашай Айчыны, падказка, якім шляхам рухацца мастакам слова.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.